Вы тут

«Дома выбраў і заказаў, а прывезлі — заплаціў»


 Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белпошта» развівае продаж айчынных тавараў праз інтэрнэт-краму.

«Паслухай, у вас у горадзе крамы на кожным кроку. Купі мне...» Гэту фразу чуў, мусіць, кожны з гараджан. І ці не кожны купляў. Добра яшчэ, калі сваякі з глыбінкі замаўлялі касу, валёнкі, прыправы для каўбас альбо навалочкі памерам 80 на 80... А калі нешта з адзення ці ў падарунак унучцы?.. І адмовіць як быццам няёмка, а згадзіцца — сябе пакараць: паспрабуй дагадзі некаму, калі сабе не заўсёды можаш...

Цяпер і вяскоўцы, і гараджане могуць уздыхнуць з палёгкай. Яно ж за шчасце, маючы грошы, нікога ні аб чым не прасіць: самому хадзіць у крамы, самому бачыць, што выпускаюць цяпер нашы «Гарызонт»ці «Алеся», «Палессе» ці шклозавод «Нёман», самому нешта купляць і тым самым удасканальваць, упрыгожваць сваё ж жыццё.

Сучасныя тэхналогіі дазваляюць гэта рабіць усім, у тым ліку жыхарам самай глыбокай глыбінкі!.. І, што важна, нікуды не выязджаючы, не выходзячы з дому, часам — не ўстаючы з канапы.

Фантастыка? Ужо рэальнасць. РУП «Белпошта» развівае продаж тавараў нашых, айчынных вытворцаў праз новую інтэрнэт-краму. Пра тое, як яна працуе, мы папрасілі расказаць намесніка генеральнага дырэктара прадпрыемства па камерцыйных пытаннях Таццяну Гвоздзеву.

— Таццяна Мікалаеўна, пошта аказвае безліч паслуг — як сваіх, традыцыйных, кшталту дастаўкі пісьмаў, перыядычных выданняў, пенсій і дапамог, так і параўнальна новых. Быў сярод іх гандаль па каталогах беларускіх вытворцаў. У апошні час з'явілася інтэрнэт-крама. Гэта, як трэба разумець, крок наперад?

— Безумоўна. Гандаль мы сталі развіваць з 2010 года. Спачатку ў каталогах было каля 30 вытворцаў. Але ж у любой справе галоўнае пачаць, паказаць, што гэта такое і як яно працуе. У аддзяленні сувязі альбо ў паштальёна наш кліент браў каталог, гартаў, нешта для сябе выбіраў і афармляў заказ. Мы, паводле заяўкі, бралі тавар у вытворцы і дастаўлялі заказчыку.

Нельга сказаць, што гэта былі вялікія аб'ёмы, але ж многія нашы кліенты хутка зразумелі выгаду. Мяркуйце самі: чалавеку (асабліва з вёскі) не трэба траціць свой час, некуды ісці ды ехаць, хадзіць па крамах у пошуках патрэбнага... Дома выбраў і заказаў, а прывезлі — заплаціў.

Наша прадпрыемства мае самую шырокую сетку аддзяленняў сувязі па ўсёй краіне, а таксама шматгадовы досвед дастаўкі пасылак (цяпер у тым ліку праз паштовых кур'ераў, паслугі лінейкі «Камфорт», «Дуэт» і «Дуэт+»). На аснове гэтага вопыту і «саспела» ідэя данесці — у шырокім сэнсе слова — тавары нашых айчынных вытворцаў да іх спажыўцоў. А далей — мадэрнізавалі свой сайт, адкрылі інтэрнэт-краму Shор.bеlроst.bу і... адразу ж заўважылі, што колькасць заказаў стала імкліва расці.

6-6

— Што прадаецца ў вашай краме? Што карыстаецца найбольшым попытам?

— Прапануем, вядома ж, самы шырокі асартымент сваіх, паштовых, тавараў, а таксама тавараў для сада і агарода, бытавую тэхніку, адзенне, абутак, посуд, касметыку...

