Вы тут

Абвастрэнне літаратурнай прагі


Калі ёсць час, які болей за ўсё падыходзіць для палёту фантазіі і дзіўных мар, то гэта, бясспрэчна, вясна — пара абвастрэння кахання, псіхічных захворванняў і проста багатай фантазіі. Марыць, уяўляць і фантазіраваць прапануем вам разам з часопісамі «Маладосць», «Полымя», «Нёман» і «Бярозка».

24-3

У рубрыцы «Ад рукі» часопіса «Маладосць» можна зірнуць на Космас вачыма знакамітага мастака, аматара ўсяго незвычайнага і фантастычнага Язэпа Драздовіча. І хоць пра Космас мы, здаецца, ведаем (ці можам даведацца) шмат, альтэрнатыўных версій ніхто не адмяняў. Хто скажа, можа, у хуткім часе мы здолеем здзяйсняць турыстычныя палёты на іншыя нябесныя целы і размаўляць з мясцовымі жыхарамі на міжпланетнай мове, якую ўсе будуць вывучаць у школах як другую замежную? Што думаў наконт гэтага Язэп Драздовіч, можна прачытаць у яго рукапісе «Дзе мы і хто мы».

Ва «Упершыню ў «Маладосці» вы можаце пазнаёміцца з Юльцэсем Галоўчыцам і яго творам «Квіток да бацькоў». Што за магія адбываецца, калі вы едзеце ў цягніку? Якое чараўніцтва дзеецца, калі ў такім падарожжы вы пачынаеце чытаць пра дзіўныя прыгоды «дзікаватага прынца» Серпента. Што вы бачыце ў трывожным сне пад грукат колаў і пагойдванне цягніка? Дзе кніга, дзе рэчаіснасць, а дзе жартачкі падсвядомасці? Тое, што вы, магчыма, адчувалі, але не знайшлі слоў, каб выказаць. Тое, што вам, напэўна, заўсёды хацелася б прачытаць, але не хапіла фантазіі напісаць. Магія, дзівосы, падтэксты, уласныя сны, падарожжы па Шляху Пошуку Сэнсаў — вось што ўратуе вас ад тугі адзінокім вясновым вечарам!

Не адыходзіць ад рамантычнага настрою (ужо ў напрамку гісторый з мінулага) і Вольга Качалка — аўтар матэрыялу «Прашу, каб мяне перанеслі ў Нясвіж». Вольга распавядзе вам невядомыя факты з жыцця Мікалая Крыштофа Радзівіла па прозвішчы Сіротка, выбітнага з роду выбітных. А якім уяўляецца пан Сіротка маладой мастачцы Юліі Усавай, вы можаце ўбачыць на вокладцы «Маладосці».

Мары, мроі, нестандартныя ідэі і незвычайныя ўспаміны будуць чакаць вас у кожным тэксце: і ў лірычных разважаннях Яўгена Мартыновіча, і ў перакладах твораў Клеманса Маера і Джэрома К Джэрома, і, безумоўна, у вершах Анастасіі Кацюргіной, Касі Глухоўскай і іншых маладых і таленавітых.

24-1

Успамінамі сустрэне вас і першы вясновы нумар часопіса «Полымя». Мікола Гіль у сваім ненапісаным аповедзе «Суседкі» распавядзе вам пра жыццё, радасці і пакуты простых вясковых жанчын, «якіх мноства (на жаль, ужо часцей за ўсё з дадаткам «было») у нашых абдзеленых шчасцем беларускіх вёсках». Жыццё нашых бабуль, пра якое мы ведаем значна меней, чым трэба, выкладзена ў гэтым апавяданні.

На наступных старонках адпраўляемся вандраваць у час яшчэ больш далёкі — першую палову XІV стагоддзя. Пашпацыруем па старым Віцебску, пазнаёмімся з самім Вялікім князем Альгердам, паназіраем за жыццём у палацы і станем сведкамі вытанчаных інтрыг і хітрай барацьбы за ўладу. А экскурсаводам нашым будзе Георгій Марчук.

А вось каго можна назваць сапраўдным рамантыкам сакавіцкага нумара, дык гэта Алеся Пісарыка. Яго вершы — лёгкія, сонечныя, цёплыя, бы празрыстае веснавое паветра, — натхняюць на шчырую ўсмешку. Вось хто ведае, што такое шчасце, бо зразумеў галоўнае:

Кожны міг на зямлі,

Ён — як песня

Пад чароўныя струны наяд...

