Вы тут

«Спартак» супраць Абвера...


Чым далей адыходзяць у мінулае гады Вялікай Айчыннай вайны, тым больш сціраюцца з памяці асобныя фрагменты фактаў, успамінаў і дакументаў, якія распавядаюць пра час найстрашнейшага супрацьстаяння і барацьбы за жыццё. Сярод тых, хто «каваў» Вялікую Перамогу ў тыле ворага, былі і байцы партызанскай брыгады «Спартак». І ў кожнага з іх — сваё жыццё, свой лёс...

17-14

Адыход на ўсход

Пачатак вайны застаў будучага партызана Спартака Фёдара Конышава ў Сапоткінскім раёне Беластоцкай вобласці, дзе ён працаваў памочнікам пракурора. На досвітку 22 чэрвеня 1941 года нямецкія самалёты пачалі бязлітасна бамбіць райцэнтр. Трэба было неадкладна адыходзіць. Прабіраючыся палямі і лясамі, уцекачы пад вечар выйшлі на шашу Гродна—Маладзечна, якую фашысцкія «штукас» без перапынку палівалі з паветра свінцом. На ўсё жыццё запомніў Фёдар Конышаў гэты страшны дзень.

З разрозненымі часцямі Заходняга фронту і цяжарнай жонкай ён усё далей адыходзіў на Усход. Як ні спяшаліся Конышавы, аднак у мястэчку Юрацішкі ў невялікім доміку ім давялося затрымацца. У жонкі пачаліся роды. Так на свет з'явілася дачка Света. Ухутаўшы малую ў кашулю мужа, Конышавы працягнулі свой небяспечны шлях. Галодныя і босыя, з крывавымі мазалямі на нагах, муж і жонка нарэшце дабраліся да вёскі Ляхаўка Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці і прыйшлі ў дом бацькі Фёдара. Там на час і спыніліся.

Але вораг з яго апаратам сачэння і даносаў не драмаў. Ужо на трэція суткі ў доме бацькоў з'явіліся немцы і мясцовыя паліцаі-«бобікі». На шчасце, Фёдара на месцы не аказалася. Акупанты зрабілі вобыск, і, сыходзячы, загадалі прывесці былога памочніка пракурора ў райцэнтр. Але пра гэта, натуральна, не магло быць і гаворкі.

Перайшоўшы на нелегальнае становішча, Фёдар Конышаў здолеў усталяваць сувязь з падпольшчыкамі, а ў лютаўскую ноч 1942 года ўступіў у партызанскі атрад, пазней рэарганізаваны ў 2-ю Беларускую партызанскую брыгаду. Толькі пазней Конышаў даведаўся, што гітлераўцы цалкам знішчылі яго род. Яны спалілі і расстралялі блізкіх і далёкіх сваякоў (усяго 33 чалавекі), у тым ліку 75-гадовага бацьку, 70-гадовую маці, двух сясцёр, жонку і дачку-немаўля.

100 тысяч і два пуды солі

У маі 1942 года ўзвод пад камандаваннем Фёдара Конышава арганізаваў засаду на ўскрайку вёскі Кузьміно. Група асабліва лютуючых у раёне паліцаяў з 15 чалавек знайшла тут сваю пагібель. У чэрвені ў складзе партызанскай брыгады ён прыняў удзел у нападзе на станцыю Бычыха, размешчаную на чыгунцы Віцебск—Ленінград. Палітрук ішоў у першых радах партызан. Варожы гарнізон быў разгромлены, на шляхах засталіся знішчаныя эшалоны.

У ноч на 29 жніўня 1942 года ўзвод партызан пад камандаваннем малодшага лейтэнанта Гумарава і палітрука Конышава разграміў паліцэйскі гарнізон колькасцю 60 чалавек у мястэчку Казьяны. У далейшым партызанскай групай Фёдара Конышава былі ўзарваныя тры масты цераз Дзісну, спалены маслазавод, канфіскаваны ў ворага і раздадзены насельніцтву хлеб, разгромлены варожы гарнізон у пасёлку Плацерава. У раёне дыслакацыі атрада акупанты сталі адчуваць сябе, як на парахавой бочцы. Удары па іх наносіліся адзін за адным.

У атрад штодня прыходзілі ўсё новыя і новыя маладыя байцы. За кароткі час ён вырас да 400 чалавек. Неўзабаве была сфарміравана брыгада «Спартак» пад камандаваннем афіцэра РККА А.М. Панамарова. Намеснікам камандзіра брыгады па разведцы прызначылі Фёдара Конышава. Разведчыкі пад яго камандаваннем пачалі з'яўляцца ў гарадах і сёлах Літвы і Латвіі. Арганізоўвалася антыфашысцкае падполле ў беларускіх вёсках Відзы, Казьяны, Азяраны, Мілашкі, а таксама ў гарадах Літвы — Швянчонісе, Вільнюсе. Туды дастаўляліся лістоўкі, узрыўчатка. Адусюль Конышаў атрымліваў важную інфармацыю аб планах ворага і яго сілах.

