Вы тут

Махляроў выкінуць з рынку


Юрыдычныя асобы будуць несці адказнасць
за правядзенне форэкс-аперацый без уключэння ў рэестр Нацбанка.

Нагадваем, што 4 чэрвеня Прэзідэнт падпісаў Указ №231 «Аб ажыццяўленні дзейнасці на пазабіржавым рынку Форэкс». Дакументам урэгуляваны механізмы правядзення аперацый на рынку Форэкс і кантролю за яго ўдзельнікамі. Як патлумачыў начальнік упраўлення рэгулявання нябанкаўскіх аперацый Нацыянальнага банка Дзмітрый Набздораў, юрасобы, якія на момант апублікавання ўказа не з'яўляліся форэкс-кампаніяй (напрыклад, букмекерскія канторы), але ажыццяўлялі дзейнасць, што ў адпаведнасці з указам прызнаецца дзейнасцю форэкс-кампаніі, павінны будуць вызначыцца са сваімі далейшымі намерамі: «Альбо яны становяцца класічнай форэкс-кампаніяй і выконваюць нормы ўказа па капітале, тэхналогіях, справаздачнасці і кадрах, альбо сыходзяць з рынку».

Беларуская мадэль

У адваротным выпадку дзейнасць не ўключаных у рэестр Нацбанка юрыдычных асоб, якая з'яўляецца па сутнасці дзейнасцю форэкс-кампаніі, будзе прызнана незаконнай і забаронена. Па словах Дзмітрыя Набздорава, службовыя асобы кампаніі будуць несці адказнасць аж да крымінальнай у залежнасці ад памеру незаконна атрыманага даходу.

Статус форэкс-кампаніі можа атрымаць толькі юрыдычная асоба, зарэгістраваная ў Беларусі, статутны фонд якой сфарміраваны ў памеры не менш як 2 млрд рублёў (абавязкова ў грашовай форме). Форэкс-кампаніям будзе забаронена займацца іншымі відамі дзейнасці, акрамя ажыццяўлення дзейнасці на пазабіржавым рынку Форэкс, аказання з ёй звязаных кансультацый і рэалізацыі адукацыйнай праграмы па пытаннях здзяйснення аперацый на Форэксе.

«Мадэль функцыянавання беларускай форэкс-кампаніі будзе выглядаць наступным чынам, — тлумачыць прадстаўнік Нацбанка. — Беларускі ці замежны кліент (фізічная асоба, індывідуальны прадпрымальнік ці юрыдычная асоба) заключае з кампаніяй пагадненне аб ажыццяўленні аперацый на рынку Форэкс, пералічвае маржынальнае забеспячэнне (грошы, якія будуць забяспечваць выкананне абавязацельстваў кліентам). Гэтыя грошы застаюцца ў беларускім банку на спецыяльным рахунку па ўліку забеспячальнага капіталу. Зрабіць нешта з імі форэкс-кампанія не можа, таму сродкі кліентаў абаронены ад махлярскіх дзеянняў».

У аснове —
еўрапейскі дакумент

Увогуле, рэгуляванне дзейнасці на пазабіржавым рынку Форэкс у Беларусі раней адсутнічала. У 2013 годзе Нацыянальны банк падтрымаў ініцыятыву вядучых форэкс-кампаній па стварэнні прафесійнай арганізацыі «Асацыяцыя развіцця фінансавых рынкаў» (АРФІН) для сумеснага вывучэння міжнароднага вопыту і вырашэння праблем нябанкаўскага сегмента.

Для распрацоўкі ўказа № 231 былі прааналізаваны падыходы, якія прымяняюцца ў краінах Еўрасаюза і Азіі. За аналогію прынялі Дырэктыву Еўрапейскага парламента і Савета Еўрапейскага саюза «Аб рынках фінансавых інструментаў».

Аднак нарматыўнае ўрэгуляванне сферы пакуль не скончана. На працягу 9 месяцаў з моманту афіцыйнага апублікавання ўказа Нацбанк упаўнаважаны сваімі актамі дэталізаваць становішча, да чаго будуць прыцягнуты найбуйнейшыя ўдзельнікі рынку Форэкс, у першую чаргу ўдзельнікі АРФІН.

Прывабныя ўмовы

Цяпер Нацбанк упаўнаважаны ствараць і весці рэестр форэкс-кампаній, распрацоўваць патрабаванні па фарміраванні забеспячальнага капіталу і межаў рызыкі форэкс-кампаніі і Нацыянальнага форэкс-цэнтра, а таксама праводзіць тлумачальную работу па пытаннях прымянення ўказа.

«Укараненне ў фінансавую сферу Беларусі ўказа па рэгуляванні пазабіржавога рынку Форэкс — гэта важны крок у сучасны свет фінансавых адносін, свайго кшталту паказчык сталасці фінансавага рынку. У сукупнасці нормы ўказа паспрыяюць развіццю Форэкса ўнутры краіны, разбурэнню міфаў і стэрэатыпаў, а таксама росту прывабнасці краіны з боку замежных інвестараў», — заявіў старшыня праўлення АРФІН Яўген Мандрусаў.

Для нацыянальных форэкс-кампаній прадугледжваецца зніжэнне стаўкі падатку на прыбытак у два разы. Такім чынам, на працягу трох гадоў з моманту ўступлення ўказа ў сілу падатак на прыбытак будзе выплачвацца зыходзячы са стаўкі 9%.

Сярод іншага, указ устанаўлівае кваліфікацыйныя патрабаванні і патрабаванні да дзелавой рэпутацыі для кіраўнікоў і заснавальнікаў форэкс-кампаній. Акрамя гэтага, кампаніі павінны будуць выкарыстоўваць праграмнае забеспячэнне, якое прадстаўляецца Нацыянальным форэкс-цэнтрам, ці ўласнае праграмнае забеспячэнне, што прайшло праверку і адпавядае ўстаноўленым Нацбанкам патрабаванням.

Мы нядрэнныя трэйдары

Пасля ўступлення ўказа ў сілу кліент будзе атрымліваць поўную і дакладную інфармацыю пра ўмовы здзяйснення аперацый на рынку Форэкс, пра свае правы і абавязкі. У рэкламных матэрыялах форэкс-кампаній у абавязковым парадку будзе згадвацца пра рызыкоўны характар гандлю на міжнародным валютным рынку. У рэкламе таксама забараняецца пазначаць меркаваны памер даходаў, спасылацца на атрыманыя ў мінулым прыбыткі і фарміраваць у кліентаў уражанне, што атрыманне даходу з'яўляецца гарантаваным.

Прыемна, што даходы, атрыманыя фізічнымі асобамі ад гандлю на пазабіржавым рынку, не будуць абкладацца падаходным падаткам да 1 сакавіка 2019 года.

Такім чынам, беларусы будуць абаронены ад фінансавых пірамід і іншых махлярскіх схем. Галоўнае, каб кожны чалавек усведамляў свае магчымасці і жаданні, узважваў усе фактары і толькі пасля гэтага прымаў рашэнне стаць трэйдарам міжнароднага валютнага рынку. Вось, напрыклад, вядучы аналітык кампаніі «Форэкс Клуб» Валерый Палхоўскі гаворыць: «Беларусы могуць дастаткова эфектыўна гандляваць. З іх атрымліваюцца паспяховыя трэйдары. Адзінае толькі, што ў нас няма глыбокай культуры працы з фінансавымі інструментамі. Аднак мы, беларусы, вельмі хутка вучымся».

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

kuletskі@zvіazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».