Вы тут

Канструктыўны дыялог без закрытых тэм


Больш за сем гадзін доўжылася размова Аляксандра Лукашэнкі з беларускімі і замежнымі журналістамі. Сустрэча прайшла ў новым фармаце — не звычайнай прэс-канферэнцыі, а адкрытага дыялогу, падчас якога журналісты як задавалі пытанні, так і выказвалі свае думкі па ўсіх кірунках, якія іх цікавілі.

У самым пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы адзначыў, што закрытых тэм няма, і выказаў гатоўнасць адказаць на ўсе пытанні, якія цікавяць прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ. «Паколькі праблем і пытанняў нямала, давайце адкрыта і канструктыўна пра гэта казаць», — прапанаваў Прэзідэнт.

Усяго журналісты задалі некалькі дзясяткаў пытанняў, якія тычыліся самых розных тэм: знешняй і ўнутранай палітыкі Беларусі, эканамічнай і фінансавай сітуацыі ў краіне, дыверсіфікацыі экспарту, кадравай палітыкі і заробкаў, праблемных пытанняў у будаўніцтве і ЖКГ, карупцыі, рэагавання дзяржорганаў на крытыку СМІ, стасункаў чыноўнікаў з журналістамі. Размова датычылася ўкраінскай тэматыкі і ў цэлым праблематыкі забеспячэння бяспекі і міру. Гаворка ішла і аб супрацоўніцтве з Расіяй, аб узаемадзеянні ў рамках інтэграцыйных структур, у тым ліку Саюзнай дзяржаве, Еўразійскім эканамічным саюзе, а таксама аб адносінах з Захадам. Аляксандр Лукашэнка асаблівую ўвагу надаў супрацоўніцтву з Кітаем, а таксама шматлікім іншым тэмам.

Прэзідэнт на ўсе пытанні адказваў шчыра, адкрыта і падрабязна.

30-33

Асаблівы год

Адкрываючы сустрэчу, Прэзідэнт адзначыў, што мінулы год быў багаты на падзеі і на перамогі беларускіх спартсменаў, сярод якіх паспяховае выступленне на Алімпіядзе ў Сочы — упершыню ў гісторыі быў такі вынік. У ліку важных дасягненняў — паспяховае правядзенне ў Мінску чэмпіянату свету па хакеі. Гэта лепшы чэмпіянат свету, як прызналі замежныя партнёры.

Упершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі беларускія аграрыі змаглі атрымаць рэкордна высокі ўраджай.

Прэзідэнт падкрэсліў, што 2014 год быў у Беларусі не толькі Годам гасціннасці, але і годам памяці, патрыятызму, 70‑годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «На вялікі жаль, 2014 год быў адзначаны і эскалацыяй міжнароднай напружанасці не толькі ў суседняй роднай нам Украіне, але і ў многіх пунктах нашай планеты, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Тым не менш трагедыя брацкага народа прымусіла нас яшчэ раз задумацца аб тым, наколькі важна, каб у краіне былі мір, спакой і парадак».

Ён адзначыў, што Беларусь, Расію і Украіну аб'ядноўваюць цесныя гістарычныя, культурныя і эканамічныя сувязі. «Разарваць гэтыя сувязі нельга, і наўрад ці гэта каму-небудзь сёння дазволена і наогул магчыма. Мне хацелася б, каб год 70‑годдзя Вялікай Перамогі, гэты год, стаў для нашых народаў напамінам аб тым, што толькі разам, плячо ў плячо мы можам перажыць цяжкія часы і процістаяць любым самым страшным пагрозам».

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што з 1 студзеня пачаў работу важнейшы інтэграцыйны праект — Еўразійскі эканамічны саюз, да якога Беларусь разам са сваімі партнёрамі ішла на працягу некалькіх гадоў.

«Мы абавязаны выкарыстоўваць магчымасці, якія адкрываюцца перад намі ў рамках гэтага інтэграцыйнага праекта», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён запэўніў, што Беларусь будзе ўсяляк садзейнічаць паглыбленню інтэграцыі, стварэнню раўнапраўнага саюза без выключэнняў і абмежаванняў. Тым больш што Беларусь у першы год работы новага інтэграцыйнага праекта з'яўляецца старшынёй ЕАЭС.

У цэнтры ўвагі быў і будзе чалавек

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што да канца свайго прэзідэнцтва не адмовіцца ад сацыяльна арыентаванай мадэлі ў развіцці дзяржавы.

«Тая мадэль, якая была ў нас з вамі і існуе да гэтага часу, мы ад яе ні ў якім разе не адмаўляемся. Мы называем яе сацыяльна арыентаванай, гэта значыць, у цэнтры знаходзіцца чалавек. Я ад яе не адмоўлюся да канца свайго прэзідэнцтва. Мы гэту мадэль намацалі, мы гэту мадэль стварылі, мы гэты шлях вызначылі і па ім трэба ісці, не шарахаючыся, асабліва ў перыяд крызісу», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт канстатаваў, што імкненне чалавецтва, асобных грамадстваў і людзей да перамен жыве ў крыві і гэта натуральна. «Але як кіраўнік дзяржавы, які адказвае за мільёны людзей, у тым ліку гэта паўплывае і на нашых суседзяў пэўным чынам, я не маю права паддавацца такім эмоцыям. Я таксама хацеў бы перамен, здзівіць я магу любой мадэллю. Але ці гатовы вы ўспрыняць гэту мадэль? Ці гатова грамадства да тых вялікіх навацый, якія могуць прапанаваць палітыкі, у тым ліку і я? Думаю, што не заўсёды», — падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб стане спраў у эканоміцы Беларусі пасля распаду СССР, калі людзі заходзілі ў магазін як у пустыню, калі на руках былі прадуктовыя талоны, за якія складана было атрымаць тавар. «З таго часу мы пакрыху аднаўлялі нашу эканоміку. Мы тое, што лепшае засталося нам ад Савецкага Саюза, ад той эканомікі, паднялі з калень, таму што іншага ў нас не было. Рэфарматараў было шмат, якія заклікалі зрабіць так, як у Расіі, як цяпер ва Украіне. Але цяпер жа мы разумныя, цяпер жа многія разумеюць, што мы ні ў якім разе не павінны былі ісці тым шляхам абвальнай прыватызацыі, бо мы парадзілі б алігархічны капіталізм і мелі б усе вынікі гэтага капіталізму», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, аднаўленне эканомікі праходзіла не без праблем, існуюць праблемы і цяпер. «Але яны пароджаны не намі. Калі вы аб'ектыўныя, то разумееце, што цяперашні стан, ды і мінулы крызіс, былі знешнімі. Свет, дарэчы, не выйшаў з крызісу. Так, Амерыка «задыхала», Кітай больш-менш. Усё астатняе ў нас яшчэ не паднялося. І дабавілася бяда, крызіс нашых суседзяў, з якімі мы гістарычна, эканамічна і фінансава звязаны», — адзначыў Прэзідэнт.

