Вы тут

«Вораг разбіт! Перамога за намі!»


 У год Перамогі Беларусь была ўжо вольнай ад фашысцкіх захопнікаў. Таму матэрыялы пра поспехі Чырвонай Арміі стаялі на старонках «Звязды» ля рэпартажаў пра работу ў адноўленых калгасах і справаздач аб стане народнай гаспадаркі. Прагартаўшы падшыўку за 1945 год, можна прасачыць, як паступова мір адваёўвае свае пазіцыі. Праца на заводах і фермах, аб'явы пра прыём абітурыентаў у сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны, паведамленні пра сітуацыю ў розных рэгіёнах БССР, Савецкага Саюза і за мяжой і нават інфармацыя пра сеансы ў кінатэатрах — матэрыялы на гэтыя тэмы прысутнічалі амаль у кожным нумары газеты. Граматыка і стылістыка таго часу захавана.

«Неабходна забяспечыць хуткі ўздым сельскай гаспадаркі»

У першы дзень 1945 года «Звязда пісала»:

«1945 год совецкі народ сустракае напружанай, самааданай працай, накіраванай на тое, каб дапамагчы нашай Чырвонай Арміі ў выкананні яе апошняй заключнай місіі: «...давяршыць разам з арміямі нашых саюзнікаў справу разгрому нямецка-фашысцкіх армій, дабіць фашысцкага звера ў яго ўласным логаве і ўзняць над Берлінам сцяг перамогі». (Сталін) <...>

Разам з народамі ўсяго Саюза працоўныя нашай рэспублікі куюць перамогу над ворагам. Адноўленыя фабрыкі і заводы ўжо даюць прадукцыю краіне і фронту. Але ўперадзе яшчэ многа работы, велізарныя задачы. Дапамагаць фронту, арміі ў выкананні заключнай місіі — гэта значыць працаваць яшчэ больш, яшчэ лепш... Неабходна забяспечыць хуткі ўздым сельскай гаспадаркі, умацаваць у арганізацыйна-гаспадарчых адносінах усе калгасы, аднавіць у бліжэйшы час усе жывёлагадоўчыя фермы, расшырыць пасеўныя плошчы, узнімаць ураджайнасць палёў».

«Дастаўлена каля 100 тысяч тамоў кніг...»

Надавала ўвагу газета і тэме вяртання ў краіну яе культурных і матэрыяльных каштоўнасцей. У нумары за 7 лютага выйшла заметка пад назвай «У Беларусь прыбывае маёмасць, вывезеная нямецкімі акупантамі».

«У рэспубліку пачала паступаць маёмасць, у свой час вывезеная гітлераўскімі бандытамі з прамысловых прадпрыемстваў і культурных устаноў Беларусі, — піша «Звязда». — З Рыгі дастаўлена каля 100 тысяч тамоў кніг, якія належаць бібліятэкам Акадэміі навук, імені Леніна і ЦК КП(б)Б. Прывезена таксама 740 экспанатаў віцебскага краяведчага музея».

Пра «дзейнасць Праваслаўнай царквы» ў дні вайны

Матэрыялы на тэму рэлігіі, прычым, не ў кантэксце барацьбы з ёй, таксама з'яўляліся ў «Звяздзе» 1945 года. Газета за 9 лютага змясціла на сваіх старонках справаздачу ТАСС «Аб Памесным Саборы Рускай праваслаўнай Царквы»:

«Памесны Сабор адкрыўся 31 студзеня г.г. у Васкрэсенскім храме ў Сакольніках малебствам і ўступнай прамовай старшыні Сабора Патрыяршага Месцаблюсціцеля Мітрапаліта Ленінградскага і Ноўгадарскага Алексія. Пасля ўступнай прамовы Старшыні Сабора ад імені Урада Саюза ССР Памесны Сабор вітаў старшыня Савета па справах рускай праваслаўнай царквы пры Соўнаркоме Саюза ССР Г.Г.Карпаў. <...>

Сабор заслухаў даклад патрыяршага Месцаблюсціцеля Мітрапаліта Алексія аб дзейнасці Праваслаўнай Рускай Царквы ў дні Вялікай Айчыннай вайны і прыняў адпаведнае рашэнне».

