Вы тут

Пра ядзерныя тэхналогіі — папулярна


У Мінску з'явіўся першы ў краіне Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі. На яго ўрачыстым адкрыцці пабываў карэспандэнт «Звязды».

Цэнтр стаў 22-м у шэрагу аналагічных па ўсім свеце. Іх стварае карпарацыя «Расатам» у тых краінах, дзе ў будаўніцтве атамных станцый выкарыстоўваюцца расійскія тэхналогіі. Як вядома, менавіта спецыялісты з нашай усходняй краіны-суседкі будуюць Беларускую АЭС у Астравецкім раёне. Яшчэ ў 2009 годзе ў Астраўцы з'явіўся інфармацыйны цэнтр па будаўніцтве АЭС, цяпер жа чарга дайшла і да сталіцы.

Інфармацыйны цэнтр займае некалькі памяшканняў у будынку Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці на вуліцы Макаёнка.

— Сістэма адукацыі Беларусі падключылася да падрыхтоўкі спецыялістаў па эксплуатацыі атамнай электрастанцыі, — распавёўнамеснік міністра адукацыі Віктар ЯКЖЫК на ўрачыстым адкрыцці. — У першую чаргу размова ідзе пра інжынераў. Установы дадатковай адукацыі, арыентаваныя на школьнікаў, якраз даюць унікальную магчымасць папулярызаваць тэхнічныя прафесіі. Але цэнтр будзе працаваць і на дарослую аўдыторыю, бо пытанні бяспекі атамнай энергіі актуальныя для ўсіх. Акрамя таго, гэта яшчэ адзін з сумесных праектаў па дадатковай адукацыі, які мы рэалізуем разам з Расійскай Федэрацыяй, і спадзяёмся, што наведваць установу будуць не толькі мінчане і жыхары рэгіёнаў Беларусі, але і расійскія школьнікі.

Галоўны аб'ект цэнтра — сучасны мультымедыйны кінатэатр, які аб'ядноўвае ў сабе 3D-праекцыю, камп'ютарную графіку і анімацыю, стэрэагук. Гледачы размяшчаюцца за сталамі з персанальнымі маніторамі і інтэрактыўнымі кансолямі, з дапамогай якіх могуць знаёміцца з адукацыйнымі ролікамі. Журналістам прадэманстравалі адзін з іх пад назвай «Гарызонты атама»: на вялікім экране наглядна паказалі, як радыяцыя выкарыстоўваецца ў медыцыне, мытнай справе, іншых сферах жыцця. Кожны з ролікаў завяршаецца невялікай гульнёй у форме віктарыны, пры дапамозе якой карыстальнік замацоўвае веды на практыцы.

Не менш цікавыя аб'екты знаходзяцца ў фае цэнтра. Гэта, напрыклад, інтэрактыўны макет Беларускай АЭС, што ўяўляе з сябе карту з замацаванымі побач планшэтнымі камп'ютарамі, на якіх усталявана спецыяльная праграма. Карыстальнік наводзіць камеру планшэта на карту і ў інтэрактыўным рэжыме вывучае інфраструктуру станцыі, прызначэнне і характарыстыкі розных яе аб'ектаў. Дарэчы, праграму можна ўсталяваць на свой смартфон або планшэт і бліжэй «пазнаёміцца» са станцыяй ужо дома. Побач — універсальны радыёметр, стаўшы на платформу якога кожны ахвотны можа паглядзець, наколькі моцнае радыяцыйнае выпраменьванне стварае яго арганізм. Яшчэ адзін макет дэманструе працу сістэм бяспекі сучасных АЭС.

Першымі наведвальнікамі Інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі сталі навучэнцы Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. 11-гадовыя Сяргей КАРАЛЁЎ і Мікіта КІЖЫК займаюцца тут авіямадэляваннем.

— Мне больш за ўсё спадабалася карта горада ў 3D, — кажа Мікіта, — усё аб'ёмнае, прыгожае. Зацікавіла карта свету, на якой можна знайсці ўсе атамныя электрастанцыі ў розных краінах і пачытаць пра іх. Шчыра кажучы, тут можна некалькі гадзін правесці і не паглядзець усё.

— Увогуле, нас вельмі цікавіць атамная энергетыка, — дадае Сяргей. — Асабіста я заўсёды хацеў займацца навукай, можа быць, зраблю выбар якраз на карысць атамнай энергетыкі, бо гэта неверагодна цікава.

— На жаль, сёння многія не разумеюць таго, што атамная энергетыка — падмурак энергетычнай бяспекі нашай краіны, бо зараз мы надта моцна залежым ад такога энергарэсурсу, як газ, — зазначыў намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір СЯМАШКА, які таксама паўдзельнічаў у адкрыцці. — Нарэшце ў нас з'явілася месца, дзе мы можам кожнаму патлумачыць, чаму сучасная атамная энергетыка бяспечная і ў чым яе перавагі над астатнімі крыніцамі энергіі. Акрамя таго, нам трэба выхоўваць наступнае пакаленне, у рукі якога мы перададзім станцыю.

Інфармацыйны цэнтр будзе працаваць на некамерцыйнай аснове. Акрамя праграм па атамнай энергетыцы, у ім будуць праграмы па астраноміі, прыродазнаўстве і іншых навуках.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

У ліпені ў Мінску ў трох паліклініках — 10-й, 23-й і 37-й — былі адкрыты кабінеты «За жыццё», дзе праводзяць перадабортнае кансультаванне.

Грамадства

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Ці лічыце вы мэтазгодным устанаўленне адзіных патрабаванняў да саіскальнікаў вучоных ступеняў па колькасці апублікаваных навуковых работ незалежна ад галіны навукі?

Культура

«Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе»

«Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе»

Фалькларыст і этнахарэограф Сяргей Выскварка ведае, што кажа. 

Грамадства

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Сучасныя малыя ведаюць алфавіт, але не ўмеюць гуляць.