Вы тут

Саюз — непарушны


Нягледзячы на праблемы, Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі мае і дасягненні, і перспектывы

Беларуска-расійскія адносіны заўсёды з'яўляліся ключавым напрамкам для афіцыйных Масквы і Мінска. Між тым, нягледзячы на сур'ёзныя вынікі інтэграцыі і наяўнасць профільных СМІ, працэсы, якія адбываюцца ў Саюзнай дзяржаве Расіі і Беларусі, не заўсёды вядомыя і не заўсёды правільна разумеюцца нават беларускім грамадствам, не кажучы ўжо пра гіганцкія інфармацыйныя прасторы Расіі, дзе пра Беларусь і беларуска-расійскія адносіны пішуць, як той казаў, «хто ў лес, а хто па дровы».

«Беларускі разварот»? Не, не чулі

Шэраг візітаў заходніх чыноўнікаў у Мінск выклікаў у Расіі хвалю абсалютна недарэчных чутак пра нейкі «геапалітычны разварот» Беларусі, хоць нядаўнія перамовы пакуль не сведчаць нават аб нармалізацыі адносін. Бо гаворка ідзе не аб прыняцці і разуменні беларускай рэчаіснасці замежнымі партнёрамі, а аб вяртанні на зыходныя пазіцыі, для чаго ЕС і ЗША павінны адмовіцца ад практыкі дыскрымінацыі беларускіх грамадзян і юрыдычных асоб, адмяніць раней уведзеныя санкцыі і абмежаванні.

Безумоўна, да перагляду палітыкі ціску ў дачыненні да Беларусі заходнія дзяржавы падштурхоўвае не толькі ўсведамленне бесперспектыўнасці санкцый як інструмента ўздзеяння, але, у першую чаргу, змяненне становішча ў рэгіёне. Ва ўмовах грамадзянскай вайны ва Украіне Беларусь паказала сябе як надзейная дзяржава-транзіцёр расійскіх энергарэсурсаў у ЕС і як донар стабільнасці, які робіць эфектыўныя захады па аднаўленні міру. Натуральна, дыпламатычныя намаганні беларускага боку не маглі застацца па-за ўвагай сусветнай супольнасці, змяняецца стаўленне да Беларусі, але без адмовы беларускай дзяржавы ад уласных базавых прынцыпаў і суверэнітэту ў правядзенні знешняй і ўнутранай палітыкі.

Прызам падобнай дыпламатычнай гульні для Беларусі ўжо стала паляпшэнне знешнепалітычнага іміджу, іншым значным вынікам з'явілася адмена санкцый ЗША ў дачыненні да кампаніі «Белнафтахім». Наступным крокам, на думку экспертаў, можа стаць зніжэнне кошту віз у дзяржавы Шэнгенскай зоны для грамадзян Беларусі, якія па малазразумелых прычынах плацяць за магчымасць наведаць ЕС практычна ў два разы больш за тых жа расіян.

Дзве сястры

Дзіўна, што падобныя нязначныя аспекты беларускай знешняй палітыкі на фоне маштабу еўразійскай інтэграцыі наогул прыцягваюць расійскіх публіцыстаў, але такая ўвага, нароўні з канспіралагічнымі здагадкамі аб «пераходзе на Захад» была б яшчэ зразумелая, калі б у беларуска-расійскіх адносінах наступіў нейкі «застой». Але ўсё выглядае зусім інакш, і гэты факт сведчыць аб тым, што на папулярных расійскіх рэсурсах альбо зусім не прадстаўлены сур'ёзныя эксперты па двухбаковых адносінах, альбо аглядальнікі не сочаць і не разумеюць дзеянняў не толькі беларускага, але ўласна расійскага кіраўніцтва.

Нагадаем, што 3 сакавіка ў Маскве прайшло пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі (ВДС) з удзелам прэзідэнтаў дзвюх краін. Цікава, што ў 2015 годзе гэта ўжо другая сустрэча Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, а ў мінулым годзе лідары Расіі і Беларусі сустракаліся 11 разоў і 20 разоў размаўлялі па тэлефоне. Такая інтэнсіўнасць кантактаў звязана з тым, што ў беларуска-расійскай інтэграцыі сапраўды дастаткова сур'ёзных дасягненняў, але маецца і значная колькасць праблем, якія патрабуюць аператыўнага вырашэння.

