Вы тут

Як утрымаць кваліфікаваныя кадры


У галіновым прафсаюзе работнікаў адукацыі лічаць, што без дадатковых асігнаванняў зрабіць гэта немагчыма

«Пытанне сацыяльнага статусу работнікаў адукацыі сёння застаецца адным з найбольш вострых. Між іншым, магчымасці галіны ў яго вырашэнні не бязмежныя. Аптымізацыя дае пэўны эфект, але гэтага эфекту ўсё роўна недастаткова для давядзення сярэднямесячнага заробку педагагічных работнікаў да рэгіянальнага і рэспубліканскага паказчыкаў», — паведаміў на сумеснай калегіі Міністэрства адукацыі і кіраўніцтва Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі старшыня Цэнтральнага камітэта Аляксандр БОЙКА.

3-22

3-22

 

Рэгіянальныя асаблівасці

Сярод галін сацыяльнай сферы па ўзроўні сярэдняй заработнай платы адукацыя займае па выніках 2014 года перадапошняе месца (4121,3 тыс. руб., або 67,7% ад сярэдняга заробку ў краіне). У 2011 годзе гэтыя суадносіны былі на ўзроўні 77,3%. Працягваецца зніжэнне тэмпаў росту намінальнай і рэальнай налічанай заработнай платы работнікаў галіны, якое назіраецца з 2011 года. Так, у мінулым годзе тэмп росту намінальнай заработнай платы склаў 119,5%, а рэальнай — 101,2%.

Летась у краіне працягвалася аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі, з-за дэмаграфічных прычын перагледжвалася колькасць работнікаў арганізацый, узмацняўся кваліфікацыйны складнік, а таксама рэгіянальны акцэнт у аплаце працы. Аляксандр Бойка мусіў канстатаваць, што разрыў ва ўзроўні сярэднямесячнага заробку работнікаў сістэмы адукацыі, якія працуюць у розных рэгіёнах, усё больш расце. Напрыклад, па выніках 2014 года сярэднямесячны заробак у Мінску склаў 6107,8 тыс. руб., а ў Брэсцкай вобласці — 4379,2 тыс. руб. Розніца паміж максімальным і мінімальным рэгіянальным паказчыкам сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў сістэмы адукацыі дасягае ўжо 39,5% (у настаўнікаў — 22%, а ў прафесарска-выкладчыцкага складу — 53,8%).

Дыскрымінацыя ў аплаце

— Павелічэнне з 1 верасня надбавак педагагічным работнікам за наяўнасць кваліфікацыйных катэгорый дазволіла павысіць сярэдні заробак настаўнікаў у сярэднім на 18%. Разам з тым нельга не закрануць наступную праблему: прынятыя апошнім часам пастановы ўрада не распаўсюджваюцца на шэраг рэспубліканскіх арганізацый, у тым ліку на ўстановы вышэйшай адукацыі, акадэміі, інстытуты перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, — падкрэсліў Аляксандр Бойка. — Таму склалася істотная дыспрапорцыя ў аплаце за наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі: фактычна яна залежыць ад таго, з якога бюджэту фінансуецца ўстанова. Такім чынам, надбаўка за наяўнасць адной і той жа кваліфікацыйнай катэгорыі, напрыклад, у метадыста Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ніжэйшая, чым у метадыста абласнога інстытута развіцця адукацыі. Такая ж розніца ў аплаце за наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі будзе ў сацыяльных педагогаў, якія працуюць ва ўстанове вышэйшай адукацыі і ў гімназіі. Нам трэба дабівацца ліквідацыі дыспрапорцыі, як гэта было зроблена ў пачатку года ў дачыненні да педагагічных работнікаў арганізацый аховы здароўя і арганізацый, якія аказваюць сацыяльныя паслугі.

Цэнтральны камітэт галіновага прафсаюза накіраваў у Савет Міністраў зварот, які базуецца на разуменні таго, што без дадатковых асігнаванняў галіна не ў стане ўтрымліваць кваліфікаваныя кадры.

Ці на карысць эканомія?

