Вы тут

Зала № 4. «Пачатак Вялікай Айчыннай вайны»


Працягваем віртуальнае падарожжа па Дзяржаўнаму музею Вялікай Айчыннай вайны.

Калі ўваходзіш у гэтую залу, быццам пераносішся ў тую, напэўна, самую страшную раніцу ў гісторыі нашай краіны. Паміж мірам і вайной — усяго 5 хвілін. На перадсвітальнае неба напаўзаюць чорныя хмары, а савецкі пагранічнік трывожна пазірае ў бінокль. Ён пакуль не ведае, што ўсяго праз некалькі хвілін на пагранічныя заставы і ўмацаванні абрынуцца артылерыйскія залпы, на ваенныя аб'екты і спячыя гарады — смяротныя грузы, а варожыя полчышчы ўварвуцца на тэрыторыю вялікай краіны.

[caption id="attachment_84714" align="alignnone" width="600"]23-17 У цэнт­ры віт­ры­ны — гім­нас­цёр­ка лей­тэ­нан­та Аляк­сея На­га­на­ва, зной­дзе­ная ў 1949 го­дзе ў раз­ва­лі­нах Ця­рэс­паль­скай ве­жы Брэсц­кай крэ­пас­ці.[/caption]

Жорсткая і неймаверна цяжкая Вялікая Айчынная вайна для савецкага народа пачалася каля чатырох раніцы 22 чэрвеня 1941 года. Варожая армія налічвала 190 адборных дывізій, 5,5 мільёна салдат і афіцэраў. Галоўны ўдар па савецкіх войсках наносіла група армій «Цэнтр». Рухаючыся праз Беларусь, гітлераўцы трымалі курс на Маскву. Сталіцу меркавалі захапіць да 15 жніўня. Аднак план «маланкавай вайны» не спрацаваў: увесь савецкі народ — ад малога да старога — паўстаў на абарону Айчыны.

Абаронцы Брэсцкай крэпасці

Першымі ўдар ворага прынялі пагранічнікі і воіны Брэсцкай крэпасці. Насуперак планам вермахта ўзяць яе адразу, байцы і камандзіры змагаліся з гітлераўцамі больш чым месяц. Некаторыя еўрапейскія сталіцы не вытрымлівалі і сутак... Пра адважных абаронцаў цытадэлі, якія глядзяць на нас з фотаздымкаў, расказвае асобная частка экспазіцыі.

Найбольш яркі экспанат, які з'яўляецца рэліквіяй музея, — гімнасцёрка лейтэнанта Аляксея Наганава, знойдзеная ў 1949 годзе ў развалінах Цярэспальскай вежы крэпасці. Літаральна па кавалках і нітках аднаўлялі артэфакт вопытныя спецыялісты. Высветліць, каму належала гімнасцёрка, было нескладана: у адной з кішэняў ляжаў камсамольскі білет лейтэнанта. Даваенны фотапартрэт курсанта Мінскага пяхотнага вучылішча ў музей перадаў яго бацька.

Аб магутнасці артылерыі ворага сведчаць аплаўленыя цэгла і шкло крэпасці. Самазарадная вінтоўка Токарава, карабін сістэмы Мосіна і кулямёт сістэмы Дзегцярова — зброя, з якой процістаялі ворагу савецкія салдаты. Адзін з эпізодаў абароны Брэсцкай крэпасці прадстаўлены з дапамогай галаграфічнага тэатра. Дзеянне разгортваецца ў адноўленым будынку інжынернага ўпраўлення, у падвалах якога ў першыя гадзіны вайны знаходзіўся камандны пункт камісара Фаміна.

Брэсцкая крэпасць стала сімвалам мужнасці і стойкасці савецкіх людзей. Менавіта тут былі разбураны мары гітлераўцаў пра хуткую і лёгкую перамогу. «1941 год, 26 июня. Нас было трое, нам было трудно, но мы не пали духом и умираем, как герои», — пісалі абаронцы гераічнай цытадэлі на сцяне, фрагмент якой захоўваецца ў музеі.

