Вы тут

Закон супраць хабарнікаў прыняты ў першым чытанні


У жніўні і верасні праходзіла грамадскае абмеркаванне праекта закона «Аб барацьбе з карупцыяй». Усе атрыманыя прапановы вывучаліся, аналізаваліся і менавіта з улікам іх быў падрыхтаваны канчатковы варыянт гэтага заканадаўчага дакумента. Учора дэпутаты прынялі праект закона «Аб барацьбе з карупцыяй» у першым чытанні.

Нагадаем, што дакумент быў распрацаваны Генеральнай пракуратурай сумесна з зацікаўленымі дзяржорганамі ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта краіны. Як адзначыў Генеральны пракурор Аляксандр КАНЮК, абмеркаванне праекта закона паказала: абсалютная большасць нашых грамадзян вельмі негатыўна ставіцца да карупцыі.

У дакуменце ўстаноўлена забарона на паўторны прыём на дзяржслужбу асоб, якія раней былі звольнены па дыскрэдытуючых абставінах. Законапраект таксама ўдасканальвае парадак дэкларавання даходаў і маёмасці асобных катэгорый дзяржаўных служачых для максімальна поўнага ўстанаўлення іх рэальнага маёмаснага становішча. Прапісана ўвядзенне механізма вяртання ў дзяржаўную казну незаконных даходаў, атрыманых дзяржслужачым.

міжнародныя абавязкі выконваем

Наша краіна ў 1999 годзе ратыфікавала Орхускую канвенцыю — аб доступе да інфармацыі, удзелу грамадства ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступе да правасуддзя ў пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя. Такім чынам, яна ўзяла на сябе і пэўныя абавязкі. Учора дэпутаты ў першым чытанні прынялі адпаведны праект закона, які ўносіць змены і дапаўненні ў некаторыя законы краіны па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя.

Дэпутат Ала Навумчык, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы, якая прадстаўляла гэты дакумент, паведаміла: праз прыняцце акта ў нацыянальнае заканадаўства будуць уключаны нормы Орхускай канвенцыі.

— Законапраект важны з той прычыны, што адным з найважнейшых стратэгічных кірункаў развіцця нашай краіны з'яўляецца зялёная эканоміка, — упэўнена дэпутат. — Акрамя таго, Беларусь заўсёды вельмі беражліва ставілася да навакольнага асяроддзя і надавала шмат увагі яго ахове. Магчыма, таму што мы на сабе адчулі наступствы чарнобыльскай катастрофы...

Як паведаміла парламентарый, у закон «Аб ахове навакольнага асяроддзя» ўводзяцца наступныя тэрміны: «уздзеянне на навакольнае асяроддзе», «грамадскія абмеркаванні праектаў экалагічна значных рашэнняў», «экалагічна значныя рашэнні».

— Сказаць, што гэты законапраект у нечым рэвалюцыйны, нельга, але, разам з тым, ён дае магчымасці грамадскасці вельмі актыўна ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў у сферы экалогіі, — адзначыла Ала Навумчык.

Права на працу маюць усе

У першым чытанні быў прыняты і праект закона «Аб знешняй працоўнай міграцыі». Як адзначыла Ганна ЛЯВІЦКАЯ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах, наша краіна сёння па сваім геаграфічным стано

вішчы, па стабільным эканамічным, палітычным стане вельмі прывабная для замежнікаў, у тым ліку і для працоўных мігрантаў. Па словах дэпутата, сёння працоўная міграцыя вельмі змянілася: і якасна, і колькасна.

— Калі ў 2012 годзе да нас прыязджала каля 10 тысяч працоўных мігрантаў, то ў 2014 годзе — ужо 37 тысяч, — аргументавала парламентарый. — Што да працоўнай міграцыі ўвогуле, то найбольш да нас прыязджаюць з краін былога Савецкага Саюза — гэта Расія, Украіна... Натуральна, ёсць і грамадзяне Кітая. Працаўладкоўваюцца яны ў асноўным у галіне сельскай гаспадаркі, будаўнічай сферы і ў сферы высокіх тэхналогій.

Што да новага, якое ўводзіць законапраект, то гэта ў першую чаргу нормы, што пашыраюць магчымасці для наймальніка.

— Гэта значыць, са сферы дзеяння закона выключаюцца замежнікі, якія працаўладкоўваюцца на тэрыторыі нашай дзяржавы па спецыяльнасці, атрымліваемай у беларускіх ВНУ або на працягу года пасля таго, як чалавек атрымаў дыплом нашага ўніверсітэта. У дадзеным выпадку наймальнік з Беларусі будзе вызвалены ад права атрымання дазволу на працаўладкаванне дадзеных замежнікаў. З чым гэта звязана? Лічыцца, што гэтая катэгорыя асоб больш хутка адаптуецца ў нашым грамадстве, паколькі на працягу пяці гадоў людзі ўжо прайшлі сацыяльную адаптацыю.

Акрамя таго, у законапраект уключана новае паняцце — высокакваліфікаваны спецыяліст.

— Наймальнік таксама будзе вызвалены ад атрымання дазволу на працаўладкаванне высокакваліфікаванага спецыяліста, паколькі ёсць неабходнасць у гэтай катэгорыі супрацоўнікаў. Высокакваліфікаваны спецыяліст — той спецыяліст, які атрымаў вышэйшую або сярэднюю адукацыю, мае стаж працы па спецыяльнасці не менш за пяць гадоў і атрымлівае сярэднюю заработную плату не менш за 15 мінімальных заработных плат.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?