21 Кастрычнік, субота

Вы тут

Працэс пайшоў...


Перад вышэйшай школай адкрываюцца новыя магчымасці.

Учора з Арменіі прыйшла доўгачаканая навіна — на канферэнцыі міністраў адукацыі краін агульнаеўрапейскай прасторы была ўхвалена заяўка Беларусі на яе ўключэнне ў Балонскі працэс. Нашу дэлегацыю ў Ерэване ўзначаліў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.

— Рашэнне аб уключэнні нас у еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі адлюстроўвае прызнанне сусветнай грамадскасцю беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі і пацвярджае той факт, што нацыянальная мадэль — канкурэнтаздольная і зможа інтэгравацца ў сусветную адукацыйную прастору. Для Беларусі — гэта важны і адказны крок, які ставіць перад намі велізарныя задачы па развіцці і абнаўленні нацыянальнай сістэмы адукацыі, — упэўнены Міхаіл Жураўкоў.

Балонскі працэс — працэс збліжэння і гарманізацыі сістэм адукацыі краін Еўропы. У сакавіку Беларусь наведала дэлегацыя экспертаў Савета Еўропы па адукацыі з мэтай ацаніць гатоўнасць вышэйшай школы Беларусі прытрымлівацца агульнаеўрапейскіх адукацыйных каштоўнасцей і прынцыпаў Балонскай сістэмы. У еўрапейскіх экспертаў было шмат пытанняў. Іх цікавілі, напрыклад, перспектывы ўкаранення крэдытнай сістэмы (ЕСTS) у беларускіх ВНУ, якая з'яўляецца галоўным інструментам акадэмічнай мабільнасці студэнтаў. Ці ёсць у планах міністэрства намер даць універсітэтам большыя паўнамоцтвы ў вызначэнні сваёй адукацыйнай палітыкі? Магчымасці студэнтаў аб'ядноўвацца ў асацыяцыі, каб уплываць на працэсы, што адбываюцца ва ўніверсітэтах, у тым ліку і на якасць адукацыі... Такім чынам, відавочна, што проста касметычным рэфармаваннем вышэйшай школы нам не абысціся, калі мы і сапраўды збіраемся ўліцца ў агульнаеўрапейскую прастору. І ні ў якім разе ўступленне краіны ў Балонскі працэс нельга разглядаць выключна як магчымасць атрымаць дыплом еўрапейскага ўзору.

ІХ канферэнцыя міністраў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і ІV форум па Балонскай палітыцы ўпершыню праходзяць у Арменіі. Нашы партнёры па ЕАЭС далучыліся да Балонскага працэсу дзесяць гадоў таму, але рэфармаванне вышэйшай школы ў гэтай краіне ўсё яшчэ працягваецца. Арменія перайшла на трохступеньчатую сістэму вышэйшай школы (бакалаўрыят—аспірантура—магістратура), увяла сістэму назапашвання і трансферу крэдытаў, інстытуты кантролю якасці, вучэбныя праграмы былі пераарыентаваны на модульнасць. Пашыраецца аўтаномія студэнтаў і іх удзел у працэсе прыняцця рашэнняў на ўзроўні ВНУ. Разам з тым, вышэйшая школа Арменіі сутыкнулася і з шэрагам праблем...

«Балонскі працэс — гэта скарбонка ідэй, з якой трэба браць толькі тое, што падыходзіць канкрэтнай краіне. Сёння і свет, і Еўропа прапануюць вялікія магчымасці, аднак, рухаючыся ў рэчышчы інтэграцыйных працэсаў, важна не страціць сваю нацыянальную ідэнтычнасць», — заявіў падчас свайго візіту ў Беларусь міністр адукацыі і навукі Рэспублікі Арменія Армен Ашацян.

На канферэнцыю ў Ерэван былі запрошаны прадстаўнікі 47 краін — удзельніц Балонскага працэсу. А сімвалам мерапрыемства стаў гранат, які складаецца з часцінак-зорачак. Падчас канферэнцыі чакаецца падпісанне найважнейшых дакументаў, якія вызначаць лёс тысяч студэнтаў і навучальных устаноў па ўсёй Еўропе. Будуць абмеркаваны Ерэванская дэкларацыя, а таксама важныя новаўвядзенні ў сферы адукацыі. Беларусь, як удзельнік Балонскай канвенцыі, таксама выкажа сваю думку па ўсіх пытаннях, што разглядаюцца ў Ерэване.

Надзея НІКАЛАЕВА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.