Вы тут

Ад скарыны да духоўнай свядомасці


Ёсць такая грамадская арганізацыя — Міжнародная асацыяцыя беларусістаў (МАБ). Створана яна на пачатку 90-х гг. мінулага стагоддзя па ініцыятыве прафесара Адама Мальдзіса (ён жа і ўзначальваў яе шмат гадоў), яна нямала зрабіла і робіць па аб'яднанні даследчых намаганняў вучоных-беларусістаў розных краін і народаў: самой Рэспублікі Беларусь, а таксама Расіі, ЗША, Украіны, Польшчы, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Францыі, Чэхіі, Славакіі, Японіі...

Ва ўсіх гэтых і многіх іншых краінах свету даволі рэгулярна публікуюцца ў навуковых часопісах артыкулы па гісторыі, культуры, мове, літаратуры Беларусі, у некаторых універсітэтах чытаюцца лекцыйныя курсы па гэтых прадметах, часам ствараюцца беларусазнаўчыя кафедры, што даюць магчымасць студэнтам атрымліваць адпаведныя веды і нават спецыяльнасці, і г. д. Раз на 4–5 гадоў праводзяцца міжнародныя кангрэсы беларусістаў, на якія з Еўропы, Азіі, Амерыкі з'язджаюцца навукоўцы, каб падзяліцца сваімі пошукамі і знаходкамі ў розных гуманітарных галінах беларусазнаўства, калектыўна абмеркаваць і ацаніць зробленае, вызначыць кірункі далейшай дзейнасці, правесці справаздачна-перавыбарны сход МАБ...

Вось і заўтра, 28 мая, у памяшканні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі распачынаецца праца VІ Міжнароднага кангрэса беларусістаў, які ўступным словам адкрые цяперашні старшыня МАБ — вядомы гісторык, акадэмік НАН Беларусі Міхаіл Касцюк. На двух пленарных пасяджэннях кангрэса і ў 18 яго тэматычных блоках (секцыях) будзе заслухана і абмеркавана звыш ста дакладаў. Назаву толькі асобныя з гэтых блокаў: «Старабеларускае моўнае пасрэдніцтва ў кантактах Усходу і Захаду», «Беларуская літаратурная гісторыя сёння: праблемы і перспектывы», «Беларуска-іншанацыянальнае культурнае ўзаемадзеянне», «Духоўны вопыт Беларусі і іншых славянскіх краін у кантэксце гісторыі пісьменства: сацыякультурнае вымярэнне», «Рэлігійны складнік тоеснасці беларусаў», «Нацыянальная самасвядомасць і мастацкая літаратура», «Хрысціянства ў гісторыі Беларусі», «Замежнае беларусазнаўства ў кантэксце еўрапейскай славістычнай традыцыі другой паловы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя», «Беларуская мова як замежная» і інш. Сваімі новымі навуковымі напрацоўкамі, адкрыццямі падзеляцца такія вядомыя беларусісты, як Юрый Лабынцаў і Наталля Запольская (Расія), Рыгор Піўтарак і Аляксандр Скапненка (Украіна), Джым Дынглі і Арнольд Макмілін (Вялікабрытанія), Рышард Радзік і Сяргей Кавалёў (Польшча), Герд Генчэль (Германія), Андраш Золтан (Венгрыя), Андрэй Зінкевіч (Аўстрыя), Сіёры Кіёсава (Японія) і іншыя замежныя вучоныя. Зразумела, большасць дакладаў прачытаюць прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага аддзялення МАБ — літаратуразнаўцы, лінгвісты, культуролагі, гісторыкі. Сярод іх — Аляксандр Булыка, Георгій Галенчанка, Сяргей Запрудскі, Таццяна Кабржыцкая, Валянціна Мароз, Павел Навойчык, Жанна Некрашэвіч-Кароткая, Мікалай Прыгодзіч, Віктар Скарабагатаў, Мікалай Хмяльніцкі і інш.

Сёлетні Міжнародны кангрэс беларусістаў праходзіць напярэдадні знамянальнай даты — 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якую мы будзем адзначаць у 2017 годзе. Таму лагічна, што пад кіраўніцтвам намесніка старшыні МАБ Алеся Сушы запланаваны два пасяджэнні «круглага стала» «Францыск Скарына і яго час» з цэлым шэрагам цікавых выступленняў беларускіх, англійскіх і польскіх даследчыкаў, а таксама прэзентацыя новых выданняў па Скарыніяне. Сярод апошніх — шэраг тамоў з поўнага факсімільнага выдання кніжнай спадчыны Францыска Скарыны ў 21 томе, над якім працуе Нацыянальная бібліятэка Беларусі, зборнік матэрыялаў ІV Скарынаўскіх чытанняў «Віленскія выданні Францыска Скарыны ў кантэксце эпохі Адраджэння», унікальная кніжка «Францыск Скарына на мовах народаў свету», выпушчаная Выдавецкім домам «Звязда». Запланавана прэзентацыя і некаторых іншых беларусазнаўчых выданняў: «Летапісы і хронікі Вялікага Княства Літоўскага ХV—ХVІІ стст.», «Даследаванні па міжславянскіх моўных і культурных кантактах» Андраша Золтана, «Паэзія Антона Гарэцкага» Ганны Шаўчэнкі і інш. Думаецца, гэтыя прэзентацыі таксама выклічуць цікавасць членаў кангрэса.

Апошнім часам мы часта гаворым пра патрэбу павышаць імідж Беларусі ў шырокім свеце. На гэты імідж спакойна, мэтанакіравана, плённа працуюць і члены Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Пажадаем жа добрага спору ў іх такой патрэбнай працы, як, зрэшты, і самому кангрэсу.

Вячаслаў Рагойша, прафесар БДУ, член аргкамітэта Міжнароднага кангрэса беларусістаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».