Вы тут

Пераможны май у маёй біяграфіі


Напярэдадні Дня Перамогі мы пацікавіліся ў розных людзей, што для іх асабіста, а таксама для іх сям'і азначае гэтае свята.

Віктар ВАЛЮШЫЦКІ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы:

— Для мяне свята Перамогі — адзін з самых важных дзён у годзе, і падчас сваёй дэпутацкай дзейнасці імкнуся прывіваць павагу да яго з боку маладога пакалення. Вось і не так даўно на навукова-практычнай канферэнцыі ў Брэсце, арганізаванай грамадскім аб'яднаннем «Белая Русь», у сваім выступленні я зрабіў акцэнт на тым, што пра вайну патрэбна казаць заўсёды. Гэта памяць, мы не павінны яе губляць.

На вайне загінуў — прапаў без вестак — мой дзядзька. Бабуля атрымала «пахаванку» акурат 9 мая 1945 года... Мой бацька таксама быў прызваны ў армію ў 1945 годзе і праслужыў там да 1950, аднак непасрэдна ў баявых дзеяннях ён удзел не прымаў.

Віктар РУСАК, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы:

— Я нарадзіўся праз 10 гадоў пасля гэтай страшнай вайны і якраз у маі. Дзень Перамогі — гэта вельмі светлае свята. Памятаю настрой падчас святкавання яго ў звычайных людзей і ветэранаў — тады, у 60-я, яны былі яшчэ адносна маладымі. Ветэранамі былі настаўнікі маёй школы, мой дзед таксама ваяваў. Відаць, гэта паўплывала на мой выбар надзець пагоны...

Барыс ГЕРСТЭН, журналіст АНТ, адзін з аўтараў праектаў «Вызваленая Еўропа», «Гарады-героі», «Зваротны адлік»:

— Гэтае свята для мяне і светлае, і сумнае адначасова. На вайне пабывалі мае і бацька, і маці. Бацька быў прызваны на фронт 22 чэрвеня 1941, ён прайшоў усю вайну. Падчас яе загінула першая яго сям'я. Маці маю ён сустрэў ужо на фронце. Яна была ўрачом, яе баявое хрышчэнне прайшло на Курскай дузе.

Як журналіст, я сустракаўся з рознымі людзьмі: з ветэранамі, былымі ваеннапалоннымі, вязнямі канцэнтрацыйных лагераў... Заўважыў, што свята адзначаюць сотні тысяч і мільёны людзей, але ў кожнага з іх сваё ўспрыманне гэтага дня.

Віталь ЧЭХ, старшыня Беражноўскага сельскага выканаўчага камітэта (Столінскі раён):

— На вайне быў мой дзед, які памёр ужо ў мірны час. Для мяне Дзень Перамогі — гэта і сямейнае, і афіцыйнае свята адначасова. У нашым сельсавеце штогод у гэты дзень праходзяць мітынгі з удзелам прадстаўнікоў Праваслаўнай царквы, вяскоўцаў. На іх мы звычайна прыходзім усёй сям'ёй.

У нас у сельсавеце засталося толькі два ветэраны, і, натуральна, мы стараемся ім усяляк дапамагаць. Але, як гавораць самі пажылыя людзі, зараз для іх галоўнае — здароўе, усё астатняе яны маюць...

Падрыхтавала Надзея ЮШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.

Палітыка

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Пра гэта ён заявіў сёння на рабочай сустрэчы з Наталляй Качанавай і Віктарам Шэйманам.