Аляксандр Бойка таксама паведаміў, што ў рамках аптымізацыі колькасці работнікаў дзяржаўных устаноў вышэйшай адукацыі, а таксама ўстаноў, падпарадкаваных міністэрству, арганізацыі маюць сёння сродкі на матэрыяльнае стымуляванне ў рамках кантрактнай формы найму. Прычым аб'ём гэтых сродкаў ужо дастаткова вялікі. Фактычна гэта адзіная мера, рэалізаваная ў дачыненні да работнікаў рэспубліканскіх устаноў. За апошні час аб'ёмы фінансавання на названыя выдаткі істотна павялічыліся.

— Для нас важна, каб яны расходаваліся эфектыўна і ў максімальна поўным аб'ёме. Гэтыя пытанні павінны вырашацца сумесна з прафсаюзнымі камітэтамі. Захады стымулявання для прафесарска-выкладчыцкага складу павінны быць на асаблівым кантролі. І мы будзем гэтай тэме надаваць асаблівую ўвагу ў бягучым годзе, — паабяцаў кіраўнік прафсаюза.

Па інфармацыі, якую агучыў Аляксандр Бойка, летась прафсаюзнымі органамі было разгледжана 26 544 пісьмовыя звароты, 13 662 чалавекі былі прыняты на асабістым прыёме. Па-ранейшаму найбольшая колькасць зваротаў выклікана пытаннямі звальнення па ініцыятыве наймальніка, скарачэннем штатаў, заключэннем, падаўжэннем і скасаваннем кантрактаў, пытаннямі аплаты і матэрыяльнага стымулявання працы, працоўных водпускаў і жыллёвага заканадаўства. Істотна вырасла колькасць зваротаў па пытаннях работы прафсаюзных органаў і кадраў.

Аналіз работы прававой інспекцыі паказаў, што найбольш тыповыя парушэнні працоўнага заканадаўства выяўлены якраз пры звальненні работнікаў па ініцыятыве наймальнікаў, прымяненні мер дысцыплінарнага спагнання, заключэнні калектыўных дагавораў, аплаце і матэрыяльным стымуляванні працы.

Нягледзячы на захады па працаўладкаванні вызваленых у выніку аптымізацыі работнікаў, за 2014 год, па скарачэнні штатаў былі звольнены 843 работнікі, у тым ліку 345 педагагічных (у 2013 годзе — 640 і 249 работнікаў адпаведна). На 1 студзеня 2015 года ў цэнтрах занятасці насельніцтва стаяць на ўліку як беспрацоўныя 248 былых работнікаў арганізацый адукацыі, у тым ліку 189 педагагічных работнікаў (у 2013 годзе — 217 і 159 адпаведна).

Чарга на жыллё

У 2014 годзе было пабудавана і прадастаўлена работнікам галіны 1677 кватэр (у горадзе — 1228 і ў сельскай мясцовасці — 449). Для параўнання: у 2013 годзе гэты паказчык складаў 1553 кватэры (1264 і 289), а ў 2012 годзе — 2022 (1709 і 313). Прафесарска-выкладчыцкаму складу і навуковым работнікам у 2014 годзе прапаноўвалася арэнднае жыллё, у тым ліку ў жылым комплексе «Магістр» у Мінску. Тым не менш змяншэнне колькасці работнікаў галіны, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, на пачатак 2015 года склала ўсяго 1% у параўнанні з 2014 годам.

Яшчэ адна праблема звязана з новай рэдакцыяй Палажэння аб парадку забеспячэння дапамогамі па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах. Па словах Аляксандра Бойкі, на 14-дзённым лістку непрацаздольнасці нізкааплатныя работнікі галіны губляюць больш як 200 тысяч рублёў, а маладыя спецыялісты-настаўнікі на дапамозе па цяжарнасці і родах — больш як 9 мільёнаў рублёў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Даведка «Звязды»:

Кантракты заключаны з 80,2% работнікаў устаноў адукацыі. Колькасць кантрактаў, заключаных з работнікамі на пяць гадоў, складае 43% ад агульнай колькасці заключаных кантрактаў. У 2014 годзе дадатковы заахвочвальны водпуск быў прадугледжаны больш чым у 95% кантрактаў, а павышэнне тарыфнай стаўкі было прапісана больш як у 80% кантрактаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?