Вы тут

Хочаш жыць — пазбаўся ілюзій пра спайсы


Шчырая размова прайшла днямі з удзелам студэнцкага актыву БДУІР. А ініцыятарам гутаркі стаў рэктар універсітэта Міхаіл БАТУРА, які запрасіў на сустрэчу старастаў груп і паверхаў універсітэцкіх інтэрнатаў, прадстаўнікоў студэнцкіх саветаў, куратараў груп і намеснікаў дэканаў факультэтаў. У актавай зале не засталося ніводнага свабоднага месца.

24-48

24-48

 

— Як бы ні было складана ў гэтым прызнавацца, але наркатычная хваля закранула і наш універсітэт. За 2014 год два студэнты БДУІР трапілі ў поле зроку праваахоўных органаў. Курсант ваеннага факультэта быў асуджаны за распаўсюджванне наркотыкаў на 10,5 года. Яшчэ адзін наш студэнт атрымаў умоўны тэрмін, і мы далі яму другі шанц — пакінулі ва ўніверсітэце, — паведаміў прысутным Міхаіл Батура. — Я лічу, што два выпадкі — гэта больш чым сур'ёзная падстава для трывогі. Старасты груп — гэта людзі, якія павінны заўважаць усё, што адбываецца ў калектыве. Яны не могуць заставацца абыякавымі да гэтай праблемы і павінны рэагаваць на ўсе трывожныя сігналы. Таму я хачу раздзяліць адказнасць у гэтым пытанні менавіта з вамі. Безумоўна, можна было проста ўзяць з усіх студэнтаў подпісы, што тыя азнаёмлены з Дэкрэтам Прэзідэнта №6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму распаўсюджванню наркотыкаў». Але сур'ёзнасць пытання не дапускае фармальных падыходаў. І мы невыпадкова запрасілі на гутарку са студэнтамі спецыялістаў — каб вы маглі ўсю пачутую тут інфармацыю данесці да сваіх аднагрупнікаў і сяброў. Хацелася, каб мы сталі з вамі аднадумцамі ў гэтым пытанні...

— Пра рэальныя маштабы распаўсюджвання наркаманіі меркаваць даволі складана, — канстатаваў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр КУПЧЭНЯ. — Магу толькі сказаць, што калі я 15 гадоў таму пачынаў сваю службу ў міліцыі, сярод наркаманаў, што стаялі на ўліку, непаўналетніх не было. А сёння толькі ў сталіцы на ўліку знаходзяцца 150 непаўналетніх. Яшчэ некалькі гадоў таму аб праблеме спайсаў баяліся гаварыць уголас або не ведалі, што казаць. Але Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №6 паставіў рэальную заслону распаўсюджванню гэтай навалы. Сёння парог крымінальнай адказнасці за захоўванне наркотыкаў зніжаны з 16 да 14 гадоў. Дэкрэтам прадугледжаны шэсць відаў адміністрацыйнай адказнасці: за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап'янення, за спажыванне наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў і іх аналагаў у грамадскім месцы, за знаходжанне на працоўным месцы ў стане наркатычнага ап'янення, адказнасць кіраўнікоў клубаў і забаўляльных устаноў, дзе будуць выяўлены факты распаўсюджвання або спажывання наркотыкаў... А калі кагосьці на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання затрымаюць у грамадскім месцы за спажыванне наркотыкаў або ў стане наркатычнага ап'янення другі раз, наступае крымінальная адказнасць (прадугледжаны арышт тэрмінам да трох месяцаў або абмежаванне свабоды на тэрмін да двух гадоў).

Загадчык 21-га рэабілітацыйнага наркалагічнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя Уладзімір ІВАНОЎ таксама лічыць, што дэкрэт прынёс заўважны эфект:

— Упершыню са спайсамі мы сутыкнуліся недзе чатыры гады таму. А з 2012 года пацыенты пайшлі да нас вялікім патокам. Летась у маім аддзяленні пастаянна знаходзіліся 10—12 пацыентаў з залежнасцю ад спайсаў, але пасля снежня 2014 года (г.зн. пасля прыняцця дэкрэта. — Аўт.) рака пераўтварылася ў ручай. Мяркую, што гэта вынік працы нашай міліцыі. Цяпер у аддзяленні ў розны час знаходзяцца ад аднаго да чатырох пацыентаў з залежнасцю ад спайсаў. Частка іх страчвае розум, і яны пераводзяцца ў іншыя аддзяленні...

Асобна спецыяліст спыніўся на медыцынскіх аспектах.

— Усе маладыя людзі павінны ведаць і перадаць гэтую інфармацыю іншым: у адрозненне ад алкаголю і нават ад гераіну спажыванне спайсаў вельмі хутка развівае прыдуркаватасць. У псіхіцы адбываюцца грубыя парушэнні, і асоба дэградуе. Прычым залежнасць ад спайсаў развіваецца імкліва: у кагосьці за тры-чатыры эпізоды спажывання, а камусьці для незваротных наступстваў хапае і адной сустрэчы са спайсамі. Ніхто не ведае, што прадаецца пад назвай «спайс», нават яго прадаўцы. У маёй практыцы былі хранічныя гераінавыя наркаманы, якія паспыталі спайс і казалі, што «не дай Бог мне яшчэ раз з гэтай дрэнню сутыкнуцца». Кантраляваць спажыванне спайсу вы не зможаце, гэта ілюзія. У вас будзе пагаршацца памяць, уважлівасць, знізіцца інтэлект, вы дакладна можаце забыцца пра вучобу, бо сканцэнтравацца на чымсьці будзе проста немагчыма. Усё прыемнае, што было ў важым жыцці, таксама знікне...

У маім аддзяленні лячыліся як маладыя людзі, якія яшчэ нічога не паспелі пабачыць у сваім жыцці, так і людзі, якія ўжо мелі свой бізнес, сям'ю, але ўсяго пазбавіліся праз сваю залежнасць. Які шлях выбераце вы — думайце самі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».