30-42

Рубель у свабодным плаванні…

Адпусціць беларускі рубель у свабоднае плаванне давялося з‑за валютнага ажыятажу з боку насельніцтва, сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў: першапачаткова аб тым, каб дэвальваваць нацыянальную валюту ў канцы мінулага года, размова не ішла. «Мы ж не збіраліся гэтага рабіць у канцы мінулага года. Я вам абсалютна сумленна аб гэтым кажу. Я вам намякнуў: усё залежыць ад вас. Калі вы пачняце бегаць ад абменніка да абменніка і мяняць беларускія рублі на валюту, то зразумела, мы не будзем чакаць, пакуль у нас наогул апустошацца запасы ў Нацыянальным банку і не будзе золатавалютнага рэзерву. Вядома, вы, насельніцтва і прадпрыемствы, нас штурхняце, што мы вымушаны будзем у нейкай ступені адпусціць нацыянальную валюту ў свабоднае плаванне. Што давялося і зрабіць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Вяртаючыся да тэмы сацыяльна арыентаванай мадэлі развіцця беларускай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што яе «не трэба ламаць». «Ведаючы прычыны цяжкага становішча, вытрымаўшы гэта, чаго б нам ні каштавала, трэба проста праводзіць свой курс, ісці сваёй дарогай», — сказаў Прэзідэнт, звярнуўшы ўвагу, што беларускую мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця капіруюць многія краіны.

Улада не рабіла глабальных памылак

«Я часта аналізую тое, што раблю. І вельмі часта займаюся самаедствам. Але мне здаецца, што мы не рабілі нейкіх глабальных памылак, мы ніколі не развязвалі войнаў, мы нідзе не зрабілі так, каб пацярпела мора людзей», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт прызнаў, што, магчыма, у некаторых складаных эканамічных сітуацыях была недакладная або няправільная рэакцыя. «Але гэта таму, што ў нас вопыту няма такога, таму што ў нас не было дзяржавы, мы гэта ўсё не праходзілі. Расіяне гэта праходзілі, ім прасцей. Там улада была ў Крамлі, там быў гэты вопыт, ім крыху лягчэй», — растлумачыў ён.

У цэлым кіраўнік дзяржавы адмаўляе наяўнасць у Беларусі кадравага голаду на кіруючыя кадры. «Іерархія выбудавана такім чынам, што ключавымі ў краіне з'яўляюцца, акрамя прэзідэнцкай, пасады прэм'ер-міністра, міністраў і губернатараў. І людзі прасоўваюцца па службовай лесвіцы знізу ўверх», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, новыя назначэнні не з'яўляюцца паказчыкам голаду на кадры, таму што здольны справіцца з работай на ключавых пасадах адзінкі. «Вы б ведалі, колькі мы праверылі кадраў, выбіраючы лепшых», — прызнаўся кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што сярод новых назначэнцаў ёсць і маладыя людзі, якія літаральна ўзляцелі наверх. «Але ў іх мала «нізу», гэта недахоп», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

«Вы не рэагуйце такім чынам, што тасуюць старую калоду, — звярнуўся Прэзідэнт да журналістаў. — Старая або новая, гэта калода, яна для таго і ёсць, каб тасаваць. І лепшых адтуль падымаць уверх, горшых скідваць у адбой, груба кажучы (але гэта вы тэрмін прапанавалі, сам я ў адбой нікога не скідваю)».

«У нас ёсць чым заняцца кожнаму. Для некаторых яшчэ шукаем работу, таму што мае прапановы ім не падышлі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Існуе меркаванне (не столькі ў нас, колькі ў іншых краінах), што ёсць нейкія групоўкі, групы па інтарэсах, якія прасоўваюць сваіх ва ўладу. У Беларусі гэта немагчыма, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Прасунуць можна толькі да ўзроўню Прэзідэнта: прыйдзі і пакладзі на стол плюсы і мінусы свайго пратэжэ, а потым я тром ведамствам даручу пераправерыць. Атрымаўшы ад іх інфармацыю, сам усё перачытаю, падлічу. У мяне ёсць вопыт, каб вывучыць чалавека пры назначэнні, ёсць інтуіцыя за столькі гадоў. Я магу тысячу разоў раіцца, задаваць пытанні перад назначэннем, але прымаю рашэнне сам. Таму няма ніякага лабіравання ў плане падпісання ўказаў па кадрах».

Прэзідэнт асабліва адзначыў, што нельга прымаць такія кадравыя рашэнні, ад якіх потым будуць цярпець і мільёны людзей, і краіна, і яе суседзі. «У мяне тормаз гэты ёсць», — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка шчыра расказаў у час адкрытага дыялогу з журналістамі, чым ён кіраваўся пры назначэнні на ключавыя пасады ў дзяржаве. Так, Прэзідэнт лічыць Аляксандра Косінца «вучоным чалавекам, які ведае жыццё як ніхто», раней ён быў губернатарам, да гэтага — віцэ-прэм'ерам. «Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, які ўзначальвае палітычны штаб, павінен ведаць, што адбываецца там, унізе», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Цяперашняга прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова Прэзідэнт ахарактарызаваў як чалавка, які ведае эканоміку на мікра- і макраўзроўні дзякуючы рабоце на многіх важных пасадах. «Яго папярэдняе назначэнне на пасаду кіраўніка Адміністрацыі — мой свядомы ход: калі ён вытрымае, то чагосьці варты, паколькі гэта самая цяжкая пасада: не дай бог нешта не так — пры маім характары і пры маім стаўленні, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Эканоміка, фінансы для нас найважнейшае пытанне. Вядома, прэм'ер-міністрам назначылі эканаміста, які прайшоў знізу даверху».

«Я ведаю недахопы Андрэя Уладзіміравіча Кабякова. Ведаю і недахопы Косінца, — дадаў Прэзідэнт. — І мне не цяжка пры цяперашняй сістэме ўлады ўтрымліваць і Кабякова, і Косінца ад лішніх паваротаў».