А 10 красавіка «Звязда» надрукавала невялікую інфармацыю пад загалоўкам «Гутарка тав. І.В. Сталіна з Патрыярхам Маскоўскім і ўсея Русі Алексіем». «10 красавіка ў Старшыні Савета Народных Камісараў СССР тав. І.В.Сталіна адбылася гутарка па справах Праваслаўнай царквы з Патрыярхам Маскоўскім і ўсея Русі Алексіем... У гутарцы прымаў удзел Намеснік Старшыні Соўнаркома СССР тав. В.М.Молатаў».

8-52

«Воінская служба — ганаровы абавязак совецкіх грамадзян»

Друкавала газета і матэрыялы ідэалагічнага кірунку. У нумары за 10 красавіка выйшаў артыкул «Аб правах і абавязках совецкіх грамадзян».

«Забяспечваючы самыя дэмакратычныя ў свеце правы, совецкая дзяржава ўскладае на грамадзян і сур'ёзныя абавязкі... — пісала «Звязда». — Самае святое пачуццё чалавека, грамадзяніна — гэта любоў да Радзімы. Патрыятызм працоўнага народа, які стаў у абарону сваёй Айчыны, яе свабоды і незалежнасці, можа тварыць і творыць, як паказала цяперашняя вайна, сапраўдныя цуды. Згодна Совецкай Канстытуцыі воінскі абавязак з'яўляецца законам, воінская служба ў Чырвонай Арміі — ганаровы абавязак совецкіх грамадзян».

«Гістарычная перамога
над ворагам»

Пад такім загалоўкам выйшла падборка матэрыялаў у нумары за 28 красавіка, пасля таго, як войскі Чырвонай Арміі і саюзнікаў злучыліся ў цэнтры Германіі.

«Калі Масква пачала перадаваць загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Маршала Совецкага Саюза таварыша Сталіна аб рассячэнні фронта нямецкіх войск і злучэнні
войск 1-га Украінскага фронта з войскамі нашых саюзнікаў, натоўпы рабочых завода, дзе дырэктарам тав. Вульман, сабраліся ля рэпрадуктараў. Велізарную радасць выклікала гэтая вестка сярод рабочых завода. Рабочыя абдымалі і віншавалі адзін другога з вялікай перамогай», — пісала «Звязда».

«Вялікі дзень»

8-51

Нумар за 9 мая 1945 года адкрывала інфармацыя пра падпісанне акта аб безагаворачнай капітуляцыі германскіх узброеных сіл. Там жа змяшчаўся і тэкст гэтага дакумента:

«Мы, ніжэйпадпісаўшыяся, дзейнічаючы ад імені Германскага Вярхоўнага Камандавання, згаджаемся на безагаворачную капітуляцыю ўсіх нашых узброеных сіл на сушы, на моры і ў паветры, а таксама ўсіх сіл, якія знаходзяцца ў сучасны момант пад нямецкім камандаваннем, — Вярхоўнаму Галоўнакамандаванню Чырвонай Арміі і адначасова Вярхоўнаму Камандаванню Саюзных экспедыцыйных сіл...»

У гэтым жа нумары быў надрукаваны артыкул пад назвай «Вялікі дзень» Кандрата Крапівы.

«Фашызм разгромлен, але, як напамінак аб ім, асталіся шматлікія сляды яго крывавых злачынстваў і варварскіх разбурэнняў, — піша класік беларускай літаратуры. — Гледзячы на іх, народы свету павінны падумаць аб сваім далейшым лёсе, аб лёсе наступных пакаленняў. Яны павінны паклапаціцца аб тым, каб не даць магчымасці сілам зла і разбурэнняў аправіцца ад разгрому і падняцца зноў».

Падшыўку гартала Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».