Вы тут

Клумба для «кветак жыцця»


Многім сучасным бацькам, напэўна, здаецца, што дзіцячыя садкі існавалі заўжды і галоўная праблема толькі ў тым, як туды «прабіцца». Між тым у шэрагу адукацыйных устаноў яны самыя маладыя, адно слова, што дзіцячыя. Як былі арганізаваны першыя «дзіцячыя кветнікі», каго ў іх прымалі і якія ўспаміны пакідалі ў большасці выхаванцаў? Давайце ўзгадаем!

Дзіцячыя садкі ў датах...

Самую першую ўстанову падобнага кшталту арганізаваў яшчэ ў 1802 годзе ў шатландскім Нью-Ланарку сацыяліст-утапіст Роберт Оўэн. Называлася яна «школай для малых», дзейнічала пры фабрыцы яго цесця і складалася з ясляў для малых ад 1 да 3 гадоў, дашкольнай групы для дзяцей ад 3 да 5 гадоў і пляцоўкі для гульняў. Зрэшты, саму назву «дзіцячы садок» прапанаваў у 1837 годзе прускі педагог Фрыдрых Фробель. На нямецкай мове гэта гучала хоць і дзіўна, але прыгожа — «Кіндэргартэн», бо дзеці, як тлумачыў Фробель, які быў сапраўды таленавітым педагогам і вельмі любіў малых, — гэта кветкі жыцця, што патрабуюць умелага і клапатлівага догляду. А вырошчваннем іх, раскрываючы ўсе таленты і здольнасці кожнага дзіця, мусілі займацца «садоўніцы» — менавіта так называлі першых выхавацелек. Прапанаваная Фробелем ласкавая назва прыжылася.

19-30

У Расіі першыя дзіцячыя садкі былі адкрыты ў другой палове XІX стагоддзя. Тут існуе разыходжанне ў меркаваннях, каму аддаць пальму першынства — прадстаўніку заможнага роду горназаводчыкаў Анатолю Дзямідаву, які яшчэ ў 1837 годзе па просьбе сваіх работніц — працуючых маці — стварыў пры Дзямідаўскім доме працалюбства пакоі дзённага знаходжання для больш як 100 дзяцей, можа, прафесарскай жонцы Соф'і Люгебіль з яе пецярбургскім прыватным садком 1863 года «нараджэння» або жонцы ўрача-педыятра, адукаванай паненцы Адэлаідзе Сімановіч з яе платным «кветнікам» для дзяцей заможных бацькоў, дзе малыя, дарэчы, не толькі гулялі і адпачывалі, але таксама вывучалі народную творчасць, працу і побыт сялянства... Зрэшты, абодва садкі праз некалькі гадоў былі зачынены з банальнай прычыны недахопу сродкаў. У 1866 годзе з'явіўся першы бясплатны дзіцячы садок — дабрачынная ўстанова пры «Таварыстве танных кватэр для дзяцей працаўніц Пецярбурга», які даваў маці больш часу для працы, а дзяцей вучыў простым ручным работам. На пачатку ХХ стагоддзя дзейнічалі ўжо некалькі дзясяткаў разнастайных дзіцячых садкоў: платных і бясплатных, для шляхты, інтэлігенцыі і рабочых, а таксама прытулкі для дзяцей-сірот.

Масавая арганізацыя садкоў пачалася пасля рэвалюцыі 1917 года, каб вызваліць максімальную колькасць неабходных краіне рабочых рук. У лістападзе 1917-га была прынята афіцыйная «Дэкларацыя па дашкольным выхаванні», якая гарантавала бясплатную адукацыю і выхаванне дзяцей дашкольнага ўзросту. Дарэчы, у першыя гады існавання СССР садкі для дзяцей 3—7 гадоў і яслі для немаўлят ад 2 (!) месяцаў да 3 гадоў існавалі асобна: першымі займаліся ведамствы народнай адукацыі, другімі — органы аховы здароўя. Працэс рэарганізацыі ў адзіную ўстанову — яслі-сад — пачаўся значна пазней. Па некаторых звестках, у 1967 годзе дашкольныя ўстановы ў СССР наведвалі ўжо звыш 9 мільёнаў дзяцей. Праўда, месца ў садку і тады было дэфіцытам, асабліва ў сельскай мясцовасці, дзе іх было ў некалькі разоў менш, чым у гарадах. З мэтай паляпшэння сітуацыі ўрад распрацаваў вялізную праграму падтрымкі дашкольных устаноў на вёсцы. Тады нават існаваў лозунг: «Кожнаму калгасу — дзіцячы садок!» Затое пазней, калі будаўніцтва новых садкоў не паспявала за дэмаграфічнымі ўсплёскамі, была прынята процілеглая стратэгія — вызваліць жанчын ад працы на больш працяглы тэрмін, каб «разгрузіць» садкі. Тады і з'явіўся беспрэцэдэнтны для іншых краін свету водпуск па доглядзе дзіцяці спачатку да года, а потым ажно да 3 гадоў.