Гаворачы пра віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашку, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Пры ўсіх адмоўных нюансах у плане характару гэта вельмі кваліфікаваны, талковы спецыяліст, прафесіянал, ён ведае ўсё — сапраўдная энцыклапедыя. І ён як бульдог у перагаворах — не ўступіць нікому сваёй пазіцыі, і гэта ўсё аргументавана. Для краіны Сямашка на гэтым месцы — лепшы. Яму прапаноўваліся і іншыя пасады, але ён пажадаў застацца на рабоце ва ўрадзе». «Чаму я павінен рызыкаваць, назначаючы новага чалавека, не ведаючы, ці ўзнімецца ён да ўзроўню Сямашкі, скажам, у бліжэйшыя два гады?!» — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

Вельмі вопытным чалавекам ён назваў і цяперашняга намесніка прэм'ер-міністра Наталлю Качанаву і паведаміў, што прапанова аб яе кандыдатуры паступіла ад сілавых структур. «Я даручыў Андрэйчанку (старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. — Заўвага БЕЛТА): разбярыцеся, далажыце пісьмова. Ён прадставіў водзывы толькі станоўчыя. Першы раз — паўтара або год таму — я гэту папку з дакументамі адклаў. Калі настаў час назначаць урад, кандыдатура Качанавай імгненна ўсплыла — і зноў ад сілавых структур. Разабраўся, вывучыў, паглядзеў. Бачу: так, людзі пра яе добра гавораць, улічыў і шэраг іншых момантаў». «Яна натуральным шляхам прыйшла да гэтай пасады, сумленна працуючы на сваім рабочым месцы», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Ён прызнаў, што хацеў бы бачыць больш жанчын на высокіх пасадах. «Але вельмі перажываю, баюся за іх, калі яны становяцца кіраўнікамі. Там і сям'я, і дом, і настрой мужа, і настрой дзяцей, не мне вам расказваць. А тут яшчэ яна — першая асоба, такі хамут і ззаду трохкорпусны плуг, які трэба цягнуць. Гэта мяне часам стрымлівае. Але жанчынам, няхай мужыкі не крыўдуюць, я давяраю больш», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Цэны — пад кантролем

30-46

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што даручыў вывучыць стан цэн на прадукты харчавання ў Беларусі ў параўнанні з расійскімі. «Быў перыяд, калі цэны ў Беларусі на тавары былі ў 2–3 разы ніжэйшыя, чым у Расіі. І нам каштавала страшных намаганняў пераадолець такую з'яву, як вываз прадукцыі з краіны, асабліва з прыгранічных раёнаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы былі вымушаны ў сувязі з гэтым трымаць парытэт цэн».

Гаворачы аб сённяшняй сітуацыі, Прэзідэнт адзначыў: «Але не думаю, што цяпер можа быць вельмі вялікая розніца ў цэнах у Беларусі і Расіі. Мы трымаем цэны крыху таннейшыя, чым у вас (у Расіі. — Заўвага БЕЛТА). Вы не можаце кантраляваць цэны — у вас няма такіх рычагоў і такой структуры, вы іх даўно ліквідавалі. А мы можам кантраляваць цэны, аж да сельскага магазіна. Улада заўсёды трымае гэтыя пытанні пад кантролем і рэгулюе іх».

«Калі цэны ў нас будуць ніжэйшыя, тавар вывезуць, калі будуць вышэйшыя — нашы людзі паедуць да вас па тавар», — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да расійскага журналіста, які задаваў пытанне. Прэзідэнт даў даручэнне вывучыць існуючае становішча і далажыць яму параўнальны аналіз цэн у Беларусі і Расіі.

Папулізму ў сферы зарплаты не будзе

«Цэны ў дзяржаве мы ўзялі пад кантроль, робім гэта разумна, — сказаў Аляксандр Лу-
кашэнка. — У доларавым эквіваленце зарплата ўпала, ну і што? Вось калі б цэны выраслі на 30–40 працэнтаў, тады іншае пытанне, тады сапраўды можна гаварыць аб зніжэнні дабрабыту людзей».

Паводле яго слоў, у мінулым годзе ўпершыню за апошнія гады ўдалося дабіцца таго, што рост прадукцыйнасці працы быў вышэйшы, чым рост заработнай платы. «Апераджальны рост зарплаты над прадукцыйнасцю працы ў нас зацягнуўся недапушчальна доўга — на чатыры або пяць гадоў. Цяпер мы прывялі гэтыя параметры ў адпаведнасць, і нам трэба што б там ні было гэта ўтрымаць. Калі мы будзем з'ядаць больш, чым вырабілі — у грашовым выражэнні, зразумела, то якая будзе эканоміка?» — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. Разам з тым, дадаў ён, гэта не азначае, што зарплата ў краіне не будзе расці. «Ёсць у прадпрыемства даходы — плаціце, ніхто не будзе стрымліваць. У бюджэтнай сферы прынцып такі: ёсць грошы — плацім, няма грошай — трэба пацярпець. Ніякай папулісцкай палітыкі пад выбары не будзе, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы ўжо забылі, дзе друкарскі станок стаіць. Недапушчальна, каб мы яго ўключылі і пачалі друкаваць грошы».

У той жа час кіраўнік дзяржавы заявіў, што ўлады маюць намер жорстка спыняць выплату заработнай платы ў канвертах. «Зарплата ў канвертах — з'ява ненармальная. Такая праблема існуе, будзем разглядаць гэта пытанне, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я даў распараджэнне падумаць аб тым, як вывесці з ценю плацяжы і заработную плату. І мы гэта зробім».

Прэзідэнт запэўніў, што ў выпадку падрыхтоўкі адпаведнага нарматыўнага дакумента ён не будзе «скрыты ад людзей, без публічнасці гэта пытанне не вырашым».

Пакончыць з «беспарадкам у будаўніцтве»

Прэзідэнт сказаў, што будзе жорстка рэагаваць на «беспарадак у будаўніцтве». «Я не пацярплю такога беспарадку ў будаўніцтве, як гэта было апошнія гады. Разбасячыліся, сорамна проста. Які аб'ект дзяржаўны не прымаюць, то пачынаюць потым каштарысы правяраць: усюды падман… Не ведаю, можа, і дзяржслужачыя тут замешаны, як карупцыянеры. Пачынаем разбірацца, пачынаем саджаць, пачынаем кампенсаваць дзяржаве ўрон, які нанесены… У будаўніцтве ў нас непарадку і недысцыплінаванасці больш, чым у любой іншай сферы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Не навядуць парадак (будаўнікі ў сваёй сферы. — Заўвага БЕЛТА) — паадкручваем галовы. Хопіць на іх глядзець, каб яны разбойнічалі і крыўдзілі людзей», — таксама сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў 1990‑я пасля заняпаду ў будсферы было зроблена многае, каб яе аднавіць. У тым ліку была наладжана вытворчасць неабходнай тэхнікі. Цяпер галіна забяспечана ўсім.

