Вы тут

Мікалай Радзівіл Чорны. Першы князь “на Нясвіжы”


 Праца гісторыка прадугледжвае ацэнку гістарычнага дзеяча. Існуе магчымасць паказаць яго вялікім кіраўніком, авантурыстам або добрым сем'янінам. Праз пяць стагоддзяў, дастаткова некалькіх рухаў славеснага пэндзля і чалавек ператвараецца ў злодзея альбо святога. Падборка фактаў і іх інтэрпрэтацыя стварае гістарычную панараму, якая ўплывае на чытачоў. Паспрабуем жа ў якасці спадарожніка прайсціся па жыццёвым шляху Мікалая Радзівіла Чорнага, не прэтэндуючы на ​​поўную гістарычную дакладнасць, асвятліўшы самыя вядомыя факты з яго жыцця. 

[caption id="attachment_87767" align="alignnone" width="400"]«Партрэт шляхціца» пэндзля Тыцыяна  (верагодны партрэт Мікалая Радзівіла Чорнага). «Партрэт шляхціца» пэндзля Тыцыяна
(верагодны партрэт Мікалая Радзівіла Чорнага).[/caption]

Дзяцінства Мікалая, калі ён яшчэ ня быў Чорным, атрымаўшы пазней гэтую мянушку з-за колеру барады, прайшло пры каралеўскім двары. Лепшым яго сябрам на ўсё жыццё стаў будучы кароль Жыгімонт Аўгуст, які нарадзіўся праз пяць гадоў пасля Мікалая. Гэтаму спрыяў тэстамент памерлага бацькі Мікалая, які прасіў караля і вялікага князя Літоўскага ўзяць апеку над яго сям'ёй. Складана сказаць – скаланула сямігадовага хлопчыка, альбо была ўспрынятая як штодзённасць, смерць бацькі. Хлопчык шмат часу бавіць з дзядзькам Юрыем Радзівілам Геркулесам – будучым вялікім гетманам. У дзевяць гадоў яго сябар Жыгімонт Аўгуст становіцца суправіцелем свайго бацькі - каралём Польскім і вялікім князем Літоўскім. Падлетак Мікалай Радзівіл Чорны з’яўляецца ў свіце прынца. У 1533-м годзе Мікалай выйшаў з-пад апекі і ўступіў у кіраванне спадчынай. Праз год пачынаецца канфлікт з Вялікім княствам Маскоўскім. Вялікі гетман Літоўскі Юрый Радзівіл Геркулес збірае войска на вайну за Бацькаўшчыну. Пляменнік рушыць за ім. Мікалай Радзівіл Чорны выстаўляе 160 коннікаў на вайну, якая не прынесла вялікіх набыткаў ВКЛ. З гарадоў толькі Гомель вярнуўся ў склад дзяржавы. Ледзь паспела скончыцца вайна, як у 1537 грымнуў рокаш – паўстанне польскай шляхты супраць караля Жыгімонта Старога, якое ўвайшло ў гісторыю пад назвай «Курыная вайна». Шляхта з'ехалася пад Кракаў пратэставаць супраць караля, але запомнілася толькі тым, што паела усіх курэй у акрузе. Менавіта падтрымка арыстакратыі Вялікага княства Літоўскага, і ў прыватнасці роду Радзівілаў выратавала трон. Пасля гэтага сяброўства Мікалая Радзівіла Чорнага з кіруючым домам Ягелонаў толькі ўзмацнілася. Яму сталі давяраць адказныя даручэнні. У 1544 годзе на Брэсцкім вальным сойме Жыгімонт Аўгуст стаў фактычным Вялікім князем Літоўскім. На яго бліжэйшага сябра пасыпаліся прывілеі. Мікалай Радзівіл Чорны атрымлівае пасаду земскага маршалка - адну з галоўных пасад у ВКЛ. У гэтай пасадзе ён кіраваў дваром вялікага князя, прымаў замежных паслоў, вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў дзяржавы, назіраў за этыкетам, загадваў прыдворнай вартай і сачыў за бяспекай. Яго сябар, прынц Жыгімонт Аўгуст, уступае ў шлюб з Лізаветай Аўстрыйскай, якая была абяцаная бацькамі Аўгусту, ледзь нарадзіўшыся, бо бацька Фердынанд І - будучы імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі хацеў умацаваць саюз з суседам. Аднак шчасце манарха было нядоўгім. Лізавета Аўстрыйская не спадабалася ні маці Аўгуста – каралеве Боне, ні двару, ды і сам спадчыннік трона хутка расчараваўся ў спадарожніцы жыцця. Па чутках, Аўгуст баяўся выконваць шлюбныя абавязкі з-за эпілепсіі Лізаветы.

