Вы тут

Багданаўка


На вашы пытанні адказвае старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі Ігар КАПЫЛОЎ.

Добры дзень, паважаная рэдакцыя! Прашу вас расказаць пра паходжанне назвы нашай вёскі Багданаўка, якая знаходзіцца ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці. Існуе тры легенды пра яе паходжанне. Першая гаворыць пра тое, што нашай вёскай валодаў пан Багдан — і ад гэтага пайшла назва. Другая, больш рамантычная, сведчыць пра тое, што ў час паўстання Багдана Хмяльніцкага некалькі чалавек з прозвішчамі: Антановіч, Савіч, Ільючык, Мелюх, Кавалевіч, Ярмольчык — засталіся хавацца тут ад улад, стварылі паселішча і назвалі яго ў гонар свайго атамана. І трэцяя, самая прагматычная, апавядае пра тое, што сялянам не хапала зямлі і яны ў лесе знаходзілі палянкі і, пераўтварыўшы ў ворныя землі, называлі іх ніўкамі, але гэтыя землі былі неўрадлівымі. І калі ў іх запытвалі, як ніўка, то адказвалі — бяда, а не ніўка. Адсюль і пайшла назва Беданіўка. А пасля, напэўна, для лепшага вымаўлення, сталі казаць Багданаўка. На гістарычнай карце 1800-га года ёсць наша вёска. Хацелася б ведаць, што гаворыць аб гэтым гістарычная навука: калі ўзнікла і пра паходжанне назвы.

Сяргей Ярмольчык.

Жыццё населеных пунктаў часам нечым падобнае да жыцця людзей. Нараджэнне, станаўленне, развіццё, перыяды ўздыму і заняпаду, радасць і гора, смерць — фактычна праз усе гэтыя этапы прайшлі многія населеныя пункты Беларусі. Многа зведала ў сваім доўгім жыцці і вёска Багданаўка Лунінецкага раёна, але, на шчасце, ваша вёска не знікла бясследна з карты Беларусі, а наадварот, жыве і развіваецца. Сёння гэта адно з найбуйнейшых паселішчаў нашай краіны, у якім, па звестках энцыклапедычных даведнікаў, на пачатку XXІ стагоддзя налічвалася 23 вуліцы, 658 гаспадарак і 2047 жыхароў. Кожнае стагоддзе пакінула свой адметны след у гісторыі вёскі. Найбольш цяжкім і складаным аказалася XX стагоддзе: Багданаўка зазнала польскую акупацыю (1919 — 1920), затым няпростае жыццё ў складзе Польшчы з 1921 па 1939 год, акупацыю нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941 годзе. Асабліва трагічным быў 1944 год, калі ў сувязі з блакадай партызанаў атрада «За Радзіму» карнікі спалілі 395 двароў і знішчылі 34 жыхары. Аднак, нягледзячы ні на якія суровыя выпрабаванні, вёска адрадзілася і сёння заслугоўвае таго, каб вывучаць і папулярызаваць яе гісторыю.

Дакладная дата ўзнікнення паселішча невядомая. Але на Генеральнай карце «Беларускія землі ў канцы XVІІІ стагоддзя», змешчанай у другім томе «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі», ваша вёска ўжо значыцца. Гэта карта адлюстроўвае паселішчы, якія былі на нашых землях да першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе. Вёска Багданаўка зафіксавана ў вопісе зямельных уладанняў 1775 года. На той час яна адносілася да маёнтка Пагост Пінскага павета і была ва ўладанні прадстаўнікоў старажытнага беларускага роду Друцкіх-Любецкіх. Пазней, як сведчаць гістарычныя крыніцы, у 1800 годзе на тэрыторыі Пінскага павета былі фальварак і вёска з назвай Багданаўка, у якіх налічвалася 51 сялянскі двор, 2 двары чыншавай шляхты, 304 душы сялян, 11 — шляхты. Па звестках энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», у пачатку XX стагоддзя ў фальварку было 2 двары і 8 жыхароў, а ў вёсцы — 168 двароў, 1210 жыхароў.

Паходжанне назвы вёскі даволі празрыстае: асновай для яе паслужыла старажытнае славянскае імя Багдан. Фінальная частка наймення — аўка ўказвае на індывідуальную прыналежнасць паселішча. Такім чынам, назву вёска атрымала ад імя яе заснавальніка або ўласніка зямлі, на якой было пабудавана паселішча — Багдана. З беднай (неўрадлівай) зямлёй назва вашай вёскі не мае ніякай сувязі. Непраўдападобнай з'яўляецца і версія пра тое, што назва паходзіць ад імя палкаводца і ўкраінскага грамадскага дзеяча Багдана Хмяльніцкага. Але абедзве легенды маюць права на жыццё, яны спрыяюць папулярызацыі гісторыі паселішча, стымулююць да новых краязнаўчых пошукаў. На тэрыторыі Беларусі вёскі, у назвах якіх адлюстравана імя Багдан, сустракаюцца вельмі часта: Багданаўка (Талачынскі раён Віцебскай вобласці, Рэчыцкі раён Гомельскай вобласці, Кіраўскі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Мсціслаўскі, Хоцімскі, Чэрыкаўскі раёны Магілёўскай вобласці); Багданаўшчына (Лідскі раён Гродзенскай вобласці, Дзяржынскі раён Мінскай вобласці); Багданы (Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці); Багданавічы (Кармянскі раён Гомельскай вобласці); Багданава (Бешанковіцкі, Мёрскі, Сенненскі, Чашніцкі, Шумілінскі раёны Віцебскай вобласці, Валожынскі раён Мінскай вобласці); Багданова (Браслаўскі, Пастаўскі, Ушацкі раёны Віцебскай вобласці)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».