Напрыклад, вельмі значным пытаннем стала ўзгадненне эканамічнай палітыкі Расіі і Беларусі ў перыяд эканамічнага крызісу. Падзенне аб'ёмаў узаемнага таваразвароту больш чым на два мільярды долараў ЗША ў 2014 годзе, зніжэнне айчыннага экспарту ў Расію, так званы «падатковы манеўр» расійскага ўрада ў сферы нафтаздабычы вельмі негатыўна адбіваюцца на беларускай эканоміцы, якая і так перажывае няпростыя часы ў сувязі з глыбокім крызісам асноўных рынкаў збыту. Між тым той жа спад экспарту беларускіх прамысловых тавараў на расійскі рынак выглядае досыць дзіўна з улікам расійскага імпарту, які ацэньваецца ў 500 млрд долараў штогод. У сітуацыі пэўнага валютнага дэфіцыту ў Расіі, выкліканага зніжэннем коштаў на нафту, натуральным крокам выглядае імпартазамяшчэнне за кошт уласных сіл і магчымасцяў саюзнікаў з пераходам на ўзаемаразлікі ў нацыянальнай валюце. Урады Беларусі і Расіі ўзгаднілі ў ходзе пасяджэння ВДС сумесны антыкрызісны план, які прадугледжвае больш за 40 праектаў супрацоўніцтва. Цікава, што ўжо 10 сакавіка, гэта значыць, усяго праз тыдзень пасля саміту ВДС, Прэзідэнт РФ даў даручэнне Банку Расіі і ўраду «вызначыць далейшыя напрамкі інтэграцыі ў валютнай і фінансавай сферах у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза з прапрацоўкай мэтазгоднасці і магчымасці стварэння ў перспектыве валютнага саюза». Гэта заданне кіраўніка дзяржавы павінна быць выканана ва ўзаемадзеянні з цэнтральнымі банкамі дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза (Расія, Беларусь, Казахстан, Арменія) да 1 верасня 2015 года.

Не засталіся без увагі ўлад Расіі і Беларусі і іншыя пытанні, якія ў экспертным асяроддзі прынята называць «тэхнічнымі». Аднак, як паказвае практыка, часта менавіта гэтыя «тэхнічныя пытанні» маюць найбольш сур'ёзнае значэнне для арганізацыі паўсядзённага жыцця радавых грамадзян. Па выніках пасяджэння ВДС былі таксама падпісаны наступныя пагадненні: аб парадку ўзаемнага выканання судовых пастаноў па справах аб спагнанні аліментаў; аб узаемным прызнанні і парадку выканання рашэнняў аб адмове ва ўездзе на тэрыторыю дзяржаў — удзельніц Саюзнай дзяржавы; аб парадку абмену звестак аб грамадзянах Беларусі і Расіі, у дачыненні да якіх дзейнічаюць абмежаванні на выезд.

За працу, таварышы!

Такім чынам, можна канстатаваць, што большасць ключавых пытанняў беларуска-расійскіх адносін знайшлі сваё непасрэднае вырашэнне ў ходзе саміту ВДС, былі таксама вырашаны планавыя, працоўныя моманты інтэграцыі. Пры гэтым беларускі бок быў і застаецца драйверам збліжэння, а Саюзная дзяржава — крэатыўнай пляцоўкай еўразійскай інтэграцыі. Вядома, няпэўныя тэрміны пераходу на адзіную валюту ЕАЭС, фарміраванне энергетычнага рынку толькі да 2025 года, адсутнасць адзінства аграпрамысловай палітыкі і слабасць інстытуцыйнай дысцыпліны лічацца ў Беларусі недапушчальнымі і крытыкуюцца на ўзроўні вышэйшых службовых асоб. Аднак гэтая крытыка цалкам абгрунтаваная і не адмяняе неабходнасці далейшай працы па збліжэнні.

На жаль, вынікі саміту ВДС практычна не атрымалі якаснага аналітычнага суправаджэння ў перыядычным друку, а асобныя беларускія і расійскія публіцысты гарачымі фактамі і міфатворчасцю спрабуюць падмяніць інтэграцыйную рэальнасць Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі. Тым не менш, 15-гадовы вопыт узаемадзеяння даказаў жыццяздольнасць праектаў інтэграцыі на постсавецкай прасторы, курс на збліжэнне карыстаецца безумоўным даверам расійскага і беларускага народаў, а далейшыя перспектывы цалкам залежаць ад выканання бакамі сваіх абавязацельстваў і дасягнутых дамоўленасцяў.

Аляксандр ШПАКОЎСКІ 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».