Вы тут

«Студэнцкае самакіраванне — не аднабаковы рух»


«Дзе вы чэрпаеце натхненне і што дапамагае вам не адступаць перад цяжкасцямі?» — такое нечаканае пытанне задалі міністру адукацыі Міхаілу ЖУРАЎКОВУ ўдзельнікі сустрэчы кіраўніка галіны са студэнцкім прафсаюзным актывам.

26-23

26-23

 

— А вы ведаеце, чаму прафесары заўсёды добра выглядаюць? Таму што падсілкоўваюцца энергіяй маладых, — пажартаваў міністр. — А калі больш сур'ёзна, то трэба быць заўсёды пазітыўным. Я веру, што нашы думкі матэрыялізуюцца, а пазітыўны чалавек прыцягвае да сябе такіх жа пазітыўных людзей.

Сустрэча міністра з прафсаюзнымі актывістамі з кола студэнтаў адбылася напярэдадні VІІІ з'езда Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Пытанні і праблемы ўзнімаліся самыя розныя — ад мадэрнізацыі вышэйшай школы і канкурэнтаздольнасці беларускіх ВНУ да «каменданцкай гадзіны» ў інтэрнатах і прыцягнення студэнтаў да рознага роду работ, не звязаных з навучальным працэсам.

З «платнікаў» — у «бюджэтнікі»

Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БНТУ Сяргей Камадзей з гонарам адзначыў, што студэнцкі прафсаюз — унікальная арганізацыя, якая дзейнічае ў інтарэсах студэнтаў і мае магчымасць гаварыць на роўных як з кіраўніцтвам універсітэта, так і са студэнтамі. Прафсаюз уключае сваіх прадстаўнікоў ва ўсе ўніверсітэцкія камісіі, праца якіх закранае пытанні вучэбна-выхаваўчага працэсу і стыпендыяльнага забеспячэння, сацыяльныя і жыллёва-бытавыя пытанні. Прафсаюзу ўдаецца трымаць руку на пульсе, разумець інтарэсы студэнтаў і супастаўляць іх з магчымасцямі кіраўніцтва. Можна сказаць, што фактычна ніводнае рашэнне, якое прымаецца ў дачыненні да студэнтаў, не абыходзіцца без узгаднення з прафсаюзам.

Лідар пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БНТУ звярнуў увагу на наступную праблему:

— Сёння нас турбуе сітуацыя са студэнтамі, што навучаюцца на платнай аснове, якія страцілі апошняга з бацькоў у час сваёй вучобы. Аплата за навучанне становіцца для іх непасільнай ношай. Перавесці такіх студэнтаў на навучанне за кошт сродкаў бюджэту законных падстаў няма, як не заўсёды можна прадаставіць ім і зніжку па аплаце за навучанне. Кожная ВНУ самастойна спрабуе вырашаць праблемы сірот. Лічым, што гэтае пытанне патрабуе ўсё ж вырашэння на ўзроўні Міністэрства адукацыі.

На думку прафсаюзных лідараў, трэба даць установам адукацыі права пры наяўнасці бюджэтных вакансій пераводзіць такіх студэнтаў, якія паспяхова спраўляюцца з вучобай, на навучанне за кошт сродкаў бюджэту.

Фінансавыя нюансы аздараўлення

Адзін з напрамкаў працы прафсаюза — аздараўленне студэнтаў. Важную ролю ва ўсе часы адыгрывалі ўніверсітэцкія санаторыі-прафілакторыі. Аднак сітуацыя з імі складваецца не самая простая. З 1 студзеня 2015-га было прынята рашэнне аб павелічэнні датацыі на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне студэнтаў у студэнцкіх санаторыях-прафілакторыях з 53 200 рублёў да 61 700 рублёў (на 16%) на адзін ложка-дзень. Пры гэтым датацыя на заработную плату з налічэннямі павялічылася з 18 240 рублёў да 21 150 рублёў на адзін ложка-дзень.

Прадугледжанага фінансавання для нармальнага функцыянавання студэнцкіх санаторыяў-прафілакторыяў недастаткова. (Напрыклад, у студэнцкім санаторыі-прафілакторыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта дэфіцыт фінансавых рэсурсаў у гадавым фондзе аплаты працы складзе 258,8 млн рублёў.)

