Вы тут

Тры перамогі адной сям'і


Падтрымка родных дапамагае справіцца з любымі дыягназамі..

Многія людзі навучыліся ставіцца да хвароб па-філасофску. Аднак калі цяжка захварэе роднае дзіця, то ніякая філасофія не дапамагае. Адчай, страх і бяссілле ахоплівае бацькоў... У такія моманты проста неабходна надзея. Незвычайная гісторыя дружнай сям'і Даневых, хочацца верыць, падорыць яе бацькам, на долю якіх таксама выпалі нялёгкія выпрабаванні.

14-21

 

Сям'я Даневых

Мішка

Яшчэ да вяселля Алена і Аляксандр марылі пра дзяцей. Абое выхоўваліся ў шматдзетных сем'ях, таму ніякія цяжкасці іх не стрымлівалі. Тым больш старэйшыя браты і сёстры Аляксандра ўжо мелі сваіх дзяцей, і малады чалавек проста мроіў пра спадчынніка. І калі Алена зацяжарала Мішкам, то муж, можна сказаць, насіў яе на руках.

Роды былі цяжкімі. Дзіця прыйшлося выцягваць з дапамогай вакууму. Праз гэта ў яго на цемечку ўтварылася вялікая гематома. Гэта парушыла кровазварот у галаве немаўляці. Так іх першынцу быў пастаўлены дыягназ «гідрацэфалія галаўнога мозга».

— Мы з мужам вырашылі, што не будзем афармляць сыну інваліднасць, — расказвае Алена. — Вырашылі зрабіць усё, каб дзіця стала здаровым.

Галава ў Мішкі стала расці хутчэй за цела. Хлопчык пакутаваў ад страшных галаўных боляў. Шмат крычаў і капрызіў днём і ноччу. Бясконцыя паездкі ў бальніцу на абследаванне, таблеткі і мазі забіралі ў маладых усе сілы.

— Дактары нам гаварылі, што, хутчэй за ўсе, Мішу спатрэбіцца выпампоўванне лішняй вадкасці з галавы з дапамогай спецыяльнай аперацыі, — успамінае Алена.— Я вельмі перажывала і плакала. І калі б не падтрымка мужа і родных, магчыма, зламалася б. Нашы медыкі чамусьці настройваюць бацькоў хворых дзяцей на самае дрэннае... Нам казалі, што Мішка, магчыма, ніколі не будзе хадзіць.

Тады маладыя жылі ў бацькоў Алены. Яны, бывала, ноччу забіралі Мішку да сябе і гэтым давалі маладым трошкі паспаць. Па сённяшні дзень Алена ўдзячна бацькам за дапамогу. Таксама з цеплынёй гаворыць пра свайго мужа, які, каб зберагчы ад стрэсаў жонку, на прыём да спецыялістаў вазіў сына адзін.

Праз год сітуацыя палепшылася. Цела Мішкі стала «даганяць» галаву. Цяпер яна перастала расці так хутка. Два гады таму дыягназ знялі. Хлопчыку зараз восем. У яго, бывае, баліць галава, звычайна прыступы з'яўляюцца восенню і вясной падчас напружанай вучобы ў школе, але ён п'е неабходныя лекі — і ўсё праходзіць.

Кіра

Дзяўчынка нарадзілася здаровай. Здавалася, што яна прыйшла на гэты свет, каб прыносіць усім радасць і ўсмешкі. Вядома, вясёлая і жыццярадасная непаседа дастаўляла бацькам і клопаты, але яны былі прыемнымі: злавіць, каб пакарміць ці памыць малую. Бяда здарылася, калі дачцэ споўнілася тры гады. Тады сям'я Даневых з роднымі адпачывала на дачы. Дзяўчынка няўдала ўпала з веласіпеда і пашкодзіла галаву. Бацькі павезлі яе ў бальніцу на абследаванне. Энцэфалаграма галаўнога мозга паказала сутаргавы сіндром. Малая стала час ад часу заміраць. Напрыклад, збірае пазлы ці есць — і раптам спыніцца на некаторы час і не рухаецца, не рэагуе нават на свае імя.

— Від нерухомай дачушкі прыводзіў мяне ў адчай, — расказвае Алена. — Урачы настройвалі нас на магчымую эпілепсію. У мужа ад гэтай навіны здалі нервы, ён пачаў курыць. Памятаю, як Саша ўскокваў па начах і ішоў правяраць малых у ложках...

Пачаўся доўгі і вельмі дарагі курс лячэння. Бацькі і Алены, і Аляксандра падтрымлівалі маладых, як маглі. Яны былі гатовы прыйсці на дапамогу ноччу і днём. Алена адчувала, што іх сям'я, нягледзячы на выпрабаванні, нібыта моцна трымае адно аднаго за руку. Кожны хацеў аблегчыць хваляванне і клопат іншага. Неўзабаве ў маленькай прынцэсы прыступы сталі знікаць. Намаганні ўсёй сям'і далі свае вынікі. Сёння дзяўчынцы яшчэ не знялі дыягназ, але маці ўпэўнена, што гэта хутка адбудзецца. Кіра пайшла ў першы клас ужо без прыступаў. Бацькі ганарацца сваёй дачкой, яе поспехамі і ўменнем выстаяць у складаных сітуацыях.