[caption id="attachment_87768" align="alignnone" width="400"]Марка з выявай Мікалая Радзівіла Чорнага,  выпушчаная «Белпоштай». Марка з выявай Мікалая Радзівіла Чорнага,
выпушчаная «Белпоштай».[/caption]

Калі ў 1545 Лізавета памірае, гэта не было ўспрынята як вялікая трагедыя. Шэптам абвінавачвалі ў смерці Лізаветы каралеву Польскую Бону з роду герцагаў міланскіх Сфорца – выбітную прадаўжальніцу традыцый выкарыстання паўночнаітальянскімі арыстакратамі атруты.

Застаўшыся без жонкі, Аўгуст стаў зацятым удзельнікам паляванняў і баляў, на якіх яго амаль заўсёды суправаджаў верны маршалак. На адным з такіх баляў погляд Аўгуста упаў на прыгожую кузіну Мікалая Радзівіла Чорнага, таксама нядаўна аўдавелую. Маладыя пачалі таемна сустракацца. Аднак няма нічога таемнага, што не стала б відавочным. Аднойчы, калі будучы кароль гасцяваў ў спальні ў каханай, дзверы з трэскам расчыніліся і ўнутр уварваліся ўзброеныя шаблямі родзічы Барбары: Мікалай Радзівіл Чорны і Мікалай Радзівіл Руды.

[caption id="attachment_87769" align="alignnone" width="400"]Печ з гербам Мікалая Радзівіла Чорнага ў Зорнай зале Нясвіжскага замка. Печ з гербам Мікалая Радзівіла Чорнага ў Зорнай зале Нясвіжскага замка.[/caption]

- Чаму псуеце гонар нашай сям’і?! Ваша мосць, хоць Вы і будучы кароль, а ганьбіць наш род не дазволім!

- Вы што? Ды я, ды я. Ды я ажанюся з Вашай сястрой! – кінуў у сэрцах кароль.

- Ах, ажэнішся? Добра! - закрычалі кемлівыя браты.

Згодна з іх загадам у суседнім пакоі даўно чакаў святар, які тут жа і павянчаў маладых.

[caption id="attachment_87774" align="alignnone" width="407"]Канверт Белпошты з выявай Мікалая Радзівіла Чорнага Канверт Белпошты з выявай Мікалая Радзівіла Чорнага[/caption]

Шлюб будучага караля са сваёй падданай пагражаў выклікаць калі не рокаш, то скандал. Неабходна было згладзіць ўражанне ад такога мезальянса. Верагодна менавіта таму ў тым жа годзе братам быў падараваны княскі тытул з рук самога імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Карла V – уладара на некалькіх кантынентах. У снежні 1547 г. еўрапейская арыстакратыя  і сем курфюрстаў сабраліся на Аўгсбургскім з'ездзе, каб вырашыць шэраг пытанняў. Імперыю раздзіралі рэлігійныя вайны. Пасеянае Марцінам Лютэрам у 1517 годзе насенне пратэстантызму прарасло. Дамінаванне Рымскіх пап і каталіцкай веры было падарвана прадажнасцю кліру з яго гандлем індульгенцыямі і, кнігадрукаваннем, якое падаравала магчымасць данесці святло Бібліі, абмінаючы царкоўных іерархаў. Ды і самі царкоўныя іерархі па самых розных прычынах імкнуліся парваць з Папам Рымскім і каталіцкай верай. Агнём і мячом заўзяты каталік Карл V вяртаў ва ўлонне Сусветнай царквы свае зямлі. У 1547 годзе ён змяніў трох з сямі курфюрстаў Свяшчэннай рымскай імперыі. Сярод іх былі і архібіскупы Кёльна і Трыра, якія былі недастаткова верныя ідэалам царквы. Спадчыннік трону малодшы брат Карла V Фердынанд І ледзь не страціў сваю карону ў выніку страшэннага паўстання ў Празе. У Нямеччыне шугала вайна.