«З Расіі паток назад пайшоў», — таксама канстатаваў Прэзідэнт, маючы на ўвазе вяртанне беларускіх будаўнікоў, якія паехалі на заробкі ў Расію. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што не трэба цяпер з гэтай прычыны звальняць каго-небудзь з беларускіх бударганізацый, каб уладкаваць на работу тых, хто вярнуўся. «Паехалі ў свой час за доўгім рублём. Цяпер вярнуліся. Тут сёння таксама рынак сціснуўся. Работы ўжо не столькі. Няхай шукаюць. Я даў такія ўказанні», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У адукацыі трэба навесці парадак

«У адукацыі трэба навесці парадак, а не нейкія рэформы пыліць. Трэба вызваліць выкладчыкаў і настаўнікаў ад неўласцівых ім функцый і даць ім магчымасць займацца адукацыяй і выхаваннем. Якія палітычныя, эканамічныя і фінансавыя справаздачы могуць быць у настаўнікаў?» — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў тэму беларусізацыі адукацыі. «Не навязвайце настаўнікам, на якой мове ім гаварыць і выкладаць. Цяпер беларускай мовы ў школе хапае. Я ўжо вам гаварыў, што аднойчы паглядзеў — англійскай мовы пяць гадзін у чацвёртым класе, а беларускай — тры або чатыры. Як так? Дадалі», — адзначыў ён.

Пытанне «мовы»вырашана раз і назаўсёды

Тэма гэтая, сказаў Прэзідэнт, будзе закрыта як мінімум да заканчэння прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. У краіне застануцца дзве дзяржаўныя родныя мовы — беларуская і руская. Беларускі лідар падкрэсліў, што ніводны міністр не можа ісці ўразрэз з гэтай палітыкай. «Я катэгарычна забараніў усялякі націск па моўнай прыкмеце», — звярнуў увагу ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што руская мова нараўне з беларускай з'яўляецца здабыткам нацыі. «Наш народ нямала ўнёс у скарбонку рускай мовы і нямала выпакутаваў, каб яна была роднай. Я і пераважная большасць беларусаў лічым рускую мову роднай. Гэта спадчына і багацце, ад якога мы адмаўляцца не павінны», — заўважыў ён.

Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што падтрымлівае беларускую мову. «Яна робіць адметнымі нас ад расіян. Наяўнасць сваёй мовы — гэта прыкмета нацыі. Мы ні ў якім разе не павінны загубіць беларускую мову. Мы павінны ведаць яе, як і рускую. Яна будзе найвялікшым здабыткам кожнага беларуса. Я не хачу, каб ён быў страчаны. Гэта даражэй за любыя крэдыты і мільярды. У мяне расце малы, і я хачу, каб ён ведаў беларускую мову гэтак жа, як і рускую», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што асобныя людзі ў Расіі могуць напружвацца, што ў нашай краіне праходзіць мяккая беларусізацыя, але гэта не значыць, што так думае ўвесь рускі народ і яго ўрад.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што трагічныя падзеі ва Украіне пачаліся з бязмозглай нацыянальнай палітыкі і перш за ўсё з пытання па мове. «Я ўмею рабіць высновы. І я сёння рады, што ў свой час мне ўдалося спыніць шалёны нацыяналізм, які быў да майго прэзідэнцтва. Я часта жартам кажу, але, напэўна, у гэтым ёсць нейкая доля праўды: мы, беларусы, такія разумныя, талерантныя і мудрыя, таму што ў нашых жылах змяшана шмат крыві — беларуская, руская, украінская, польская, яўрэйская і нават татарская», — рэзюмаваў ён.

30-47

Чужых зямель нам не трэба…

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час гаварыў аб ядзернай зброі, якая была выведзена з тэрыторыі Беларусі, і аб тым, што быў вымушаны выконваць прынятае не ім рашэнне. «Я прама і шчыра сказаў, за што мяне крытыкавалі: калі б гэта была мая воля, асабліва цяпер, я ніколі б гэтага не зрабіў. Вы бачыце, што адбываецца ў свеце: у каго сіла — той і мае рацыю», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

У гэтай сувязі ён адзначыў: «Мы працуем над тым, каб у Беларусі была свая зброя. Цяпер асноўная вытворчасць зброі, якой карыстаецца наша армія, сканцэнтравана ў Расіі. Мы толькі ствараем некаторыя часткі зброі: электроніка, оптыка і іншыя. Нам трэба мець добрую зброю, каб будучы агрэсар нават не думаў ваяваць супраць Беларусі. Мы будзем мець такія сістэмы праз некалькі месяцаў. Мы не хочам ваяваць і не рыхтуемся да вайны. Але порах трэба трымаць сухім», — падкрэсліў Аляксандр Лу-
кашэнка. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што беларускія спецыялісты вывучаюць усе ваенныя канфлікты, якія адбываюцца ў свеце, і на аснове гэтага праходзіць рэфармаванне арміі. «Мы вывучаем усе канфлікты ў свеце і тройчы перафармаціравалі сваю армію. Мы вырашылі, што ў нас павінны быць мабільныя, добра ўзброеныя, падрыхтаваныя і выдрэсіраваныя ваенныя часці. Пры неабходнасці яны павінны быць гатовы з'явіцца сёння ў Брэсце, заўтра — у Віцебску. Гэту выснову мы зрабілі, вывучыўшы цяперашнія ваенныя канфлікты», — сказаў ён.

Пры ўсім пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: «Беларусі чужых зямель не трэба. Нам пажадана сваю нікому не аддаць, утрымаць яе. Мы пабудавалі дзяржаву на гэтай зямлі, і трэба, каб гэта зямля засталася нашым дзецям і ўнукам». Гэта будзе самы вялікі падарунак для мяне. Прэзідэнт адзначыў, што ў беларусаў склаліся бліскучыя адносіны са смалянамі і тымі людзьмі, якія жывуць на прыграніччы. «Мы дапамагаем адзін аднаму. Беларусы ўбіраюць там хлеб, яны нам плацяць за гэта пастаўкамі паліва. Мяжа паміж дзвюма дзяржавамі не адчуваецца. Што яшчэ трэба? Нам што, галаўны боль яшчэ патрэбны? У нас выдатныя адносіны з гэтымі рэгіёнамі, так будзе і далей», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што трэба быць ідыётам, каб прэтэндаваць на частку зямель такой магутнай дзяржавы, як Расія. «Гэта нерэальна. Трэба супакоіцца і разумець, што гэта быў жарт і не больш. Але калі пасля мяне хто-небудзь з глузду з'едзе, я думаю, беларускі народ не дазволіць яму дзейнічаць такім чынам», — упэўнены беларускі лідар.