Адна застава — сем атак

Сімвалам мужнасці чырвонаармейцаў на гродзенскіх рубяжах стала абарона 59-га дота Гродзенскага ўмацаванага раёна. У той час, як ішлі баі пад Баранавічамі і Мінскам, гераічныя абаронцы дота змагаліся з ворагам да апошняга патрона. У ходзе трохдзённай абароны з 22 чалавек пашчасціла выжыць толькі дваім.

У першы дзень вайны ў баях з гітлераўцамі змагаліся 485 пагранічных застаў. У гарызантальнай вітрыне экспазіцыі — рыштунак, знойдзены падчас раскопак на месцы бою 3-й заставы пад камандаваннем лейтэнанта Віктара Усава. Гільзы, нож, сапёрная лапатка, магазін і штыкі належалі пагранічнікам 86-га Аўгустоўскага пагранатрада. На працягу 10 гадзін вайскоўцы Усава адбілі сем атак гітлераўцаў. Нягледзячы на раненні, лейтэнант працягваў камандаваць боем. Ён назаўсёды застаўся ў акопах сваёй заставы, якой пасля вайны было прысвоена яго імя.

[caption id="attachment_84713" align="alignnone" width="600"]23-16 На вар­це — са­вец­кі па­гра­ніч­нік. Да ве­ра­лом­на­га на­па­ду гіт­ле­раў­скай Гер­ма­ніі на Са­вец­кі Са­юз за­ста­лі­ся лі­ча­ныя хві­лі­ны.[/caption]

Праз паўвека даведалася пра лёс мужа

Калекцыя баявых сцягоў воінскіх злучэнняў і партызанскіх фарміраванняў — гонар музея. Свой першы бой вайскоўцы 56-й стралковай Маскоўскай дывізіі, чый сцяг тут таксама можна ўбачыць, прынялі каля Гродна. Адступалі. Неслі вялікія страты. Капітану Васілю Кулікову і старшаму лейтэнанту Фёдару Максімаву даверылі берагчы сцяг падраздзялення. Калі юнакоў параніла, сцяг перадалі на захоўванне камсамольцам вёскі Узноснае Талачынскага раёна Аркадзю Зелюткову і Канстанціну Мяснікову. З 1943 года сцяг знаходзіўся ў партызанскай брыгадзе, пасля чаго быў перададзены самалётам у Беларускі штаб партызанскага руху. За выратаванне воінскага сімвала Зелюткоў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Там жа, пад Гродна, 23 і 24 чэрвеня 1941 года контрудар па праціўніку наносілі войскі 6-й і 10-й армій пад кіраўніцтвам намесніка камандуючага Заходнім фронтам генерал-лейтэнанта Івана Болдзіна. Трафейны пісталет «Вальтэр», які захоўваецца ў музеі, быў падораны Болдзіну таварышамі падчас 45-дзённага баявога рэйду ў тыле ворага, што ажыццявіла яго «лясная дывізія». У жніўні 1941-га пад Смаленскам яна злучылася з асноўнымі сіламі фронту. Потым знакаміты генерал-лейтэнант вызначыўся пры абароне Тулы, удзельнічаў у вызваленні Беларусі.

Капейкі, лыжка, адэкалон, аловак, медальёны і прадметы экіпіроўкі належалі 30 чырвонаармейцам, якія загінулі ў баі пад вёскай Лыскі, што ў Слонімскім раёне. У 1991 годзе іх знайшлі пошукавыя групы пры Рэспубліканскім цэнтры дзіцячага і юнацкага турызму. Па анкеце, якая ляжала ў адным з салдацкіх медальёнаў, удалося высветліць імя аднаго з загінулых. Гэта быў Іван Сахно. На фотаздымку, знойдзеным там жа, ён са сваёй жонкай Марыяй. У 1941 годзе яна правяла мужа на фронт, і толькі праз 50 гадоў даведалася пра яго лёс.

