23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Не сябруй з наркаманам


Некаторыя міфы, звязаныя з ужываннем смяротна небяспечных рэчываў, развейвае псіхолаг Цэнтра дружалюбнага стаўлення да падлеткаў «Поспех» Кацярына БЛІЗНЮК, расказваючы аб тым, што ў сучасным грамадстве павінен усведамляць кожны.

собаки наркоманы

Міф 1. Існуюць лёгкія, бясшкодныя наркотыкі.

Самае лепшае вызначэнне для наркотыкаў — гэта яд. І датычыцца гэта ўсіх, нават не надта моцных прэпаратаў. Нельга думаць, што ўжыванне малых доз не шкодзіць здароўю. Проста малая доза стымулюе і актывізуе ўсе жыццёвыя сілы, а вялікая, наадварот, прыводзіць да затарможанай рэакцыі і забівае любога чалавека значна хутчэй. Нават такое бяспечнае на першы погляд рэчыва, як кафеін, можа прывесці да лятальнага зыходу. Адзін ці два кубкі дапамагаюць узбадзёрыцца, павялічаная да 10 кубкаў доза, хутчэй за ўсё, прывядзе да сну, а 100 кубкаў проста аднімуць жыццё.

Міф 2. Не ўсе наркотыкі шкодзяць розуму.

Абсалютна ўсе наркотыкі затуманьваюць розум. Падчас разумовых працэсаў чалавек карыстаецца асацыятыўнымі карцінкамі, якія наш мозг запамінае і захоўвае. І ў неабходнай жыццёвай сітуацыі гэтыя карцінкі прыходзяць на дапамогу ў вырашэнні праблем. А ўжыванне наркотыкаў робіць асацыятыўныя шэрагі карцінак бессэнсоўнымі і заблытанымі, стварае пустэчы. Таму, калі ўзнікае неабходнасць скарыстацца інфармацыяй, чалавек, што ўжывае наркотыкі, не можа гэтага зрабіць. Адбываецца дэградацыя асобы, рашэнні, якія ёю прымаюцца, затарможаныя, учынкі — неадэкватныя.

Міф 3. Не ўсе наркотыкі прыводзяць да прывыкання.

Абсалютна ўсе прэпараты прыводзяць да таго, каб чалавек хацеў вярнуць адчуванне наркатычнага стану. Да ўсіх, хто намагаўся з дапамогай наркотыкаў вырашыць асабістыя праблемы, яны вернуцца з большай сілай. Як толькі эфект ад забароненага прэпарата знікне, з'явіцца нервознасць і раздражнёнасць. Каб расслабіцца, давядзецца зноў прымаць «яд». Гэта і ёсць замкнёнае наркатычнае кола, у якім наркотык — неад'емная частка жыцця.

Міф 4. Пасля ўжывання стымулятараў і галюцынагенаў не ўзнікае наркатычнай залежнасці і не бывае ломкі.

Абстынентны сіндром (ломка) узнікае ў наркамана незалежна ад віду наркатычных сродкаў. Але пры гераінавай залежнасці ён праяўляецца больш ярка і балюча. Горш за ўсё тое, што ў «бяскрыўдныя наркотыкі» аматары клубных тусовак залічваюць галюцынаген экстазі. Прывыкаючы да яго ўзрушвальнага дзеяння, яны праз нейкі час вымушаны перайсці на больш моцныя наркотыкі. Жах наркаманіі ў тым, што ахвяры шчыра перакананыя: я здольны кантраляваць сваё захапленне і магу адмовіцца ад яго ў любы момант. Таму калі ў вас ці вашых блізкіх узнікла залежнасць, неабходна як мага хутчэй звяртацца да ўрача.

МІф 5. Марыхуана бяспечная.

Марыхуана ўплывае на нервы і шкодзіць лёгкія. Яна змяшчае велізарную колькасць рэчываў, якія павялічваюць рызыку ўзнікнення раку. Яе ўжыванне «спальвае» мінералы і вітаміны і прымушае нервы «нямець». Курэнне марыхуаны выклікае прыемныя адчуванні, а яе адсутнасць пагаршае самаадчуванне, таму хочацца яшчэ і яшчэ. Усе органы пачынаюць ад гэтага імкліва пакутаваць.

Міф 6. Наркотыкі трымаюцца ў арганізме не больш за год.

Большая частка наркотыкаў затрымліваецца ў арганізме ў тлушчах, блізка размешчаных да вен. Таму, калі чалавек ужо адмовіўся ад наркотыкаў, пачынае займацца фізічнай актыўнасцю і спальваць тлушч, то хоць бы і невялікая колькасць наркотыку, але трапляе ў блізка размешчаную вену. Нават такая мізэрная доза здольная зноў выклікаць жаданне ўжыць прэпарат.

Міф 7. Дастаткова легалізаваць наркотыкі, і цікавасць да іх спадзе, а значыць, спыніцца іх масавае ўжыванне.

Сапраўды, існуе такі псіхалагічны феномен, як прыцягненне чалавека да небяспечнага і забароненага. Ён у падлеткавым узросце праяўляецца асабліва ярка. Так, адна з прычын цікавасці да наркотыкаў — гэта іх забароненасць, і ў выпадку іх легалізацыі гэты псіхалагічны механізм перастане дзейнічаць. Аднак наркаманія ў гэтым выпадку яшчэ больш расквітнее, што пацвярджае трагічны вопыт многіх краін (Кітай, Галандыя, Швецыя і інш.).