«У мяне не ўкладваецца ў галаве, як гэта рускім ваяваць з рускімі? Калі мяне пачынаюць насцярожваць такім чынам або гаварыць аб тым, што пасля Крыма Пуцін прыйдзе ў Беларусь, я наогул уявіць сабе, дапусціць гэтага не магу. Ну як рускі чалавек прыйдзе ў Беларусь ваяваць — родны, на сваю родную зямлю… Трэба супакоіцца, выкінуць усе гэтыя гадасці з галавы. У нас вельмі многа іншых праблем, якія трэба вырашаць», — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што некаторыя людзі лічаць беларускую зямлю часткай расійскай тэрыторыі. «Беларусь — гэта суверэнная і незалежная дзяржава. Бываючы тут, ніхто нам не прад'яўляў прэтэнзій. Мы заўсёды былі гасціннымі да любога чалавека, але прымусім любога, хто заяўляе аб тым, што такой дзяржавы раней не было, паважаць наш суверэнітэт і незалежнасць. Мы свае землі нікому не аддадзім. Гэта мая задача. Якой бы цяжкай яна ні была, я вырашу яе. За маёй спінай стаяць сотні тысяч такіх людзей, узброеных», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Майдана» ў краіне не будзе

«Калі ў некага ў галаве ёсць такая шалёная думка, што ў Беларусі магчымы або будзе «майдан», чым раней вы гэта з галавы выкінеце, тым будзе лепш. Ніколі ў Беларусі «майдана» не будзе», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на пасадзе Прэзідэнта ў яго дастаткова паўнамоцтваў і сіл, каб прадухіліць братазабойчую бойню. «Нікому — ні вам, ні мне, ні прысутным тут, ні тым, хто нас слухае, — «майдан» не патрэбен. Ёсць асобныя адмарозкі. Але на гэта ёсць і ўлада, каб нейтралізаваць іх і не дапусціць стральбы адзін у аднаго. Ваяваць унутры Беларусі нікому не будзе дазволена», — рэзюмаваў беларускі лідар.

На вайне піяр рабіць недапушчальна

Беларусь не імкнецца рабіць піяр на садзейнічанні ў вырашэнні ўкраінскага канфлікту, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Гавораць, што Беларусь стала нейкім міратворцам. Я пастаянна на гэта адказваю: мы не міратворцы і не напрошваліся на гэту функцыю, нікога не збіраемся мірыць, калі нас аб гэтым не просяць. Мяне папрасілі — зрабіце, што можаце».

«Здарылася гэта бяда, і, вядома, нас гэта хвалявала, і мы абмяркоўвалі гэтыя праблемы — і з Уладзімірам Пуціным, і з Пятром Парашэнкам. Мы не таілі, абмяркоўвалі, можа, не дэталізуючы гэтыя дыялогі. Я ім заўсёды гаварыў і толькі так ставіў пытанне: вы скажыце, і, калі гэта магчыма з нашага боку, мы абавязкова зробім, мы ж не чужыя», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён прадоўжыў: «Гэта вайна не дзесьці там далёка, яна каля нашага парога. Гэта ўплывае ўжо на нас, пачынаючы з таго, што некалькі дзясяткаў тысяч украінскіх бежанцаў на тэрыторыі Беларусі. Нам даводзіцца ратаваць іх — гэта не чужыя людзі. Нам даводзіцца вельмі жорстка закрываць граніцу. Вы правільна заўважылі ў СМІ, што я вельмі часта стаў звяртацца да пагранічнай тэмы і да ваеннай. Я галоўнакамандуючы, я не магу не рэагаваць на некаторыя падзеі ў Іраку, Сірыі. У якім плане? Прыстасоўваючы свае Узброеныя Сілы да сучаснай вайны, робячы вывады. А тут — каля нашага парога вайна. Я вымушаны рэагаваць. І гэта каштуе грошай. Але гэта яшчэ не вайна. Самае галоўнае, каб гэта зараза да нас не прыйшла. На падставе гэтага, хацеў бы — не хацеў, я вымушаны ўмешвацца непублічна ў гэтыя працэсы».

30-40

«Калі я спытаў чарговы раз, чым мы, беларусы, можам дапамагчы, дзе мы можам падставіць сваё плячо, — і Прэзідэнт Расіі, і перш за ўсё Прэзідэнт Украіны мяне папрасілі: дапамажыце сабраць людзей, мы хацелі б, каб гэта было ў Мінску. Назва гэтай групы кантактная, дапамажыце правесці, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы зрабілі ўсё, што яны хацелі. Гэта значыць, мы не рваліся ў гэта міратворніцтва. Мы ніякія не міратворцы, нас просяць — мы робім. Будуць нас прасіць яшчэ аб чым-небудзь — мы зробім».

«Што датычыцца нашых ініцыятыў, мы маем свой пункт гледжання па гэтым крызісе і пэўныя прапановы. Пра іх ведаюць Прэзідэнт Расіі і Прэзідэнт Украіны, пра іх ведаюць кіраўнікі ЛНР і ДНР. Падыходзяць яны ім, яны нам скажуць — дапамажыце нам тут і тут. Не — ну што ж, на няма і суду няма. Мы не збіраемся напрошвацца і піярыць на гэтым, як некаторыя гавораць. Такі піяр небяспечны», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Шматвектарнасць — галоўны прынцып у знешняй палітыцы

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў існуючай няпростай палітычнай сітуацыі на міжнароднай арэне Беларусь ні на ёту не адышла ад свайго галоўнага прынцыпу ў знешняй палітыцы — шматвектарнасці. «Такую палітыку дыктуе наша геапалітычнае становішча, — нагадаў ён. — На Усходзе жыве наш старэйшы брат, нашы родныя людзі. Там усё пераплецена так, што немагчыма разарваць». Што датычыцца Украіны, то адной з асноўных прычын канфлікту і страты часткі тэрыторыі суседкай з'яўляецца перш за ўсё «бязглуздая нацыяналістычная палітыка». «Але мы гэта не адкідваем — у нас адна гісторыя, мы разам гінулі ў апошняй вайне, нас многае аб'ядноўвае», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца заходніх суседзяў, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з тымі ж Польшчай, Літвой некалі жылі ў адной дзяржаве. «Гісторыя гэта памятае. Куды дзенеш гэту гісторыю?» — сказаў Прэзідэнт. Ён канстатаваў, што сёння Захад з'яўляецца высокатэхналагічным. «З Еўрасаюзам, Амерыкай імкнуцца супрацоўнічаць усе. У тым ліку вельмі хоча гэтага супрацоўніцтва Расійская Федэрацыя, — адзначыў ён. — І, калі намеціўся гэты разлад, вы ўсе бачыце пазіцыю Расіі: яны ўсюды заўсёды заяўляюць, што мы павінны імкнуцца нармалізоўваць адносіны пры ўсіх момантах».

«Ці можна нас папракаць за тое, што мы таксама хочам спакойнага жыцця на Захадзе? — задаўся пытаннем беларускі лідар. — Мы не хочам з імі біцца, скоса глядзець. Можа, проста таму, што яны — нашы суседзі. Нельга іншую палітыку ў адносінах да іх праводзіць. Чаго нам упірацца? У нас адна мэта — каб быў мір і спакой на нашай зямлі. Калі ж мы пачнём бадацца або, не дай бог, ваяваць з нашымі суседзямі, міру ніколі не будзе, — падкрэсліў Прэзідэнт. — І прыклад гэтага — Украіна». Такім чынам, падвёў вынік кіраўнік дзяржавы, Беларусь правільна вызначыла сваю палітыку як шматвектарную.

