Вы тут

Ніякай штомесячнай індэксацыі цэн...


Пра гэта на сумесным пасяджэнні дзвюх палат беларускага парламента паведаміў віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін.

Галоўнымі тэмамі чарговай справаздачы членаў урада ў Авальнай зале Палаты прадстаўнікоў сталі транспарт, будаўніцтва, жыллёва-камунальная гаспадарка, сувязь і інфарматызацыя.

Дакладчык Анатоль Калінін, намеснік прэм'ер-міністра, у сваім выступленні заўважыў, што складаныя знешнія ўмовы выклікалі запаволенне росту эканомікі краіны. Па яго словах, у гэтай сітуацыі асноўны прыярытэт неабходна надаць матэрыяльнай сферы, «развіццю, а не спажыванню, інвестыцыям, а не выдаткам на хоць і важныя, але не вытворчыя патрэбы».

Віцэ-прэм'ер заявіў, што ў Беларусі больш не будзе ніякай індэксацыі цэн у будаўніцтве, а будуць прымяняцца тыя лічбы, якія закладзены ў дагаворах. «З 1 студзеня бягучага года ўкаранёны ў практыку будаўніцтва нязменныя дагаворныя і кантрактныя цэны. Ажыццёўлены пераход на праектаванне ў дзейных цэнах. Ніякіх штомесячных індэксаў больш не будзе. Ёсць каштарыс, ёсць дагавор, цана, па якой разлічваюць, зыходзячы з прагнозных індэксаў змянення кошту будаўніцтва, зацверджаных Мін-эканомікі. Бакі падпісалі гэты дагавор і нясуць адказнасць за яго выкананне», — сказаў Анатоль Калінін.

Дакладчык дадаў, што, калі падрадчык затраціў больш сродкаў на будаўніцтва, гэта яго страта, «а атрымаў эканомію — гэта яго прыбытак».

Паводле слоў Анатоля Калініна, цяпер за кошт змянення супрацьпажарных патрабаванняў удалося дабіцца зніжэння кошту аб'ектаў, што будуюцца, на $10-$30 (на 1 кв.м), а таксама на $100-$500 на тону металаканструкцый.

Віцэ-прэм'ер расказаў таксама, што доля арэнднага жылля ў нашай краіне да 2020 года павялічыцца ў 6 разоў. Цяпер доля арэнднага жылля дасягнула 11,7 працэнта. На думку віцэ-прэм'ера, пашырэнне дзяржаўнага фонду арэнднага жылля павінна адыграць значную ролю ў вырашэнні пытанняў працоўнай міграцыі, а таксама стаць метадам рэгулявання на рынку найму жылых памяшканняў і добрай альтэрнатывай прыватнаму жылому фонду, які здаецца.

Яшчэ адно абяцанне ўрада — выключэнне магчымасці з'яўлення ў жыроўках неабгрунтаваных плацяжоў. «Распрацавана і ўкаранёна праграмнае забеспячэнне адзінай інфармацыйнай сістэмы па ўліку, разліку і налічэнні платы за паслугі ЖКГ. Пасля паўсюднага ўкаранення адзінай праграмы будзе выключана магчымасць уключэння неабгрунтаваных плацяжоў у жыроўкі», — падкрэсліў Анатоль Калінін. Усе разлікі па паслугах ЖКГ будуць праводзіцца разлікова-даведачнымі цэнтрамі ў АРІП, дадаў ён.

Віцэ-прэм'ер закрануў тэму неўласцівых паслуг, якія выконваюць арганізацыі ЖКГ. «Выкананне і аплата работ, звязаных з аказаннем неўласцівых паслуг, павінна ажыццяўляцца толькі на дагаворнай аснове з кампенсацыяй панесеных затрат», — лічыць віцэ-прэм'ер. Жыллёва-эксплуатацыйная арганізацыя павінна займацца эксплуатацыяй толькі жылога дома, вонкавыя інжынерныя сеткі павінны быць перададзены арганізацыям — пастаўшчыкам паслуг, дадаў ён.

Намеснік прэм'ер-міністра паведаміў дэпутатам і членам Савета Рэспублікі пра тое, што праект стратэгіі развіцця інфарматызацыі ў Беларусі на 2016—2020 гады будзе вынесены на грамадскае абмеркаванне. «Праект грунтуецца на даследаваннях сучасных сусветных тэндэнцый развіцця інфармацыйнага грамадства і сферы ІКТ», — растлумачыў віцэ-прэм'ер. Дакумент унясуць на зацвярджэнне ва ўрад у трэцім квартале 2015 года.

Анатоль Калінін нагадаў, што Беларусь займае 55-е месца сярод 190 краін у рэйтынгу па гатоўнасці да электроннага ўрада. Пры гэтым дакладчык звярнуў увагу, што па субіндэксе чалавечага капіталу Беларусь апярэджвае сярэднееўрапейскія і нават сусветныя значэнні. «Але па субіндэксе вэб-паслуг мы сур'ёзна адстаём. І гэта праблема не тэхналагічная, а хутчэй суб'ектыўная — пасіўнасць, а часам і адкрытае нежаданне некаторых дзяржорганаў і арганізацый пераходзіць на сучасныя метады электроннай сувязі», — сказаў ён.

Віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што ў гэтым плане сярод прыярытэтаў — укараненне і развіццё электронных паслуг, арганізацыя электроннага ўзаемадзеяння дзяржорганаў. «Урадам строга пастаўлены задачы па пераходзе да аказання дзяржпаслуг насельніцтву і бізнесу ў анлайн-рэжыме», — звярнуў увагу Анатоль Калінін. Ён лічыць, што пераход да электроннага ўрада залежыць ад работы на месцах.

Валерый Гайдукевіч, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы, запытаў, ці магчыма зрабіць прыватызацыю жылля больш даступнай для людзей.

— Звяртаюцца пенсіянеры, якія плацяць за прыватызацыю з пенсіі, — у іх няма больш ніякіх крыніц даходаў, — патлумачыў дэпутат. — Чалавек кажа: «Я ўсё жыццё адпрацаваў на дзяржаву, а цяпер павінен аддаваць ёй яшчэ з пенсіі дастаткова вялікую суму». Як усё-такі мы вырашым гэту праблему?

— У рамках прынятых нарматыўных дакументаў мы павінны завяршыць прыватызацыю жылля да чэрвеня 2016 года, — нагадаў Анатоль Калінін. — Застаецца каля 8-9% жылля, якое грамадзяне яшчэ не прыватызавалі.

Калі людзі не паспеюць да гэтага часу прыватызаваць жыллё, яно пяройдзе ў разрад арэнднага.

— Што да ўмоў прыватызацыі, то, лічу, яны самыя камфортныя: чалавек плаціць за сваю кватэру 10% і растэрміноўка даецца на 40 гадоў.

Вольга Палітыка, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі, задала пытанне наконт платы за карыстанне пакоем у інтэрнаце дзяржаўнага жыллёвага фонду.

— Нягледзячы на тое, што такі від плацяжу прадугледжаны і Жыллёвым кодэксам, і Палажэннем аб інтэрнатах, сёння такая плата ўстаноўлена толькі для інтэрнатаў устаноў адукацыі, — адзначыла парламентарый. — На месцах гэта, з улікам таго, што прадпрыемствы масава перадалі свае інтэрнаты ў камунальную маёмасць у дрэнным стане, а эксплуатацыя і тэхнічнае абслугоўванне іх адрозніваецца ад эксплуатацыі кватэр, прывяло да таго, што, як снежны ком, растуць страты ЖКГ.

Анатоль Калінін адзначыў, што сёння грамадзяне наўрад ці гатовы да павышэння аплаты за інтэрнат. У той жа час ён пагадзіўся з тым, што інтэрнаты, як правіла, не ў лепшым тэхнічным стане.

— Праблема ёсць з тым, што інтэрнаты перададзены ў тым стане, у якім яны былі, — канстатаваў ён. — Задача камунальных службаў — павысіць узровень і якасць абслугоўвання. Адпаведна патрэбны затраты.

Па інфармацыі намесніка прэм'ер-міністра, гэтая праблема ўжо абмяркоўвалася і разглядалася магчымасць устанаўлення іншых аплат пры прадастаўленні камунальных паслуг, што адрозніваюцца ад агульнапрынятых у краіне.

— Але наколькі нашы грамадзяне могуць дазволіць сабе дадатковую аплату? — задаўся пытаннем Анатоль Калінін. — Гэта дастаткова тонкае пытанне. Трэба прыняць узважанае рашэнне. Мы збяромся ў найбліжэйшы час і пастараемся знайсці залатую сярэдзіну.

Адказваючы на пытанне намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Аляксея Кузьміча, што тычылася развіцця будаўнічай сферы, намеснік прэм'ер-міністра паведаміў: бударганізацыі краіны загружаны толькі на 60-70%.

— У межах 30-40% ёсць рэзерв, у тым ліку для будаўнічых арганізацый Мінска, — паведаміў ён. — Шукаем праекты па ўсіх кірунках, у першую чаргу ў Расійскай Федэрацыі.

Па інфармацыі Анатоля Калініна, вядуцца перамовы па будаўніцтве буйнога металургічнага комплексу ў Азербайджане. Кошт гэтага праекта складае больш за два мільярды долараў.

У той жа час, як адзначыў намеснік прэм'ер-міністра, пры выхадзе на знешні рынак ёсць пэўныя складанасці.

— Беларуская бударганізацыя, удзельнічаючы ў конкурсе, павінна гарантаваць зарэзерваваць 5% кошту праекта, — адзначыў выступоўца. — Гэта ўмовы расійскага рынку.

Анатоль Калінін падкрэсліў, што сёння прыкладаюцца намаганні для таго, каб захаваць кадры, асабліва «штучных» спецыялістаў: муляраў, бетоншчыкаў, аддзелачнікаў. Тым больш што, па словах выступоўцы, праз паўтара-два гады будаўнічую галіну чакае рост.

Надзея ЮШКЕВІЧ,

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.