Вы тут

Ты мне падорана вайной


Яна хацела стаць настаўніцай, але мары надоўга спыніла вайна. Пачалося іншае жыццё — поўнае смяротнай небяспекі, страху і пакут.

9-20

Вайна застала Марыю Міхайлаўну Пуцейку ў Мінску. Яна, 18-гадовая дзяўчына, якраз заканчвала педагагічнае вучылішча.

9-18

— Камендант інтэрната, дзе мы жылі, выдаў нам палоскі паперы, каб мы вокны накрыж заклеілі, — расказвае Марыя Міхайлаўна. — Да вайны я жыла на старой мяжы і бачыла, як будавалі абарончыя пункты каля Заслаўя. Думаю, навошта вокны заклейваць: немцы толькі да граніцы дойдуць, а тут ім як дадуць — і назад пагоняць. Ніхто не верыў, што вайна зацягнецца надоўга...

Пасля масіраваных налётаў нямецкай авіяцыі і бамбёжак у цэнтры Мінска бушавалі пажары — гарэлі драўляныя хаты. Людзі пачалі пакідаць горад. Прыйшлося ўцякаць і Марыі. На шчасце, было куды. У вёсцы Раўкуцевічы, якая тады адносілася да Заслаўскага раёна, жылі яе бацькі. Каб не трапіць на вочы немцам, дахаты дабіралася па сельскіх дарогах. Пехам.

Пачалася акупацыя. Праз некаторы час сталі хадзіць чуткі, што дзесьці ў лясах Лагойшчыны ёсць партызаны. Марыя разам з мясцовай моладдзю знаходзілі лістоўкі з прамовай Сталіна, скінутыя з савецкіх самалётаў. Яны перапісвалі іх ад рукі і раздавалі насельніцтву. Дапамагала лячыць і часта наведвала ў Латыгаўцы параненага лётчыка. А пасля стала ў партызанаў сувязной. Хадзіла ў Мінск, прыносіла разведдадзеныя пра рух цягнікоў. Разведчыкам атрада «За Айчыну», які дыслакаваўся ў Лагойскім раёне каля Карпілаўкі, быў Мікалай Дзядзюля.

— Да вайны ён настаўнічаў, і я яго добра ведала, — расказвае Марыя Міхайлаўна. — Гэта ён мне даваў заданні схадзіць у Мінск, Заслаўе, Радашковічы, Рогава. Аднойчы прыехаў і кажа, што трэба шрыфт для друкарні прынесці з Мінска. Насіла гэты шрыфт патроху. Дарогі ведала, абыходзіла пасты. Усе кіраўнікі партызанскай брыгады «Штурмавая» ведалі пра мяне.

Там, у партызанскім атрадзе, знайшла Марыя Пуцейка і сваё каханне. Калі 22 сакавіка 1943 года партызаны брыгады «Штурмавая» вырашылі адзначыць гадавіну ўцёкаў з палону, на святкаванне запрасілі і сваю сувязную-разведчыцу Машу Пуцейку. Нязменным камісарам гэтай брыгады з самага першага дня быў Ілья Мартынавіч Фёдараў. Прыгожая і стройная дзяўчына яму спадабалася. Узаемнае пачуццё ўзнікла паміж імі імгненна.

— Ілья Мартынавіч вельмі пра мяне клапаціўся, — успамінае яна. — У блакадах сам не еў, а мне нёс бульбіну ці кавалачак хлеба.

Ілья Фёдараў да вайны паспеў скончыць фізіка-матэматычны факультэт Растоўскага ўніверсітэта. Удзельнічаў у вайне з Фінляндыяй, быў паранены. Сярод партызанаў карыстаўся заслужаным аўтарытэтам, сам увесь час праводзіў палітзаняткі. Па словах Марыі Міхайлаўны, вайну ён сустрэў на Гродзеншчыне, са сваім разлікам падбіў тры нямецкія танкі і быў прадстаўлены да ордэна Чырвонай Зоркі. Потым было цяжкае адступленне. Пры пераправе праз Бярэзіну Ілья Мартынавіч быў моцна паранены і трапіў у лагер ваеннапалонных.

У лагеры Масюкоўшчына, што пад Мінскам, знаходзіўся восем месяцаў. Падлячыўшы нагу, вясной з іншымі ваеннапалоннымі шукаў магчымасць уцячы. Такая магчымасць прадставілася 22 сакавіка 1942 года. У той год была вельмі суровая зіма: паміралі ад холаду ў бараках палонныя, мерзлі і немцы. Для абагрэву вырашылі прыстасаваць трубы, якія гітлераўцы знайшлі ў доме адпачынку ў Ждановічах. Сабе ў дапамогу падрыхтавалі групу з ваеннапалонных. Туды ўвайшоў і Фёдараў, якога, праўда, спачатку браць не хацелі — ён яшчэ кульгаў. Але яго таварыш Кудрын, які добра гаварыў на нямецкай мове, пераканаў немцаў, што гэта самы граматны інжынер сярод іх. Немцы паверылі. Па дарозе ў Ждановічы група палонных абяззброіла канваіраў і ўцякла.

