Вы тут

Абітурыенты, на старт!


2 мая ў краіне распачалася рэгістрацыя абітурыентаў на цэнтралізаванае тэсціраванне, якая будзе доўжыцца да 1 чэрвеня ўключна

Летась сваё жаданне ўдзельнічаць у прыёмнай кампаніі выказалі 105 тысяч 693 чалавекі, праўда, да пунктаў здачы тэсціравання па традыцыі дайшлі не ўсе. У 2013 годзе ахвотных здаваць ЦТ было 117 тысяч чалавек. Ужо па колькасці прайшоўшых рэгістрацыю на тэсты многія спрабуюць пралічыць, наколькі напружанай будзе ў гэтым годзе конкурсная сітуацыя.

6-42

6-42

 

— Сказаць, колькі знойдзецца сёлета ахвотных штурмаваць ВНУ, мы не бяромся. Колькасць выпускнікоў агульнаадукацыйных устаноў змянілася ў параўнанні з папярэднім годам нязначна, але выпускнікі школ, ліцэяў і гімназій звычайна складаюць толькі палову ад агульнай колькасці абітурыентаў, а другую палову складаюць выпускнікі прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, выпускнікі папярэдніх гадоў і студэнты малодшых курсаў платнай формы навучання, якія спрабуюць зноў паступіць на бюджэт, — тлумачыць дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай ФЯСЬКОЎ. — І вось гэтую другую палову нам прагназаваць даволі праблематычна. Але паколькі ў апошнія гады колькасць абітурыентаў няў-
хільна змяншалася, мы скарацілі ў гэтым годзе колькасць месцаў правядзення ЦТ з 58 да 51. Але мы не скарачалі месцы правядзення тэсціравання ў гарадах, дзе такі пункт з'яўляецца адзіным (гэта Ліда, Ваўкавыск, Светлагорск, Пінск, Орша, Барысаў і гэтак далей), каб не ўскладняць жыццё абітурыентам і не прымушаць іх дабірацца да абласных цэнтраў. У 2015 годзе ў нас будзе дзейнічаць 50 пунктаў рэгістрацыі і 51 пункт правядзення ЦТ.

6-34

6-34

 

Для таго, каб запасціся пропускамі на ЦТ, абітурыентам даецца амаль цэлы месяц, на працягу якога яны могуць завітаць у любы найбліжэйшы да іх месца жыхарства пункт рэгістрацыі. Усе пункты падключаны да аўтаматызаванай сістэмы «Агульнарэспубліканскі банк звестак удзельнікаў ЦТ». Сістэма працуе па прынцыпе «аднаго акна»: сама шукае свабодныя пасадачныя месцы і падказвае рэгістратару, у якіх навучальных установах можна здаць тыя ці іншыя прадметы. Асабліва гэта актуальна для сталіцы. Аўтаматызаваная сістэма дазваляе падабраць абітурыенту найбольш зручнае для экзамену месца, нават калі той пажадае здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне ў іншым горадзе.

У пункт рэгістрацыі на ЦТ абітурыент павінен прыйсці з пашпартам (не пратэрмінаваным!) або іншым дакументам, што пацвердзіць яго асобу (пасведчанне на права жыхарства, пасведчанне бежанца ці афіцыйная даведка, якая выдаецца органамі ўнутраных спраў у выпадку страты ці крадзяжу дакумента, што пацвярджае асобу). Ніякія іншыя дакументы, у тым ліку вадзіцельскае пасведчанне, для рэгістрацыі не падыходзяць.

Падчас рэгістрацыі абітурыента папросяць таксама прад'явіць квітанцыю аб унясенні платы за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ або дакумент аб праве на вызваленне ад унясення грошай (калі такое права ёсць). Сума платы за рэгістрацыю на ЦТ не змянялася шмат гадоў, таму Міністэрства адукацыі вырашыла, нарэшце, прывязаць аплату да базавай велічыні. Такім чынам кошт рэгістрацыі складае цяпер 18 тысяч рублёў за кожны прадмет.

Выбар мовы, на якой абітурыент жадае здаваць тэсты, ажыццяўляецца менавіта на этапе падачы заявы і рэгістрацыі на ЦТ. Заява запаўняецца ўдзельнікам ЦТ на адной з дзвюх дзяржаўных моў: беларускай ці рускай на выбар. Трэба мець на ўвазе, што пазней на цэнтралізаваным тэсціраванні зона рэгістрацыі бланка адказаў будзе запаўняцца абітурыентам на той жа мове, на якой была пададзена заява пры рэгістрацыі. І сертыфікат удзельніка ЦТ будзе запаўняцца таксама на той мове, на якой падавалася заява