Юра

Юра — самы маленькі ў сям'і. Яго нараджэнне можна было назваць хуткасным. Апоўначы ў Алены пачаліся роды, а ўжо праз гадзіну малы з'явіўся на свет. Яго адразу забралі, нічога не патлумачыўшы разгубленай маці. Толькі сказалі, што здарылася двухразовае тугое абвіццё пупавінай. Гэта быў самы жудасны тыдзень для Алены. Яна не знаходзіла сабе месца ў радзільным доме, дзіця жыло толькі пад кропельніцай. Самі дактары не ведалі, што з малым і як яму дапамагчы.

— Праз тыдзень урач сказаў, што малога пераводзяць у сёмы радзільны дом, — расказвае дрыготкім голасам жанчына. — А мне прапанавалі адмовіцца ад дзіцяці, маўляў, невядома, будзе ён жыць ці не. Для мяне гэта быў сапраўдны ўдар. У мяне з дзяцінства парок сэрца, памятаю, як мне тады зрабілася дрэнна... Не ведаю, адкуль у мяне амаль праз хвіліну ўзяліся сілы і смеласць, але я рашуча сказала ўрачам, што забіраю малога дадому.

Больш адмаўляцца ад дзіцяці Алене не прапаноўвалі і, гледзячы на яе рашучасць, далі жанчыне і яе малому тры дні. Доктар паабяцаў маці, што калі за гэты час дзіця здолее выжыць без кропельніцы і пачне набіраць вагу, то адпусціць іх разам дадому. Алена рабіла ўсё, каб накарміць малое. І ў яе атрымалася. І хоць дзіця па-ранейшаму зрыгвала добрую частку груднога малака, яно раптам пачало набіраць вагу.

— Мы з мужам разумелі, што нам будзе нялёгка, — тлумачыць Алена. — Але вырашылі, што зробім усё магчымае і немагчымае для таго, каб дапамагчы нашаму Юрачку. Настроіліся на доўгую барацьбу за сына і накіраваліся на абследаванні.

Радасных прагнозаў бацькі не чулі: у будучыні магчымы ДЦП, цяжкі рэфлюкс і нейрасэнсорная глухаватасць на абодва вухі. Яшчэ ў тры месяцы хлопчык не мог трымаць галаву і не адчуваў апоры пад ножкамі. Але неўзабаве падазрэнне на ДЦП не пацвердзілася. Хлопчык дома, пад наглядам любячых бацькоў і спецыялістаў, хутка нагнаў сваіх равеснікаў у рухах. З рэфлюксам давялося шмат папрацаваць. Дзіця не магло есці. Да года жыў толькі на грудным малацэ. Іншыя стравы адразу выходзілі з яго. Але ўсё ж патроху ён стаў есці некаторыя віды дзіцячага пюрэ.

— Гэта быў няпросты час, — успамінае жанчына. — Юры трэба было есці, але ён з цяжкасцю прымаў ежу і адразу ж патрабаваў запіць. Як толькі рабіў глыток, уся ежа адразу выходзіла і нашы намаганні накарміць заканчваліся няўдала.

Лекаў, якія былі патрэбны для лячэння гэтай хваробы, у Мінску не было. І бацькі Юры з вялікімі цяжкасцямі заказвалі неабходнае для жыцця малога з Масквы за вялікія грошы. Але ў тры гады Юра перамог і гэты дыягназ. Праўда, дзіця па-ранейшаму заставалася глухім. З прычыны пастаянных атытаў у хлопчыка Алене даводзілася часта ляжаць у бальніцах.

Да пяці гадоў Юра перажыў некалькі наркозаў з розных прычын. Але неўзабаве малому зрабілі кахлеарную імплантацыю (ужывілі ў скроневую вобласць і ў вушную ракавіну тытанавую пласціну з правадкамі, якія звонку прымацоўваюцца да спецыяльнага апарата) дзякуючы якой дзіця цяпер можа чуць. Малы хоць і мае інваліднасць, але жыве актыўным паўнавартасным жыццём: наведвае спецыялізаваны садок, гуляе з дзецьмі і можа чуць матулін голас.

— Мы спадзяёмся, што да сямі гадоў Юра зможа навучыцца добра размаўляць, — гаворыць Алена. — І тады мы накіруемся ў звычайную школу... Усё гэта перажыць мне дапамагла мая сям'я. І свякроў, і мая маці, і мой муж заўсёды былі побач, асабліва ў самыя цяжкія моманты нашага жыцця. Усе мы прайшлі праз боль і адчай разам, падтрымліваючы адно аднаго. Я ўпэўнена, што мае дзеці перамаглі свае хваробы таму, што заўсёды адчувалі побач з сабой моц нашай вялікай сям'і.

Алене ў хуткім часе споўніцца трыццаць. Але, нягледзячы на свой малады ўзрост, яна праз выпрабаванні прыйшла да жыццёвых высноў, да якіх многія ідуць усё жыццё і, на жаль, не заўсёды прыходзяць... Жанчына разумее, што сям'я — бясцэнны дар для чалавека. Ніколі не будзе ўхіляцца, калі яе родным спатрэбіцца дапамога, бо ведае, наколькі моцна могуць раніць некалькі слоў, кінутыя раўнадушна. Менавіта таму вельмі ўважліва ставіцца да тых, хто сустракаецца на яе жыццёвым шляху.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.