Куля трапіла ў... гадзіннік

У пачатку вайны ў паветры панавала варожая авіяцыя. Толькі ў першыя дні Вялікай Айчыннай гітлераўцы знішчылі 732 савецкія самалёты, у тым ліку 528 — на аэрадромах. Нягледзячы на магутнасць авіяцыі вермахта, адважна змагаліся ў небе і савецкія лётчыкі.

Адзін з іх — Андрэй Данілаў, які ў небе над Гродна збіў тры нямецкія самалёты, у тым ліку таранам. Варожая куля, што трапіла ў кішэнны гадзіннік, пашкодзіла нагу лётчыка. Таксама старшы палітрук быў паранены ў галаву. Толькі цудам ён здолеў пасадзіць свой самалёт, у якога нават не высоўвалася шасі. Гадзіннік і куля — у экспазіцыі музея. Тут можна таксама ўбачыць яго рэмень, кабуру, планшэт, навігацыйную лінейку, запальнічку, партсігар, муштук і шлемафон, які Андрэй Данілаў насіў і ў перыяд вызвалення Беларусі.

Тараны адбываліся не толькі ў паветры, але і на зямлі. 23 чэрвеня ў баі пад Кобрынам загінуў камандзір 22-й танкавай дывізіі генерал-маёр Віктар Пуганаў. Мяркуецца, што менавіта ён здзейсніў адзін з першых танкавых таранаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

На групавым фотаздымку — экіпаж танка, у складзе якога ваявалі родныя браты: Елісей, Канстанцін і Мінай Крычаўцовы, ураджэнцы Гомельскай вобласці. 26 чэрвеня 1941 года ў баі пад Беластокам яны падбілі тры варожыя машыны. Накіраваўшы свой падпалены танк на тэхніку праціўніка, экіпаж загінуў — у адно імгненне ў маці не стала траіх сыноў.

Подзвіг лётчыкаў

З 25 па 28 чэрвеня 1941 года за сталіцу Беларусі разгарнуліся жорсткія баі. Нягледзячы на гераічнае супраціўленне савецкіх салдат, Мінск быў захоплены гітлераўцамі. Некаторым злучэнням пашчасціла вырвацца з акружэння. У тым ліку 24-й мотастралковай Самара-Ульянаўскай дывізіі на чале з генерал-маёрам Кузьмой Галіцкім. Яго даваенную гімнасцёрку, рэмень, трафейны компас і кабуру, падараваныя вайскоўцамі пры прарыве з акружэння, можна ўбачыць у экспазіцыі.

Скульптура Бембеля, у якой майстар адлюстраваў Мікалая Гастэлу, нагадвае пра подзвіг Героя Савецкага Саюза. Дарэчы, помнік легендарнаму лётчыку ў чалавечы рост можна ўбачыць у Радашковічах. Гэты пастамент лічыцца помнікам усім лётчыкам, якія змагаліся і загінулі ў небе над Беларуссю ў першыя дні вайны.

Экіпаж бамбардзіроўшчыка ДБ-3Ф пад камандаваннем капітана Гастэлы здзейсніў свой подзвіг падчас абароны Мінска 26 чэрвеня 1941 года. Накіраваўшы свой палаючы самалёт на механізаваную калону ворага, разам з камандзірам загінулі ўсе члены экіпажа: Рыгор Скарабагаты, Анатоль Бурдзянюк і Аляксей Калінін. Гледзячы на фотаздымкі гэтых маладых хлопцаў, ловіш сябе на думцы, колькі ўсяго іх чакала наперадзе, каб не вайна...

У той жа дзень і амаль у тым жа месцы здзейсніў вогненны таран і яшчэ адзін экіпаж 207-га далёкабамбардзіровачнага палка капітана Аляксандра Маслава. Матор ад самалёта Маслава і рэшткі прадметаў, якія належалі членам экіпажа — Бахтурасу Бейсекбаеву, Рыгору Рэутаву і Уладзіміру Балашову, былі ў 1952 годзе знойдзены на месцы іх гібелі.

