Вы тут

Я не веру ў адзіноту


«Мне адзінока», — пачынае свой ліст сябар з далёкай краіны. Я адразу думаю пра акіян, які аддзяляе яго ад каранёў, пра менталітэт тамтэйшых жыхароў, пра доўгае блуканне ўдалечыні ад дому. Але наступны радок перакрэслівае ўсе прыдуманыя прычыны: «У мяне падазраюць анкалогію».

Без имени-10

Калі чалавек атрымлівае прысуд ад доктара, ён застаецца сам-насам са страшным дыягназам. Ты і рак — астатні свет перастае існаваць.

За час дабрачыннай дзейнасці ў «Клубе 5000» я бачыла шмат разгубленых матуль, якія толькі што даведаліся, што іх дзіця цяжка хварэе. Іх свет мяняецца за адну хвіліну. Не застаецца нічога больш важнага. І не застаецца нікога больш важнага. У гэтае імгненне яны міжволі перарываюць любыя сувязі са знешнім светам. Бо адчуваюць, што ніхто больш не можа дапамагчы, ніхто не можа ўявіць, не можа зразумець, падзяліць іх гора. Яны адны. Гэта пачуццё маленькай, бездапаможнай кропкі ў глыбокай-глыбокай яме. Пачуццё адзіноты.

Мы, валанцёры «Клуба 5000», стараемся злавіць гэты момант — знаёмімся з сям'ёй падапечных з пылу з жару. Пакуль бацькі яшчэ не апрытомнелі ад навіны, не ўсвядомілі свой новы статус, мы падхопліваем іх і разводзім рукамі: «Паглядзіце, які неабдымны натоўп сабраўся, каб патрымаць вас. Тысячы чалавек гатовы зрабіць для вас самае важнае і неабходнае. Кожны дзень яны побач і падзяляюць ваш боль».

Як важна ў гэта імгненне проста адчуць, што ты не адзін! Як важна не прапусціць гэты момант. ...Тады далейшыя справы пойдуць у зусім іншым настроі, барацьба будзе бойкай, актыўнай. Адзін у полі не воін. А за тваімі плячыма — войска. Пра гэта дастаткова ведаць.

Нядаўна на пошту «Клуба 5000» прыйшоў ліст з просьбай дапамагчы ў платным лячэнні хлопчыка. Я, нічога не абяцаючы, адаслала спіс неабходных дакументаў. Маўляў, дасылайце — паглядзім, праверым і вырашым, што можам зрабіць.

Адказ прымусіў мяне праслязіцца: «Дзякуй вялікі за такі хуткі адказ. Я збяру дакументы, як толькі мы з сынам вернемся з замежнага абследавання. Ведаеце, мне вельмі прыемна, што вы так хутка адрэагавалі. Я адразу адчула, што я не адна. Дзякуй вам».

Не ўсім патрэбны вялікія сумы на лячэнне, не кожнаму прыходзіцца даставаць рэдкія замежныя лекі, многія самі могуць забяспечыць хворае дзіця прадуктамі і падгузкамі, але кожнаму патрэбна падтрымка. Добрае слова, удзел, падбадзёрванне, паляпванне па плячы, поціск рукі, позірк. Проста ведаць, што ты не адзін. Дастаткова ведаць.

Напэўна, таму мой сябар, пачуўшы няладнае пра сваё здароўе, вырашыў даверыцца менавіта мне: «Мне адзінока. Ты дапаможаш?». Ён не хоча палохаць бацькоў, баіцца турбаваць сяброў, у сястры — сям'я. У кожнага сваё жыццё. І раптам ты разумееш, што нікому, па вялікім рахунку, няма спраў да цябе.

Але гэта няпраўда. Ты баішся застацца адзін. Стрэс прыгнятае, наганяе хмары і прымушае бачыць сябе маленькай, бездапаможнай кропкай у глыбокай-глыбокай яме.

Ты не адзін. І нават калі раптам блізкія адмовяцца ад цябе ў цяжкую хвіліну, абавязкова знойдуцца незнаёмыя людзі, гатовыя падзяліць твой боль, узяць на сябе клопаты і выдаткі. «Клуб 5000» кожны дзень даказвае гэта сваімі справамі. Часам мы не знаходзім падтрымкі, таму што проста не верым у яе. А дастаткова толькі верыць.

Кажуць, усе людзі глыбока ўнутры адзінокія. Я думаю пра гэта, калі пачынаю капацца ў сабе (а гэта, на жаль, мой перманентны стан). І так шкадуеш сябе. Здаецца, што ты адзін такі ў свеце. Ніхто не разумее. Ты сам-насам са сваімі тараканамі і душэўнымі балячкамі. Але рана ці позна, у прыдатны ці не вельмі момант, на кожную сваю рэфлексію я знаходзіла брата-двайнятку. Ніхто не зразумее цябе цалкам. Але проста ведай, што ў свеце ёсць хоць адзін чалавек, які перажывае ці калісь перажыў тое самае, што цяпер перажываеш ты. Дастаткова ведаць гэта.

Адзінокімі прынята лічыць людзей, якія жывуць адны. Без сям'і, без пары, без сяброў, без зносін. Маўляў, не пашанцавала: не сустрэў свайго лёсу, сябры здрадзілі, блізкія памерлі. Але ён не апошні чалавек на зямлі. І гэта не адзінота. Гэта яго выбар. Вакол столькі людзей, што сярод іх абавязкова знойдуцца і аднадумцы, і прыяцелі, і палавінка. Дастаткова толькі захацець.

Для сябе я вызначыла адзіноту як сітуацыю, калі няма нікога, каго ты баішся страціць назаўсёды. Страшна не даражыць сваім наваколлем і быць гатовым развітацца з кожным. Але ва ўсім белым свеце столькі людзей, што сярод іх абавязкова знойдзецца хто-небудзь, бясконца дарагі твайму сэрцу. Дастаткова толькі ўпусціць яго туды.

Мой сябар, напалоханы нечаканым дыягназам, неўзабаве вярнуўся на радзіму. А падазрэнне на анкалогію не пацвердзілася. Затое цяпер ён дакладна ведае, што не адзінокі. Пра гэта дастаткова ведаць.

Таццяна Немчанінава,
заснавальніца дабрачыннага руху «Клуб 5000».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.