Вы тут

Дзякуй дзеду за...


Вы думаеце, нямоглы ветэран размаўляе сам з сабою?

На прэм'еру спектакля «Дзед» у Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі я прарывалася... праз «лінію фронту». Напярэдадні апошняй рэпетыцыі парада да Дня Перамогі на подступах да тэатра стаялі танкі, БТР, розная іншая сучасная вайсковая тэхніка — па ўсёй вуліцы цягнулася калона колеру хакі. І вось, прайшоўшы ўздоўж яе, займаеш месца ў зале і з палёгкай уздыхаеш: як жа добра, што гэта толькі рэпетыцыя ў гонар свята. Але гасне святло і зала пагружаецца ў вір трывожных гукаў: ляцяць самалёты, гучаць стрэлы, узрываюцца снарады. Адчуванне сюррэалізму было не толькі ў мяне, бо зала гучна выдыхнула: тэхніка на вуліцы аказалася свайго кшталту пралогам да спектакля, прымеркаванага, ну, вядома, да 70-годдзя Перамогі. Але здавалася, што цябе гэта абмінула і пра зброю ведаеш толькі з падручнікаў ды святочных парадаў, але ж нібыта дакацілася і сюды, у мірны час, рэха вайны. Ды яшчэ відэахроніка перад вачыма — чыста апынуўся на перадавой.

16-15

Каб перажыць вострыя эмоцыі, напружанне ад выкіду адрэналіну, каб атрымаць адчуванне ўласнай перамогі над ворагам, у ХХІ стагоддзі ўжо можна вайну змадэляваць. Камп'ютарныя гульні даюць магчымасць адчуць сябе героем, не выходзячы з хаты. Але ж тут трэба пільнасць, таму што віртуальны вораг жа (амаль як сапраўдны?) не даруе промаху і вось ужо хатні герой злосна кідае: «Дзед, я праз цябе жыццё страціў...» Гэта Генка, унук ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, які ляжыць на ложку побач. Але «стралялку» Генка запусціў для сябе, а кулі (такое адчуванне) трапляюць у дзеда. Для яго гэта не фонавыя гукі, зусім не. Ён жа разумее, што вось менавіта пад такія гукі можна развітацца з жыццём.

Але ён выжыў. Каб даць працяг роду. І каб забяспечыць яго маладзейшых прадстаўнікоў: сям'я ўнука чакае дзедавай пенсіі, жыве ў дзедавай кватэры і разлічвае на тое, што будзе ёю распараджацца пасля... Не, напэўна, Генкава жонка добрая — глядзіць за дзедам, прыбірае, корміць, ваду падносіць. Сама такая ладная, гаспадарлівая. Шмат працы ў маладзіцы. Ці не таму яна крыклівая (артыстка Надзея Цвяткова)? Як выходзіць на сцэну, адразу пачынае размаўляць крыкам (у іншым стане яе мы і не бачым). Ды і Генка (Кірыл Навіцкі) нервовы. Вядома, штодня на віртуальнай вайне гэта не жартачкі. Ды і стрэс зняць трэба — «кірнуць» Генка любіць. Ці гэта з прычыны няпростага жыцця? У іх з сястрой загінулі бацькі. Дзед-ветэран іх фактычна замяніў: гадаваў, клапаціўся, выхоўваў, як мог. Хацеў выхаваць добрымі людзьмі, каб нягоды іх абміналі.

Але ў гэтага пакалення свае выпрабаванні і свае сучасныя войны: вось рэпартаж пра штурм супермаркета на распродажы, вось нехта імкнецца адбіць у іншага патрэбную рэч. Не разумее гэтага дзед. А яны — моладзь — не разумеюць яго. Нібыта ляжыць сабе, ціхі такі. Добра яму ляжаць на ўсім гатовым, калі нехта напружваецца. Чаму ж яму быць незадаволеным. Ён не тое, што не задаволены — наогул, самы ціхі персанаж у гэтым спектаклі (артыст Сяргей Шымко). Ды не разумеюць яны, з кім гэта стары размаўляе час ад часу. А што тут разумець: нібыта і не адзін жыве, а пагаварыць няма з кім. Майстры па рамонце смяюцца: «Навошта ваяваў, вось бы немцы тады заваявалі, дык усе ў Германіі цяпер жылі б». Яны фарбуюць столь, накрыўшы дзеда літаральна на ложку поліэтыленавай плёнкай. І кожны дзень пагражае лакальнымі баямі: унучкі з нявесткай. Не для гэтага ён выжыў у тым сваім баі, калі яго сябра застаўся навечна маладым.