[caption id="attachment_87780" align="alignnone" width="473"]Карціна “Імператар Карл V на Аўгсбургскім з’ездзе прызначае Мікалая, сына Яна, і яго нашчадкаў князямі на Алыке і Нясвіжы, якія знаходзяцца пад уладай Мікалая з 1545” Карціна “Імператар Карл V на Аўгсбургскім з’ездзе прызначае Мікалая, сына Яна, і яго нашчадкаў князямі на Алыке і Нясвіжы, якія знаходзяцца пад уладай Мікалая з 1545”[/caption]

На фоне гэтых падзей пытанне прадастаўлення княскага тытула Радзівілам канешне не было цэнтральным. Тым не менш, Мікалай Радзівіл Чорны са стрыечным братам Мікалаем Радзівілам Рудым на самой справе мелі права на атрыманне княжацкай кароны. Гэтым тытулам карыстаўся, памерлы  ў  1542 бяздзетным, іх стрыечны брат Ян. Аднак галоўную ролю ў атрыманні тытула, сыгралі клопаты Жыгімонта Аўгуста і жаданне імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі атрымаць саюзнікаў сярод магнатаў Вялікага княства Літоўскага. 10 снежня 1547 года сем курфюрстаў надзялілі Мікалая Радзівіла Чорнага і ўсіх яго нашчадкаў княжацкім тытулам на Алыцы і Нясвіжы, а Мікалая Радзівіла Рудага князем на Біржах і Дубінках. Тэкст прывілея аб наданні княскага тытула Радзівілам можна прачытаць ў княскіх сенях Нясвіжскага палаца, а карціна на якой змешчана сцэна ўручэння княскага тытулу вісіць над пісьмовым сталом рабочага кабінета апошніх ардынатаў Нясвіжскіх. Мікалай Радзівіл Чорны далучае імперскага арла з княскай каронай да свайго герба, выяву якого і зараз можна сустрэць на арыгінальнай кафлянай печы зорнай залі і на падгалоўі ложка XIX стагоддзя з спальнага гарнітура французскай лініі Радзівілаў у пакоях княгіні Нясвіжскага замка.

[caption id="attachment_87770" align="alignnone" width="400"]Скульптура Мікалая Радзівіла Чорнага  на помніку тысячагоддзя Брэста. Скульптура Мікалая Радзівіла Чорнага
на помніку тысячагоддзя Брэста.[/caption]

Пасля гэтай падзеі шчаслівы Мікалай Радзівіл Чорны ажаніўся з Эльжбетай Шыдлавецкай – дачкой вялікага канцлера кароннага. 1548 год стаў важным і для яго сябра Жыгімонта Аўгуста. Яго бацька памірае, і ён атрымлівае карону Польскую.

А Мікалая Радзівіла Чорнага ахопліваюць сямейныя радасці – нараджаецца першынец, якога называюць у гонар абаронцы роду святога Мікалая, а наогул гэтае імя Мікалай сустракаецца сярод імёнаў Радзівілаў больш за два дзесяткі разоў. Праз некалькі год маленькага хлопчыка бяруць з сабой на гулянні. Падчас гулянняў кароль Жыгімонт Аўгуст, стаміўшыся ад танцаў і феерверкаў, вырашае адасобіцца для адпачынку, але нечакана ў далёкіх пакоях палацу знаходзіць маленькага хлопчыка. Маленькі, пакінуты ўсімі хлопчык горка плача, што не дае каралю прайсці міма. Здзіўлены кароль бярэ малога на рукі і, закалыхваючы, супакойвае.

[caption id="attachment_87783" align="alignnone" width="600"]Выява Мікалая Радзівіла Чорнага на карціне Выява Мікалая Радзівіла Чорнага на карціне[/caption]

-Што ж цябе ўсё пакінулі?! Ах, сіротка ты мой бедны, сіротка!

Слугі, якія крочылі за каралём, пачулі гэтыя словы, і ў гісторыю сыну Мікалая Радзівіла Чорнага давялося прайсці пад мянушкай Сіротка. Праз некалькі дзесяцігоддзяў Сіротка пачне будаваць знакаміты Нясвіжскі замак, а ў сярэдзіне XVI стагоддзя яго бацька дасягае вышэйшай пасады ў дзяржаве - займае пасаду вялікага канцлера (сучаснымі словамі прэм'ер-міністра). Ён становіцца адміністратарам Інфлянтаў (сучаснай Прыбалтыкі) і афіцыйным намеснікам і кіраўніком краіны на час ад'ездаў Жыгімонта Аўгуста з Вялікага Княства Літоўскага.