[caption id="attachment_84717" align="alignnone" width="600"]23-20 Дыя­ра­ма «Аба­ро­на Мін­ска 25–28 чэр­ве­ня 1941 г.»[/caption]

Бутэлькі — супраць 20 танкаў

У баях пад Астрашыцкім Гарадком асабліва вызначыліся 100-я і 161-я стралковыя дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Івана Русіянава і палкоўніка Аляксея Міхайлава. Боепрыпасаў катастрафічна не хапала, але яны, як маглі, стрымлівалі ворага, які рваўся ў Мінск. Менавіта пад Астрашыцкім Гарадком упершыню была выкарыстана бутэлька з запальнай сумессю. Пры дапамозе «кішэннай артылерыі» батальён капітана Фёдара Каўрыжкі знішчыў 20 нямецкіх танкаў. У экспазіцыі — прамысловы ўзор такой бутэлькі з падрабязнай інструкцыяй па прымяненні. Захоўваюцца тут і прадметы, якія належалі ўдзельнікам тых баёў. Іх знайшлі школьнікі Астрашыцкага Гарадка падчас правядзення пошукавых работ.

Пасля таго, як Мінск быў захоплены гітлераўцамі, вельмі важна было ўтрымаць Барысаў. Першымі на абарону горада сталі курсанты Барысаўскага танкавага вучылішча пад камандаваннем корпуснага камісара Івана Сусайкова. Узнагароды аднаго з танкістаў — Фёдара Рудскага, які за баі ва Усходняй Прусіі ў 1945 годзе стаў Героем Савецкага Саюза, — прадстаўлены ў музеі.

У экспазіцыі можна ўбачыць фотаздымкі караблёў Пінскай ваеннай флатыліі, фрагмент ахоўнага касцюма, а таксама макет манітора «Бабруйск». З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны карабель пад камандаваннем лейтэнанта Фёдара Сямёнава змагаўся з фашыстамі на рацэ Прыпяць. Самы смелы прарыў у тыл праціўніка быў здзейснены ім 11–13 ліпеня 1941 года. Шмат караблёў флатыліі былі знішчаны гітлераўцамі падчас абароны Кіева. Аднавілі флатылію ў верасні 1943-га, пасля выхаду Чырвонай Арміі на Днепр.

Абарона Магілёва

Важная веха ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — абарона Магілёва. 23 дні — з 3 па 26 ліпеня 1941 года — горад не здаваўся ворагу. Разам з чырвонаармейцамі змагаліся з акупантамі і жыхары горада. У абарончых працах з 26 чэрвеня па 10 ліпеня іх штодзень удзельнічала каля 40 тысяч. За кароткі час былі вырыты
25-кіламетровы процітанкавы роў, траншэі, пабудаваны бліндажы, дзоты.

За горад змагалася 12 тысяч магіляўчан. У такой жа форме супрацоўніка міліцыі даваеннага ўзору, прадстаўленай у экспазіцыі, на чале батальёна міліцыі на працягу трох дзён вёў баі пад Магілёвам капітан Канстанцін Уладзіміраў. З 250 чалавек выжылі толькі 19. Загінуў і сам капітан, які пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна. На месцы баёў пад Магілёвам былі знойдзены нож, штыкі і пляшка, што належалі салдатам 172-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Міхаіла Раманава, якая адзначылася пры абароне горада.

У гісторыю ўвайшла бітва на Буйніцкім полі, што пад Магілёвам. 12 ліпеня 1941 года вайскоўцы 388-га стралковага палка пад камандаваннем палкоўніка Сямёна Куцепава падбілі 39 нямецкіх танкаў. Фотакарэспандэнт «Известий» Павел Трошкін сфатаграфаваў разбітую тэхніку ворага, а карэспандэнт газеты «Красная звезда» Канстанцін Сіманаў апісаў бой у артыкуле «Гарачы дзень». Гэтыя падзеі таксама ляглі ў аснову рамана знакамітага пісьменніка «Жывыя і мёртвыя». Вядома, што, згодна з завяшчаннем Сіманава, яго прах быў развеяны над Буйніцкім полем.

