Вы тут

Размеркаванне з арыфметычным ухілам


У БДПУ на аднаго маладога педагога прыпадае да шасці заявак

Ёсць меркаванне, што сваё добрае імя і аўтарытэт у грамадстве настаўнікам трэба тэрмінова аднаўляць. Што імідж педагога залежыць не толькі ад узроўню матэрыяльнага дабрабыту, але, найперш, ад таго, наколькі сам педагог адпавядае патрэбам часу: ад яго здольнасці выходзіць за межы традыцыйных падыходаў і стэрэатыпаў, ад крэатыўнасці і эрудыцыі, ад умення вучыцца і вучыць гэтаму сваіх вучняў. Бо настаўнік перастае быць настаўнікам, калі перастае быць вучнем. А проста любіць дзяцей — недастаткова...

У вышэйшых навучальных установах, якія рыхтуюць педагагічныя кадры, набліжаецца да завяршэння размеркаванне. Журналісты «Звязды» наведалі Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка ў той дзень, калі ўніверсітэцкая камісія размяркоўвала выпускнікоў чатырох спецыяльнасцей фізіка-матэматычнага факультэта: будучых настаўнікаў фізікі, матэматыкі, інфарматыкі і тэхнічнай творчасці. Што адразу кідалася ў вочы, дык гэта вялікая колькасць сярод выпускнікоў «факультэта дакладных навук». Ці затрымаюцца яны ў сістэме адукацыі надоўга?

17-36

17-36

 

На радзіму...

— Усяго ў нас размяркоўваюцца сёння 133 чалавекі, у тым ліку 18 «мэтавікоў», а заявак ад наймальнікаў паступіла 213, — уводзіць нас у курс справы дэкан фізіка-матэматычнага факультэта Уладзімір ШЫЛІНЕЦ. — Паколькі вучыцца на нашым факультэце няпроста, то да выпускнога курса, на жаль, дайшлі не ўсе: колькасць адлічаных (тых, хто не справіўся з універсітэцкай праграмай) аказалася даволі істотнай.

Першымі размяркоўваліся выпускнікі спецыяльнасці «Матэматыка. Інфарматыка» — усяго 71 чалавек. Камісія зачытвае прозвішча выпускніка і месца, якое прапануецца яму для размеркавання. Адразу становіцца зразумелым, што для выпускнікоў размеркаванне не з'яўляецца непрыемным сюрпрызам. Усе мінчане застаюцца ў Мінску. Прычым многія з выпускнікоў ведаюць і канкрэтную навучальную ўстанову, дзе яны будуць працаваць, бо адтуль на іх рабілі персанальны запыт. Некаторыя са студэнтаў ужо працуюць у гэтых установах або праходзілі там педагагічную практыку і спадабаліся свайму будучаму кіраўніцтву. Што цікава, для сталічных жыхароў важна не проста застацца ў горадзе, але і выбраць школу, блізкую ад дому. Напрыклад, двое з хлопцаў пажадалі працаваць абавязкова ў Ленінскім раёне сталіцы і запасліся персанальнымі запытамі...

А вось іншагароднія выпускнікі, як правіла, вяртаюцца на радзіму. За Мінск ніхто не трымаецца...

— Нясвіжскі раён, мэтавае накіраванне... Вяртаецеся з радасцю? — цікавіцца ў выпускніцы намеснік старшыні ўніверсітэцкай камісіі па размеркаванні, прарэктар па вучэбнай і інфармацыйна-аналітычнай рабоце Валерый ЗЕЛЯНКЕВІЧ.

— Так.

— Поспехаў вам!

— У Салігорскі раён размяркоўваецеся? Чаму, як не замужам, дык адразу ў Салігорск, бліжэй да шахцёраў? — жартуюць члены камісіі, падбадзёрваючы наступную выпускніцу.

У геаграфіі размеркавання фігуруюць Клецкі, Смаргонскі, Чэрвеньскі, Мядзельскі, Бабруйскі, Мінскі, Барысаўскі, Смалявіцкі, Дзяржынскі, Валожынскі, Вілейскі, Астравецкі, Маладзечанскі раёны.

— Ёсць пытанні? Пажаданні? Сумненні? Тады размяркоўваемся? — цікавяцца ў чарговага выпускніка прадстаўнікі камісіі.

Усе пяцікурснікі пагаджаюцца і пакідаюць свае подпісы ў ведамасці.

