Вы тут

«Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Бярозка» і росквіт вясны


Красавік, які па паводзінах хоць і нагадвае ветранага, «творчага» на ўсю галаву пісьменніка, а ўсё ж не дае засумаваць і нясе подых свежага ветру і сонечныя промні ў сучасную беларускую літаратуру. Сагрэтыя ўсё яшчэ халодным, але ўжо вясновым сонцам, актывізаваліся паэты, пісьменнікі, крытыкі і публіцысты.

Меланхалічны настрой (а іншага ад пісьменніка-красавіка чакаць пакуль не даводзіцца) падтрымае ў вас  часопіс «Полымя». Наталля Туміловіч таксама звярнулася да мінулага, але не свайго. Апавяданне «У кожнай сястрыцы свае таямніцы» пра тое, калі хочаце, як складана пяці гаспадыням на адной кухні. Асабліва калі яны — адна сям'я, таму ведаюць адна пра адну болей, чым трэба.

Каб лепей зразумець адметнасці беларускай літаратуры, параўнайце яе з сусветнай. У рубрыцы «Галасы свету» Мішэль Луё пакажа вам, што вывучэнне французскай мовы можа ўяўляцца і дэтэктыўнай прыгодай, і геаграфічным даследаваннем, і старажытным паляваннем, а формы часу могуць пужаць, спакушаць, прыцягваць ці развязваць язык — усё залежыць ад фантазіі, умення бачыць паралелі. Рамантычныя і не заўсёды зразумелыя героі, абвостраныя адчуванні і нечаканыя падтэксты — навела «Папярэдні мінулы час» Мішэля Луё пацвердзіць усе ўяўленні пра Францыю і адгукнецца шчымлівай цеплынёй у сэрцы кожнага аматара гэтай краіны. А вось «Белы матылёк» разбурыць гэта адчуванне і перанясе вас у Японію, а дакладней, у яе квітнеючыя сады і чайныя, дзе вы і пакаштуеце японскую мову. А які ж ён, Мішэль Луё, на самой справе, хто тыя загадкавыя героі яго твораў? Пра гэта вы даведаецеся ад яго самога ў інтэрв'ю, якое знойдзеце адразу пасля навел.

У рубрыках «Дзённікі» даведаемся больш пра Міколу Лобана. А дакладней, убачым яго самога і жыццё навокал яго ж вачыма праз асабістыя запісы пісьменніка за 1953—1965 гады. Папярэджваем: усё вельмі сур'ёзна, пісьменніцкім вар'яцтвам і жартам месца тут няма, таму аматары «лёгкіх» успамінаў могуць прагартаць гэтыя старонкі і спыніцца на тых, дзе пра Мікалая Паўлавіча распавядае яго сябар Ніл Гілевіч. Хто ж яшчэ распавядзе вам пра лыжныя вандроўкі літаратурнага трыа (М. Лобан, С. Грахоўскі, Н. Гілевіч) і пра тое, як пісьменнікі адаграваліся пасля іх?

У рубрыцы «Дыскусія» пачытаем меркаванні на шматбаковую і набалелую тэму: элітарная і масавая літаратура. Тое, што «літаратурны фастфуд» шмат у чым саступае сбалансаванаму меню класічнай літаратуры, разумеюць, здаецца, усе, але чаму ж тады не ўсе прытрымліваюцца ЗЛЧЖ (здаровага ладу чытацкага жыцця)? І чаму ўсё ж «Бэтмэн ніколі не пераможа Быкава», чытайце ў матэрыялах дыскусіі «Не размінуцца з Атлантыдай класікі».

Часопіс «Маладосць» прысвечаны конкурсу «БрамаМар», таму першым нумарам літаратурнай праграмы аб'явім студэнтаў і выкладчыкаў Інстытута журналістыкі БДУ. Крытыка і крытыкі, сентыментальныя ўспаміны і смелы погляд у будучыню гэтага жанра... Не ўсё так проста, як магло здавацца!

29-11

Калі вы не аматар прафесійнага разбору мастацтва, а больш любіце гісторыі пра жывых і сапраўдных, пажадана з дзівацтвамі, людзей, зазірніце ў рубрыку «Вяртанне», там вас будзе чакаць Арцём Кавалеўскі, які пакажа вам Мінск «гарадскіх вар'ятаў», бо тут жа, як і ў любым вялікім горадзе, «апроч стракатых, ладна прыбраных вітрын, дагледжаных сквераў, утульных кавярняў ды падкрэслена прыстойных твараў заклапочаных месцічаў, вы абавязкова натрапіце на твары іншыя, менш прыстойныя і заклапочаныя, з усмешкаю альбо без, твары, на якія не прынята арыентавацца паспяховаму жыхару заможнага мегаполіса». Гераіня пэўных часоў такога Мінска — паэтка Джэма-Ала Церахава. Прыгледзьцеся ўважліва да яе партрэта ў «Маладосці», можа быць, вы калісьці бачылі яе на вуліцах «дзівацкага» Мінска? А калі дзівацтвы зусім не для вас, прачытайце апавяданне Аксаны Рудзікоўскай «Кіно», адзначанае ў намінацыі «Проза», там усё проста, шчыра і зразумела.

