Вы тут

Ад родных ніў...


На творчасць Старога Уласа натхнялі лясныя музы

У сваёй славутай, першай у беларускім літаратуразнаўстве «Гісторыі беларускай літаратуры», выдадзенай у 1920 годзе ў Вільні, Максім Гарэцкі, аналізуючы масавую літаратуру «Нашай Нівы», пісаў пра Старога Уласа: «Яго творы цэнны для нас і арыгінальны тым, што паказваюць, як творыць сам народ. Нічога інтэлігенцкага ў іх няма, яны й ня вельмі часам складны, але чуецца ў іх сіла самое зямлі, беспасрэдны павеў самога жыцця беларускай вёскі. Яны — натуральны адростак народнай паэзіі, казак і гутарак, легенд, жартаў... Стары Улас і Лявон Лобік, а болей-меней Ануфры Петрашкевіч і іншыя маюць у нашай паэзіі літаратурна-маральнае значэнне як песняры з мазольнаю рукою, што не толькі «з народа», але і «сам народ». Жывець душа народа — жывець народ!»

10-13

Аднак хто ж такі Стары Улас, 150-я гадавіна з дня нараджэння якога спаўняецца 10 сакавіка гэтага года? Сапраўднае імя яго — Уладзіслаў Пятровіч Сівы-Сівіцкі. Нарадзіўся ён у Валожыне ў патомных сялян Пятра і Людвікі. Бацька яго, каб зарабіць на сям'ю (быў малазямельны), наняўся кухарыць у мясцовага графа Міхала Тышкевіча, аднаго з найбагацейшых магнатаў царскай Расіі. Але ў 1874 годзе, калі сыну было ўсяго дзевяць гадоў, бацька памёр. Тым жа летам не стала і маці. Круглага сірату ў сваю немалую сям'ю прыняла цётка Юзэфа Емільянская. Неўзабаве Уладзіслаў наняўся памочнікам да кухара таго ж Тышкевіча. Відаць, працавіты і кемлівы хлапчук кінуўся ў вочы самому графу. Бо праз колькі часу яго, ужо дзецюка, прызначаюць кухарам, а пасля, калі яму было каля трыццаці, ён стаў аб'ездчыкам і ўрэшце нават ляснічым.

Кожны дзень Сівы-Сівіцкі конна аб'язджаў бясконцыя лясы графа, абшары Налібоцкай пушчы, судакранаючыся з прыродай ва ўсе поры года і ў любы час сутак. Родныя краявіды цешылі сэрца, узнімалі настрой і абуджалі генетычныя здольнасці пераплаўляць хараство наваколля ў вершаваныя радкі. Праца аб'ездчыка і ляснічага давала магчымасць глыбей спазнаваць і само жыццё: турботы і скупую радасць сялян, мітусню засцянковай шляхты, панскія забавы, пыхлівую разбэшчанасць чынавенства. Усё гэта папаўняла тэматыку вершаў і вершаваных аповедаў, клалася ў радкі, увасаблялася ў творах. Штодзённыя зносіны з дзясяткамі людзей насычалі лексікон Старога Уласа, узбагачалі яго памяць і ўяўленне перлінамі беларускай вусна-паэтычнай творчасці.

Сяляне паважалі высокага, прыгожага, з акуратна падстрыжанымі вусамі і невялікай — клінам — бародкай ляснічага, які паводзіў сябе з імі як з роўнымі, спачуваў ім, нярэдка дапамагаў з дровамі і лесаматэрыяламі, калі трэба было, то і заступаўся за іх перад начальствам. З сялянамі Сівы-Сівіцкі заўжды гаварыў па-беларуску (хоць выдатна ведаў рускую і польскую мовы), што выклікала насмешкі, а то і нараканні мясцовага панства і шляхты. Нават у роднай сям'і гэта лічылі своеасаблівым дзівацтвам, а то і здрадай «польскасці». Сям'я Старога Уласа была каталіцкай, а многія тагачасныя беларусы, як вядома, змешвалі веру і нацыянальнасць. Сам жа паэт-ляснічы меў выразную нацыянальную самасвядомасць. У яго пашпарце ў адпаведных графах было запісана: рэлігія — «рымска-каталіцкая», нацыянальнасць — «беларусін»...

Уладальнікі лясоў не давалі сваім службоўцам доўга затрымлівацца на адным месцы, таму неў-
забаве Сівога-Сівіцкага перавялі на службу пад Ашмяны (нейкі час жыў у Варнянах цяперашняга Астравецкага раёна). Праз колькі гадоў пераехаў з сям'ёй у Вільню, а ў неспакойным 1920 годзе перабраўся ў Сужаны Немянчынскай гміны Віленскага павета. За больш чым саракагадовую службу паэт атрымаў ад графа Тышкевіча кавалак зямлі ў суседніх Шашэльгішках, і тут на сваёй гаспадарцы дажыў апошнія гады.

Усё сваё жыццё Сівы-Сівіцкі цягнуўся да навукі, але не займеў не тое што вышэйшай, а нават закончанай сярэдняй адукацыі. Тым не менш настойлівая самаадукацыя і прыроджаны розум дазволілі яму авалодаць даволі глыбокімі і шырокімі ведамі. Маючы за спінай усяго толькі аднакласнае валожынскае вучылішча, ён самавукам спасціг рускую і польскую грамату, усё жыццё пісаў каліграфічным почыркам, беларускай лацінкай і амаль без памылак. Абдзелены школьным навучаннем, імкнуўся даць асвету сваім і чужым дзецям. Ужо дарослы, аддаў пад прыватную пачатковую школу палову ўласнай хаты, у якой стала вучыць — дарэчы, на роднай беларускай мове — спецыяльна нанятая настаўніца. Але ўлады пад пагрозай закрыцця прымусілі перавесці выкладанне на рускую мову. У сваёй хаце сабраў даволі багатую бібліятэку з рускіх, польскіх і беларускіх кніжак, часопісаў і газет. Усе дзеці Старога Уласа (іх было васьмёра: чатыры сыны і чатыры дачкі) скончылі сярэднія навучальныя ўстановы, а двое — і вышэйшыя. Дзедаўскую цягу да навукі, да актыўнага грамадскага жыцця перанялі і ўнукі. Адзін з іх, Герард Уладзіслававіч Сівіцкі, ужо ў пасляваеннай Беларусі атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю, стаў генерал-маёрам міліцыі.