Што да попыту, то ім карыстаецца амаль усё: як розная гаспадарчая, скажам так, «капеечная» драбяза (Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, напрыклад, выпускае цудоўныя лейкі, я сабе для дачы купіла), так і нашы, айчынныя тэлевізары, кухонныя машыны, мікрахвалёўкі, мультываркі, касцюмы і сукенкі, сумкі, тавары для рукадзелля, для школы... Досыць часта ў гэтым пераліку сустракаецца прадукцыя прадпрыемстваў, пра існаванне якіх пакупнікі нават не здагадваюцца. А людзі між тым працуюць, прапануюць арыгінальныя і якасныя вырабы — для каміна, для лазні; шакалад ручной работы, рэпрадукцыі карцін, прыправы, розныя дзіцячыя гульні, цацкі...

— У паштовай інтэрнэт-краме, трэба разумець, вельмі зручна купляць аб'ёмныя рэчы: тыя ж парнікі, бытавую тэхніку, электраматрацы... Па-першае, па іх нікуды не трэба ехаць, а па-другое — не давядзецца ламаць галаву, як той новы тэлевізар, электраводанагравальнік ці ночвы прывезці дамоў... Тавар і сапраўды даставіць пошта. Але ж, відаць, за дадатковую плату?

— Інтэрнэт-крама — гэта не сацыяльны праект, але цэны ў нас ні ў якім разе не вышэйшыя — яны ў сярэднім нават ніжэйшыя за тыя, што ў звычайных магазінах. Да таго ж пры кошце заказу да 300 тысяч рублёў наш пакупнік заплаціць 39 тысяч за дастаўку пасылкі, пры кошце звыш 300 тысяч — атрымае яе бясплатна.

— Атрымліваецца, штось купляць у вашай інтэрнэт-краме не толькі зручна, але і выгадна. Сумненне хіба наконт абутку ды адзення... Яны ж, як правіла, патрабуюць прымеркі. І, на жаль, нават з ёю бывае, што прынясеш абнову дамоў, разгледзішся і зразумееш, што «не тваё». Рэч у такім выпадку цягам 14 дзён можна памяняць на іншую альбо наогул здаць у краму і вярнуць свае грошы. Як гэтыя пытанні вырашаюцца ў інтэрнэт-краме?

— Акурат гэтак жа, згодна з Законам «Аб абароне правоў спажыўцоў». І, можа, нават з перавагай: каб абмяняць альбо вярнуць нейкую няўдалую пакупку ў звычайную краму, чалавеку ў тую краму трэба пад'ехаць. У нас пытанне вырашаецца праз паштальёна, які зазвычай прыходзіць дадому, альбо праз аддзяленне сувязі, да якога хоць у горадзе, хоць у вёсках, як правіла, бліжэй, чым да прамтаварных крам.

— Таццяна Мікалаеўна, у паштовай інтэрнэт-краме досыць цікава прадстаўлены тавары для дома. Хто (альбо што) дыктуе асартымент? Як ён складаецца? Ці ўплываюць на яго водгукі пакупнікоў?

— У нашай інтэрнэт-краме прадстаўлены тавары толькі нашых айчынных вытворцаў і яны прапануюць нам самае лепшае. Былі, напрыклад, сумненні наконт харчовых тавараў — ад той жа «Віцьбы» «Слодыча», «Камунаркі», наконт прыпраў, корму для хатніх гадаванцаў... І, трэба сказаць, дарэмна, бо на іх таксама ёсць попыт.

Што датычыцца якасці... Быў час, калі мы аддавалі перавагу імпартным таварам, але потым пераканаліся, што айчынныя не тое што не горшыя, — лепшыя.

— «Пахадзіўшы» па «гандлёвых аддзелах» вашай крамы і сапраўды можна нешта падабраць для сябе, нешта — у падарунак... За колькі дзён трэба заказаць тавар, каб паспець своечасова яго атрымаць і потым, напрыклад, некага павіншаваць-парадаваць?

— На ўсе тавары, якія рэалізуюцца праз інтэрнэт-краму, афармляюцца папярэднія заяўкі, якія тут жа накіроўваюцца вытворцу. Ён у максімальна кароткія тэрміны павінен паставіць нам усё патрэбнае, а пошта потым — даставіць. Пойдзе на гэта ў сярэднім 5 дзён, і наш пакупнік нічога не страціць, бо тавар ён аплачвае не папярэдне, а ў час атрымання заказаў.