Пры гэтым ён адзначыў: краіну не трэба папракаць у тым, што робяць расійскія ўлады. «Мы ніколі не былі здраднікамі. Калі мы бралі на сябе абавязацельствы, мы свята іх выконвалі. У нас шмат агульных абавязацельстваў і абавязацельстваў перад Расіяй, падпісаных дагавораў, заключаных пагадненняў. Я ні на ёту не адышоў ад таго, што абяцаў, я не адышоў ад тых абавязацельстваў, якія ў нас існуюць з Расійскай Федэрацыяй. Але гэта не значыць, што мы, дагаджаючы некаму там (я перакананы, што гэта не кіраўніцтву Расіі трэба, але нават калі б і кіраўніцтву…), будзем ваяваць з Захадам. Каму гэта трэба? Нікому», — рэзюмаваў Прэзідэнт. Разам з тым кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Лукашэнка на Захадзе любімым ніколі не будзе».

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб адсутнасці націску на на нашу краіну з боку ЗША. «Я ўсюды кажу: на Лукашэнку немагчыма націснуць. Вы гаворыце, амерыканцы спрабуюць. Ніколі амерыканцы, асабліва ў гэты час, не націскалі на нас: ні ўчора, ні пазаўчора, — падкрэсліў беларускі лідар. — Наадварот, мы вядзём з імі размову, мы дамовіліся: мужыкі, хопіць нам паліваць адзін аднаго граззю ў сродках масавай інфармацыі. Мы гэтага не бачым з боку амерыканцаў. Няма той рыторыкі, якая была. Так, ёсць нейкая інерцыя ў грамадстве — палітзняволеныя, яшчэ нешта… Мы гэта разумеем. Пройдзе. Але ўжо гэтай навалы няма».

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што ніякага здрадніцтва, шарахання ў існуючай сітуацыі ад Расіі да Захаду ніколі не будзе. «Расія — святое, — сказаў ён. — На Захадзе я не хачу бачыць ворагаў, і цяпер я іх не бачу. Але гэта не значыць, што я склаў лапкі і сяджу, нечага чакаю. Я кіраўнік дзяржавы, у мяне ёсць паўнамоцтвы — ад пытанняў чалавечага быцця да ваенных, я іх выконваю і буду выконваць дастойна, каб вам не было за мяне сорамна».

«Вялікі камень» прынясе і вялікія грошы

Рэалізацыя кітайска-беларускага праекта «Індустрыяльны парк «Вялікі камень» можа прынесці мільярдныя даходы, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што неаднаразова наведваў Кітайскую Народную Рэспубліку, у тым ліку яшчэ да свайго прэзідэнцтва. Больш таго, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў звярнуць увагу на кітайскі вопыт яшчэ калі быў дэпутатам парламента, калі выбіралі курс развіцця краіны. Але тады гэта прапанова была жорстка раскрытыкавана.

«І што адбываецца праз больш як 20 гадоў? Кітай — гэта імперыя, гэта другая эканоміка ў свеце, гэта першая краіна па экспарце. Гэта дзяржава, якая сёння фактычна забяспечыла шматпалярнасць у свеце, і гэта вельмі важна, — лічыць Прэзідэнт. — Я заўсёды гаварыў аб тым, што Кітайская Народная Рэспубліка — гэта дружалюбная нам дзяржава. Беларусь ганарыцца сваімі адносінамі з такімі краінамі, як Расія, Кітай, Індыя і іншымі. Гэта нашы сябры, якія заўсёды гатовы падставіць плячо».

Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў беларуска-кітайскія адносіны. У якасці аднаго з пазітыўных прыкладаў ён назваў кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». «Гэта мільярды, у якіх зацікаўлены Кітай, у прыватнасці, у будаўніцтве там суперсучасных прадпрыемстваў, і гэта мільярды даходаў у нашу краіну. Калі мы рэалізуем гэты праект, тады ў нас не будзе праблем ні з золатавалютнымі рэзервамі, ні з падтрыманнем курсу нацыянальнай валюты», — лічыць кіраўнік дзяржавы. Ён таксама сказаў, што ў бліжэйшы час тэма стварэння парка будзе разглядацца на ўзроўні Прэзідэнта.

Ён падзякаваў кітайскаму боку за дапамогу і падтрымку ў складаны для Беларусі перыяд. Прэзідэнт сказаў, што і папярэдні кіраўнік КНР, і цяперашні Старшыня Кітая Сі Цзіньпін падтрымлівае курс на развіццё сувязяў з Беларуссю. Дарэчы, Кітай выдзеліў Беларусі крэдытаў на суму амаль $15 млрд для рэалізацыі сумесных праграм, прычым пад прымальныя працэнты.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра заяву кітайскага кіраўніцтва, што Кітай не дасць у крыўду Беларусь, будзе яе падтрымліваць. «Я ўдзячны Кітаю за той узровень адносін, які ў нас склаўся», — сказаў Прэзідэнт.

«У нас няма палітзняволеных»

Прэзідэнт расказаў аб сваім стаўленні да пытання так званых палітзняволеных. «Я мог бы адмахнуцца ад вашага пытання, спаслаўшыся на тое, што ўжо не адзін раз на яго адказваў. Але я гэтага не зраблю. Як чалавек шчыры, адкажу і нават не скажу, што перада мной не ставілі гэта пытанне або што я не маю дачынення да гэтага. Вось што я мог бы так сказаць як палітык. Чую, што на Захадзе гавораць «палітзняволеныя». Я кажу — у нас няма палітзняволеных, таму што ў нас няма палітычнага артыкула ў Крымінальным кодэксе, і гэта сапраўды так», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адзначыў: «Хочаце вы іх называць палітзняволенымі — называйце. Гэта ўжо прывычна, і гэтаму асаблівай увагі па змесце не надаецца. Ёсць закон, і гэты закон для ўсіх аднолькавы. Я іх не лічыў палітычнымі канкурэнтамі для сябе і не лічу цяпер. Самае галоўнае для мяне пры вырашэнні гэтага пытання нават не пытанне напісання просьбы аб памілаванні. Чалавек знаходзіцца ў калоніі, і там ён не адзін. Скажыце: іншыя не хочуць быць на волі? Хочуць. А я чамусьці падпісаў бы ўказ амнісціраваць аднаго, а чаму не іншых, якія там побач знаходзяцца? Мяне гэта больш за ўсё хвалюе».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для яго галоўнае, як да гэтага паставяцца людзі. Зразумеюць так: Лукашэнка спалохаўся, бачыце, аднаго выпусцяць, а іншыя сядзяць. «Зрабіўшы такім чынам, я, магчыма, паўкалоніі павінен амнісціраваць. А ці маю я на гэта права і, самае галоўнае, падставу? Напэўна, не», — лічыць Прэзідэнт.