Мікалай Фяськоў паведаміў, што ў гэтым годзе ўведзена новая норма, што дазваляе падаваць дакументы на рэгістрацыю, а таксама атрымліваць сертыфікат ЦТ прадстаўнікам абітурыента (у выпадку адсутнасці ў самога абітурыента такой магчымасці па ўважлівай прычыне). Па словах Мікалая Фяськова, раней, калі рэгістратары ішлі насустрач сваякам абітурыентаў і прымалі дакументы ў іх, гэта спараджала масу канфліктных сітуацый. Напрыклад бабуля магла зарэгістраваць унука на здачу ЦТ па рускай мове, а той хацеў здаваць беларускую мову. Таму і з'явілася норма, паводле якой рэгістравацца на ЦТ абітурыент павінен быў толькі асабіста. Але ў жыцці ўзнікаюць самыя розныя і непрадказальныя сітуацыі: спартсмены едуць на спаборніцтвы ці зборы, музыканты — на фестывалі, патэнцыяльны абітурыент можа аказацца ў службовай камандзіроўцы і гэтак далей. Таму, каб абітурыент не застаўся «за бортам» і не прапусціў цэлы год, вырашылі ўсё ж такі даць магчымасць заявіць пра жаданне маладога чалавека ўдзельнічаць у экзаменацыйнай кампаніі яго законным прадстаўнікам.

Законны прадстаўнік абітурыента абавязаны прад'явіць у пункце рэгістрацыі дакумент, які пацвярджае яго асобу і статус законнага прадстаўніка, а таксама копію дакумента, што пацвярджае асобу абітурыента, завераную натарыяльна. Акрамя таго, законны прадстаўнік абітурыента можа дзейнічаць на падставе даверанасці, заверанай натарыяльна.

Таксама быў рэгламентаваны парадак дзеянняў арганізацыйнай камісіі ў выпадку адхілення абітурыента ад праходжання ЦТ па ўважлівай прычыне, якая ўзнікла падчас правядзення ЦТ. Уважлівымі прычынамі непрыбыцця на тэставы экзамен могуць быць захворванне, удзел у міжнародных конкурсах і спаборніцтвах, службовая камандзіроўка ці іншыя абставіны, якія не залежаць ад абітурыента, пацверджаныя дакументальна.

Цэнтралізаванае тэсціраванне стартуе ў краіне 14 чэрвеня. Традыцыйна першымі ў пункты здачы ЦТ прыйдуць абітурыенты, якія здаюць беларускую мову, а 15 чэрвеня на базе ўстаноў адукацыі пройдзе ЦТ па рускай мове.

— Графік ЦТ складаўся такім чынам, каб ва ўсіх абітурыентаў паміж экзаменамі было для падрыхтоўкі некалькі дзён, — падкрэсліў Мікалай Фяськоў. — Ніхто не будзе здаваць, напрыклад, сёння рускую мову, заўтра — матэматыку, а паслязаўтра — замежную мову (той набор дысцыплін, які патрабуецца для пэўнага профілю). Дарэчы, у гэтым годзе ў праграму тэсціравання ўпершыню ўключана кітайская мова. Мяркуем, што здаваць яе пажадаюць усяго некалькі чалавек. Тым не менш, у ахвотных будзе такая магчымасць...

Прадметы, на якія традыцыйна рэгіструецца максімальная колькасць удзельнікаў, як і раней, запланаваны на выхадныя дні, што звязана з наяўнасцю свабоднага аўдыторнага фонду ва ўстановах адукацыі. Яшчэ адно адрозненне ад папярэдніх гадоў — упершыню ў адзін дзень (27 чэрвеня) абітурыенты будуць здаваць адразу дзве дысцыпліны: сусветную гісторыю навейшага часу і геаграфію. Па абодвух прадметах колькасць удзельнікаў будзе нязначная, таму і вырашылі іх аб'яднаць. Да таго ж і работы нешматлікіх удзельнікаў прасцей будзе праверыць за некалькі дзён.

Як зазначыў Мікалай Фяськоў, Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў кожны год публікуе тэставыя заданні бягучага года плюс выпускае зборнік тэстаў за апошнія пяць гадоў. Але па рэкамендацыі Міністэрства адукацыі РІКВ размясціў таксама на сваім сайце дэманстрацыйныя варыянты тэстаў па ўсіх дысцыплінах, акрамя кітайскай мовы, каб даць магчымасць любому ўдзельніку ЦТ і шырокай грамадскасці скласці ўласнае ўяўленне аб структуры варыянтаў тэстаў, тыпах заданняў і ўзроўні іх складанасці.

— Выкананне дэманстрацыйных тэстаў дазволіць абітурыентам больш эфектыўна падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання, але пры азнаямленні з дэманстрацыйнымі варыянтамі трэба ўсё ж такі мець на ўвазе, што заданні, уключаныя ў іх, не ахопліваюць усе элементы зместу, уключанага ў ЦТ, — папярэдзіў Мікалай Фяськоў.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.