22 Верасень, субота

Вы тут

Для ўсіх, хто кахае


У сераду адбудзецца сустрэча з паэткай, кампазітаркай і выканаўцай Таццянай Атрошанкай. Гэта яе першы сольны канцэрт у Мінску. На вечарыне гледачоў чакае паэзія ў выкананні акцёраў тэатра, танцавальныя нумары і, самае галоўнае, жывое выкананне песень аўтаркі ў суправаджэнні кавер-групы «Over рlay».

10-6

Пісаць Таццяна пачала яшчэ ў дзяцінстве, але літаратурны дэбют адбыўся толькі ў студэнцкія гады.

— Як беларуская паэтка я «нарадзілася» ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце,— расказвае Таццяна. — Адзін наш выкладчык аднойчы задаў усім студэнтам незвычайнае творчае заданне — напісаць верш. Я была адказнай студэнткай, таму паставілася да патрабавання сур'ёзна. Памятаю, усю ноч не спала, але так і не змагла нічога прыдумаць. А потым, калі раптам прачнулася, за пяць хвілін напісала верш «Маладосць мая». Выкладчык, прачытаўшы яго, прапанаваў надрукавацца ў газеце ўніверсітэта. Менавіта тады я адчула, што паэзія — гэта маё. Па сённяшні дзень захоўваю свой першы надрукаваны твор... Гэты жоўты кавалачак паперы вельмі дарагі для мяне.

Пасля заканчэння ўніверсітэта дзяўчына воляй лёсу апынулася на Маладзечаншчыне і пачала друкавацца на старонках «Маладзечанскай газеты», у часопісе «Маладосць», «Белорусская нива», «Мінская праўда», літаратурных выданнях «Буда-Кашалёўшчына літаратурная», «Маладзечаншчына літаратурная», «Міншчына літаратурная», зборніку апавяданняў маладых пісьменнікаў «Кахаць і верыць», часопісе «Рюкзачок» і іншых. Неўзабаве выйшаў першы ўласны зборнік твораў «Не я...»

— Усё, што я калі-небудзь пісала, прыходзіла да мяне ўжо з мелодыяй,— прызнаецца Таццяна. — Кожны твор у мяне мае свой асабісты музычны код. Ноты іншы раз прабіваюцца нават у вершах: «Там ціхутка душа трэсне, стаўшы нотаю бемоль»... Я такая нарадзілася — з музыкай у галаве... У мяне нічога дарма не прападае — ні подых ветру, ні шэпт лістоты... Нават у цішыні безліч адценняў.

Так у ёй нарадзілася кампазітарка. Таццяна адчула неабходнасць пісаць не толькі вершы, але і музыку. Калі набралася пэўная колькасць песень, быў выпушчаны дыск «Усярэдзіне вялікага горада», адзначаны статуэткай «Залаты Купідон» у намінацыі «песенны жанр» падчас святкавання Дня беларускага пісьменства. Яе песні пачалі гучаць з вялікай сцэны ў выкананні вядучых калектываў Беларусі, сярод якіх беларускі дзяржаўны ансамбль «Свята», ансамбль народнай музыкі «Бяседа», а таксама эстрадных выканаўцаў, такіх, як Яўген Славіч, Аляксандр Салаўёў, Алена Бярэзіна, Ірына Дарафеева, актрыса Валерыя Арланава і іншых.

Але Таццяна выконвае свае песні і сама.

— Чаму я стала спяваць? — разважае Таццяна. — Таму, што мне хацелася сваёй інтэрпрэтацыі, сваёй падачы... Іншы раз імкнулася песню «расказаць» па-свойму. Я рабіла раней творчыя вечары ў г. Буда-Кашалёва, Маладзечне, дзе спявала песні не толькі для дарослых, але і для дзяцей, але ў Мінску вечар будзе праходзіць упершыню. Над праграмай, якую гледачы змогуць пабачыць 11 сакавіка, я працавала больш за сем гадоў. Канцэрт створаны для закаханых і называецца «У вачах тваіх мора». І калі людзям спадабаецца, я буду рыхтаваць падобныя канцэрты і далей.

Гэтая сустрэча будзе цікавая для гледачоў усіх узростаў. Вечарына адбудзецца ў Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў Мінска 11 сакавіка.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.