Вы тут

Агурочнік


Гэтая шматгадовая травяністая расліна, густа пакрытая шорсткімі валаскамі, робіць уражанне злоснага пустазелля. Ад гэтых валаскоў паходзіць яе навуковая лацінская назва — Borago offіnalіs, бо burra на лаціне — «шорсткія валасы» або «шчацінне». Часам па-беларуску або па-руску яе называюць «бурачнік», хоць з буракамі яна не мае нічога агульнага, гэта толькі трошкі перайначаная навуковая назва. А найбольш пашыраная назва — агурочнік, агурочная трава. Ад лісця ідзе даволі моцны водар агурка, ды і смакам гэтая расліна нагадвае агурок з ноткамі цыбулі.

5-19

Радзімай агурочніку лічыцца Сірыя, адкуль ён паступова распаўсюдзіўся па ўсёй былой Рымскай імперыі, а потым ледзь не па ўсёй Еўразіі, апроч самых халодных рэгіёнаў. Сок і салаты з лісця паляпшаюць дзейнасць сэрца, нармалізуюць абмен рэчываў, надаюць бадзёрасць, аказваюць супрацьзапаленчае дзеянне на арганізм. Таму агурочнік меў рэпутацыю танізуючага сродку, які нібыта ўздымае настрой, паляпшае ўвагу і г.д.

Рымскім легіянерам давалі настой агурочніку перад вырашальнымі бітвамі як своеасаблівы «эліксір мужнасці», і гэтае ўяўленне глыбока пранікла ў заходнюю культуру, паспрыяўшы значнаму пашырэнню пачатковага арэала.

Шмат стагоддзяў таму трапіў агурочнік і ў Рэч Паспалітую, дзе яго выкарыстоўвалі, апроч салату, пры марынаванні агуркоў. А ўвогуле спосабаў выкарыстання расліны ў кулінарыі ёсць процьма.

Вялікае, моцна зморшчанае лісце (часам і кветкі) агурочніку ўжываюць у веснавых салатах (у Германіі такія салаты звычайна гатуюць з кропам, а таксама робяць з агурочніку адмысловы «зялёны соус». У Францыі і Італіі яго дадаюць у тушаныя стравы і вараць супы. Сцябло, ачышчанае ад скуркі, адварваюць як гародніну, праціраюць на пюрэ, якое падаюць як гарнір да рыбы ці мяса). У Брытаніі і Паўночнай Амерыцы лісце выкарыстоўваецца як інгрэдыент прахаладжальных напояў і алкагольных кактэйляў (часта ў спалучэнні з мятай). А таксама дадаюць у некаторыя гатункі джыну. У Кітаі з лісцем агурочніку гатуюць страву накшталт галубцоў або далмы. І гэта толькі сціслы, далёка няпоўны пералік гастранамічных магчымасцяў агурочніку.

Таксама агурочнік — выдатны меданос, а яшчэ — надзвычай карысны «кампаньён» для бульбы і памідораў, бо многія шкоднікі гэтых раслін, у тым ліку каларадскі жук, не выносяць паху агурочніку.

У сучаснай медыцыне гэтая расліна выкарыстоўваецца пры лячэнні бранхіту, прастуды, запаленняў унутраных органаў (у прыватнасці, нырак) рэўматычных захворванняў. Найбольшае выкарыстанне знайшоў алей з насення агурочніку — адзін з рэкардсменаў сярод раслінных экстрактаў па колькасці поліненасычаных тлустых кіслот, у прыватнасці «Амега-3» і «Амега-6». Яго ўжываюць у мэтах прафілактыкі і дапаможнай тэрапіі атэрасклерозу і дзеля стымулявання работы наднырачнікаў, асабліва пасля сур'ёзных стрэсавых сітуацый або прыёму стэроідных гармонаў. Нават антычная вера ў «эліксір мужнасці» ў пэўнай ступені знайшла навуковае пацвярджэнне: алей з насення агурочніку спрыяе выпрацоўцы бэта-эндарфінаў у галаўным мозгу, якія аказваюць непасрэдны ўплыў на агульны настрой і эмацыйны стан.

Даўней у Беларусі агурочнік выкарыстоўваўся ў ежу значна шырэй, чым сёння. Вядомы этнограф Міхал Федароўскі занатаваў, што ў канцы ХІХ стагоддзя на захадзе Беларусі вельмі любілі веснавую салату з лісця агурочніку, прыпраўленую зялёнай цыбуляй, соллю і смятанай. Такая страва і, адпаведна, культываванне агурочніку ў гародах некалі былі асабліва распаўсюджаныя ў ваколіцах Слоніма, таму калі б там сёння задаліся мэтай адрадзіць дакументальна пацверджаныя рэгіянальныя стравы, дык трэба было б звярнуць увагу і на гэтае сведчанне Федароўскага.

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Кватэры разыходзяцца як гарачыя піражкі. 2023 год можа стаць сапраўды рэкордным

Кватэры разыходзяцца як гарачыя піражкі. 2023 год можа стаць сапраўды рэкордным

Як адзначаюць фінансавыя эксперты, рынак жылой нерухомасці выйшаў на беспрэцэдэнтна высокія паказчыкі па колькасці здзелак.

Культура

«Сцежкі жыцця» Паўліны Мядзёлкі

«Сцежкі жыцця» Паўліны Мядзёлкі

Была ў Купалы... Купалінка.

Калейдаскоп

Красоўкі і твідавы гарнітур — не пара

Красоўкі і твідавы гарнітур — не пара

Якія прамашкі жанчын у адзенні выдаюць адсутнасць густу?

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?