Вы тут

Калі цуды здараюцца не з намі


Прысніла, што мае старыя сябры з дзіцячага анкацэнтра жывыя. Не парадавала гэта нават у сне. Бо яны мусілі зноў памерці, а я — яшчэ раз перажыць страту. І вось там, у сне, я адчула забытае пачуццё болю. Страшнае і невымернае, якое даўно развучылася адчуваць. Чалавек жа да ўсяго прывыкае. Нават да смерці.

Без имени-10

Чуллівыя людзі, схільныя браць усё блізка да сэрца, увесь час пакутуюць ад свайго «дару». Ім баліць і сваё, і чужое. Ім баліць вострае слова, сарваная кветка, кінуты сабака, адзінокія людзі. І баліць мацней, чым многім іншым. Яны ўразлівыя да немагчымасці.

Ім здаецца, што дар востра адчуваць мае прыкладное значэнне. Можна, скажам, падзяліць чый-небудзь боль, узяць яго на сябе. Чаму б не сябраваць з цяжка (тут мусіць быць слова «смяротна», але яны не любяць яго ужываць) хворымі дзецьмі. І ў іх атрымліваецца. Заводзіцца сяброўства, пазітыў зашкальвае, боль адыходзіць. Сонейка свеціць, і здаецца, што ўсё будзе добра. Цуды ж здараюцца!

Але канкрэтна ў гэту хвіліну цуд здараецца ў нейкім іншым месцы. А твой сябар памірае. Увесь боль, на які здольна чуллівае чалавечае сэрца, імгненна скручвае твой немагчыма ўразлівы арганізм. І ты адчуваеш яго на фізічным узроўні. Ён выварочвае нутро. Ён такі вялізны, што не змяшчаецца ў табе і гатовы разарваць на кавалкі. Раптоўна ва ўсім свеце становіцца так мала паветра, што яго не хапае менавіта табе. Ты задыхаешся ў прамым і пераносным сэнсе. Ты думаеш, што лепш было б памерці табе замест таго, хто быў тваім сябрам і мусіў жыць. Але ў той жа час ты не перастаеш верыць у цуды.

І цуд здараецца. Аднойчы ты адчуваеш, што можаш жыць з болем. Падымаеш галаву, выпростваеш заламаныя рукі і крочыш наперад. Насустрач цудам. Ты верыш у іх так, быццам ніколі не апякаўся. І зноў прымяняеш свой дар, спрабуеш раздзяліць чужы боль. А цуд зноў наносіць удар са спіны — ён зноў здараецца ў іншым месцы.

На трэці раз ты апранаеш кальчугу, каваныя латы і жалезны шлем. І ідзеш у бой з чужым болем. Ты ўжо не верыш у цуды і нічога не чакаеш ад іх. Ты не радуешся, калі яны ўсё ж здараюцца. Але і не засмучаешся, калі цуды здраджваюць. Ты ў брані, ты непахісны, ты непераможны.

Тое самае ў адносінах. Калі табе аднойчы разбіваюць сэрца, ты склейваеш яго па кавалках, залізваеш раны і спадзяешся, што зарастуць. На другі раз верыш, што першы быў выключэннем. А на трэці ты проста кладзеш спаласаванае сэрца ў сейф і забываеш пін-код. Ты забараняеш сабе пачуцці, ставіш блок на іх. Табе пашчасціць, калі знойдзецца настойлівы хакер і сам падбярэ запаветныя лічбы да сейфа, каб вызваліць тваё сэрца. А можа, і не пашчасціць, бо цуды часта здараюцца не з намі.

Мы паступова прывучаем цела да холаду, гартуючы яго. Душа гартуецца так жа. Яна прывыкае да холаду і болю. Яна чарсцвее, ледзянее. А мы становімся больш трывалымі і цынічнымі.

Яшчэ ў Я. Коласа дзед Курыла казаў «хлопчыку з чуткаю душой», Сымону-музыку, што такія ўразлівыя людзі не жывуць шмат, бо «не любяць свет і людзі, каб іх тайнасці пазнаць, каб заглянуць у іх грудзі і зняць тайнасці пячаць...» Вось і даводзіцца выбіраць чуллівым: хутка згарэць праз свае пачуцці ці забіць у сабе сымона-музыку.

Восем гадоў таму я ўпершыню зарэгістравалася ў сацыяльнай сетцы. Гэта быў Lіvejournal — ЖЖ. Мяне тады неверагодна натхніў фотаздымак, апублікаваны амерыканскай сяброўкай. Я ніколі не бачыла гэтую жанчыну, мы пазнаёміліся праз ЖЖ. Яна сфатаграфавала пейзаж за сваім акном: пышныя сосны ў шапках снегу. У нас — дажджы, слота, вецер, а там — шапкі прамяністага снегу. І ўсё гэта можна бачыць у жывым эфіры — прама зараз з іншага кантынента незнаёмы чалавек паказвае сваё наваколле, а ты дзелішся сваім, і вы зайздросціце адно аднаму.

Мне смешна і няёмка цяпер апісваць колішнія ўражанні, бо інтэрнэт стаў неад'емнай часткай жыцця, колькасць маіх акаўнтаў у сацсетках ужо імкнецца да дзясятка. Імгненным фота з іншага кантынента даўно нікога не здзівіш, і тым больш не натхніш і не ўразіш. Гэта я пра што? Пра тое, што ўсё прытупляецца, замыльваецца, чалавек да ўсяго прызвычайваецца. Нават да болю. Нават да смерці.

Панцыр з брані адначасова прыкрывае і сэрца, і душу. Ніякія пачуцці, эмоцыі не дабяруцца да іх. Ты не льеш слёзы над меладрамамі, цябе не калоціць ад чужога гора, ты нават пра сваю бяду холадна канстатуеш: «Бывае». І толькі калі Facebook зранку прышле напамін пра дзень нараджэння сябра, якога ўжо няма, нешта ўскалыхнецца ў грудзях. Ты не паспеў апрануць панцыр: не варта правяраць сацсеткі, яшчэ лежачы ў ложку. А ў цуды ўсё ж трэба верыць. Яны здараюцца. Хоць часам і не з намі.

Таццяна НЕМЧАНІНАВА,

заснавальніца дабрачыннага руху «Клуб 5000»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.