Вы тут

Дзевяць тысяч перарваных гісторый


Чаму сучасным даследчыкам складана знайсці звесткі пра спаленыя вёскі?

«Праз нашу вёску ішоў карны атрад. Немцы хацелі сысці, але сустрэлі сем яўрэяў, якія жылі ў вёсцы і хаваліся ў лесе. Карнікі іх расстралялі і вярнуліся ў паселішча пад выглядам праверкі дакументаў астатніх жыхароў. А насамрэч сабралі ўсіх людзей у калгаснай стайні, замкнулі і спалілі жыўцом», — успамінае Зінаіда Леванец, якой было восем, калі фашысты спалілі яе родную вёску Скірмантава Дзяржынскага раёна. Гэты дзень яна запомніла на ўсё жыццё. Тады цудам удалося выратавацца пяцярым: Зіне з мамай, якія былі ў суседняй вёсцы; брату і суседскай дзяўчынцы, якія пасвілі кароў і, схаваўшыся ў бульбе, на свае вочы бачылі ўсю трагедыю; і яшчэ аднаму жыхару, якога пасля забралі ў Германію. У пажарышчы загінула родная і дзве стрыечныя Зініны сястры, а таксама бацька — інвалід грамадзянскай вайны...

8-44

Падобныя сведчанні не горш за дакументы могуць расказаць пра нашу гісторыю. Аднак сведкаў тых падзей з кожным годам застаецца ўсё менш, а пытанняў у даследчыкаў яшчэ шмат... Праліць святло на цёмныя старонкі гісторыі спаленых вёсак узяліся беларускія архівісты. З 2010 года вучоныя вядуць даследчую працу, і на «круглым стале», прысвечаным 70-годдзю Перамогі, у Нацыянальным архіве Беларусі яны прадставілі некаторыя найбольш значныя яе вынікі.

Так, супрацоўнікі Нацыянальнага архіва падрыхтавалі электронную базу даных па спаленых вёсках, у якую ўвайшло 9060 назваў знішчаных фашыстамі беларускіх паселішчаў.

— Лічба ў 9060 вёсак — не канчатковая, бо ёсць дакументы, якія патрабуюць удакладнення, — адзначыў галоўны архівіст Нацыянальнага архіва Беларусі Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ. — Справа ў тым, што калі мы ўзяліся за стварэнне базы, у аснову паклалі матэрыялы ўліку 1969 года. Часткова гэтыя матэрыялы былі апублікаваныя ў 1984 годзе, а ў 1995-м выйшаў дапоўнены варыянт гэтай кнігі. Цікава, што тады прыводзілася лічба знішчаных у Беларусі вёсак — 9200. Аднак адтуль зніклі словы «цалкам» і «часткова знішчаныя». Калі мы сталі працаваць з дакументамі, выявілася, што больш за 1000 вёсак былі знішчаныя без жыхароў, а некаторых населеных пунктаў увогуле няма ў спісах, як і матэрыялаў уліку райвыканкамаў па іх. Сталі высвятляць, у чым справа, і аказалася, што спісы 1969 года складзены не на падставе архіўных дакументаў, а шляхам апытанняў жыхароў паселішчаў, якія спалілі. З таго часу многія вёскі проста зніклі з зямлі за пасляваенны перыяд.

Распавядаючы пра блытаніну ў дакументацыі, Вячаслаў Селяменеў прывёў прыклад Полацкага раёна, дзе ў вайну фашысты цалкам знішчылі Васільеўскі сельсавет. Паводле дакументаў, там было дзевяць вёсак, але іх немагчыма знайсці ні ў даведніках сучасных населеных пунктаў, ні ў кнізе «Памяць». Складанасць становішча заключаецца ў тым, што па большасці раёнаў не захавалася даваенных спісаў населеных пунктаў, і цяпер гісторыкам няма з чым параўноўваць.

— Сутыкнуліся мы і з шэрагам метадычных праблем, — прадоўжыў галоўны архівіст. — Не ўдалося знайсці, якімі крытэрыямі кіраваліся пры складанні базы ў 1969 годзе. Атрымалася, што ў некаторых раёнах у спісы былі ўключаны нават вёскі, дзе быў знішчаны адзін дом. У іншых раёнах у спісы ўключалі вёскі, дзе была спалена большасць хат. Не было распрацавана метадычных прынцыпаў, што лічыць часткова спаленай вёскай.

Даследчыкі з Нацыянальнага архіва пры складанні базы вырашылі лічыць такімі вёскі, дзе знішчана не менш як 25% жылфонду ці 20 і больш дамоў. Адсюль і атрымалася лічба ў 9060 вёсак. Таксама ў матэрыялах ранейшага ўліку няма азначэння паняццяў паселішчаў, знішчаных з большай, меншай часткай насельніцтва ці без насельніцтва. Сёння архівісты прапануюць падзяліць населеныя пункты на знішчаныя з большай часткай насельніцтва і тыя, у якіх загінула да 50% жыхароў.

Праз наяўнасць падобных пытанняў навукоўцы пакуль што не могуць прывесці дакладныя лічбы. Яны сабралі інфармацыю для аналітыкі, але застаецца вызначыць метадычныя крытэрыі занясення паселішчаў у базу. Бо за 70 пасляваенных гадоў не з'явілася ніводнага даследавання па гэтай тэме. Нявырашаным застаецца і пытанне, ці ўключаць у базу вёскі, знішчаныя не падчас карных акцый, а ў час наступальных ці вызваленчых аперацый.

Шмат цікавых дакументаў па тэматыцы знішчаных паселішчаў па ўсім былым Саюзе захоўваецца ў крымінальных справах на замежных ваеннапалонных, асуджаных за ваенныя злачынствы. Дзякуючы гэтым спісам і пратаколам падрыхтавалі зборнік, дзе ўпершыню карныя аперацыі прадстаўлены з двух бакоў: паводле дакументаў фашыстаў і партызанаў.

Апроч базы даных, Нацыянальны архіў падрыхтаваў тры выданні, прысвечаныя трагедыі беларускіх вёсак. Летась у серыі «Архіў. Гісторыя. Памяць» выйшлі два зборнікі: «Хатынь. Трагедыя і памяць», пра самую вядомую спаленую вёску і гісторыю ўзвядзення мемарыяльнага комплексу, і «Хатынскі некропаль», які расказвае пра спаленыя і адноўленыя пасля вайны паселішчы. Чарговы зборнік серыі, прэзентацыя якога адбылася падчас «круглага стала», называецца «Хатынскія Дрэвы жыцця». Ён прысвечаны 433 беларускім вёскам, памяць якіх увекавечана на сімвалічных «Дрэвах жыцця» мемарыяла. У зборнік увайшло больш за 350 дакументаў з Нацыянальнага архіва Беларусі, Цэнтральнага архіва КДБ Беларусі, Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці і Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі. Гэта данясенні, дзённікі баявых дзеянняў партызанскіх фарміраванняў, даведкі, акты, пратаколы допытаў жыхароў спаленых вёсак, якія выжылі, сведак, карнікаў і інш. У другім блоку зборніка — ілюстраваным — публікуюцца фотаздымкі Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь», помнікаў, узведзеных на месцах спаленых населеных пунктаў, і іншыя матэрыялы.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».