Вы тут

Адукацыя — не «паслуга», а найважнейшая дзяржаўная функцыя,


якая не саступае па важнасці забеспячэнню нацыянальнай бяспекі

Значнасць і прэстыж педагагічнай прафесіі — гэтыя тэмы рэфрэнам гучалі ў выступленнях ўсіх дэлегатаў і гасцей VІІІ з'езда Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, які прайшоў учора ў Мінску.

— З-за падзення прэстыжу прафесіі педагога, нізкага сацыяльнага статусу, адсутнасці іншых стымулаў і гарантый для педагагічнага работніка з галіны сыходзяць маладыя педагогі, адпрацаваўшы пасля заканчэння навучальнай установы вызначаны заканадаўствам тэрмін. А выпускнікі школ не хочуць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці. Намаганні педагагічных ВНУ па прыцягненні абітурыентаў дазваляюць часткова палепшыць сітуацыю, але не даюць сістэмнага выніку, — падкрэсліў старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр БОЙКА.

Старшыня прафкама супрацоўнікаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Куляшова Наталля САКОВІЧ прывяла даныя анкетавання студэнтаў выпускных курсаў. Толькі 60% з іх пасля заканчэння ўніверсітэта збіраюцца працаваць у сферы адукацыі і выхавання. Астатнія маюць намер змяніць сферу прыкладання сваіх навыкаў і ведаў. А 34% студэнтаў паведамілі: калі б ім давялося паступаць у ВНУ наноў, то яны выбралі б іншую прафесію.

— Нельга недаацэньваць значнасць прафесіі педагога ў грамадстве, паколькі ад узроўню інтэлекту і прафесійнага майстэрства педагогаў у многім залежыць якасць падрыхтоўкі будучых урачоў, інжынераў, эканамістаў, юрыстаў і іншых спецыялістаў, якія вызначаюць аблічча ўсёй краіны. Таму адукацыя павінна разглядацца не як «паслуга», а як найважнейшая дзяржаўная функцыя, якая не саступае па важнасці забеспячэнню нацыянальнай бяспекі, — падкрэсліла Наталля Саковіч.

— Педагогі, як правіла, цярплівыя і гатовыя да пошуку кампрамісу людзі, якія нярэдка працуюць на энтузіязме, нават ахвяруючы ўласнымі інтарэсамі. Але сёння ўся сістэма нацыянальнай адукацыі мае вострую патрэбу ў фінансавай падтрымцы. Унутраныя рэзервы галіны практычна вычарпаны, — адзначае лідар галіновага прафсаюза. — Калі 5 гадоў таму мы са шкадаваннем канстатавалі, што па ўзроўні заработнай платы наша галіна займае 5-е месца сярод бюджэтных арганізацый, то па выніках 2014 года адукацыя яшчэ больш здала свае пазіцыі і мы займаем перадапошняе месца ўжо сярод усіх галін сацыяльнай сферы.

Апошнім часам назіраецца зніжэнне тэмпаў росту як намінальнай, так і рэальнай заработнай платы работнікаў галіны. Рэальны рост заработнай платы, пачынаючы з 2011 года, не пакрывае рост коштаў на тавары і паслугі. У доларавым эквіваленце за пяць гадоў намінальная налічаная заработная плата работнікаў адукацыі вырасла толькі на 107 долараў.

Востра стаіць пытанне прафесійнага пенсійнага страхавання асобных катэгорый педагагічных работнікаў, якое засталося нявырашаным, нягледзячы на неаднаразовыя звароты прафсаюза ва ўрад, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства адукацыі з прапановамі перагледзець крытэрыі ацэнкі ўмоў працы педагагічных работнікаў. Гэта значыць, што крытэрыі павінны адпавядаць асаблівасцям арганізацыі працы ўсіх катэгорый работнікаў, згаданых у пераліку. Дарэчы, прафесар і мысляр пачатку ХХ стагоддзя Васіль Зянькоўскі лічыў, што настаўніку нельга працаваць больш за 15 гадоў, паколькі, акрамя стомы, у яго яшчэ выпрацоўваюцца «нерухомасць, коснасць, імкненне спыніцца на шаблоне». І гэта было сказана задоўга да фарміравання папулярнай цяпер тэорыі псіхалагічнага выгарання прадстаўнікоў розных прафесій, перш за ўсё педагогаў. А сёння і з 25-гадовым педагагічным стажам на датэрміновую прафесійную пенсію могуць выйсці толькі адзінкі, бо ўсе астатнія не адпавядаюць устаноўленым крытэрыям.

Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў паведаміў, што Міністэрства адукацыі пастаянна ўносіць прапановы адпаведным органам дзяржаўнага кіравання па ўдасканаленні аплаты працы работнікаў галіны.

— Нельга, каб адукацыя знаходзілася на цяперашнім узроўні, гэта проста непрыгожа, — падкрэсліў Міхаіл Жураўкоў. — Сёння ва ўсім свеце на першы план выходзяць ужо не прыродныя багацці дзяржавы, а яе інтэлектуальныя рэсурсы. І наперад імкліва рухаюцца тыя краіны, дзе гэта зразумелі. Я ўпэўнены, што ў бліжэйшы час нам удасца выправіць гэту сітуацыю.

Міхаіл Жураўкоў паведаміў, што практычна кожны пяты рубель кансалідаванага бюджэту краіны ідзе на фінансаванне адукацыі. У гэтым годзе бюджэтныя выдаткі на адукацыю складаюць звыш 43 трлн рублёў, 90% гэтых сродкаў накіроўваюцца на фінансаванне сацыяльных выдаткаў: выплату заработнай платы і стыпендый, арганізацыю харчавання, камунальныя плацяжы...

— Давайце будзем аптымістамі, — заклікаў педагогаў міністр адукацыі. — Мы прыкладзём усе намаганні, каб вы маглі цалкам аддавацца любімай рабоце, і будзем адстойваць вашы інтарэсы.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.

Грамадства

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры у творчую майстэрню?

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры у творчую майстэрню?

Настаўнікі ўпэўнены: ці будуць вучні чытаць, у многім залежыць ад іх саміх. 

Эканоміка

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Однако наша страна надеется, что это временные трудности.

Грамадства

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям даручана кіравацца палажэннямі канцэпцыі ў практычнай дзейнасці.