У пачатку кастрычніка 1942 года ад разведчыка Афанасія Самойлава з Швянчоніса паступіла паведамленне пра інтэнсіўнае перакідванне па чыгунцы Вільнюс—Даўгаўпілс эшалонаў з танкамі і жывой сілай праціўніка. І ўжо 10 кастрычніка Конышаў павёў дыверсійную групу ў раён станцыі Ігналіна. Цяжкія 60 кіламетраў падрыўнікі прайшлі за дзве ночы, прабіраючыся па балотах і лясных сцяжынках, несучы ў рэчмяшках міны. Яны залеглі ў густым хмызняку ля крутога насыпу палатна чыгункі, уздоўж якой хадзілі нямецкія вартаўнікі. Чаканне партызан было доўгім. Але вось пачуўся далёкі гул эшалона. І як толькі чарговы патруль мінуў засаду, Місунас, Конышаў і Голубеў тут жа ўсталявалі дзесяцікілаграмовую толавую міну. Неўзабаве цішыню разарваў аглушальны выбух і грукат састава, які паляцеў пад адхон... Акупанты страцілі 10 вагонаў, 10 платформаў, 18 танкаў, 6 гармат і вялікую колькасць жывой сілы.

Рух па гэтай дарозе быў спынены на трое сутак. Дыверсія ў раёне станцыі Ігналіна не на жарт устрывожыла акупантаў. Нацысцкія спецслужбы даведаліся, што яе ажыццявіла група пад камандаваннем Конышава. Яны абяцалі 100 тысяч рублёў і два пуды солі таму, хто даставіць ім яго жывым або мёртвым.

Нямецкі засланец

Літоўскія партызаны разам з беларускімі ўдзельнічалі ў разгроме нацысцкай карнай экспедыцыі ў Казьянскіх лясах. Больш за 60 салдат і афіцэраў, не лічачы параненых, страцілі карнікі ў гэтых баях... Неяк улетку 1943 года партызан Павел Шацёнак адвёў Конышава ўбок і паведаміў, што, па яго назіраннях, не так даўно прыняты ў атрад Пятроў паводзіць сябе неяк дзіўна. Два разы, вяртаючыся з задання, ён адставаў ад хлопцаў і даганяў іх амаль ля самага лагера. Куды і навошта ён адлучаўся?

Пачаткоўцаў у атрадзе абавязкова правяралі, яны ўдзельнічалі ў баявых аперацыях. За Пятровым нічога заганнага заўважана не было. І ўсё ж з гэтага часу партызаны былі праінструктаваны назіраць за Пятровым. А ён нярэдка распавядаў, што збег з лагера ваеннапалонных, хаця зусім не быў падобны на згаладалага чалавека. Сцвярджаў таксама, што ў лагеры яго накіроўвалі на цяжкія работы, аднак мазалі, драпіны і сінякі на руках былі свежымі...

Неўзабаве было заўважана, што Пятроў спакваля, але даволі ўважліва прыслухоўваецца да любых размоў камандзіраў паміж сабой, асабліва калі гаворка заходзіць пра радыёсувязь з Масквой і атрыманні адтуль указанняў, стараецца даведацца, хто з мясцовага насельніцтва падтрымлівае сувязь з партызанамі, хто па іх заданнях ходзіць у гарнізоны праціўніка. Аднак падазрэнні — гэта толькі падазрэнні. Для Конышава з яго пракурорскім вопытам патрэбны былі неабвержныя доказы. І, нарэшце, ён іх атрымаў. Той жа Павел Шацёнак неяк уначы выявіў, што Пятроў, які ляжаў побач з ім, раптам падняўся з нараў, пасядзеў трохі, а потым ціха выслізнуў з зямлянкі. Павел вырашыў прасачыць за ім. Пятроў ішоў, спыняючыся і азіраючыся па баках, прыслухваючыся. Прайшоўшы з паўкіламетра, ён лёг на зямлю і стаіўся. Не заўважыўшы нічога падазронага, устаў, падышоў да вывернутай елкі і дастаў з карэнішчаў нешта, загорнутае ў анучу. Разгарнуў скрутак і... надзеў навушнікі.

Неверагодна! Ды гэта ж рацыя! Шацёнак адразу ўсё зразумеў і, выконваючы меры засцярогі, рушыў назад. Маментальна былі паднятыя разведчыкі, якія акружылі Пятрова. Ён, дарэчы, так захапіўся рацыяй, што нават і не заўважыў, як тыя падышлі да яго ўжо ўшчыльную. Злоўлены з доказамі злачынства «Пятроў» асабліва таіцца не стаў, лічачы, што гэтым выратуе сабе жыццё. Як аказалася, у рукі партызан трапіла «буйная птушка». Па нацыянальнасці «Пятроў» быў... немцам, які скончыў у Берліне дыверсійна-разведвальную школу Абвера. І імя яго было Арвід Хешке. Нямала людзей загінулі падчас яго «бліцукаранення» ў падполле.

Партызанскі суд пасля дасканалага высвятлення ўсіх дэталяў адплаціў шпіёну па заслугах. Зрэшты, як і пяці іншым агентам нацысцкіх спецслужбаў з ліку мясцовых.

...Пасля доўгачаканага вызвалення Беларусі ў ліпені 1944 года Фёдар Конышаў быў накіраваны на працу пракурорам Відзаўскага раёна, а затым працаваў у органах пракуратуры Маладзечанскай, Полацкай, Віцебскай абласцей, з 1970 года — пракурорам горада Полацка. За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, ён быў узнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга, медалямі «Партызану Айчыннай вайны» I-й і II-й ступені, «За баявыя заслугі» і іншымі ўзнагародамі.

Мікалай СМІРНОЎ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.