Дзесяць дзён абаронцы Магілёва змагаліся ў акружэнні. Шмат ахвяр было пакладзена на алтар Перамогі. Куцепава забіў нямецкі дыверсант. Паранены Раманаў, якога хавалі жыхары вёскі Барсукі, быў схоплены па даносе здрадніка, загінуў у лагеры Хамельбург у снежні 1941 года. Абарона Магілёва стала сур'ёзнай затрымкай наступлення групы армій «Цэнтр» на галоўным кірунку — на Маскву. У 1980 годзе беларускі горад быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені.

[caption id="attachment_84716" align="alignnone" width="600"]23-19 Рэшт­кі ўзбра­ен­ня і аса­біс­тыя рэ­чы во­і­наў 100-й страл­ко­вай ды­ві­зіі, зной­дзе­ныя школь­ні­ка­мі Аст­ра­шыц­ка­га Га­рад­ка.[/caption]

Няўлоўныя «Кацюшы»

Адна з найбольш яркіх падзей першых месяцаў вайны — выкарыстанне легендарных «Кацюш». 14 ліпеня 1941 года падчас абарончых баёў на тэрыторыі Беларусі першыя залпы па гітлераўцах ажыццявіла батарэя «Кацюш» пад камандаваннем капітана Івана Флёрава. Гэта было на станцыі Орша. Некалькі месяцаў чырвонаармейцы наводзілі жах на фашыстаў. Гітлераўцы называлі «Кацюшу» то «пякельным полымем», то «Сталінскім арганам». Нямецкае камандаванне нават паабяцала буйное ўзнагароджанне тым, хто захопіць хоць адну артылерыйскую ўстаноўку.

У кастрычніку 1941 года батарэя Флёрава трапіла ў акружэнне і, па загадзе камандзіра, усе баявыя машыны былі ўзарваны. На кожнай машыне знаходзілася ўзрыўчатка — для таго, каб устаноўка ні ў якім разе не трапіла да ворага. З адной з іх загінуў і сам Іван Флёраў. У 1996 годзе яму пасмяротна прысвоілі званне Героя Расійскай Федэрацыі. А на змену тым «Кацюшам» тады, у 1941-м, прыйшлі дзясяткі новых, якія з той жа сілай працягвалі граміць ворага.

Пляшка як сімвал трагедыі

Катушка для кабелю і тэлефонны апарат, прадстаўленыя ў экспазіцыі, адлюстроўваюць ролю сувязістаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Адным з іх быў удзельнік абарончых баёў на Гомельскім кірунку, камандзір батальёна лейтэнант Дзмітрый Акімушкін. Свае асабістыя рэчы — гімнасцёрку ўзору 1935 года, узнагароды, трафейны компас, атрыманы ім пад Сталінградам, клінок, партупею і кацялок — ён прынёс у музей пасля вайны.

Затрымлівае ўвагу наступная вітрына. Тут — адзін экспанат. Пляшка, у якую ўціснута косць чалавека. Знойдзена ў 1992 годзе каля вёскі Азерніца Слонімскага раёна, дзе ў чэрвені — ліпені 1941 года кровапралітныя баі з нямецка-фашысцкімі акупантамі вяла 10-я армія Заходняга фронту. Як мяркуюць спецыялісты, гэты воін загінуў пад гусеніцамі варожага танка: ён быў проста расціснуты. Унікальны экспанат сімвалізуе трагедыю першых абарончых баёў на тэрыторыі Беларусі. Гэта тысячы забітых, зніклых без вестак і трапіўшых у палон чырвонаармейцаў, імёны многіх з якіх невядомы і сёння.