Няпростая сітуацыя складваецца і ў адзіным студэнцкім санаторыі-прафілакторыі з кругласутачным знаходжаннем — размова ідзе пра студэнцкі санаторый-прафілакторый БНТУ «Палітэхнік». Сёння ён дае магчымасць аздаравіцца без адрыву ад вучэбных заняткаў. І ёю карыстаюцца студэнты ўсіх сталічных вышэйшых навучальных устаноў. Санаторый размешчаны на беразе Заслаўскага вадасховішча. Пражываюць там студэнты ў камфартабельных двухмесных нумарах, для іх арганізавана чатырохразовае харчаванне, на вучобу дастаўляюць камфартабельныя аўтобусы. Санаторый мае велізарны патэнцыял як у плане аздараўлення студэнтаў, так і ў плане арганізацыі на яго базе семінараў, спаборніцтваў, студэнцкіх злётаў і іншых яркіх мерапрыемстваў. Але, паводле слоў Сяргея Камадзея, складана рэалізаваць гэты патэнцыял у поўнай ступені без фінансавай падтрымкі Міністэрства адукацыі: без абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы санаторыя, без укаранення новых медыцынскіх працэдур...

26-22

26-22

 

Ушчыльненне інтэрнатаў

Адна з самых вострых праблем студэнцтва — недахоп месцаў для пражывання ў інтэрнатах. Працэнт забяспечанасці месцамі ў інтэрнатах мінскіх ВНУ досыць нізкі. У шэрагу ўстаноў адукацыі на падставе афіцыйных дазволаў санітарных службаў ажыццяўляецца засяленне звыш санітарных нормаў. Важным крокам у вырашэнні гэтай праблемы стала будаўніцтва студэнцкай вёскі, аднак пытанне недахопу месцаў да гэтага часу не знята з парадку дня. Тысячы студэнтаў вымушаны самастойна вырашаць праблему з пошукам жылля. Каб часткова змякчыць праблему з дэфіцытам месцаў у інтэрнатах, прафсаюзныя арганізацыі збіраюцца і бясплатна даваць студэнтам інфармацыю пра адрасы кватэр і пакояў, што здаюцца ў наём.

Адкрытым застаецца пытанне аб кампенсацыі за наём жылля іншагароднім навучэнцам. Сёння студэнтаў, якія скарысталіся гэтай магчымасцю, у кожнай ВНУ можна палічыць на пальцах адной рукі.

Цяпер памер кампенсацыі складае 3 базавыя велічыні ў Мінску (540 тысяч рублёў) і 2 базавыя велічыні (360 тысяч рублёў) у іншых населеных пунктах. Умовай для яе атрымання з'яўляецца сярэднедушавы даход сям'і студэнта, які не павінен перавышаць 200% найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму за два апошнія кварталы (2 млн 856 тысяч 200 рублёў на чалавека).

Таму прафсаюз прапануе прыняць рашэнне аб стварэнні рэальна дзейнага механізму кампенсацыі выдаткаў па найму жылля іншагароднім навучэнцам. Вырашыць гэту праблему можна з дапамогай вызвалення ад падаходнага падатку грамадзян, якія здаюць у наём жылыя памяшканні іншагароднім студэнтам і навучэнцам. (Такая прэферэнцыя дзейнічае ў дачыненні да тых, хто прадастаўляе жыллё ў арэнду маладым спецыялістам.) Аднак пакуль яна застаецца нявырашанай.

Хвалюе студэнтаў і апярэджанне тэмпаў росту кошту пражывання ў інтэрнатах над тэмпамі росту памеру іх стыпендый.

— У многіх краінах свету праблема забеспячэння студэнтаў жыллём — не задача адміністрацыі ўніверсітэтаў, а галаўны боль саміх студэнтаў. Наша дзяржава — сацыяльна-арыентаваная, таму па меры магчымасцяў, новыя студэнцкія інтэрнаты будуюцца. І гэта пры тым, што ўзвядзенне такіх аб'ектаў вымагае вялізных сродкаў, — падзяліўся сваім бачаннем праблемы міністр. — Хацелася б і большага разумення ў пытаннях «ушчыльнення засялення» з боку студэнтаў і іх бацькоў. Каб тыя не абураліся, калі мы ў пакой з двума студэнтамі вымушана падсяляем трэцяга. Бо добра толькі тым двум, хто ўжо мае дах над галавой. А што рабіць трэцяму, каму не хапіла ложка ў інтэрнаце?

Дамоклаў меч

Не ўсе студэнты задаволены і перспектывамі свайго размеркавання, асабліва калі размеркаванне становіцца перашкодай для працягу навучання ў магістратуры за межамі Беларусі. Па цяперашніх правілах, каб не вяртаць сродкі за сваю вучобу ў бюджэт, неабходна паступіць у магістратуру на бюджэтную форму навучання ў год заканчэння першай ступені вышэйшай школы, прычым у магістратуру беларускай ВНУ.

— Чамусьці апаненты ідэі размеркавання не прыгадваюць досвед іншых краін, дзе таксама, калі малады чалавек хоча атрымаць дзяржаўную стыпендыю ці крэдыт на навучанне, ён павінен паехаць працаваць туды, куды яму скажуць, — парыраваў міністр. — У ЗША, калі не хапала педагагічных кадраў, быў аб'яўлены спецыяльны набор: на прыродазнаўча-навуковых і матэматычных факультэтах адбіралі здольных студэнтаў, якім далі дадатковыя веды па педагогіцы і псіхалогіі, выплачвалі ім стыпендыю, а затым урад накіраваў іх на пяць гадоў туды, дзе ў педагогах адчувалася асабліва вострая патрэба.