17-37

17-37

 

Пачуць кожнага

Адна дзяўчына родам з Гродна прызнаецца, што едзе за сваім маладым чалавекам. Камісія яе жаданне задавальняе. Другая выпускніца замест размеркавання ў Мінскі раён просіць размеркаваць яе ў Мінск — у школу ў Фрунзенскім раёне. Тлумачыць, што позна зрабіла рэгістрацыю ў сталіцы, але запыт са школы ў яе ёсць.

— Паколькі студэнтка ўжо працуе ў школе год, маладую настаўніцу ведаюць і дзеці, і калегі, то чаму б нам не пайсці ёй насустрач, — разважаюць члены камісіі.

Яшчэ адна выпускніца просіць замяніць размеркаванне ў Нясвіжскі раён размеркаваннем у Дзяржынскі раён. «Купцы», якія асабіста прысутнічаюць на размеркаванні, пацвярджаюць сваю зацікаўленасць, кажуць, што «ахвотна яе забіраем». І гэта просьба, агучаная адразу з двух бакоў, камісіяй задавальняецца.

А вось мінчанка Таццяна размяркоўваецца ў Чэрвеньскі раён. Кажа, што гэта яе асабісты свядомы выбар... Дзяўчына з Карэліцкага раёна размяркоўваецца ў жодзінскую школу. «А як жа ваша радзіма?» — цікавяцца ў яе члены камісіі. «На гэты раз без мяне...» — жартуе студэнтка. «Мы не супраць».

Цікава, што першым месцам працы маладых спецыялістаў стануць не толькі школы. Выпускнікі педагагічнага ўніверсітэта будуць працаваць таксама ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы гандлю, машынабудаўнічым каледжы, механіка-тэхналагічным каледжы, у Цэнтры студэнцкай творчасці БДПУ, нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня», гарадскім адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Лідар», Мінскім палацы дзяцей і моладзі...

Мужчынскі калектыў — не праблема

Выпускніца спецыяльнасці «Фізіка. Інфарматыка» Наталля Сінкевіч размеркавалася ў Мінскі дзяржаўны ліцэй № 10 будаўнікоў. Цікавімся, ці будзе камфортна дзяўчыне працаваць у мужчынскім калектыве?

— Я выкладаю інфарматыку ў ліцэі ўжо другі год — універсітэт дазваляе студэнтам сумяшчаць вучобу і работу. Сапраўды, 90 працэнтаў маіх вучняў — гэта хлопцы: з 11 груп, у якіх я працую, дзяўчаты ёсць толькі ў дзвюх. Але я не бачу ў гэтым праблемы. Дапускаю, што многія з аднагрупнікаў, калі б апынуліся на маім месцы, не вытрымалі і збеглі б ад цяжкасцяў, але ў мяне баявы характар. Да таго ж мой наймальнік абяцае забяспечыць мяне жыллём у інтэрнаце і, адпаведна, рэгістрацыяй па месцы пражывання. Я сама не мінчанка, таму для мяне гэта важны бонус.

Хтосьці размяркоўваецца ўслед за мужам, таму ніякіх пярэчанняў з боку камісіі няма. Выпускніцы спецыяльнасці «Фізіка. Тэхнічная творчасць», у якой у Мінску ёсць сям'я і дзіця, таксама ідуць насустрач. Хоць планавых месцаў у сталіцы па яе профілі падрыхтоўкі пакуль няма, але яе ўсё ж такі размяркоўваюць у Камітэт па адукацыі ў Мінску. Яшчэ аднаму мінчаніну прапануюць размеркаванне або ў Камітэт па адукацыі (адкуль пакуль няма запытаў), або, калі ён пажадае, у Смалявічы, дзе яго рады будуць бачыць.

Выпускнікоў, якія разбіраюцца ў інфармацыйных тэхналогіях, ахвотна забірае і родны ўніверсітэт: працаваць інжынерамі-праграмістамі на кафедру інфарматыкі або ў Цэнтр па развіцці інфармацыйных тэхналогій (у аддзел электронных дакументаў). А ў аднаго з пяцікурснікаў першым працоўным месцам стане Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі, дзе ён будзе займацца экспертызай электронных сродкаў навучання прыродазнаўча-навуковага цыкла.

— Вы там ужо працавалі? Тады поспехаў вам. Не падвядзіце, — кажуць свайму выпускніку члены камісіі.

«Найлепшых людзей аддаём, сярэдні бал 8,4», — гэта ўжо словы ў падтрымку студэнткі, якая размяркоўваецца ў адну з мінскіх школ.

«Ці падабаецца вам будучая работа?» — цікавіцца Валерый Зелянкевіч у наступнай студэнткі і чуе ў адказ: «Вельмі».