[caption id="attachment_84715" align="alignnone" width="600"]23-18 Дзя­ку­ю­чы за­поў­не­на­му ме­даль­ё­ну жон­ка Іва­на Сах­но да­ве­да­ла­ся пра тра­гіч­ны лёс му­жа. Праў­да, праз 50 га­доў...[/caption]

Палаючы Мінск і першыя гвардзейцы

Адна з дзвюх дыярам музея знаходзіцца тут, у чацвёртай зале. Спецыяльна для новай экспазіцыі створана Студыяй ваенных мастакоў імя Грэкава ў Маскве. Дыярама «Абарона Мінска 25 — 28 чэрвеня 1941 г.» адлюстроўвае тое становішча, якое склалася ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны пад Мінскам. Палаючыя хаты, варожыя танкі, мірнае насельніцтва, што імкнецца сысці... Чырвонаармейцы абаранялі сталіцу ва ўмовах недахопу артылерыі і танкаў, інжынерна-сапёрных войск і практычна поўнай адсутнасці знішчальнай авіяцыі.

Нягледзячы на мужнасць і стойкасць вайскоўцаў, Чырвоная Армія адступала. У канцы жніўня 1941 года для нашай краіны пачаліся доўгія тры гады акупацыі. Войскі вермахта рушылі ў бок Смаленска. Тут праціўнік быў затрыманы на два месяцы. Пад Смаленскам нарадзілася савецкая гвардыя. Загадам Наркама абароны СССР ад 18 верасня 1941 года чатыры стралковыя дывізіі былі пераўтвораны ў гвардзейскія. Першай гэтае высокае званне прысвоілі 100-й стралковай дывізіі генерал-маёра Івана Русіянава. З дывізіяй военачальнік прайшоў усю вайну. Свае асабістыя рэчы — паўшубак, кнігу «Так біла ворага 1-я гвардзейская» і мадэль танка з надпісам «Першаму гвардзейцу Чырвонай Арміі» — Русіянаў перадаў у музей.

Справы «даватарцаў»

Гітлераўцы рваліся да Масквы. На галоўным кірунку разгарнуліся жорсткія баі. Сярод удзельнікаў Маскоўскай бітвы былі і беларусы. Адзін з найбольш знакамітых — ураджэнец Лепельшчыны, камандзір 2-га кавалерыйскага корпуса генерал-маёр Леў Даватар. Наносячы ўдар па камунікацыях ворага, «даватарцы» здзяйснялі рэйды ў тыл праціўніка. За галаву камандзіра немцы давалі вялікую суму грошай. 19 снежня 1941 года ў баі пад Рузай адважнага Даватара скасіла кулямётная чарга. Праз два дні генерал-маёру пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза — рэдкі выпадак у пачатковы перыяд вайны. Народны мастак БССР Аляксей Глебаў прысвяціў легендарнаму кавалерысту скульптуру, якая знаходзіцца ў музеі. Побач — асабістыя рэчы Даватара, якія ў 1986 годзе перадала яго дачка Маргарыта: летняя гімнасцёрка, партфель, сямейныя фотаздымкі, палявая кніжка-блакнот, лінейка і компас.

У зале экспануецца і 25-міліметровая зенітная гармата. Менавіта такія ўстаноўкі абаранялі сталіцу Савецкага Саюза ад налётаў варожай авіяцыі. Падчас баёў пад Масквой імі было збіта больш чым 1300 нямецкіх самалётаў.

* * *

У выніку контрнаступлення савецкіх войск, якое завяршылася ў красавіку 1942 года, вораг быў адкінуты ад Масквы на 200—250 кіламетраў. Маскоўская бітва азначала зрыў плана «маланкавай вайны», а міф пра непераможнасць Германіі быў развеяны. Якія падзеі на фронце канчаткова пераламалі ход вайны ў наш бок і як набліжалі доўгачаканую Перамогу работнікі тылу — у наступны раз.

Вераніка КАНЮТА, Кацярына НАВІЦКАЯ, навуковы супрацоўнік аддзела ваенна-франтавой гісторыі Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Зала № 3. «Дарога вайны»

Зала № 2. «Свет напярэдадні і ў першыя гады Другой сусветнай вайны»

Зала № 1.  «Мір і вайна»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?