Варта памятаць, што забарона на наркотыкі ў гэтых краінах ніколі не знімалася цалкам. Афіцыйны дазвол быў дадзены на продаж толькі так званых «лёгкіх» наркотыкаў і ў пэўных месцах (спецыяльных крамах, кавярнях, рэстаранах), абмежаванай колькасці асоб і ў строга кантраляваных, вельмі невялікіх дозах. Таксама быў уведзены жорсткі кантроль за аптовым продажам і правозам наркотыкаў. Аднак нават частковая легалізацыя наркотыкаў прывяла да велізарных негатыўных наступстваў. У Галандыі за чатыры гады з моманту легалізацыі гашышу колькасць яго курцоў ва ўзросце пасля 15 гадоў падвоілася, а ва ўзросце 12-13 гадоў — патроілася, пагоршылася крымінагенная сітуацыя, вырасла спажыванне і больш «цяжкіх» наркотыкаў. У Швецыі ў 1965-67 гадах легалізацыя прывяла да росту «чорнага рынку», колькасці нарказалежных і смяротнасці сярод іх. Падобная карціна назіралася ў амерыканскім штаце Аляска напрыканцы 1980-х.

Па-другое, псіхалогія нашага, асабліва маладога, чалавека і псіхалогія грамадзян названых краін мае сур'ёзныя адрозненні. Калі першыя не прывыклі паважаць дзяржаву, яе ўказы і абмежаванні і гатовыя для задавальнення сваіх патрэб у наркотыках пайсці на любыя злоўжыванні і нават злачынствы, то другія, у сваёй большасці, прывучаны паважаць закон. А таму легалізацыя наркотыкаў у нашай краіне, нават з вялікай колькасцю абмежаванняў і агаворак, прывядзе да масавых злоўжыванняў, што фактычна стане поўнай легалізацыяй наркотыкаў.

Міф 8. Любоў мацнейшая за нарказалежнасць, а таму можна выратаваць каханага чалавека, паставіўшы яго перад выбарам: «я або наркотыкі».

Гэты міф можна смела назваць «дзявочым». Аднак гісторыя амаль не ведае сапраўдных прыкладаў падобнага выратавальнага кахання. Гэта пераважна мастацкая выдумка, якая імкнецца адлюстроўваць вечную мару чалавека пра пераможнае пачуццё кахання.

Для падлеткавага ўзросту ў велізарнай ступені характэрная закаханасць, а не каханне. Дзяўчаткі, якія спрабуюць ратаваць сваіх маладых людзей, знаходзяцца менавіта ў стане закаханасці. Гэты стан дазваляе недаацэньваць рэальную небяспеку стасункаў з наркаманам і нярэдка прыводзіць да бяды. Карыстаючыся прывязанасцю сябровак, іх даверлівасцю, няведаннем, гатоўнасцю да неабдуманага самаахвяравання, наркаманы могуць пайсці на што заўгодна, каб і з іх зрабіць наркаманак. Спосабаў мноства: ад банальнага падсыпання наркотыку ў ежу і напоі да разыгрывання «спектакляў» з удзелам сяброў — для таго, каб падштурхнуць дзяўчынку да першай спробы. У наркамана не можа быць ніякай высакароднасці.

Святлана БАРЫСЕНКА

Гэта важна

Ці трэба тэсціраваць дзяцей на схільнасць да ўжывання псіхаактыўных рэчываў?

— Міністэрствы аховы здароўя і адукацыі зацвердзілі парадак правядзення псіхасацыяльнага тэсціравання і медыцынскага агляду сярод школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў на схільнасць да алкаголю, наркотыкаў і іншых псіхаактыўных рэчываў. Ва ўстановах агульнай, сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі навучэнцы павінны будуць прайсці шэраг тэстаў. Для вучняў да 14 гадоў абавязковым з'яўляецца згода законнага прадстаўніка. Для вытрымлівання аб'ектыўнасці на тэсціраванні будуць прысутнічаць прадстаўнікі педагогаў установы адукацыі, бацькоўскага камітэта.

Тэсціраванне павінна выявіць групы рызыкі, а таксама тых, хто ўжо ўжывае розныя псіхаактыўныя рэчывы.

Не ва ўсіх бацькоў, педагогаў і дзяцей такая неабходнасць знаходзіць паразуменне. А таму варта сказаць: тэст патрэбен і мае сэнс. Ён дапаможа выявіць вучняў з дэвіянтнымі (якія адхіляюцца ад агульнай нормы) паводзінамі. Чым раней выявяць такога чалавека, тым больш шанцаў выратаваць жыццё, не даць сфарміравацца ўстойлівай залежнасці. Дый бацькам не лішне было б даведацца пра схільнасці сваіх дзяцей.

Работа з бацькамі наогул вельмі важная. Не заўсёды яны падаюць патрэбны прыклад дзецям. Неабходна ўлічваць, што ў развіцці любога захворвання вырашальную ролю іграе схільнасць. Спадчынны фактар яшчэ ніхто не адмяняў. Калі бацькі абое алкаголікі, то рызыка развіцця захворвання ў дзіцяці ўзрастае на 50 працэнтаў; калі толькі адзін — то на 25. Гэта азначае, што нават нязначныя дозы ўжытага алкаголю могуць прывесці да залежнасці.

Немалаважную ролю таксама маюць як праблемы псіхалагічнага характару самога падлетка, так і канфлікты ўнутры сям'і, адсутнасць прыняцця і ўзаемаразумення. У папярэджванні любой залежнасці менавіта псіхалагічная дапамога ставіцца на першае месца.

Бацькі, якія не дазваляюць абследаваць сваё дзіця, становяцца, як ім здаецца, на пазіцыю яго абароны. Аднак вядома безліч выпадкаў, калі бацькі апошнімі даведваюцца пра тое, што іх нашчадкі прымаюць наркотыкі або ўжываюць алкаголь.

Правядзенне тэсціравання цалкам апраўданае, але для станоўчага выніку важна вытрымліваць ананімнасць, захоўваць канфідэнцыяльнасць.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.