Але памятаем, што і па-за журфакам шмат чаго цікавага адбываецца ў літаратуры. Што можа здарыцца, калі вышэй памянёныя дзівацтвы не знойдуць сабе выйсце праз творчасць ці яшчэ нешта, можна даведацца з твора Алеся Яфімава «Каменная ноч». Вы, напрыклад, ніколі не думалі пра самагубства? Не ўзнікала жадання абрынуць на планету велізарны астэроід, пасля якога ніхто не выжыве? Як звязаны паміж сабой гэтыя два, мякка кажучы, не зусім здаровыя жаданні, ці можа адзін чалавек намаганнем думак арганізаваць канец усяму свету і ці можна не прайграць у спрэчцы з самім сабой? Ёсць над чым паразважаць бяссоннай ноччу, ці не так?

А для тых, хто знаходзіць незвычайнае ў штодзённым, а дакладней, у паўсядзённасці мінулага, у «Эпісталярыі» змешчаны дзённік незвычайнай у сваёй звычайнасці жанчыны, Алены Спірыдонавай. Не пісьменніца, не мастачка, не спявачка, «адна з нас», блізкая, шчырая і таму прыцягвае ўвагу. Жыццё як яно ёсць, так, як яго ўспрымаем мы — праз адчуванні, спадзяванні і ўспаміны.

На падставе вышэй згаданых матэрыялаў зможаце разабрацца, да якой катэгорыі адносіць аповесць Аляксандра Атрушкевіча «Тайна люстранога карпа», якой пачынаецца часопіс «Нёман». Адначасова можаце ўявіць, што б вы зрабілі на месцы галоўнай гераіні, на якую нечакана звалілася вялікае багацце, а потым... Не, не буду казаць, самі прачытаеце, упэўнена, з задавальненнем.

Тым, хто любіць бавіць вясновыя вечары сам-насам з пачуццём смутку, часопіс «Нёман» спадабаецца больш. Да вашых паслуг тут і грамадзянская, і філасофская, і любоўная лірыка, і зноў жа настальгія па страчаным часе. Тыя, хто цікавіцца гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, з задавальненнем прачытаюць дакументальную аповесць Аляксандра Асіноўскага «Партрэт хлопчыка на навальнічным фоне» і артыкул Ігара Катлярова «Народная памяць пра Вялікую Пегамогу ў Вялікай вайне». Хто сочыць за развіццём рамана «Іезавель» Ірэн Неміроўскі, нарэшце даведаюцца, чым ён скончыцца, а калі некаму бліжэй сусветная паэзія, то ў «Нёмане» вершы Бёрыса фон Мюнхаўзена (так-так, з роду «таго самага Мюнхаўзена») — сапраўднага рыцара і паэта.

Часопіс «Бярозка» парадуе сваіх цікаўных чытачоў, пачынаючы ўжо з другой старонкі. На ёй — падарунак ад Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея імя Я. Коласа. Які пісьмовы прыбор стаяў на стале ў паэта, ці акуратна ён вёў свае рукапісы і каму не паспеў дапісаць апошні ліст — чытайце ў рубрыцы «Незапыленае».

29-8

Прагу да ведаў падтрымае ў вас Павел Бацылеў. Юны навуковец расказаў карэспандэнту «Бярозкі», як аднойчы рашаў хімічную задачу і прыдумаў алгарытм праграмы, якая сама можа разабрацца з задачамі. Праграма «Хімія Х10», пра якую ідзе гаворка, зрабіла хлопца вядомым і забяспечыла працоўным месцам яшчэ да заканчэння школы. Хтосьці ўжо пабег перавыконваць школьную ці ўніверсітэцкую праграму? Ну што ж, а з тымі, у каго дакладныя дысцыпліны не выклікаюць энтузіязму, пачытаем мастацкую літаратуру. У рубрыцы «Беларуская літаратура» падрабязна разбярэм твор Івана Шамякіна «Сэрца на далоні», якім ужо 50 год захапляюцца ўсе чытачы! А калі табе, дружа, падаецца, што не ўсе, пачытай артыкул Таццяны Іванаўны Шамякінай, яна абавязкова дапаможа зразумець і палюбіць гэты раман!

Для тых, каго прывабліваюць чужыя сакрэты, цікавай будзе рубрыка «Настаўніцкая на праслушцы». У гэтым нумары пад увагу сакрэтных карэспандэнтаў «Бярозкі» трапілі нават тры школы! Што настаўнікі думаюць пра сучасныя гаджэты на ўроках, як яны раяць пачаць размаўляць па-беларуску і што такое крэатыў па шаблоне — чытайце ў красавіцкім нумары.

Акрамя ўсяго вышэйпералічанага — новы ўрок у «КінаШколе» Андрэя Палупанава, парады псіхолага спецыяльна для дзяўчат, падарожжа па невядомых куточках Беларусі і, безумоўна, самыя лепшыя літаратурныя творы пачаткоўцаў — пісьменнікаў і паэтаў.

Прыемнага чытання!

Кацярына Захарэвіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.