[caption id="attachment_87773" align="alignnone" width="400"]Даспехі Мікалая Радзівіла Чорнага Даспехі Мікалая Радзівіла Чорнага[/caption]

Каб пацвердзіць свой статус, які вырас з атрыманнем новай пасады і княскага тытулу, ён заказвае даспехі ў лепшага майстра сучаснасці – нюрнбергскага збройніка Кунца Конрада Лохнера. Працу майстра ён мог ацаніць, убачыўшы даспехі будучага імператара Фердынанда І, зробленыя майстрам ў 1543 годзе, якія курфюрст і малодшы брат імператара апранаў падчас Аўгсбургскага з'езда. Даспехі Мікалая Радзівіла Чорнага і даспехі яго каня зараз захоўваюцца ў Венскім музеі ўзбраення і Нью-Ёркскім Метрапалітэн-музеі, з'яўляючыся вянцом іх калекцый зброі. Няцяжка ўбачыць гонар супрацоўнікаў за прадстаўленыя ў экспазіцыі даспехі, зазірнуўшы на афіцыйныя старонкі гэтых музеяў.

У падобнай манеры дэкараваны даспехі, зробленыя для сябра Мікалая Чорнага – польскага караля Жыгімонта Аўгуста. Таксама, верагодна па парадзе кузэна, заказваў у Лохнера даспехі і Мікалай Радзівіл Руды.

Апагеем магутнасці Мікалая Радзівіла Чорнага і Мікалая Радзівіла Рудага стала каранацыя 7 снежня 1550 года ў Кракаве іх сястры Барбары Радзівіл. Упершыню, прадстаўніца роду прымерыла каралеўскую карону. Аднак на троне Барбара знаходзілася ўсяго некалькі месяцаў. У страшэнных пакутах яна памірае на руках у караля. Злыя языкі зноў загаварылі, што смерць жонкі караля на сумленні старой каралевы Боны. Нягледзячы на ​​страту жонкі, кароль не забывае Радзівілаў. Мікалаю Радзівілу Чорнаму нават выпаў гонар па даверанасці караля ажаніцца з Кацярынай – роднай сястрой першай жонкі караля. Гэты эпізод пацешны для нас і глыбока сімвалічны для сучаснікаў быў захаваны на шэрагу карцін. Простымі словамі Мікалай Радзівіл Чорны сыграў ролю караля на вяселлі ў яго адсутнасці і прывез яму жонку ўжо пасля цырыманіялу.

[caption id="attachment_87779" align="alignnone" width="400"]Засцерагальнае ўзбраенне каня Мікалая Радзівіла Чорнага Засцерагальнае ўзбраенне каня Мікалая Радзівіла Чорнага[/caption]

У пачатку 50-х гг. XVI стагоддзя ў жыцці Мікалая Радзівіла Чорнага адбыўся круты паварот. Ён выйшаў з ўлоння каталіцкай царквы і стаў пратэстантам. Наўрад ці гэта падзея ўзрадавала нямецкіх курфюрстаў, якія даравалі яму княскі тытул. Аднак ужо 1553 ён канчаткова заяўляе аб сваіх поглядах. У Брэсце закладваецца першы пратэстанцкі храм і друкарня, на якой праз 10 гадоў выйшла маляўнічая Радзівілаўская Біблія. Услед за Брэсцкім зборам на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага з'яўляюцца дзясяткі пратэстанцкіх храмаў. У Нясвіжы ў 1562 дзякуючы фундатарству Мікалая Радзівіла Чорнага Сымон Будны выдае першую кнігу на старабеларускай мове на тэрыторыі сучаснай Беларусі - Катэхізіс - кнігу кароткіх пытанняў і адказаў на хрысціянскую тэматыку.

Сямейнае жыццё Мікалая Радзівіла склалася не ў прыклад лепш чым у яго сябра караля Жыгімонта Аўгуста, які двойчы аўдавеў, а з трэцяй жонкай развёўся, так і не пакінуўшы нашчадкаў. Жонка Мікалая Эльжбета лічылася прыкладам маці і жонкі для арыстакратыі Вялікага княства Літоўскага і падаравала мужу дзевяць дзяцей. Лёс адмерыў Мікалаю Радзівілу Чорнаму роўна паўстагоддзя. Перажыўшы жонку на тры гады, 29 мая 1565 Мікалай Радзівіл Чорны назаўсёды закрыў вочы.

[caption id="attachment_87782" align="alignnone" width="400"]“Шлюб” Мікалая Радзівіла Чорнага з Кацярынай Аўстрыйскай “Шлюб” Мікалая Радзівіла Чорнага з Кацярынай Аўстрыйскай[/caption]

Памяць пра Мікалая Радзівіла Чорнага ўвекавечана ў помніку тысячагоддзя Брэста. Белпошта ў 1996 годзе выдала памятную марку, а са студзеня гэтага года выкарыстоўваецца канверт з яго выявай. Да пяцісотгоддзя Мікалая Радзівіла Чорнага Нацыянальныя банкі Беларусі і Літвы выпусцілі памятныя манеты.

Уладзімір КАРАЛЁНАК

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.