Вы тут

Шчасце — быць мамай!


Нядаўна сустрэла сваю знаёмую, якой 49 гадоў. Яна шпацыравала са сваёй пяцігадовай унучкай і... дачкой такога ж узросту. Жанчына выглядала вельмі шчаслівай і не камплексавала ад таго, што ў яе дачка і ўнучка — аднагодкі. Расказала, што цяжарнасць у свае «далёка за 40» яна не планавала, але аплакваць сваё становішча таксама не збіралася. Наадварот, радавалася ад усёй душы, што ёй пашанцавала стаць трэці раз мамай. Праўда, падчас яе цікавага становішча жанчыне было няпроста ў фізічным і псіхалагічным плане, да таго ж у яе абвастрылася язва і некаторы час яна пакутавала ад боляў. Але пасля таго, як з дапамогай урачоў наладзіла дыету, болі зніклі. Яна ўпэўнена, што яе малодшая дачка падоўжыла ёй маладосць. Сёння ў жанчыны шмат клопатаў, таму ў яе проста няма часу старэць.

19-3

Прыхільнікаў позняга бацькоўства ў нашай краіне становіцца ўсё больш, і так ці інакш спецыялістам прыходзіцца працаваць з жанчынамі, якія нараджаюць у сорак гадоў, тым больш калі нараджаюць упершыню. Намеснік дырэктара па акушэрстве і гінекалогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця» Святлана НАГІБОВІЧ расказала, з якімі праблемамі сутыкаюцца «маладыя» мамы постбальзакаўскага ўзросту.

— Святлана Юр'еўна, сёння ва ўсім свеце ўсе больш жанчын «пад сорак» становяцца мамамі ўпершыню. Звычайна гэта звязана з тым, што жанчыны вырашаюць спачатку дасягнуць пэўнага сацыяльнага і прафесійнага статусу перад тым, як прысвяціць сябе сям'і. Ці датычацца гэтыя тэндэнцыі Беларусі?

— У нас колькасць «маладых» мам, якім бліжэй да сарака, таксама павялічылася. За апошнія дваццаць гадоў жанчын, якія нарадзілі першае сваё дзіця ва ўзросце паміж 30 і 40 гадамі, стала ў тры разы больш. Сёння кожнае дзясятае дзіця нараджаюць жанчыны, якім ужо за 35 гадоў. У гэтым адкладанні першай цяжарнасці ёсць свае рызыкі.

Фертыльнасць жанчын пачынае паніжацца за шмат гадоў да наступлення менапаўзы. Узнікненне бясплоддзя ў жанчын пасля 35 гадоў павышаецца ў некалькі разоў. Напрыклад, працэнт бяздзетных жанчын у шлюбе 15% — у 30-34 гады, але ўжо 30% — у 35-39 гадоў. Іншымі словамі, амаль траціна жанчын, якім за 35 гадоў, лічацца бясплоднымі.

— Чаму так здараецца?

— Гэта звязана з узроставымі зменамі тканак маткі і яечнікаў, якія цягнуць за сабой зніжэнне іх функцыянальных асаблівасцяў. Узроставыя змены арганізма, перш за ўсё, датычацца крывяноснай сістэмы і пры гэтым выяўляюцца ў органах, якія недастаткова эфектыўна працуюць. У жанчын, якія доўга не нараджалі, адпаведныя ўнутраныя органы знаходзяцца ў стане функцыянальнай недастатковасці і таму падвяргаюцца заўчаснаму старэнню. Нават здаровай жанчыне старэйшай узроставай групы можа спатрэбіцца для зачацця больш часу.

Аднак часам цяжарнасць такім матулям рыхтуе не толькі праблемы, але і прыемныя сюрпрызы. Напрыклад, зацяжараць двайняткамі і трайняткамі часцей атрымліваецца менавіта ў гэтым «спелым» узросце.

— Калі жанчына ўсё ж зацяжарала, з якімі праблемамі яна можа сутыкнуцца?

— Бліжэй да 40 гадоў у жанчын павялічваецца рызыка нарадзіць дзіця з прыроджанай паталогіяй. Сярод іх — парокі сэрца, страўнікава-кішачнага тракта, касцёва-мышачнай сістэмы; нярэдка сустракаецца хвароба Даўна. Важны тут і ўзрост бацькі (у траціне выпадкаў развіцця сіндрому Даўна «вінаватыя» менавіта паталогіі ў мужчынскіх храмасомах).

Рызыка якога-небудзь генетычнага парушэння ў выніку выпадковай мутацыі прысутнічае заўсёды, нават у маладой жанчыны, але з узростам парушаецца механізм, які дазваляе адрозніваць здаровы эмбрыён ад хворага, і калі малады арганізм можа проста адрынуць такі эмбрыён, то пасля 35-гадовага ўзросту спантанных мутацый становіцца больш, а ахоўны механізм не заўсёды спрацоўвае.

