Вы тут

Жанчынам патрэбна ўвага


На мінулым тыдні былі падведзены вынікі VІІ Рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2014». З якіх прычын яго фармат у параўнанні з мінулымі гадамі змяніўся і якія перспектывы бачацца найбольш верагоднымі ў найбліжэйшай будучыні, расказала сустаршыня Беларускага саюза жанчын Антаніна МОРАВА.
— У мінулым годзе ў нас было 10 намінацый, а ў гэтым годзе толькі пяць, плюс спецыяльны прыз «За вернасць Беларускаму саюзу жанчын», — адзначае Антаніна Пятроўна. — Яго сёлета атрымалі восем жанчын, якія стаялі каля вытокаў стварэння БСЖ і ўнеслі вялікі ўклад у працу арганізацыі. Колькасць намінацый змянілі, абапіраючыся на вопыт мінулых гадоў. Справа ў тым, што некаторыя з іх у мінулых конкурсах пераклікаліся і праз гэта было даволі складана выбіраць пераможцу. Напрыклад намінацыя «За прафесіяналізм» і намінацыя «За лідарства і паспяховае кіраўніцтва». Яны ўзаемазвязаны і пераклікаюцца, таму ў гэтым годзе мы пакінулі адну. Былі намінацыі, ад якіх мы проста адмовіліся — напрыклад, у катэгорыі «За жаночую мужнасць» прэтэндэнтаў заўсёды аказвалася зусім няшмат: нам прыходзілася выбіраць з трох чалавек.
Затое сёлета была ўведзена новая намінацыя «За грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі». Бягучы год у дзяржаве аб'яўлены Годам моладзі, больш за тое, па краінах СНД аб'яўлены Год ветэранаў. І, безумоўна, тыя падзеі, што адбываюцца ва Украіне, падштурхоўваюць нас да таго, каб яшчэ больш уважліва займацца пытаннямі патрыятычнага выхавання ў Беларусі.
— Змяніліся толькі намінацыі?
— Не, з'явілася таксама істотнае абмежаванне для ўдзельнікаў: кандыдаткі абавязкова павінны быць членамі БСЖ.
Яшчэ адно значнае змяненне — фармат правядзення конкурсу. Да гэтага нам з абласцей прысылалі кандыдатуры і іх эсэ, потым рэспубліканскі арганізацыйны камітэт выбіраў найлепшых. У гэтым годзе мы пайшлі па іншым шляху: кожная вобласць Беларусі і горад Мінск самі выбіралі сваіх пераможцаў, а мы ўжо пацвярджалі іх прапанову.
Раней здаралася, што на наша рашэнне крыўдзіліся: маўляў, мы выбралі не тую жанчыну, якую на месцах лічылі больш вартай узнагароды. Цяпер абласныя арганізацыі БСЖ самі выбіралі найлепшых. І мы ведаем, што гэта не простае рашэнне. Думаю, што ў нас усё атрымалася. Праўда, мы яшчэ будзем збіраць і вывучаць меркаванні абласных арганізацый.
— Ці значыць гэта, што ўмовы конкурсу і фармат ізноў могуць змяніцца?
— Хутчэй за ўсё, гады два мы будзем праводзіць конкурс у такім фармаце. Але жыццё не стаіць на месцы, усё рухаецца, таму думаю, што праз некаторы час можна ізноў чакаць змяненняў. Гэты конкурс вельмі запатрабаваны. Раней у нас былі думкі ладзіць яго раз у два гады, як праводзіцца конкурс «Сям'я года», але гэтую ідэю не падтрымалі. Жанчынам патрэбна ўвага, патрэбна, каб іх намаганні і дасягненні ўбачылі. Яны працуюць, каб была магчымасць паказаць сябе. І менавіта жаночая актыўнасць падштурхоўвае да таго, каб конкурс быў штогадовы.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.