Вы тут

Людзі без будучыні


«Дзеці — нашая будучыня!» Гэты крылаты выраз, вядома ж, ведаюць усе. Але, на жаль, не ўсе могуць мець дзяцей... і гэта вялікая трагедыя многіх сямейных пар, а часам менавіта з гэтай прычыны і распадаюцца шлюбы. Сёння, праўда, медыцына дасягнула значных поспехаў у вырашэнні праблемы, ды і, у рэшце рэшт, бяздзетныя пары могуць усынавіць малога, бацькі якога альбо памерлі, альбо судовым рашэннем пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Менавіта такім чынам дзеці-сіроты знаходзяць сабе новых маму і тату, а шчаслівыя дарослыя становяцца сапраўднымі бацькамі для сваіх прыёмных дзетак.

На жаль, тут таксама не абыходзіцца без праблем, але я зараз зусім пра іншае. Пра тых дарослых, якія проста не жадаюць мець дзяцей.

Якая іронія лёсу! Хтосьці так марыць аб дзетках... і ўсё дарэмна! А тут самі не жадаюць...

Пытанне: чаму?

Бывае, што маладая пара проста адкладвае нараджэнне нашчадкаў на больш позні тэрмін, а пакуль хоча проста пажыць для сябе. І часта здараецца так, што гэтае адкладванне зацягваецца настолькі, што потым аказваецца: позна ўжо штосьці змяняць у такім размераным і наладжаным жыццёвым укладзе... ды і страшнавата гэта рабіць! І дажываюць такія муж з жонкай свой век у адзіноце, заводзяць сабе пакаёвых сабачак, коцікаў ці папугайчыкаў. Клапоцяцца аб іх, размаўляюць з імі па вечарах... а маёмасць перапісваюць на пляменнікаў ці якіх іншых родзічаў, каб толькі не забываліся, каб наведваліся хоць зрэдку...

Шкада мне такіх старых, хоць і разумею: самі ва ўсім вінаватыя! І зноў-такі, не пра іх размова.

А пра тых, хто не проста не жадае мець дзяцей, але і стварылі з гэтага свайго нежадання цэлую ідэалогію. Я маю на ўвазе так званы рух «чайлдфры».

У перакладзе з англійскай мовы гэтае слова азначае «свабодны ад дзяцей». Асноўнай ідэяй з'яўляецца асэнсаванае нежаданне заводзіць дзяцей у імя асабістай свабоды.

Само слова «чайлдфры» ўзнікла ў ЗША яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя з падачы цяпер ужо не існуючай «Нацыянальнай Арганізацыі для Не-Бацькоў ЗША». Назва даволі гучная, але арганізацыя праіснавала нядоўга і хутка распалася.

А вось слова «чайлдфры» не знікла разам з ёю. У 1990-я гады амерыканка Лэслі Лафает сфарміравала адну з першых сучасных груп чайлдфры... А сёння ў адных толькі Злучаных Штатах існуе больш за 40 такіх арганізацый, і ў кожнай з іх — тысячы ўдзельнікаў. І колькасць іх усё павялічваецца... Згодна з даследаваннем амерыканскага Нацыянальнага цэнтра статыстыкі аховы здароўя, штогод працэнт амерыканак, якія наогул не жадаюць мець дзяцей, павялічваецца на чвэрць. Зыходзячы з іншых даследаванняў гэтага ж цэнтра, доля амерыканскіх жанчын дзетароднага ўзросту, якія самі сябе вызначаюць як «добраахвотна бяздзетныя», узрасла з 2,4% у 1982 годзе да 6,6% у 1990-м. Цяпер гэта лічба, без усялякіх сумненняў, будзе яшчэ вышэйшай.

Але феномен «чайлдфры» сёння не абмяжоўваецца Злучанымі Штатамі. Ён даўно ўжо ахапіў Заходнюю Еўропу і не толькі яе. У Аўстраліі, напрыклад, яго прыхільнікі нават спрабуюць стварыць сваю палітычную партыю, якая б абараняла іх правы. Большасць з тых, хто прытрымліваецца прынцыпаў «чайлдфры», не проста адукаваныя, а высокаадукаваныя людзі. І даволі забяспечаныя, да ўсяго іншага...

— Я свабодны чалавек і раблю, што лічу для сябе патрэбным! — у адказ на крытыку нязменна адказваюць прыхільнікі руху «чайлдфры». — Ніякіх законаў я не парушаю: проста не жадаю мець дзяцей! Калі камусьці такое не падабаецца — гэта іх асабістая справа.

І з гэтым цяжка спрачацца. Сапраўды, аніякіх законаў прыхільнікі «чайлдфры» не парушаюць, тым больш што рух «чайлдфры» — не адзіны ў сваім імкненні наблізіць канец чалавецтва. Ёсць і іншыя. Напрыклад, так званы «Рух за добраахвотнае знікненне чалавецтва», больш вядомы як VHEMT (ад англ. Voluntary Human Extіnctіon Movement), — грамадскі экалагічны рух, галоўнай мэтай якога з'яўляецца... добраахвотнае выміранне чалавецтва. Не, рух гэты не прапагандуе забойствы, самазабойствы, масавую стэрылізацыю і іншыя гвалтоўныя метады скарачэння народанасельніцтва. Проста прапануе адмовіцца ад далейшага размнажэння.

Не хацелася б мне быць удзельнікам гэтага руху...

Генадзь Аўласенка

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.