Вы тут

Каб на працу, як на свята


Хто выбірае для сябе прафесію настаўніка?

Ва ўмовах дэмаграфічнага спаду 1990-х, наступствы якога адчуваюцца цяпер, барацьба навучальных устаноў за абітурыентаў становіцца па-сапраўднаму «гарачай». У мінулыя выхадныя многія беларускія ВНУ праводзілі дні адчыненых дзвярэй. Карэспандэнт «Звязды» пабываў на Дні адчыненых дзвярэй у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка і даведаўся, ці вабіць праца настаўніка сучасную моладзь.

1-27

1-27

 

Раніцай на падыходзе да галоўнага корпуса ўніверсітэта ажыятажу не назіраецца — з дзясятак маладых людзей чакаюць на вуліцы, не спяшаючыся заходзіць усярэдзіну. Пара дзяўчат раздае наведвальнікам буклеты. Але ўнутры ўсе сумненні наконт колькасці зацікаўленых у прафесіі настаўніка развейваюцца — на першым паверсе няма дзе яблыку ўпасці. Студэнты-валанцёры дапамагаюць абітурыентам зарыентавацца, дзеляцца ўласнымі ўражаннямі ад навучання ў БДПУ і праводзяць невялікія конкурсы.

А мы тым часам размаўляем з рэктарам БДПУ Аляксандрам ЖУКОМ:

— Адкрываць новыя спецыяльнасці сёлета не плануем, бо задавальняем усе патрэбы сферы адукацыі. Але праца ў гэтым напрамку вядзецца, бо мы думаем і пра будучыню. У перспектыве будзем рыхтаваць спецыялістаў па распрацоўцы электронных сродкаў навучання, сістэмных адміністратараў, якія будуць кіраваць інфармацыйна-адукацыйнымі асяродкамі. Сёлета мы набіраем столькі ж першакурснікаў, колькі і летась. Міністэрства адукацыі, даводзячы да нас кантрольныя лічбы прыёму, не змяншала леташнія паказчыкі, і я думаю, што нам удасца іх выканаць. Галоўная ідэя, якую мы хочам сёння данесці да абітурыентаў — прафесія настаўніка адкрывае шырокія магчымасці. Увогуле, ёсць такое выслоўе: прафесія ад Бога адна — гэта настаўнік, а астатнія прафесіі — ад настаўніка.

Дарэчы, актавая зала, разлічаная на 700 месцаў, не змагла змясціць усіх гасцей. Афіцыйная частка распачалася з дэманстрацыі відэароліка, у якім распавядалася пра асноўныя перавагі навучання ў БДПУ, матэрыяльную базу ўніверсітэта і яго гісторыю. Пасля гэтага слова ўзяў Аляксандр Жук, чый выступ цягнуўся амаль гадзіну. Рэктар БДПУ заўважыў, што стэрэатып пра нізкі заробак педагогаў праўдзівы толькі часткова — па яго словах, спецыялісты вышэйшай катэгорыі з сур'ёзным стажам пры вялікай загружанасці сёння могуць атрымліваць 7 мільёнаў рублёў і болей. І нават у самыя няпростыя для эканомікі часы попыт на настаўнікаў застаецца стабільна высокім.

Вялікую частку выступлення ён прысвяціў апісанню матэрыяльнай базы ўніверсітэта, згадаўшы, што ўсе без выключэння першакурснікі атрымліваюць месца ў студэнцкім інтэрнаце. Па словах Аляксандра Жука, сама праца настаўніка мае ў сабе нямала пераваг — гэта, напрыклад, двухмесячны штогадовы адпачынак, развіццё ўмення камунікаваць з людзьмі і іншыя. Закраналіся і пытанні будучыні ўніверсітэта — арганізацыя рэпазіторыя навуковых даных, развіццё лабараторыі па вывучэнні робататэхнікі «Разумны дом», рэканструкцыя стадыёна «Лакаматыў», супрацоўніцтва са шматлікімі дзяржаўнымі і прыватнымі ўстановамі. Акрамя гэтага, рэктар паведаміў, што з наступнага года выпускнікі профільных педагагічных класаў будуць залічвацца ва ўніверсітэт без здачы ўступных іспытаў.

