Вы тут

Прыгожыя таксама плачуць


Прыгожыя людзі паміраюць часцей. Такое назіранне я вывела за час валанцёрскай працы ў дабрачынным руху «Клуб 5000». Яшчэ ў свой першы візіт у Цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі заўважыла: якія там прыгожыя дзеці! Глянеш на малечу: валосікі выпадаюць ад хіміятэрапіі, пасярод галавы — шрамы ад аперацыі, а вочы сінія-сінія, вялікія-вялікія, і вейкі, што яшчэ не паспелі выпасці, падкручаныя, як на плойку.

Без имени-10

І калі такога прыгажуна не стане, гора павялічваецца ў маштабе. Прыгожых больш любяць, іх больш шкадуюць.

Калі я знаёмлюся ў бальніцы з чарговым прыгажуном, то міжвольна лаўлю сябе на думцы: «Навошта ты такі прыгожы? Вашаму брату тут не шанцуе». Безумоўна, гэта не так. Мае прымхі і суб'ектыўныя назіранні не маюць ніякіх афіцыйных падстаў. Але выснова застаецца: прыгажосць — гэта не панацэя.

У анкацэнтры сапраўды вялікая канцэнтрацыя прыгожых людзей. Гэта не азначае, што яны хварэюць больш за непрыгожых, але азначае, што яны таксама хварэюць. Прыгажосць не ратуе ад немачы і не пазбаўляе ад пакут.

Абмяркоўвала толькі што з сяброўкай, як мы не прымаем новых пасій дзяўчат з нашай кампаніі. Як раўнівая маці не хоча ладзіць стасункі з зяцем, ёй здаецца, што крывіначка вартая лепшага, а ён падэшвы яе не варты. Так і мы бачым з сяброўкай некага іншага, не такога плюгавенькага, не такога маўклівага, не такога сквапнага, не такога... Але неўзабаве ўсё складваецца. І на нашых вачах нараджаецца ідэальная пара, потым — ідэальная сям'я, ідэальны соцыум.

А па суседстве з болем, крыкам і крыўдамі рвецца па швах іншая сям'я. Вось яны з самага пачатку падыходзілі адно аднаму. Ім зайздросцілі. Ім наракалі шчаслівую будучыню. Гэта была прыгожая пара. Але прыгажосць не панацэя.

Нядаўна я пазнаёмілася з ідэалам прыгажосці. Дзяўчына — як з карціны. І тварык свеціцца, і кожная рысачка прадумана прыродай, і фігурка тачоная, і прапорцыі, і залатое сячэнне. Бывае ж так: усе жаночыя мары ўвасобіліся ў адным канкрэтным чалавеку. Яна да ўсяго яшчэ і разумная, добрая, шчодрая, забяспечаная. Жыві — шыкуй, ратуй свет прыгажосцю.

Але надышоў час свету самому ратаваць прыгажосць. Прыгажосць закахалася, а ёй лапшу на вушы вешалі. Прыгажосць замуж сабралася, а ёй здраджвалі. Прыгажосць дзіця пад сэрцам носіць. А недзе на іншым канцы свету яшчэ адна прыгажосць (а, можа, і не вельмі) носіць дзіця ад таго ж самага таткі.

Вось табе і раз. Прыгажосць ёсць, а шчасця няма. Несправядліва, крыўдна. Але прыгажосць не панацэя.

Ведаю яшчэ адну прыгажосць. Яе шмат хто ведае. Яна знакамітая. І добрая, мілая, разумная, эрудзіраваная, моцная, умелая, чулая... Дзесьці мы гэта ўжо бачылі. Усё пры ёй. У яе закахана паўсвету мужчын. Яе любы з радасцю ашчаслівіць. А яна кахае толькі аднаго. Таго, хто не здолеў зрабіць яе шчаслівай за некалькі гадоў сямейнага жыцця. Прыгожыя таксама плачуць.

Парадокс — гэтае ваша каханне. І прыгажосць — таксама парадокс. Яна ёсць, а толку з яе няма.

Вось таму мая сяброўка Марына — яшчэ тая прыгажуня — на любую цяжкасць, канфлікт, незразумеласць мае адзін агульны адказ: «Я бландзінка, што з мяне возьмеш?» Яна паставіла прыгажосць сабе ў абарону, на службу. Бландзінкі — яны ж лялькі, яны ж бязглуздыя, думаць не ўмеюць. Толькі ўборы прымяраць ды грошы траціць — гэта яны могуць!

І Марына цудоўна спраўляецца з роляй бландзінкі. І ніколі не падумаеш, што яна кіруе цэлым калектывам, што яшчэ ў «ліхія 90-ыя» падымала ўласны бізнес, што дыпламатызму ў яе вучыцца нават дыпламатам можна, што яна горы варочае і такі вопыт мае за плячыма, што брунеткам і не снілася. Яна навучылася карыстацца сваёй прыгажосцю, знайшла ў ёй выгаду.

Прыгажосць — гэта не панацэя. З ёй трэба дамаўляцца, да яе трэба шукаць падыход, з яе трэба сокі выціскаць, вяроўкі віць. Прыгажосць цяпер не тая пайшла. Не хоча ратаваць свет. Кажа, няхай свет мяне сам ратуе. Бо я кволая і безабаронная. Бо нават з дабрадзейнасцю разам мы не сіла. Нас раздавіць — як арэх раскусіць. Не зайздросціце нам. Прыгажосць не панацэя.

Шукайце лепш прыгажосць там, дзе яе няпроста знайсці. Як казаў да Вінчы, нават самая маленькая кошка — гэта твор мастацтва. І не загубіце прыгажосць. Ёй яшчэ свет ратаваць.

Таццяна НЕМЧАНІНАВА,

заснавальніца дабрачыннага руху «Клуб 5000»

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.