Ён сказаў, што ў краіне не дапусцяць паўтарэння падзей 19 снежня 2010 года, калі пасля завяршэння галасавання на прэзідэнцкіх выбарах прадстаўнікі апазіцыі зрабілі спробу штурму Дома ўрада.

Паколькі журналіст задаў канкрэтнае пытанне адносна Мікалая Статкевіча, то ў сувязі з гэтым Прэзідэнт сказаў: «Ён для мяне не палітык. У мяне ёсць відэакадры, дзе ён павёў людзей на штурм, ёсць запісы яго каманд, яго перагавораў.

Гэта ж злачынства, і ў любой дзяржаве караецца яшчэ больш строга. Гэта было, таму не трэба гаварыць, што ён палітычны зняволены. Ён учыніў злачынства. Суд прыняў рашэнне на аснове закона. Закон ёсць закон, і яго трэба выконваць. Таму не трэба мяне папракаць, што гэта нейкі палітычны канкурэнт Прэзідэнта».

«Мы ведаем, хто грошы заплаціў, я ведаю, пад што давалі грошы, я ведаю, чаго ад кандыдатаў патрабавалі. Ад іх патрабавалі майдана ў Беларусі — пад гэта грошы дадзім. І я не мог гэтага дапусціць. Таму давайце па-чалавечы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама падкрэсліў: «Калі вы будзеце ламаць дзверы ва ўрадзе, я вас пасаджу. Не ламайце нічога, дзейнічайце ў адпаведнасці з законам, прайдзіце гэты шлях нармальна, цывілізавана. Выйдзіце на галасаванне, я вам гарантую поўную бяспеку, толькі нічога не ламайце і не крышыце. Вось і ўсё, не трэба нікога баяцца».

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што вырашэнне пытання так званых палітзняволеных не будзе мець вырашальнага значэння ў нармалізацыі адносін з Захадам. «Я не рвуся ва «Усходняе партнёрства». Бачу, як там вырашаюцца пытанні. Мы вырашым адно пытанне, яны прыдумаюць другое, і яны будуць мачаліць мяне, а можа і ўсіх маіх прыхільнікаў да прэзідэнцкіх выбараў, а потым — паглядзім. І справа тут не ў тым, каб нармалізаваць адносіны з Захадам праз некаторых сядзельцаў. Захад глядзіць значна далей. Ва Украіне гінуць тысячы. І якія паводзіны Захаду?» — задаў пытанне Прэзідэнт.

Падтрымаць, каго трэба, у сацыяльным плане

У вырашэнні пытання занятасці ў Беларусі ніякага лішняга льгатавання не будзе, заявіў Прэзідэнт Беларусі. Ён адзначыў, што работа над профільным дакументам цяпер праводзіцца і на вышэйшым узроўні да яго вярталіся ўжо двойчы, аднак канчатковы варыянт пакуль не разгледжаны. Пры гэтым Прэзідэнт першапачаткова настойваў на тым, каб усе нюансы былі ўлічаны і падлічаны. «Ніякага лішняга льгатавання не будзе. Мы пастараемся па сярэдзіне прайсці, — падкрэсліў ён, — падтрымаць такім чынам тых, каго трэба падтрымаць, і прымусім працаваць тых, хто павінен працаваць».

«Помню, мяне яшчэ асобныя журналісты крытыкавалі, што Лукашэнка на наркаманах, дармаедах і яшчэ нейкіх катэгорыях у перадвыбарны год спецыяльна піярыцца, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Родныя мае, не я ўзняў гэтыя пытанні. У грамадстве гэта праблема бурліць, і я вымушаны рэагаваць на яе».

Прэзідэнт звярнуўся да міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай з просьбай пракаменціраваць ход падрыхтоўкі праекта дэкрэта і абазначыць яго асноўныя нюансы. Марыяна Шчоткіна адзначыла, што «ўсе прапановы ўлічаны і дакумент ужо на выхадзе». Паводле яе слоў, першапачаткова неабходнасць яго распрацоўкі была выклікана некалькімі фактарамі. Так, у краіне пасля падвядзення балансу працоўных рэсурсаў высветлілася, што каля 50 тыс. чалавек не бачаць неабходнасці працаваць або проста гэтага не хочуць. Акрамя таго, амаль 200 тыс. чалавек жадаюць працаваць, але, прынамсі, ужо больш за паўгода на работу не ўладкоўваюцца. «Мы чытаем форумы ў інтэрнэце, і людзі пачалі гаварыць аб тым, што па Канстытуцыі ўсе грамадзяне павінны ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў, а не толькі тыя, хто працуе. Вядома, працуючыя не хочуць плаціць за тых, хто здае атрыманыя ў спадчыну кватэры і нічога не робіць, і за тых, хто горда гаворыць, што яны фрылансеры, але разам з тым таксама не ўдзельнічаюць у расходах», — адзначыла міністр.

Падчас работы над праектам, паводле яе слоў, зноў жа вывучаліся форумы ў інтэрнэце і прымаліся да ведама заўвагі, якія там выказваліся. Напрыклад, актыўна абмяркоўвалася, якія катэгорыі грамадзян будуць вызвалены ад выплаты аднаразовага збору. Узнікалі прапановы вызваліць ад выплаты збору маці, якія выхоўваюць дзяцей да 7 і нават да 14 гадоў. Аднак было б гэта справядліва на фоне таго, што ёсць таксама шматдзетныя сем'і з малалетнімі дзецьмі, якія, вядома, маюць права быць вызваленымі ад выплаты гэтага збору, адзначыла міністр. Пры гэтым, паводле яе слоў, праектам дэкрэта прапануецца абавязаць працаздольных грамадзян, якія на працягу больш як паўгода не выплачвалі падаткі і, адпаведна, не прымалі ўдзелу ў фінансаванні дзяржрасходаў, плаціць аднаразовы збор у памеры 20 базавых велічынь (адна базавая цяпер складае Br180 тыс.). Гэта, напрыклад, датычыцца хатніх гаспадынь (іх налічваецца амаль 123 тыс.), у якіх ёсць забяспечаныя мужы і няма неабходнасці працаваць.

Марыяна Шчоткіна запэўніла, што дакумент будзе прадстаўлены на разгляд Прэзідэнта ва ўстаноўленыя тэрміны.