П'еса Вячаслава Паніна закранае тэму адносін да ветэранаў з боку маладога пакалення, якое вельмі далёка ад тых падзей. Ветэранаў няшмат, і памяць амаль сышла. Таму магчымасць злучыць сучаснасць з мінулым праз тэатр — гэта яшчэ і спроба наладзіць дыялог паміж пакаленнямі «дзяцей і бацькоў». У дадзеным выпадку гаворка пра звычайнае чалавечае разуменне, імкненне паслухаць і пачуць іншага, а не толькі свае асабістыя жаданні. Вобраз дзеда-ветэрана толькі ўзмацняе прорву, у якой існуюць прадстаўнікі розных пакаленняў. Вайна — як мяжа, па якой разумееш сутнасць таго, што ёсць сэнс жыцця, што ёсць яго абарона і дзеля чаго наогул хтосьці гатовы быў гінуць. І як мяняюцца акцэнты разумення сэнсу жыцця з часам. Можа быць, неабавязкова гінуць дзеля іншых, каб спраўдзіць свой сэнс у жыцці. У мірны час можна проста іншых любіць — хоць бы тых, хто побач. Гаварыць ім пра гэта. Рабіць так, каб ім было ўтульна і спакойна. Але там, дзе павінна панаваць любоў, чамусьці ідуць «блізкія баі». Любая перамога ў іх — усё адно што паражэнне, якога не хочацца бачыць. Аўтар п'есы вырашае гэта за свайго героя-ветэрана: не проста так да яго прыходзіць нечаканы госць. З гэтага моманту фінал, па сутнасці, прадказальны.

Але ў спектаклі прадказальнасці не хацелася. Спачатку нечаканым здавалася з'яўленне ў якасці рэжысёра ў гэтай пастаноўцы Дзяніса Паршына. У тэатры ён працуе як акцёр крыху больш за 10 гадоў. І да рэжысуры звярнуўся ўпершыню. Дэбютная праца аказалася на сур'ёзную тэму. Між іншым, калі глядач, на якога і разлічваўся спектакль, малады, то абсалютна лагічна было даверыць працу над ім прадстаўніку пакалення «дзяцей». Менавіта таму, што ён адчувае гэтае пакаленне і пастараецца пра сур'ёзнае пагаварыць сучаснай выразнай мовай.

Ён так і імкнуўся зрабіць, адмовіўшыя ад непатрэбнай атрыбутыкі, у чым дапамог і мастак-пастаноўшчык Юрый Саламонаў: на сцэне нічога лішняга, увесь дом дзеда ўвасоблены ў яго ложку. Прастора кватэры падзяляецца проста поліэтыленам. Натуральна, што калі зададзены сцэнічны мінімалізм, то максімум увагі павінны прыцягваць героі, стасункі і сутыкненні іх характараў. Гэтаксама як і ўсе акцэнты ў спектаклі, драматызм сітуацыі будзе перадавацца ігрой акцёраў. Але драматызм — гэта не заўсёды крык. І, можа быць, калі б у некаторых сцэнах гук слоў, што кідаюць героі адзін аднаму, трошкі сцішыць, то больш адчувальнай была б сама драма, закладзеная сітуацыяй: абыякавасць да чалавека, які падарыў жыццё. Абыякавасць жа, як правіла, ціхая і спакойная, таму што прагматычны чалавек беражэ сябе, непрыемнае робіць ціха. Але ў кожнага (як і ў кожнага пакалення) сваё ўяўленне пра чалавечую драму. І чым далей ад вайны, тым больш цяжка гаварыць пра яе. Не проста словы, а такія словы, каб кранулі. І так, каб кранула.

Я была добрая ў той вечар: рэжысёрскі дэбют, тэма і адчуванне, што пабывала на перадавой, зрабілі сваю справу. Але не толькі са мной, падобна. Жанчына ва ўзросце побач выцірала слязу. Зала, у якой, дарэчы, было нямала моладзі, маўкліва ўстала адразу пасля заканчэння спектакля. Якія мы ўсё-такі чуллівыя людзі! Чуллівыя — значыць харошыя?

Ларыса ЦІМОШЫК

Дзяніс Паршын, рэжысёр спектакля «Дзед»:

— Так атрымалася, што я заўсёды хацеў паспрабаваць сябе ў рэжысуры. І калі мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандр Гарцуеў прапанаваў мне паспрабаваць сябе з гэтым матэрыялам, я вырашыў не адмаўляцца і не ўпускаць шанц стварыць пастаноўку як рэжысёр. Гэта па-першае. Па-другое: п'еса Вячаслава Паніна зацікавіла мяне як творцу. Было прыемна працавать з гэтым матэрыялам, нават не гледзячы на тое, што пачынаць з тэматычных п'ес вельмі няпроста і адказна.

— Калі вы ўзяліся за гэтую п'есу, то, напэўна, акрамя прафесійнай, была яшчэ і асабістая матывацыя?

— Гераічнай сямейнай гісторыі ў мяне няма. Ёсць гісторыя пра тое, як бабуля і дзядуля хаваліся ў балотах, як іх шукалі. Майго дзядулю немцы вывезлі ў Германію, ён збягаў, потым яго лавілі, білі, ён зноў збег. Гэта гісторыя ваеннага часу, але не франтавая. Тым не менш, мне было цікава паставіць нейкія пытанні пра адносіны да ветэранаў сёння з пункту гледжання свайго пакалення. Напэўна, пытанняў значна больш, і мы на ўсе не адказалі. Але кожны глядач можа іх працягваць задаваць ужо сабе сам.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?