Паэт-самавук Стары Улас, як некалі і Янка Купала, пачаў пісаць спачатку на «панскай», польскай мове. Але выпадковая сустрэча з першымі легальнымі газетамі на беларускай мове — «Нашай доляй» і «Нашай нівай» расплюшчыла яму вочы і на ўласную нацыянальную прыналежнасць, і на працэс беларускага нацыянальнага адраджэння. З таго часу ён пачынае пісаць толькі па-беларуску, значна пашыраюцца ідэйна-тэматычныя і жанравыя абсягі яго творчасці. Друкуецца ў асноўным у «Нашай ніве». Пісаў звычайна на золку, калі сямейнікі спалі, або ў святы і прысвяткі. Складаліся вершы і ў часе шматлікіх працоўных вандровак па лясах і пералесках. Паступова складанне вершаў ператварылася ў прывычны штодзённы занятак, стала звычкай. Праўда, на жаль, не заўсёды гэты занятак апладняўся высокім статусам Паэзіі...

Як паэт Стары Улас пакінуў нам шэраг замалёвак прыроды цэнтральнай і паўночна-заходняй Беларусі, якую ён як працаўнік лясной гаспадаркі добра ведаў і любіў. Перад намі — цэлы вершаваны беларускі каляндар: «Зімою», «Вясна», «Сонейка прыгрэла», «Прамчаўся май», «У дажджлівы час», «Восень»... І вяршыня гэтага календара — паэма «Год беларуса», якая нагадвае «малюнкі родныя і з'явы» Якуба Коласа, паказаныя ў «Новай зямлі». «Год беларуса» — своеасаблівая энцыклапедыя жыцця і працы дарэвалюцыйнага беларускага селяніна. Усе чатыры пары года — прадмет паэтычнага выяўлення ў паэме і фон, на якім узноўлена жыццё селяніна. Самыя розныя віды сялянскай працы апісаны ў творы: ворыва, пасеў, жніво, прадзіва кудзелі, тканне, паляванне, догляд жывёлы, начлег з коньмі, нават няхітрыя грашовыя падзаробкі «на соль, на боты, // На мерку газы ці на фунт мазі». Так, як і ў жыцці, — найперш цяжкая, але патрэбная праца («Працуюць людзі, поту не чуюць...», «Хоць залівае з працы пот вочы, // Кожны вясёлы, кожны ахвочы...»), паміж якой — кароткія ўцехі: вясковыя ігрышчы («Пачнуць усе гуртам песенькі пеці, // Скачуць, гуляюць, крычаць, як дзеці...»), народныя абрады («Ёсць маладзіца, дык мой ты браце, // Ну, дык снапшчыну тады спраўляці, // А усе жнейкі гулянкі маюць...»).

Уяўленне пра Старога Уласа як літаратара і чалавека пашырае яго публіцыстычная творчасць, увасобленая, галоўным чынам, у допісах у «Нашу ніву». Пра што ён пісаў? Пра надвор'е і ўраджаі, пажары і самагубствы, п'янства і абыякавае стаўленне да продкаў, іх магіл, факты зладзейства і падману, рыначныя цэны, бытавыя здарэнні... З гэтых допісаў выразна бачыцца спагада пісьменніка да чужога гора, чужой бяды, яго паважлівае стаўленне да прадстаўнікоў іншых народаў, да бедных і неадукаваных сялян. Ужо самі назвы асобных допісаў — па-народнаму дасціпныя, дакладныя, афарыстычныя — шмат што гавораць і пра літаратурныя здольнасці валожынскага карэспандэнта, і пра сутнасць напісанага: «Думаем — за морам, а смерць — за плячыма», «Служы пану верна, а ён нос адверне», «Праспаў бядак ногі», «Бядуй не бядуй, а за працу бярыся», «Кепскае тое ігрышча, дзе кулак свішча», «П'юць, п'юць і душу прадаюць», «Канец света, бо не ўскрэсла прасвета»...

Пра Старога Уласа, які «не толькі «з народа», але і «сам народ» (Максім Гарэцкі), не забыліся ў яго родным куце, на Валожыншчыне. У раённым цэнтры дагэтуль стаіць родная хата пісьменніка з мемарыяльнай шыльдай, адкрытай яшчэ ў 1986 годзе. Яго літаратурныя нашчадкі — сябры раённага літаратурнага аб'яднання «Рунь» — прысвячаюць яму вершы. А мясцовыя школьнікі на розных літаратурных вечарынах дэкламуюць творы, што ўвайшлі ў адзіны пакуль што зборнік Старога Уласа «Год беларуса» (1990). Гэта ўсё ёсць. Хоць, магчыма, гэтага і малавата для ўшанавання таго, чыё

Слоўца адно, а часам другое,

Сказана мудра, у пору,

Душу адсвежыць, мысль заспакоіць,

Як бы адверне з плеч гору.

Вячаслаў РАГОЙША.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.