Вы тут

Мацней, чым «Фауст» Гётэ


Вялікі паэт спецыяльна для оперы Радзівіла па матывах трагедыі напісаў некалькі сцэн

Днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстаўка кніг роду Радзівілаў. Некаторыя з іх былі толькі нядаўна набыты або падораны бібліятэцы. Іншыя атрымалі новае прачытанне, разгадку некаторых невядомых раней таямніц.

[caption id="attachment_80320" align="alignnone" width="600"]Ілюст­ра­цыя да нот­на­га кла­ві­ра Ан­то­нія Ген­ры­ка Ра­дзі­ві­ла. Ілюст­ра­цыя да нот­на­га кла­ві­ра Ан­то­нія Ген­ры­ка Ра­дзі­ві­ла.[/caption]

Галоўны бібліятэкар Марыя ШОПІНА адзначыла, што сёлета адзначаецца адразу некалькі юбілейных дат роду Радзівілаў — Мікалая Чорнага, Антонія Генрыка, Марыі Дароты дэ Кастэлян і яшчэ некалькіх. Для таго, каб годна адзначыць гэтыя юбілеі, з фонду адабралі найбольш каштоўныя кнігі.

Сярод новых паступленняў — славутая Радзівілаўская карта, 1640 года перавыдання. Гэта першая буйнамаштабная карта Вялікага Княства Літоўскага. Яе набылі летась на сродкі гранта Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва.

Восем асобнікаў «новых» кніг бібліятэцы падарыла Моніка Банькоўская — сакратар-рэферэнт швейцарскага цюрыхскага ўніверсітэта, беларуская славістка. Даследчыца займаецца берлінскай лініяй Радзівілаў, пачынальнікам якой лічыцца Антоній Генрык. Банькоўская падаравала бібліятэцы дзённікі, перапіску, якія ў свой час (ХІХ стагоддзе) адрэдагавала і падрыхтавала да друку Марыя Дарота Радзівіл дэ Кастэлян. Многія з іх маюць арыгінальнае аздабленне, уладальніцкія пераплёты, пазнакі пераплётных майстэрань, экслібрысы.

Асаблівую ўвагу звяртае на сябе першае выданне клавіра, якое пабачыла свет у 1835 годзе, — опера, напісаная Антоніем Генрыкам Радзівілам па матывах твора Гётэ «Фаўст». Гэты твор унікальны і тым, што вялікі паэт спецыяльна для яго напісаў некалькі сцэн — чаго не рабіў ніколі ні для аднаго іншага кампазітара.

Музыказнаўца Віктар СКАРАБАГАТАЎ распавёў, што пасярэднікам паміж Радзівілам і Гётэ выступіў рэктар берлінскай пеўчай акадэміі Карл Цэльтар, які сябраваў з імі абодвума. Справа ў тым, што Антоній Генрык быў жанаты на пляменніцы прускага караля Луізе Гагенцолерн, жыў у Берліне, у палацы на Вільгельмштрасэ. Цэльтар быў добра знаёмы з ім, заказваў музыку для хору і так пісаў пра яго ў асабістым лісце да Гётэ: «Часам Радзівіл такой удалай нотай трапляе ў радок верша...»

Вялікі нямецкі паэт раздумваў шэсць гадоў («Фаўст» выйшаў з друку ў 1808 годзе, спатканне з кампазітарам адбылося толькі ў 1814 годзе), аднак усё-такі згадзіўся стварыць лібрэта да «Фаўста». Ён дапісаў сцэну ў садзе, у Велікоднай містэрыі — дуэт Фаўста з Грэтхен — тое, чаго няма ў трагедыі. Вядома, сам твор скараціў на карысць драматургіі, якую прадставіла музыка Радзівіла. Пазней у сваім дзённіку Гётэ напісаў: «Геніяльна. Парывістая кампазіцыя». Пісаць для іншых кампазітараў Гётэ катэгарычна адмаўляўся. Віктар Скарабагатаў лічыць: «Князь, відаць, — апошні трубадур нашай эпохі».

Цікава і тое, чаму сам Радзівіл узяўся за «Фаўста». Аказваецца, на радзіме ў яго быў уласны прататып гэтага героя — яго дзед Марцін. Гэты сваяк атрымаў каласальную адукацыю. Вярнуўшыся дадому, іграў на многіх інструментах, ведаў шмат моў, займаўся алхіміяй, вышукваючы філасофскі камень. У сваёй брэсцкай сядзібе пабудаваў медыцынскую лабараторыю. З розных моў перакладаў літургічныя тэксты, урэшце адмовіўся ад каталіцызму і прыняў іўдаізм. Яго родныя настолькі спужаліся, што звярнуліся да караля, прадставіўшы сваяка як вар'ята. У Марціна адабралі ўсё, а самога замуравалі ў слуцкім замку, дзе ён, іграючы на скрыпцы, і памёр. Такі вось хатні Фаўст двара Разівілаў.

Антоній Генрык, беручыся за твор, меў на ўвазе і яшчэ адну акалічнасць: у творы шмат напісана пра д'ябла, але нічога пра Бога. Ён вырашыў памяняць такое становішча рэчаў. Галоўным героем оперы выступае ўжо не Фаўст, а Грэтхен. І, на думку Віктара Скарабагатава, у творы ёсць яскравыя адсылкі да кожнай з 10-ці біблейскіх запаведзяў.

Гэта толькі адна з разгаданых таямніц радзівілаўскіх кніг. Але ж колькі яшчэ ў іх загадак?..

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Беларусь і Кітай адзначаюць адметную дату — 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін.

Грамадства

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Псіхолагі раяць пачынаць не з маніторынгу рынку, а з некалькіх пытанняў самому сабе — каб вызначыцца з прыярытэтамі.

Грамадства

Уладзімір Мішчанчук: Марым аб брыльянтавым вяселлі

Уладзімір Мішчанчук: Марым аб брыльянтавым вяселлі

Уладзімір Мішчанчук — заслужаны артыст БССР, дэкан тэатральнага факультэта БДАМ, прафесар.

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.