Слова для выступлення атрымаў адзін з выпускнікоў БДПУ, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук, член-карэспандэнт Аляксандр КАВАЛЕНЯ. Ён зазначыў, што яшчэ ў савецкія часы БДПУ (ці, правільней кажучы, МДПІ імя М. Горкага) быў лепшай педагагічнай ВНУ СССР па спартыўна-масавай і культурна-масавай дзейнасці. І цяпер універсітэт застаецца найлепшай установай у краіне, якая дае адукацыю па «чалавеказнаўстве».

Адной з ілюстрацый усебаковага развіцця студэнтаў БДПУ сталі некалькі выступленняў напрыканцы афіцыйнай часткі. Выкладчыкі ўніверсітэта, мастацкі кіраўнік ансамбля «Фестываль» Уладзімір Бубен і ўдзельнік гурта «Лепрыконсы» Уладзімір Федарук, прадэманстравалі віртуозную ігру на акардэонах. Пасля гэтага гледачоў весялілі КВЗ-шнікі з каманды БДПУ «Лепшыя сябры», якая нядаўна прабілася ў 1/4 фіналу Вышэйшай лігі клуба.

— Мне думаецца, што ў педагагічным можна атрымаць добрую адукацыю, — падзялілася сваімі планамі абітурыентка Настасся Фёдарава з Бабруйска. — Асабіста я схіляюся да псіхалогіі, бо мне калісьці вельмі дапамаглі спецыялісты з гэтай сферы — я выступала ў эстраднай студыі «Росы» і мае праблемы з адчуваннем на сцэне вырашыліся пры дапамозе псіхолага. На Дні адчыненых дзвярэй мне спадабалася магчымасць пагутарыць з тымі, хто ўжо вучыцца, пачуць іх уражанні. Шчыра кажучы, не магу сказаць, што канчаткова вызначылася з месцам будучай вучобы, бо яшчэ ёсць час. Не хачу зноў зрабіць памылку, выбраўшы не сваю спецыяльнасць, як гэта было летась. Тады я паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, хоць спачатку збіралася якраз у БДПУ. Але адвучылася год і зразумела, што гэта не маё. Прыйшлося забраць дакументы. Бацькі падтрымліваюць маё рашэнне і кажуць, што выбар будучай прафесіі — толькі мая справа.

— Я марыла аб прафесіі настаўніка з ранняга дзяцінства, — дапоўніла Ганна Бурак з Салігорска, — але канчатковы выбар зрабіла, калі ў мяне з'явіліся пляменнікі. Мне вельмі падабаецца кантактаваць з дзецьмі, гуляць з імі, а таму я і вырашыла стаць педагогам. Спачатку схілялася да настаўніка пачатковых класаў, але цяпер задумваюся над спецыяльнасцю «лагапедыя». Спадзяюся, Дзень адчыненых дзвярэй дапаможа мне зрабіць канчатковы выбар. Дарэчы, на самім мерапрыемстве мяне вельмі ўразіла выступленне рэктара. Цяжка не задумацца пра паступленне ў БДПУ пасля такой прамовы! Аповеды пра нізкі заробак мяне хвалююць мала, галоўнае — хадзіць на працу, як на свята. Спадзяюся, што для мяне такой працай будзе менавіта настаўніцкая.

У другой палове Дня адчыненых дзвярэй абітурыенты разышліся па факультэтах, каб убачыць, у якіх умовах вучацца студэнты. Некаторыя засталіся на першым паверсе і казалі, што для іх пытанне ўжо закрытае — праз тры месяцы яны панясуць свае дакументы ў БДПУ.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Асваенне адчужэння. Што паглядзець падчас экскурсіі ў радыяцыйнай зоне?

Асваенне адчужэння. Што паглядзець падчас экскурсіі ў радыяцыйнай зоне?

Ці небяспечныя такія «вылазкі» і колькі яны каштуюць?

Грамадства

Мітрапаліт Павел: Я ўдзячны, што Гасподзь павёў мяне па гэтым шляху

Мітрапаліт Павел: Я ўдзячны, што Гасподзь павёў мяне па гэтым шляху

Уладыка расказаў, чаму з асцярогай упершыню ехаў у Мінск у якасці мітрапаліта.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Добрая жонка і дома рай, а благая — хоць цягу дай

Грамадства

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Аўтар «Звязды» расказвае на прыкладзе сваёй сям'і.