Вы тут

Парадоксы і сітуацыі


Ці павінна аплачвацца работа педагога, які адказвае за падвоз дзяцей у школы? Гэта пытанне ўзнімалася настаўнікамі за апошнія гады шматразова. Асаблівую актуальнасць яно набыло пасля таго, як у сельскай мясцовасці адна за другой пачалі закрывацца малакамплектныя школы. Чарговы раз пра новы абавязак педагогаў у намесніка міністра адукацыі Сяргея Рудага запыталіся ўдзельнікі прэзідыума цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Пасяджэнне праходзіла з удзелам членаў Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і было прысвечана сацыяльна-эканамічнаму становішчу работнікаў сістэмы адукацыі.

26-35

26-35

 

Бясплатны абавязак

— У Мінскай вобласці за перыяд з 2011 года было ліквідавана 98 устаноў адукацыі і рэарганізаваны 93, — паведаміў старшыня Мінска-га абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай БАШКО. — Сёння ў падвозе 17 700 навучэнцаў задзейнічаны 254 аўтобусы аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, 76 аўтобусаў аўтапаркаў і 19 аўтобусаў сельгаспрадпрыемстваў. Штодня дзяцей суправаджаюць па дарозе ў школу каля 1 тысячы педагогаў. Але аплата іх працы дзейным заканадаўствам не прадугледжана. У адказ на запыт абласной прафсаюзнай арганізацыі ў Міністэрства адукацыі ў студзені 2012 года (а мы прапаноўвалі дадаткова ўвесці 2 гадзіны арганізацыйна-выхаваўчай работы ва ўстановах, дзе арганізуецца падвоз дзяцей) нам паведамілі, што для яе рэалізацыі патрабуюцца дадатковыя бюджэтныя сродкі. У Міністэрства фінансаў гэтая прапанова падтрымкі не знайшла. Разам з тым нам паабяцалі вярнуцца да вырашэння пазначанай праблемы ў наступным годзе. Але і сёння пытанне не вырашана.

— Я разумею, што мой пункт погляду будзе ў гэтай аўдыторыі непапулярны, тым не менш я не згодны з тымі, хто любіць разважаць пра «няпрофільную работу», якую даводзіцца выконваць педагогам. Працоўны тыдзень у нас складае 36 гадзін, а не 20 — гэта вучэбная нагрузка на стаўку. І калі б у нас дзейнічала штатна-акладная сістэма, то такіх пытанняў, лічу, не ўзнікала б, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі Сяргей Руды. — Чаму падвоз школьнікаў павінен асобна аплачвацца?

Але сёння заробак педагогаў залежыць наўпрост ад іх урочнай занятасці і гадзін арганізацыйна-выхаваўчай работы, парыравалі прадстаўнікі прафсаюза. Скажам, гісторыку ці географу цяжка знайсці тыя самыя 20 гадзін нагрузкі. А настаўнік фізікі можа працаваць з нагрузкай 36 гадзін, бо прадстаўнікі дакладных навук сёння ў школе ў дэфіцыце. І адпаведна атрымліваць за сваю двайную нагрузку заробак. У настаўнікаў гарадскіх школ галава не баліць, як іх вучні дабяруцца да школы. А сельскаму настаўніку даводзіцца ўставаць а пятай гадзіне раніцы і ехаць збіраць дзяцей па навакольных вёсках. І несці за іх адказнасць...

— 87 працэнтаў работнікаў школ складаюць жанчыны. Прычым многія з іх выхоўваюць сваіх дзяцей у адзіночку. Чаму маці павінна кідаць раніцай сваё дзіця, каб суправаджаць вучняў да школы? Прычым яе работу ніхто не лічыць патрэбным аплачваць, — задаў зусім не рытарычнае пытанне Мікалай Башко.

Выхавальнікі без катэгорыі

Звярнуў увагу старшыня Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі яшчэ на адну праблему, якую Міністэрства адукацыі таксама вырашаць не спяшаецца, — на атэстацыю педагогаў дашкольнай адукацыі. Парадокс сітуацыі заключаецца ў наступным. Калі настаўнік з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй прыйдзе працаваць у дзіцячы садок, ён пазбавіцца даплаты за сваю кваліфікацыйную катэгорыю. Больш за тое, ён не зможа прэтэндаваць нават на другую кваліфікацыйную катэгорыю, таму што не мае адукацыі па профілі «педагогіка дзяцінства». А вось калі педагог з дашкольнай установы прыйдзе працаваць у школу, то яго катэгорыя за ім захаваецца. Для таго, каб устараніць гэты парадокс, ніякіх дадатковых фінансавых сродкаў не патрабуецца. Рашэнне залежыць толькі ад Міністэрства адукацыі, якое зацвярджала папярэднюю інструкцыю.

Галіновы прафсаюз прапаноўваў унесці ў інструкцыю аб атэстацыі адпаведны пункт, які б дазваляў атэстоўваць выхавальнікаў дашкольных устаноў без профільнай адукацыі на ранейшых умовах. Тым больш што ў дашкольныя ўстановы масава размяркоўваюцца выпускнікі філалагічнага, гістарычнага факультэта і іншых няпрофільных педагагічных спецыяльнасцяў. А кадравая сітуацыя з-за невысокіх заробкаў ў дашкольных установах складваецца вельмі напружаная...

Адсутнасць арыенціраў

На пасяджэнні прэзідыума шмат казалі пра складаную эканамічную сітуацыю, якая склалася ў адукацыі.

Сярод галін сацыяльнай сферы па ўзроўні сярэдняй заработнай платы адукацыя заняла па выніках 2014 года перадапошняе месца (4121,3 тыс. руб., або 67,7% ад сярэдняга заробку ў краіне). У 2011 годзе гэтыя суадносіны былі на ўзроўні 77,3%. Працягваецца зніжэнне тэмпаў росту намінальнай і рэальнай налічанай заработнай платы работнікаў галіны, якое назіраецца з 2011 года. Так, летась тэмп росту намінальнай заработнай платы склаў 119,5%, а рэальнай — 101,2%.

— Галіновы прафсаюз пастаянна завастрае ўвагу органаў дзяржаўнага кіравання, дэпутацкага корпуса і грамадства ў цэлым на праблему павышэння сацыяльнага статусу педагагічных работнікаў, бо фінансавы і маральны дабрабыт работнікаў нашай галіны — адзін з ключавых фактараў яе якаснага росту. Вынікі працы работніка на любой пасадзе, спецыяльнасці, прафесіі павінны быць адпаведна ацэнены, — падкрэслівае старшыня ЦК прафсаюза Аляксандр БОЙКА. — На жаль, дамагацца росту рэальнай заработнай платы становіцца складаней. Мы разумеем, што наша галіна вялізная і пытанняў шмат, але іх трэба вырашаць, бо клубок праблем расце.

Дарэчы, арыенціры па памерах заработнай платы настаўнікаў адсутнічаюць у Кодэксе аб адукацыі. Раней такім арыенцірам быў сярэдні заробак работнікаў у прамысловасці: у настаўнікаў памер заробку павінен быў быць не ніжэйшы, а ў прафесарска-выкладчыцкага саставу перавышаць сярэдні заробак у прамысловасці ў 1,5 раза.

Пазіцыя губернатараў

З-за падзення прэстыжу педагагічнай прафесіі, нізкага сацыяльнага статусу, адсутнасці іншых стымулаў і гарантый з галіны сыходзяць маладыя педагогі, адпрацаваўшы пасля заканчэння навучальнай установы вызначаны заканадаўствам тэрмін. А выпускнікі школ не хочуць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці.

— Для выпраўлення сітуацыі, акрамя перагляду складнікаў тарыфнай сеткі, лічым неабходным павышэнне заработнай платы работнікам сістэмы адукацыі, гэта значыць, увядзенне галіновага павышальнага каэфіцыента — з мэтай давядзення паказчыка сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў адукацыі да рэспубліканскага паказчыка і недапушчэння адтоку высокакваліфікаваных кадраў з сістэмы адукацыі ў іншыя галіны, — паведаміла загадчыца аддзела сацыяльна-эканамічнай работы ЦК галіновага прафсаюза Валянціна ГЕРАСІМОВІЧ. — Лічым, што пры ўсіх цяжкасцях у бюджэтнай палітыцы якасна пытанне з заробкамі педагогаў немагчыма вырашыць без накіравання на гэтыя мэты дадатковых бюджэтных асігнаванняў.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандр СЯГОДНІК лічыць, што пазіцыя губернатараў істотна адбіваецца на сітуацыі ў галіне. Дастаткова паглядзець на разрыў ва ўзроўні сярэднямесячнага заробку работнікаў сістэмы адукацыі, якія працуюць у розных рэгіёнах. Так, па выніках 2014 года сярэднямесячны заробак у Мінску склаў 6107,8 тыс. руб., а ў Брэсцкай вобласці — 4379,2 тыс. руб. Розніца паміж максімальным і мінімальным рэгіянальным паказчыкам сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў сістэмы адукацыі дасягае ўжо 39,5% (у настаўнікаў — 22%, а ў прафесарска-выкладчыцкага складу — 53,8%).

— Значыць, у пэўных рэгіёнах кіраўнікі знаходзяць магчымасці, каб падтрымаць педагогаў, — мусіў канстатаваць старшыня парламенцкай камісіі. — Можа, трэба вывучыць і выкарыстаць іх досвед?..

Аптымістычныя вынікі эксперымента

З 1 верасня 2013 года ў Беларусі запушчаны эксперымент па апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы педагагічных работнікаў. Яго мэтай з'яўляецца ўдасканаленне аплаты працы ў залежнасці ад якасці і вынікаў працы педагагічных работнікаў. Зараз у эксперыменце задзейнічаны 17 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Цэнтральным камітэтам галіновага прафсаюза летась выбарачна праводзіўся маніторынг устаноў г. Мінска, якія ўдзельнічаюць у эксперыменце па апрабацыі новай сістэмы аплаты працы. Маніторынг паказаў, што заработная плата работнікаў гэтых устаноў павялічылася ў сярэднім на 25-30%. Новай сістэмай аплаты працы прадугледжаны галіновыя выплаты ў памеры 10% ад фонду заработнай платы (без уліку выплат стымулюючага характару, матэрыяльнай дапамогі) педагагічных работнікаў установы адукацыі. Увядзенне іх дало дадатковыя магчымасці кіраўнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі для стымулявання педагагічных работнікаў. Для галіновага прафсаюза важна, каб гэты эксперымент пашыраўся, рэгіёны адшуквалі магчымасці для яго рэалізацыі.

— Мы таксама зацікаўлены ў пашырэнні эксперымента, — запэўніў намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды. — Але мы не можам прымусіць рэгіён уключыць у эксперымент не 5, а 25 школ, бо пад яго патрэбны дадатковыя сродкі. Прычым дзейнічае жорсткая ўмова — зменшыць фінансаванне школ, уключаных у эксперымент, немагчыма. Таму спадзяёмся на падтрымку ў гэтым пытанні на месцах...

Надзея НІКАЛАЕВА

Дынаміка сярэднямесячнай заработнай платы ў сістэме адукацыі:

2011 год — 1489,1 тыс. руб. (266 дол.). Тэмп росту намінальнай — 168,9%, рэальнай — 110,2%. Індэкс спажывецкіх цэн 153,2%;

2012 год — 2769,3 тыс. руб. (331 дол.). Тэмп росту намінальнай — 186%, рэальнай 116,8%. Індэкс спажывецкіх цэн 159,2%;

2013 год — 3448,9 тыс. руб. (384 дол.), Тэмп росту намінальнай — 124,5%, рэальнай — 105,2%. Індэкс спажывецкіх цэн 118,3%;

2014 год — 4121,3 тыс. руб. (402 дол.). Тэмп росту намінальнай — 119,5%, рэальнай 101,2%. Індэкс спажывецкіх цэн 118,1%.

Выбар рэдакцыі

Культура

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Брэсцкі музей выратаваных каштоўнасцяў можна назваць мясцовым Луўрам — калі ўвогуле дарэчы параўноўваць адну культуру з іншай.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

— Хлопцы, не біце, я — ва-а-аш!..

Грамадства

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

У мясцовых Саветах Брэсцкай вобласці ажыццяўляюць дэпутацкую дзейнасць 2962 дэпутаты. 

Грамадства

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Абодва яны спяваюць, пішуць вершы пра сваю сям'ю і іграюць на музычных інструментах.