— Як і варта чакаць, у паштовай інтэрнэт-краме прапануецца і сваё, паштовае — віншавальныя паштоўкікі, маркі, канверты, картачкі для пасткросінгу... Хто сярод пакупнікоў гэтай прадукцыі — прыватныя асобы альбо пэўныя прадпрыемствы, установы, арганізацыі?

— І тыя, і другія. У прыватнасці, многія з так званых юрыдычных асоб заключаюць дагаворы на паслугу «Абанемент «Паштовы кур'ер» і потым, скажам так, забываюць дарогу на пошту. Цяпер гэта ўсё рэальна: курсіруе спецыяльны транспарт, які забірае і дастаўляе ўсю карэспандэнцыю. І, вядома ж, тавары, выбраныя ў паштовай інтэрнэт-краме.

Што да прыватных асоб, то нават у буйных гарадскіх аддзяленнях сувязі мы, здараецца, не можам выкласці ўвесь асартымент тых жа віншавальных паштовак, марак (асабліва калекцыйных). А значыць, у інтэрнэт-краму ёсць сэнс зазіраць любому цікаўнаму.

— Таццяна Мікалаеўна, пэўнай частцы гэтых цікаўных, ну вядома ж, не трэба тлумачыць, як гэта зрабіць. Аднак для кагосьці з людзей старэйшых само словазлучэнне інтэрнэт-крама гучыць нязвыкла.

— Не трэба нічога баяцца і думаць, што ў той краме заблудзішся. Ні ў якім разе!

А для таго, каб трапіць, дастаткова падсесці да ўнука або паштальёна з камп'ютарам, зайсці на пошту... Дадатныя эмоцыі гарантаваныя! Дарэчы, якраз там, у сельскіх аддзяленнях сувязі, найчасцей гучыць шчырае здзіўленне: мы, маўляў, і не ведалі, што ў нас столькі добрых тавараў... На рынках, у звычайных крамах многія з іх сапраўды губляюцца.

— Дыстанцыйны гандаль і сапраўды ўжо досыць «раскручаны», асабліва за мяжой. РУП «Белпошта» займаецца ім параўнальна нядаўна. Наколькі перспектыўны гэты напрамак работы?

— Мы, вядома ж, аналізавалі сітуацыю і на нашым рынку, і на сусветным, таму добра ведаем і тое, як дынамічна развіваюцца інтэрнэт-тэхналогіі, і тое, як хутка, убачыўшы перавагі, людзі прывыкаюць рабіць пакупкі праз інтэрнэт. Значыць, будзем удасканальваць сайт, будзем пашыраць асартымент, выпускаць каталогі, скарачаць тэрміны дастаўкі — і, спадзяюся, не толькі айчынным, але і замежным пакупнікам. Наш падарунак ад Дзеда Мароза стаў, дарэчы, першапраходцам: яго ахвотна заказвалі ў Расіі, Польшчы, нават Англіі з Амерыкай... А таму верым, што ў нас усё атрымаецца!

— Дзякуй! У сваю чаргу раскажу пра сваю знаёмую. На васьмідзясятым годзе жыцця яна стала пастаянна купляць латарэйныя білеты, каб потым чакаць розыгрышаў. Цяпер жа заказвае нешта з тавараў у інтэрнэт-краме і чакае абновак. Кажа, што гэта больш мэтазгодна.

— Ахвотна веру. А для нас дык гэта яшчэ адно сведчанне таму, што справу мы робім патрэбную.

Валянціна Доўнар

Карысная інфармацыя:

Для афармлення заказу ў паштовай інтэрнэт-краме беларускіх вытворцаў Shор.bеlроst.bу неабходна выбраць тавар, увесці адрасныя звесткі і вызначыцца з месцам атрымання пасылкі — у аддзяленні паштовай сувязі, дома альбо на працы пры дастаўцы паштовым кур'ерам. Кантакты офісу інтэрнэт-крамы +375 17 220-56-32; +375 33 660 52 12 (МТС); +375 44 550 52 12 (Vеlсоm). Саll-цэнтр — 154.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.