Але былі выпадкі, якія выбіваліся з агульнай карціны. Так, просьбу аднаго з выпускнікоў камісія катэгарычна адмовілася разглядаць. Справа ў тым, што замест таго, каб паехаць у Крупскі раён па дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста, студэнт вырашыў працаўладкавацца ў органы ўнутраных спраў.

— Мэтавая падрыхтоўка — гэта святое. Варыянт адзін — або адпрацаваць, або вяртаць грошы за ўсе гады навучання! — патлумачылі яму ў камісіі.

Яшчэ адзін студэнт паабяцаў прынесці ў рэзервовы дзень на сябе персанальны запыт, які пакуль не паспеў прыйсці з Гомеля. Таму рашэнне адправіць яго ў Стаўбцоўскі раён было адкладзена да 23 красавіка.

Знайшоўся і малады чалавек, які на размеркаванне ўвогуле не прыйшоў.

Хто ў дэфіцыце?

Начальнік аддзела кадраў БДПУ Валерый Алавяннікаў расказаў, што ў гэтым годзе на 721 выпускніка дзённай бюджэтнай формы навучання ўніверсітэт атрымаў 2289 заявак! Па некаторых спецыяльнасцях універсітэт забяспечвае патрэбу сваіх асноўных заказчыкаў — устаноў адукацыі Мінска і Мінскай вобласці — менш чым напалову. У іншыя рэгіёны размяркоўваецца невялікая колькасць выпускнікоў — ад 3 да 5 працэнтаў, паколькі ў кожным абласным цэнтры ёсць свае ўніверсітэты.

Яшчэ колькі гадоў таму самымі дэфіцытнымі ў сістэме адукацыі былі настаўнікі фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, але сітуацыя кардынальна змянілася, і сёння катастрафічна не хапае настаўнікаў пачатковай школы і выхавальнікаў дашкольных устаноў. Так, на 134 выпускнікі факультэта дашкольнай адукацыі паступіла 778 заявак, а на 76 выпускнікоў факультэта пачатковай адукацыі было 340 заявак.

— Прашу заўважыць, што цяпер магчымасць працаўладкавання ў Мінску і абласных цэнтрах не залежыць ад наяўнасці рэгістрацыі ў гэтых населеных пунктах, а вызначаецца толькі самім наймальнікам, — падкрэслівае Валерый Алавяннікаў. — Мы нікому не адмаўляем у размеркаванні ў Мінск на той падставе, што чалавек родам з іншых месцаў. Гэта яго права. Выпускнікі самі ацэньваюць свае магчымасці на самастойнае дарослае жыццё ў сталіцы. Добра, калі наймальнік бярэ на сябе абавязацельства забяспечыць маладога спецыяліста жыллём. А калі ў яго няма такой магчымасці? І многія, цвяроза ацаніўшы свае шанцы, вяртаюцца на радзіму, бліжэй да бацькоўскага дому...

Адзін з прынцыпаў работы камісіі па размеркаванні — зрабіць усё для таго, каб працоўная дзейнасць выпускнікоў пачыналася ў максімальна камфортных для іх умовах. Натуральна, не парушаючы пры гэтым заканадаўства.

— Мы лічым, што перспектывы ўпісацца ў педагагічны калектыў і застацца ў сістэме адукацыі надоўга залежаць ад таго, расчыніла школа свае дзверы перад выпускніком або толькі прыадчыніла. Проста выдатна, калі выпускнік размяркоўваецца ў школу, дзе ён праходзіў педагагічную практыку або ўжо працаваў там настаўнікам, у камфортную псіхалагічную атмасферу. Гэта вельмі спрашчае адаптацыйны перыяд. Ва ўсіх выпускнікоў была магчымасць выбіраць з некалькіх варыянтаў, усё абдумаць з улікам сваіх сямейных абставінаў і прыняць найбольш узважанае рашэнне. Патэнцыяльныя наймальнікі выходзілі на кіраўніцтва факультэтаў, нагледжвалі для сябе будучых спецыялістаў, удзельнічалі ў папярэднім размеркаванні, спрабуючы зацікавіць студэнтаў выпускнога курса. А паколькі ёсць выбар, то і праблемы адсутнічаюць. Настаўнік — вельмі запатрабаваная прафесія. І яна будзе такой заўсёды.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».

Культура

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Гісторыка-прыгодніцкая стужка пра Беларусь, беларуса-ваяра і беларуса-вучонага.

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці.