Вы тут

Залатая серыя нашай літаратуры


У «Беларускім кнігазборы» за 20 гадоў выйшла 80 тамоў.

Калі гэты выдавецкі праект толькі распачынаўся, мала хто верыў у яго паспяховую рэалізацыю. Занадта смелай і грандыёзнай здавалася навукоўцам, выдаўцам і пісьменнікам задумка паэта, перакладчыка, фалькларыста Кастуся Цвіркі аб падрыхтоўцы і выданні 200 кніг найлепшых твораў беларускай літаратуры, напісаных са старажытнасці і да нашых дзён. Але з часу заснавання залатой серыі «Беларускі кнігазбор» прайшло ўжо два дзесяцігоддзі, праект дэманструе сваю жыццяздольнасць і актуальнасць, а рэдактары і выдаўцы сёння прапануюць чытачам аж васьмідзясятую кнігу з ужо любімай многімі серыі.

Безимени-6

Так, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук прайшла прэзентацыя васьмідзясятага тома серыі «Беларускі кнігазбор» — кнігі выбраных твораў паэткі і перакладчыцы з Белаазёрска Ніны Мацяш. На вечарыну завіталі рэдактары, укладальнікі, выдаўцы і нават аўтары асобных тамоў серыі, каб разам з выхадам новай кнігі адзначыць 20-годдзе праекта.

Цяпер выпускам «Беларускага кнігазбора» апякуецца Выдавецкі дом «Беларуская навука». Галоўны рэдактар гэтай установы Георгій Кісялёў распавёў:

— Адметна, што дваццаць гадоў таму праект выйшаў са сцен акадэмічнай установы — Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. І вельмі сімвалічна, што праз некаторы час яго ажыццяўленне зноў вярнулася ў сцены акадэміі. На гэты раз — у Выдавецкі дом «Беларуская навука».

Галоўны рэдактар «Беларускага кнігазбору» Кастусь Цвірка прыгадаў, што першым томам, які выйшаў пад маркай серыі, стаў Збор твораў Яна Чачота, яго выпуск падтрымала колішняе Міністэрства культуры і друку краіны. Дзяржава прафінансавала і выданне некалькіх наступных кніг праекта. З гэтага часу стала прасцей шукаць мецэнатаў для падтрымкі справы: чытачы і выдаўцы ўжо атрымалі магчымасць пазнаёміцца з кнігамі серыі, ацаніць іх якасць і значэнне для культурнага жыцця краіны.

— Пра кожны том «Беларускага кнігазбору» можна напісаць сваю гісторыю: ад задумкі, распрацоўкі, рэалізацыі да рэакцыі чытачоў, водгуку крытыкаў. Некаторыя кнігі ў свой час сталі сапраўднымі сенсацыямі, хутка «разляцеліся» па бібліятэках і выклікалі шырокі рэзананс. Гэта, у ліку іншых, Збор твораў Кастуся Каліноўскага, надзвычай прафесійна падрыхтаваны Генадзем Кісялёвым, ці кніга тэкстаў Вацлава Ластоўскага, укладзеная Язэпам Янушкевічам. Думаецца, гэтыя тамы вартыя перавыдання, бо попыт на іх будзе і сёння, — мяркуе Кастусь Аляксеевіч.

Дарэчы, самі выдаўцы адзначаюць, што поспех той ці іншай кнігі, што выходзіць у межах праекта, прадбачыць вельмі складана. Так, сёння большай папулярнасцю карыстаецца проза і навукова-папулярная літаратура, але здараюцца «зорныя» прэм'еры і зборнікаў паэзіі. Напрыклад, кніга вершаў Валянціна Таўлая, выдадзеная летась да стагоддзя творцы, атрымала шырокі грамадскі рэзананс і прызнанне чытача.

Зрэшты, нельга назваць хаця б адзін з тамоў «Беларускага кнігазбору» нязначным, бессэнсоўным і незапатрабаваным. І прычыну поспеху патлумачыць вельмі проста: серыя трымаецца на энтузіязме, прафесіяналізме і глыбокіх ведах укладальнікаў, рэдактараў і выдаўцоў. Таму і план-праспект, які калісьці Кастусь Цвірка прапанаваў на разгляд акадэміку Віктару Каваленку, тагачаснаму дырэктару акадэмічнага Інстытута літаратуры, можна лічыць не проста задумкай кніжнай серыі, але і цэлай канцэпцыяй гісторыі развіцця айчыннай літаратуры. Больш за тое, над падрыхтоўкай тамоў працавалі і працуюць такія вядомыя і паважаныя даследчыкі, як Міхась Тычына, Лідзія Савік, Іван Саверчанка ды іншыя выдатныя навукоўцы, што нават не ўзнікае сумнення ва ўзроўні падрыхтоўкі кніг. Наадварот, самі даследчыкі адзначаюць, што пры напісанні артыкулаў, рэцэнзій, аглядаў перадусім шукаюць на паліцах томікі «Беларускага кнігазбору», бо менавіта ў гэтых выданнях, у прадмовах і каментарах да іх, можна знайсці сапраўды ўнікальныя звесткі і не выдадзеныя раней тэксты.

Але вернемся да васьмідзясятага тома серыі, толькі нядаўна ўпершыню прэзентаванага публіцы. Ён змяшчае выбраныя творы паэткі і перакладчыцы Ніны Мацяш, тут прадстаўлены ўсе жанры, у якіх працавала Ніна Іосіфаўна. Гэта вершы, паэмы, пераклады, эсэ, успаміны, артыкулы.... Выданне падрыхтавалі добрыя сябры паэткі Уладзімір Васілевіч і Галіна Скарына, прадмову напісаў Генадзь Праневіч. Асабліва вялікую ўвагу варта звярнуць на эпісталярную спадчыну паэткі, апублікаваную ўпершыню. Сябры, калегі-паэты ўспаміналі падчас вечарыны, што хоць было далёка, з задавальненнем ездзілі на Берасцейшчыну, у Белаазёрск, каб сустрэцца з Нінай Іосіфаўнай, паразмаўляць з ёй. Нават у калясцы, у якой паэтка правяла больш як трыццаць гадоў, яна выпраменьвала аптымізм, святло. Пэўна, падсілкаваннем для чытачоў стане і новая кніга выбраных твораў Ніны Мацяш.

80 тамоў «Беларускага кнігазбору», што пабачылі свет, — гэта далёка не ўся серыя. У смелых і амбітных планах выдаўцоў — падрыхтоўка новых тамоў твораў нашых класікаў: Ядвігіна Ш., Лукаша Калюгі, Уладзіслава Галубка, Уладзіміра Дубоўкі, Аркадзя Куляшова, Яўгеніі Янішчыц, Пімена Панчанкі, Максіма Танка. Залатая палічка нашай літаратуры можа папоўніцца і кнігамі сучаснікаў: Анатоля Сыса, Віктара Казько, Алеся Жука, Алеся Разанава, а таксама стаць магчымасцю вяртання з нябыту для такіх амаль невядомых аўтараў, як Адам Нарушэвіч, Юльян Нямцэвіч, Ева Фялінская, Павел Шпілеўскі, Уладзімір Самойла, Іван Ласкоў.

Таму нам застаецца толькі пажадаць 100 гадоў і шмат тамоў «Беларускаму кнігазбору»!

Марына Весялуха

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».