Вы тут

«Радзімая Мядоцкая зямля, часцінка нашай любай Беларусі!»


Гэта ўрывак з верша Антаніны Абрамовіч, які размешчаны на вокладцы кнігі-прысвячэння, кнігі-прызнання ў любові да роднага Мядоцкага краю — Барысаўшчыны, а дакладней — вёскі Леванова Барысаўскага раёна. Чым адметная гэта вёска, што ёй прысвяцілі цэлую кнігу? Тым, што яна — выбітны прыклад адносін да яе землякоў, якія, дзе б ні былі, раз на год улетку стараюцца абавязкова прыехаць для сустрэчы на малой радзіме. Сярод ураджэнцаў Леванова мноства славутых людзей — дактароў, настаўнікаў, бізнесменаў і іншых таленавітых дзеячаў. Тут убачылі свет і міністр транспарту і камунікацый Іван Шчэрба, і міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

[caption id="attachment_86403" align="alignnone" width="600"]5-35 Сустрэчы землякоў у Леванове сталі добрай традыцыяй.[/caption]

Менавіта Лілія Ананіч на адной са штогадовых сустрэч з аднавяскоўцамі прапанавала ім занатаваць свае ўспаміны і ўзяла на сябе абавязак выдаць кнігу. І вось заўтра на свяце, прысвечаным 130-годдзю Леванова, адбудзецца яе прэзентацыя. Называецца гэты твор «Землякі», падрыхтавала яго выдавецтва «Чатыры чвэрці». Наклад невялікі — усяго 250 экзэмпляраў, але ж важная тут не колькасць, а тое, што кнігу змогуць атрымаць людзі, для якіх яна сапраўды стане каштоўнасцю.

«Праца над кнігай ішла вельмі душэўна. Яшчэ днямі Лілія Станіславаўна перадавала нам фотаздымкі, знайшла магчымасць гэта зрабіць, хоць сама ў той час прысутнічала на нарадзе. Выданне хоць і не выглядае альбомным, але да яго стварэння спрычынілася шмат людзей. Разгарнулася тут і праца дызайнерскай думкі: сама кніга чорна-белая, але ў ёй прысутнічаюць каляровыя ўстаўкі з фотаздымкамі папярэдніх сустрэч землякоў. І самае галоўнае, што падрыхтоўка гэтай кнігі падштурхнула выдавецтва да стварэння новай серыі «Малая радзіма», прысвечанай розным рэгіёнам Беларусі. Мы спадзяёмся, што многія беларусы захочуць расказаць пра сваю малую радзіму, падзяліцца сваімі ведамі і пачуццямі», — распавяла «Звяздзе» адна з укладальніц кнігі, дырэктар выдавецтва «Чатыры чвэрці», ураджэнка Барысаўшчыны Ліліяна АНЦУХ.

5-34

У кнізе сабраны і падрабязнасці жыцця саміх людзей, і гістарычныя падзеі, якія ім давялося перажыць. Упершыню апублікаваны інтэрв'ю-ўспаміны 28 леваноўцаў. Часам яны прастадушныя, часам — дакументальна-біяграфічныя, лёсы многіх землякоў падкрэслены паэтычна-песенным зместам. Усё гэта дапоўнена гістарычнымі нарысамі, артыкуламі СМІ, у тым ліку «Звязды», а таксама дакументамі і фотаздымкамі. Жыццё адной невялікай вёскі разгорнута паказана на фоне развіцця цэлага краю. Распавядаецца і пра станаўленне мясцовай адукацыі, і пра праваслаўнае жыццё ў Мядоцкім краі. Збіраць звесткі выдаўцам дапамагалі вядомыя на Барысаўшчыне людзі — гісторык Аляксандр Балябін, пісьменнік Уладзімір Лайкоў, журналіст Міхась Мацельскі. Да працы спрычыніліся і супрацоўнікі вясковай бібліятэкі-музея народнай творчасці і побыту, Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева. У выданні размешчаны матэрыялы на дзвюх мовах — беларускай і рускай — тых, на якіх гавораць землякі-леваноўцы.

«Часам так хочацца быць бліжэйшай да сваёй зямлі, сваіх каранёў, але не заўсёды атрымліваецца. І вельмі добра, што ёсць такі дзень», — сказала на адным з мінулых свят Лілія Ананіч. Сярод старонак жыцця землякоў можна знайсці і яе ўспаміны пра бацькоў, настаўнікаў і вясковае жыццё.

«Сціскаецца сэрца. Няма на парозе роднай хаты бацькоў, апусцелі двары суседзяў. Няма школы — яна была «цэнтрам» сяла. У памяці — школьныя настаўнікі, святы ўраджаю, агляды-конкурсы ў раёне...

Ад сэрца да сэрца панясём памяць аб малой радзіме», — піша Лілія Ананіч у кнізе.

Заўтра землякі ў Леванове збяруцца ўжо пяты раз, першая сустрэча адбылася ў 2011 годзе. Кожны год на такія імпрэзы, дарэчы, прысвечаныя пэўнай тэматыцы, з'язджаюцца аднавяскоўцы, якіх раскідала па ўсіх кутках Беларусі і нават замежжа. Звычайнае месца сустрэчы — каля бібліятэкі-музея народнай творчасці і побыту. Мясцовыя, прыезджыя — амаль усе з сем'ямі. Музыка, усмешкі, размовы пра тое, што Леванова, на жаль, апусцела. А калісьці жыццё ў вёсцы проста кіпела! Не тое што цяпер — ці набярэцца сотня дамоў... Таму кніга стане сапраўдным гістарычным падарункам да 130-годдзя вёскі. Апроч прэзентацыі, тут чакаецца і канцэртная праграма. Было б добра, калі б такую традыцыю перанялі і іншыя беларускія вёскі, мо тады памяць пра іх захавалі б і наступныя пакаленні.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».