Неўзабаве ім сустрэўся мужчына, які ехаў з Мінска. Ён і расказаў ім, што на Лагойшчыне дзейнічаюць партызаны. Туды і накіраваліся. Сустрэлі разведчыкаў атрада Варанянскага — дзядзькі Васі. Каб здабыць зброю, разграмілі гарнізон у вёсцы Боўблі. На нямецкай машыне прыехалі ў Маныльскі лес. Сталі нападаць на іншыя гарнізоны ворага, знішчаць пункты па зборы прадуктаў у насельніцтва. Сярод насельніцтва пайшла гаворка, што гэта дзейнічае дэсант Чырвонай Арміі. Людзі сталі зваць іх «штурмавікамі». Так нарадзілася назва атрада — «Штурм», а пасля і брыгады — «Штурмавая».

9-19

Брыгада была ў той час адной з самых баявых у гэтым рэгіёне. Атрады размяшчаліся на мяжы Лагойскага і Заслаўскага раёнаў у Маныльскім лесе, паблізу ад цяперашняй вёскі Сярэдняя Мінскага раёна. Недалёка знаходзіліся гарнізоны ворага, таму партызаны ўвесь час удзельнічалі ў баях. На рахунку брыгады разгром нямецкага гарнізона ў Лагойску ў ноч з 22 на 23 снежня 1942 года і шматлікія іншыя паспяховыя аперацыі супраць акупантаў.

Аперацыя брыгады «Штурмавая» па выратаванні дзяцей з Сёмкава ўвайшла ў гісторыю. Там размяшчаўся дом-інтэрнат, дзе гітлераўцы трымалі дзяцей. Ад сувязных партызаны даведаліся, што немцы бяруць кроў у дзяцей для салдатаў, праводзяць над імі доследы, пасля чаго збіраюцца забіць. У лютаўскую ноч 1944 года на санках партызаны вывезлі 274 дзіцяці ў вёскі Лагойскага раёна. Марыя Міхайлаўна разам з партызанкай Верай Вітушкай хадзіла па хатах і прасіла ўзяць дзяцей у сем'і. І нашы вясковыя жанчыны ў тых цяжкіх умовах ваеннага часу прынялі ўсіх дзяцей. У памяць пра гэтую падзею ў 2014 годзе ў Сёмкаве была ўсталявана мемарыяльная дошка.

Перад самым вызваленнем Беларусі немцы прачэсвалі ўсю мясцовасць, уключаючы лясы і балоты, і выцяснялі партызанаў да возера Палік, каб там іх знішчыць.

— Ішлі пешшу, толькі параненых везлі на вазах, — узгадвае былая партызанка. — Так галадалі, што забівалі каня і па кавалачку мяса трымалі над агнём, каб дымам прапахла. Пры прарыве блакады Ілья Мартынавіч ішоў з атрадамі «Штурм» і «За Айчыну» ў першай групе, а я была ў другой. Там мы і разлучыліся. Яго цяжка параніла ў баі. Партызаны яго перавязалі і павезлі на Палік. Апошні самалёт прыбыў па Фёдарава. У шпіталі нагу хацелі адняць, але камісар пераканаў хірургаў паспрабаваць яе лячыць. І недарэмна.

— А як жа тады выратаваліся вы? — пытаю ў Марыі Міхайлаўны.

— Наша група адарвалася ад усіх, і мы апынуліся ў балоце. Тут нас немцы і акружылі. Не елі некалькі дзён. Выходзілі з балота невялікімі групамі. Шмат людзей загінула. Вельмі цяжка было ісці, і я скінула сваю куртку. Партызаны, якія ішлі за намі, знайшоўшы куртку, вырашылі, што мяне забілі. Ілья Мартынавіч вельмі перажываў, але не паверыў.

Шукаць жонку прыйшлося доўга, пакуль ён не адправіў ліст у Заслаўскі райкам партыі з просьбай дапамагчы. Прыйшоў адказ, што Марыя Міхайлаўна засталася жывая, паведамляўся яе тагачасны адрас. Ён быў бязмерна шчаслівым. У адным з лістоў са шпіталя ён пісаў:

Жоначка мая!

Ты мне падорана вайной.

Мы цяжкі шлях прайшлі з табой.

І нам давеку не забыць,

Што там прыйшлося перажыць...

Пасля папраўкі Ілья Мартынавіч прыехаў у Беларусь. І з гэтага часу яны больш не расставаліся. Пасля вайны Фёдаравы паехалі ў Растоў, але Марыя Міхайлаўна катэгарычна не захацела там заставацца: цягнула ў родную Беларусь. Ды і Ілья Мартынавіч ужо прывык да нашай прыроды, палюбіў лясы і рэкі, казаў, што людзі тут вельмі добрыя. Прыехалі ў Беларусь і засталіся тут назаўсёды.

Дом Фёдаравых у Мінску на доўгія гады стаў тым месцам, дзе сустракаліся былыя партызаны. Ілья Мартынавіч ужо пайшоў з жыцця, але пакінуў пра сябе добрую памяць у тых, хто яго ведаў, і ў тых месцах, дзе ён партызаніў. Марыя Міхайлаўна і сёння не губляе цікавасці да жыцця. Сустракаецца са школьнікамі, расказвае ім пра вайну. Паслухаць успаміны ветэранаў, пра подзвіг, пра жыццё і каханне вельмі важна для моладзі.

Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ,

 г. Мінск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».