А аматары рамантычнага смутку могуць уключыць Шапэна і пачытаць вершы Віктара Сабалеўскага. Спалучэнне вельмі ўдалае, праверана.

Увага, сур'ёзнае пытанне вынесена на абмеркаванне ў рубрыцы «Дыскусія»! Вас запрашаюць стаць сведкамі і ўдзельнікамі аналізавання вынікаў акцыі «Топ-10 любімых твораў беларускай класікі». Што з літаратурнай спадчыны актуальна для беларусаў сёння? Якія магчымасці дае масавая літаратура, як імі карыстацца? Што чакае творы «не для ўсіх»? Якая сувязь паміж папулярнасцю і якасцю? Чытайце меркаванні вядомых даследчыкаў і прапаноўвайце свае ідэі!

А каб падмацаваць іх прыкладамі, зазірніце ў «Кнігарню» часопіса, там знойдзеце самыя новыя літаратурныя здабыткі.

24-2

У рускамоўным «Нёмане» вы можаце прачытаць заканчэнне аповесці «Не цурайся веры сваёй» Уладзіміра Саламахі ў перакладзе Вольгі Нікольскай і вершы Уладзіміра Мазго, перакладзеныя Генадзем Аўласенкам.

Зноў жарты падсвядомасці — на гэты раз пад уздзеяннем наркатычных сродкаў — чакаюць вас у апавяданні «Леў» Станіслава Дзеркача.

Здабыткі сусветнай літаратуры прадстаўлены працягам рамана «Іезавель» рускай пісьменніцы Ірэн Неміроўскі і фрагментамі рамана «Амбараба» Джузепе Кулік'я, італьянскага пісьменніка, журналіста, кінасцэнарыста.

Таццяна Шамякіна ў сваіх культуралагічных эсэ дакажа вам, што «свет шалёна цікавы і цудоўны, што ў ім захоўваецца шмат таямніц, якія яшчэ пазнаваць і пазнаваць, і каму, як не маладым».

24-18

Вясновы настрой апануе і чытачоў «Бярозкі», пачынаючы з вокладкі. А пад ёй... Пра таямніцы Янкі Купалы распавядуць рэчы з яго музея. Ён, дарэчы, быў адным з першых уладальнікаў «Шэўрале» ў Мінску, але карыстаўся гэтай выгодай не адзін, часта падвозіў нават незнаёмых вясковых дзядкоў. Рэчы нашых знакамітых сучаснікаў таксама разгледзім. Экскурсію па сваім пакоі для чытачоў «Бярозкі» правёў вядомы спявак Тэа.

Парады будучым пісьменнікам і журналістам у рубрыцы «Практыкум» дае Вольга Праскаловіч. Як навучыцца адчуваць словы і з мноства адценняў значэння выбраць адзінае, даведаецеся ў матэрыяле «Жывапісаць — жыва пісаць».

Інтэрв'ю з Ліліяй Ананіч, міністрам інфармацыі, чытайце ў «Гісторыі поспеху». Лілія Станіславаўна ўзгадала сваю першую публікацыю — два вершы ў часопісе «Бярозка», падзялілася дзіцячымі ўспамінамі, выказала спадзяванне, што «і сучасныя аўтары «Бярозкі» будуць узгадваць свае першыя публікацыі з такім самым салодкім шчымленнем у сэрцах». А яшчэ адкрыла сакрэт, што любіць складанасці, заўсёды чаму-небудзь вучыцца і лічыць кожнага чалавека творцам свайго лёсу.

А вось што рабіць, калі вы ўжо выраслі, а бацькі не хочуць выпускаць ваш лёс з-пад свайго кантролю? Ці калі вам хочацца яшчэ пабыць дзіцем, а яны прымушаюць паводзіць сябе па-даросламу? Як зразумець гэтых па-даросламу разумных і па-дзіцячы наіўных бацькоў, раскажа псіхолаг.

Да гэтага ўсяго далучацца яшчэ шмат вясёлых забавак, цікавай і карыснай інфармацыі, нават сапраўднае журналісцкае расследаванне ў «Жудасным дзівосным 8«В» і, вядома, вершы і проза літаратурнай будучыні краіны.

На гэтай пазітыўнай хвалі пакідаем вас, натхнёных і заінтрыгаваных, у чаканні новых нумароў часопісаў.

Кацярына Захарэвіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».