Хачу заўважыць, што сёння хапае студэнтаў платнай формы навучання, якія просяць прадаставіць ім першае працоўнае месца. І не ўсе наймальнікі радуюцца маладым спецыялістам, бо на іх гэта накладае дадатковыя абавязацельствы. Яны не могуць на працягу двух гадоў звольніць маладога спецыяліста, які прыйшоў да іх, і не могуць перавесці яго на іншую пасаду. А што тычыцца навучання ў магістратуры замежнай ВНУ, то яно магчыма ў тым выпадку, калі ў беларускай ВНУ заключана пагадненне з замежным універсітэтам пра так званае ўключанае навучанне.

Міхаіл Жураўкоў выказаў упэўненасць, што ў выпадку далучэння Беларусі да Балонскага працэсу сістэма ўключанага навучання будзе пашырацца, а мабільнасць беларускіх студэнтаў будзе расці...

Не толькі правы, але і абавязкі

«Адной з умоў далучэння да Балонскага працэсу з'яўляецца наяўнасць органаў студэнцкага самакіравання. У той ці іншай форме студэнцкае самакіраванне прысутнічае ў кожным універсітэце, аднак ні агульнага палажэння па студэнцкім самакіраванні, ні заканадаўчага замацавання гэтага паняцця няма», — звярнулі ўвагу міністра на яшчэ адну праблему студэнты. Увогуле, Кодэкс аб адукацыі змяшчае недастаткова канкрэтныя фармулёўкі, якія датычацца правоў студэнтаў на іх удзел у кіраванні сваёй ВНУ. Сёння арганізацыі студэнцкага самакіравання не маюць статусу юрыдычнай асобы, а значыць, у прававым плане яны залежаць ад адміністрацыі ўніверсітэта. Што да фінансавай незалежнасці органаў студэнцкага самакіравання, то яна таксама нідзе не занатавана. Напрыклад, ва ўкраінскіх ВНУ фінансавай асновай студэнцкага самакіравання з'яўляюцца сродкі ў памеры не менш як 0,5 працэнта ад сродкаў спецыяльнага фонду ВНУ.

Паколькі органы студэнцкага самакіравання не валодаюць статусам юрыдычнай асобы, яны пазбаўлены магчымасці прыцягнення спонсарскай дапамогі, атрымання ахвяраванняў і ўзносаў, а таксама паступленняў ад праведзеных мерапрыемстваў. А фінансавая залежнасць абумоўлівае залежнасць арганізацыйную...

— Сапраўды, калі мы жадаем бачыць сябе ў Балонскім працэсе, адно з пажаданняў экспертаў — больш актыўны ўдзел студэнтаў у кіраванні ўніверсітэтамі, — пагадзіўся Міхаіл Жураўкоў. — Але я лічу, што тут шмат залежыць ад вашай ініцыятывы. Чакаем ад вас слушных думак. Але варта разумець, што студэнцкае самакіраванне — не аднабаковы рух: маўляў, мы хочам, мы патрабуем... Гэта яшчэ і неабходнасць узяць на сабе пэўныя абавязкі. Што тычыцца Кодэкса аб адукацыі, то цяпер якраз рыхтуюцца прапановы па яго карэкціроўцы. Мяркую, што паняцце «студэнцкае самакіраванне» ў Кодэксе таксама будзе занатавана....

Старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр БОЙКА пацікавіўся ў лідараў прафсаюзных пярвічак іх думкай наконт генеральнага і галіновага пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі і прафсаюзам: ці хапае ім у рабоце па абароне сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў студэнтаў прапісаных у гэтых дакументах палажэнняў? Адказ быў станоўчы.

Аляксандр Бойка лічыць, што работа ў прафарганізацыях ВНУ — выдатная школа жыцця для маладых людзей, якая дае магчымасць навучыцца ўменню кантактаваць з людзьмі, вылучаць праблемы і шукаць шляхі іх вырашэння.

— Мы заўсёды адкрыты для крэатыўных ідэй і прапаноў. Не сумнявайцеся ў нашай падтрымцы. І ўвогуле, калі казаць на маладзёжным слэнгу, то ўсё добрае раней ці пазней абавязкова «спампоўваецца», — дадаў старшыня ЦК прафсаюза.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Ён прымеркаваны да Года малой радзімы.

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў. 

Культура

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Брэсцкі музей выратаваных каштоўнасцяў можна назваць мясцовым Луўрам — калі ўвогуле дарэчы параўноўваць адну культуру з іншай.