Складанасць у тым, што да зачацця нельга прадказаць і дакладна спрагназаваць магчымасць зачацця дзіцяці з той ці іншай храмасомнай паталогіяй, у тым ліку і з сіндромам Даўна, можна толькі вылічыць ступень рызыкі з'яўлення паталогіі.

Рызыкі ў позняй цяжарнасці ёсць не толькі для будучага дзіцяці, але і для маці.

У жанчын, старэйшых за 40 гадоў, у 3 разы часцей, чым да 30, развіваецца гестацыйны цукровы дыябет, узмацняюцца захворванні сардэчна-сасудзістай і мочапалавой сістэм.

Але ёсць і фізіялагічныя плюсы ў позняга мацярынства: пазней надыходзіць менапаўза; памяншаецца рызыка астэапарозу, інсульту і інфаркту. Больш за тое, потым значна лягчэй надыходзіць менапаўза.

— Як уплывае на здароўе будучага дзіцяці ўзрост мужчыны?

— З узростам у мужчын павялічваецца колькасць пашкоджанага генетычнага матэрыялу. Гэта звязана з тым, што на якасць спермы ўплывае мноства неспрыяльных фактараў: шкодныя звычкі, дрэнная экалогія, прыём лекавых прэпаратаў і іншыя. Пры цяжарнасці ва «ўзроставых» бацькоў узрастае рызыка ўскладненняў падчас выношвання. Больш за тое, нават зацяжараць ад мужчыны, якому за 40, шанцаў у 3 разы менш, чым ад маладзейшага. Але калі атрымліваецца ўсё добра, то, як адзначаюць псіхолагі, таты ва ўзросце больш уважліва і пяшчотна ставяцца да сваіх дзетак, чым у маладосці. Яны трапятліва падыходзяць да выхавання спадчыннікаў і сур'ёзна клапоцяцца аб іх будучыні. Калі мужчына і жанчына ва ўзросце пад 40 і больш плануюць дзіця, то лепей за ўсё загадзя да гэтага пытання дасканала падрыхтавацца. Будучым бацьку і маці варта абавязкова наведаць медыка-генетычную кансультацыю. Мужчыну неабходна будзе здаць аналіз для ацэнкі якасці спермы.

Сёння можна разлічваць на высокі ўзровень прэнатальнай дыягностыкі, здольнай выявіць прысутнасць спадчынных сіндромаў у эмбрыёне на тэрміне цяжарнасці да 22 тыдняў.

— Як правільна падрыхтавацца да цяжарнасці жанчынам, якім каля сарака, каб паменшыць колькасць рызык?

— Што тычыцца жанчыны, то ўсё значна складаней. Жанчыне да зачацця дзіцяці лепш падрыхтавацца грунтоўна. А часам такая падрыхтоўка з'яўляецца абавязковай, інакш цяжарнасць проста не наступіць. Планаванне цяжарнасці нават ужо пасля 30 павінна пачынацца з абследавання ў гінеколага. Абаім партнёрам трэба праверыцца на палавыя інфекцыі. У выпадку іх выяўлення трэба будзе прайсці курс лячэння, і толькі пасля гэтага займацца планаваннем цяжарнасці.

Калі ў жанчыны ёсць нейкія хранічныя хваробы, неабходна абавязкова пракансультавацца з урачом, у якога яна назіраецца. Асабліва гэта тычыцца сардэчных захворванняў, варыкознага пашырэння вен, гіпертанічнай хваробы, цукровага дыябету, збояў эндакрыннай сістэмы і іншых. Пры неабходнасці лепей прайсці прафілактычнае лячэнне. Неабходна таксама наведаць стаматолага і акуліста. Калі не схадзіць да стаматолага своечасова, ёсць рызыка абзавесціся сур'ёзнымі праблемамі на пару гадоў наперад. Пры гэтым усім вядома, што карыес — гэта ўваходныя вароты для інфекцый. Што ж тычыцца абследавання ў акуліста, яго лепш правесці на этапе, калі ідзе планаванне цяжарнасці, каб пазбегнуць праблем пры родах. Перад цяжарнасцю нядрэнна паклапаціцца і аб фізічнай форме — стабілізаваць сваю вагу, прывесці мышцы ў тонус. Для гэтага перш за ўсё трэба нармалізаваць харчаванне, уключыць у рацыён морапрадукты, гародніну, садавіну, сокі і г.д. Часцей гуляць на свежым паветры, пазбягаць разнастайных стрэсаў і дэпрэсіўнага стану. Калі спланаваць рацыён ідэальна не атрымліваецца, то за 2-3 месяцы пачніце прымаць, напрыклад, звычайныя полівітаміны або вітаміны для цяжарных.

Акрамя гэтага, на этапе планавання абаім партнёрам выдатна падыдуць разнастайныя травяныя зборы, якія ўмацоўваюць імунітэт. Патрэбна выключыць алкаголь з рацыёну ўвогуле за тры месяцы да зачацця. Калі бацькі ва ўзросце будуць ставіцца да планавання цяжарнасці сур'ёзна, то, нягледзячы на некаторыя складанасці, шанц нарадзіць здаровае дзіця значна павялічваецца.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».