Пад такой назвай у гэтыя перадсвяточныя дні Нацыянальная акадэмія навук і Міністэрства абароны праводзяць Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю, прымеркаваную да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і заканчэння Другой сусветнай вайны.
У абмеркаванні такіх важных праблем, як сучасныя падыходы да асвятлення гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, уклад беларускага народа ў разгром германскіх акупантаў на франтах вайны і іншых, удзельнічаюць каля 500 чалавек. Сярод іх — вядучыя вучоныя, гісторыкі і архівісты з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Казахстана, Германіі, Украіны, Таджыкістана, Узбекістана, прадстаўнікі дыпламатычных місій, сілавых ведамстваў, студэнты і курсанты вышэйшых грамадзянскіх і ваенных навучальных устаноў, грамадскія дзеячы.
— Правядзенне падобных навукова-практычных канферэнцый сумесна з Міністэрствам абароны становіцца традыцыяй, — падкрэсліў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір ГУСАКОЎ. — Даследаваць ваенную тэматыку без ваенных навукоўцаў няправільна. Мы імкнёмся дамагчыся аб'ектыўнасці, праўдзівасці гэтых даследаванняў, таму і прыцягваем як мага большую колькасць вучоных, у тым ліку ваенных. Навукоўцы і зараз выяўляюць новыя факты, падзеі, подзвігі. Нягледзячы на тое, што тэма вайны вывучаецца даўно, існуе яшчэ шмат невядомых старонак, нявывучаных архіваў. Сёння ў Беларусі даследавана прыкладна 30% архіўных матэрыялаў, яшчэ 70% трэба будзе вывучыць.
Супрацоўнікі Акадэміі навук са зброяй у руках змагаліся з ворагам на франтах Вялікай Айчыннай вайны, абаранялі краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у шэрагах партызанаў і падпольшчыкаў. Уклад у Перамогу над ворагам унеслі каля 100 членаў Акадэміі навук. Ганаровы прэзідэнт установы, які ў свой час яе ўзначальваў, Мікалай Барысевіч яшчэ юнаком стаў партызанам-падрыўніком і ўдзельнічаў у штурме Берліна.
— Чым далей у мінулае сыходзіць светлы дзень 9 мая 1945 года, тым больш выразна паўстае перад намі веліч Перамогі савецкага народа, — зазначыў міністр абароны Беларусі генерал-маёр Андрэй РАЎКОЎ, які выступіў з дакладам аб геапалітычных выніках Вялікай Айчыннай вайны і ўкладзе беларускага народа ў Перамогу. — Маштаб і значэнне гэтай грандыёзнай падзеі немагчыма перабольшыць: чалавецтва было выратавана ад зняволення, а незлічонае мноства людзей і цэлыя народы — ад фізічнага знішчэння і духоўнай смерці. Чым далей сыходзяць у гісторыю ваенныя гады, тым больш намаганняў патрабуецца для абароны гістарычнай праўды ад уплыву палітычнай кан'юнктуры. Дзесяцігоддзі, якія прайшлі з дня Вялікай Перамогі, паказалі, якую неацэнную ролю адыграла пакаленне пераможцаў у лёсе чалавецтва, у зберажэнні духоўнасці і выратаванні ад знішчэння цэлых народаў.
Вераніка КАНЮТА.
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.