19-29

...і ўспамінах

Як прыгадваюць гарадскія жыхары, у 1960—1970 гады мінулага стагоддзя садкі для працуючых мам былі «наша ўсё». «А што рабіць: два месяцы да родаў, два месяцы пасля — і, калі не можаш сабе дазволіць звольніцца ды сядзець дома, даглядаць дзяцей, выходзь на працу! — распавядала яшчэ мая бабуля Роза Іванаўна. — Некаторыя, калі атрымлівалася, нейкім чынам цягнулі час: па чарзе бралі водпуск маці, бацька, бабулі і дзядулі, але бліжэй да года практычна ўсе дзеці траплялі ў садок. Там і хадзіць вучыліся, і гаварыць: не ўмееш карыстацца гаршком — калектыў навучыць, не любіш манную кашу — калектыў прымусіць...»

«Я садок ненавідзела. Не проста не любіла, а без перабольшання — ненавідзела! — эмацыйна прызналася мая добрая знаёмая, якой крыху менш за 40. — За тое, што прымушалі днём спаць усіх без разбору і без угавораў, толькі пад прымусам, за тое, што, па меркаванні нашай выхавацелькі, трэба было абавязкова даесці ўсё, што ляжыць у талерцы, за «любімы» педагагічны метад — ставіць у кут... Толькі ў старэйшай групе, калі ў нас памянялася выхавацелька, я нарэшце адчула і хараство ранішнікаў, і цікавасць да вырабаў сваімі рукамі (падарункаў маме), і нават з тушанай капустай нейкім чынам прымірылася. І свайго сына я ў садок не павяду, пакуль буду мець магчымасць альтэрнатыўных формаў адукацыі — бабулі, нянькі і г.д.»

Вялікім попытам ужо тады карысталіся кругласутачныя садкі — так званая «пяцідзёнка» для дзяцей прадстаўнікоў тых прафесій, хто працаваў у начныя змены або мусіў часта ездзіць у камандзіроўкі. Малых адводзілі туды з раніцы панядзелка да вечара пятніцы. Менавіта ў такі садок, калі памятаеце, трапіў на «перавыхаванне» герой фільма «Вусаты нянь», пра яго ж узгадвае гераіня Людмілы Гурчанкі ў кінастужцы «Любімая жанчына механіка Гаўрылава»: «У мяне няні не было, я на пяцідзёнцы расла...» Захаваліся яны і да сёння, хоць у значна меншай колькасці. І, нягледзячы на неадназначнае стаўленне сучаснікаў, тыя савецкія дзеці, хто наведваў «пяцідзёнкі», узгадваюць пра іх чамусьці з цеплынёй... «Я практычна вырасла ў такім садку, — прызналася неяк знаёмая медсястра, — і не памятаю ніякіх асаблівых жахаў. Наадварот, мне здаецца, дзякуючы садку я вельмі рана стала самастойнай. Цяпер часам вельмі смешна слухаць, як маладыя бацькі выхваляюцца: «Майму сыну чатыры, а ён ужо чытае!» Мне выхавацелька давярала чытаць групе вершы ўслых дзесьці з 3,5 года. Дый хварэлі мы значна радзей, чым сучасныя дзеці, не было такога, што тыдзень у садку — два тыдні на бальнічным, загартоўка праходзіла хутка».

19-27

А яшчэ, прыгадваючы ўсё той жа фільм «Вусаты нянь» і вершы Маршака ды іншых савецкіх дзіцячых паэтаў, сучаснікі са здзіўленнем даведваюцца, што летам многія савецкія садкі... выязджалі на ўласныя дачы! Гэта, сапраўды, не мастацкае перабольшанне, а звычайная некалі практыка. «Прыкладна ў 1972—1974 гадах мы выязджалі ўсім ведамасным садком на дачу: бацькі спакойна працавалі ў горадзе, наведваючы нас раз на два тыдні, а садок у гэты час рамантавалі. Што мы рабілі? Як усе дзеці — насіліся, гарэзілі, сварыліся і мірыліся, каталіся на веласіпедах, — з замілаваннем у голасе распавядае цяперашні інжынер Сяргей Канстанцінавіч. — Вядома, былі і «дамашнія» дзеткі, якім цяжка было амаль 12 тыдняў знаходзіцца без бацькоў, тыя і плакалі, і капрызнічалі, але нам пашанцавала з нянечкамі і выхавацелямі: яны заўжды знаходзілі, на што пераключыць увагу такіх сумных малых. Як шкада, што ў маіх дзяцей і тым больш унукаў ужо няма такой магчымасці!» Зрэшты, ходзяць чуткі, што ў некаторых асабліва «моцных» ведамасных садках (прынамсі ў Расіі), гэта традыцыя захавалася, але ці праўда гэта, ці рэшткі настальгіі ўжо дарослых «савецкіх дзяцей» — так адразу і не вызначыць...

19-28

Вікторыя ЗАХАРАВА.

Дарэчы

Больш як стагоддзе таму, у 1907 годзе, адкрыла свой садок для дзяцей рабочых у Рыме знакаміты педагог Марыя Мантэсоры. Распрацаваныя ёй метады дашкольнай педагогікі карыстаюцца папулярнасцю і сёння.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».