У той жа час Прэзідэнтам было заяўлена, што пытанне павышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі знята з парадку дня. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Беларусі на аднаго пенсіянера прыпадае 1,5 працуючага, а павінна быць мінімум 2–3. «Дык трэба ці не трэба? Трэба. А людзі не хочуць. Ну чаго ж я пайду супраць? Гэта важнае пытанне. Я зняў яго з парадку дня», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што не выключае вяртання Анатоля Тозіка, Мікалая Ладуцькі і Наталлі Пяткевіч на пасады ў дзяржапараце. «Можа, і будуць працаваць у дзяржапараце. Яны пакуль быццам нідзе не працуюць, хоць ім прапаноўваліся розныя варыянты. Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч займаецца гэтым пытаннем. Я яму даручыў. А Наталля Уладзіміраўна (Пяткевіч. — Заўвага БЕЛТА), па-мойму, недзе працуе ўжо, не ведаю дзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама растлумачыў, што Наталлі Пяткевіч прапаноўваліся розныя варыянты працаўладкавання, аднак яна пакуль, магчыма, зоймецца сваім здароўем. «Наталля Уладзіміраўна вельмі падрыхтаваны чалавек, якога я ведаю гадоў 20. Што датычыцца Ладуцькі — тое ж самае. Падбяром адпаведныя пасады», — сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён не выключыў, што гэта могуць быць і недзяржаўныя пасады.

Акрамя таго, адказваючы на пытанне аб матывацыі для чыноўнікаў такога рангу, кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што зарплата — гэта толькі частка таго, што яны атрымліваюць. «У іх ёсць службовы транспарт, у такіх службовых асоб ёсць загарадны дом, дзе яны могуць жыць. З савецкіх часоў такая практыка», — сказаў Прэзідэнт. Ён таксама адзначыў, што Беларусь не можа сабе дазволіць плаціць чыноўнікам такія зарплаты, як, напрыклад, у Расіі. «Мы не можам гэтага. Нас людзі не зразумеюць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

З карупцыяй можна змагацца паспяхова

І міжнародныя эксперты прызнаюць сур'ёзнасць барацьбы з карупцыяй у Беларусі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нельга сказаць, што ў краіне карупцыю «не спрабавалі выпаліць калёным жалезам». «Нават міжнародныя эксперты, якія да нас ставяцца не вельмі, гэта прызнаюць», — сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: «Пазбавіцца ад яе ў раз немагчыма. Як чалавек, які займаўся шмат гэтымі пытаннямі, не скажу, што нельга ад яе пазбавіцца, але не скажу, што і можна». Кіраўнік дзяржавы дадаў, што, магчыма, маюць рацыю тыя людзі, якія кажуць, што карупцыю нельга перамагчы, але можна звесці да мінімуму.

Паводле яго слоў, не варта верыць тым, хто сцвярджае, што Прэзідэнт нібыта рэжысіруе барацьбу з карупцыяй. «Калі я рэжысёр, то вы абавязкова павінны знайсці факты маёй карупцыі. Калі я карумпаваны чалавек, то я буду маўчаць, ніколі пра карупцыю не гаварыць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт лічыць, што Генпракурор краіны павінен хоць бы раз у квартал інфармаваць СМІ аб фактах карупцыі. «Устанавіць такі парадак, каб Генеральны пракурор, які ў мяне адказвае за кантроль у гэтым плане, адзін раз у квартал інфармаваў журналісцкую супольнасць аб барацьбе з карупцыяй», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, журналісты крыўдзяцца, што часам ад дзяржчыноўніка нельга атрымаць інфармацыю. Прэзідэнт падкрэсліў, што, размаўляючы з журналістамі, чыноўнік праз іх размаўляе з народам.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі ведамасныя інструкцыі перашкаджаюць СМІ атрымліваць ад ведамстваў інфармацыю, то іх трэба «ўстараніць» праз указ або распараджэнне Прэзідэнта. «І наогул трэба выпрацаваць практыку: калі міністр або службовая асоба, да якой звярнуліся, беспадстаўна адмаўляецца размаўляць з журналістамі і адказваць на іх пытанні, — гэта не міністр, не службовая асоба. Звярнуўся журналіст — адкажы. Калі крытыка, у нас, па-мойму, указ ёсць, — павінен адрэагаваць… Гэта не першы раз я ўжо чую аб такім (аб нежаданні размаўляць з масмедыя. — Заўвага БЕЛТА)», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Бяспека беларускай дзяржавы — кроўны абавязак»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час адкрытага дыялогу з журналістамі заявіў, што не мае права самастойна адмовіцца ад прэзідэнцтва, калі па-іншаму не вырашыць народ. Ён таксама адзначыў, што яму было б непрыемна прайграць прэзідэнцкую кампанію, але не баіцца гэтага.

«Я не пайду і пайсці не магу. Не маю права. Я ўжо тлумачыў: калі абрушыцца краіна, а я пайшоў сам, то мяне абвінавацяць у баязлівасці. З мяне спытаюць. І яны будуць мець рацыю», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Я палітык. Я павінен змагацца, як гэта прынята па законах палітыкі. У мяне ёсць нейкі багаж. Мяне цяжка ў нечым абвінаваціць, зачапіць за што-небудзь», — дадаў ён.

«Знімаць сваю кандыдатуру на выбарах або не ісці на выбары я не маю права, калі ў мяне няма на гэта падстаў… Калі я буду жывы і здаровы ў 2015 годзе, вы, магчыма, мяне ўбачыце ў спісах кандыдатаў у прэзідэнты», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Закранаючы асабістыя моманты жыцця, Прэзідэнт паведаміў, што пералічвае палавіну сваёй зарплаты на адкрыты для малодшага сына рахунак, а астатнія захоўвае «ў левай скрыні ўверсе». «Я атрымліваю заработную плату ў беларускіх рублях. Гэта лёгка праверыць. Я напісаў заяву, каб палавіну маёй зарплаты бухгалтэрыя пералічвала на адкрыты ў ашчадным банку спецыяльны рахунак малодшага сына. Як толькі яму споўніцца 18 гадоў, ён зможа атрымаць гэтыя грошы. Астатнія грошы ў канверце захоўваюцца ў кабінеце загараднай рэзідэнцыі ў левай скрыні ўверсе. Я не ведаю, колькі ў мяне там. Ну, можа, Br50 млн у скрыні гэтай ляжыць», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі дадаў, што адзіная валюта, якая можа быць у яго дома, — камандзіровачныя. Яны выдаюцца ў валюце той краіны, куды ён накіроўваецца з рабочай паездкай.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, акрамя таго, малодшы сын збірае грошы на розныя сацыяльныя праекты: будаўніцтва хоспіса і іншыя. «Сумленна скажу, я больш за ўсё не люблю грошы. Яны столькі бед прыносяць. Вядома, без іх не абысціся. Але я не вельмі напружаны, куды дзяваць іх. Некаму дапамагу, куплю нешта або пазычу. Купляю падарункі афіцыянту, повару, дворніку на розныя святы. Яны простыя людзі, і іх таксама трэба падтрымліваць», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Свае падарункі беларускі лідар раздае сябрам і знаёмым. «Мне дораць да тысячы падарункаў. Я іх размяркоўваю да адзінага сярод знаёмых і сяброў. Дзяржаўныя падарункі захоўваюцца ў рэзідэнцыі», — дадаў ён.

Паводле БЕЛТА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?