Вы тут

Заказы «з канапы» і падтрымка малога бізнесу


У Мінску абмяркоўвалі трансфармацыю сусветнай пошты.

У нашай сталіцы праходзіць Рэгіянальная канферэнцыя па Стамбульскай сусветнай паштовай стратэгіі, арганізаваная Сусветным паштовым саюзам (СПС). На ёй абмяркоўваецца рэгіянальная стратэгія далейшага развіцця паштовых службаў краін Еўропы і СНД. У канферэнцыі бяруць удзел каля 70 чалавек з 20 краін свету. Выбар Беларусі ў якасці пляцоўкі для правядзення такога мерапрыемства сведчыць пра высокі ўзровень працы нашай паштовай службы.

Гэта адзначыла і намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі Інэса КАНЦАВАЯ, падкрэсліўшы, што прымаць такую канферэнцыю — вялікі гонар для Беларусі.

«Паштовая сувязь у нашай краіне — важны сегмент эканомікі, які падтрымлівае дзяржава. І нам важна, што Сусветны паштовы саюз гэта адзначыў», — сказала яна.

З намміністра згодны і генеральны дырэктар Міжнароднага бюро СПС Бішар ХУСЕЙН.

[caption id="attachment_88074" align="alignnone" width="600"] Бішар Хусейн, генеральны дырэктар МБ СПС,  быў прыемна ўражаны работай беларускай пошты. Бішар Хусейн, генеральны дырэктар МБ СПС,
быў прыемна ўражаны работай беларускай пошты.[/caption]

«Я ўражаны развіццём паштовай сувязі ў Беларусі. У 2012 годзе Белпошта і СПС пачалі сумесна рэалізоўваць праект «Комплексны план рэформы і развіцця пошты», і я хачу адзначыць выдатныя вынікі Белпошты ў гэтым. Учора мне давялося таксама ўбачыць мінскі Галоўпаштамт, мяне ўразіла прыгажосць гэтага будынка».

Гендырэктар СПС высока ацаніў узровень развіцця электронных паслуг у Беларусі і паштовую інтэрнэт-краму.

«Я быў у многіх паштовых арганізацыях розных краін, бачыў шмат спосабаў паштовага кіравання і павінен прызнаць, што Беларусь займае ў гэтым пытанні адну з ключавых пазіцый. Менавіта таму мы абралі гэтую краіну для правядзення канферэнцыі, на якой будзем абмяркоўваць будучыя крокі развіцця СПС», — дадаў ён.

Як адзначалі ўдзельнікі канферэнцыі, паштовы сектар — магутны фактар развіцця рэгіёна, аднак цяпер ён апынуўся, вобразна кажучы, на ростанях. Таму напярэдадні чарговага Сусветнага паштовага кангрэса, які пройдзе налета ў Стамбуле, абмяркоўваецца стратэгія развіцця пошты на 2017—2020 гады з улікам спецыфічных патрэб рэгіёна СНД і Усходняй Еўропы.

«Абмяркоўваецца развіццё пошты ва ўсім свеце, і трэба выпрацаваць адзіныя прыярытэты. Па вялікім рахунку, кліентаў не цікавіць, як пасылка, якую адправілі з Мінска, дойдзе куды-небудзь у глыбінку ЗША. Але ж, каб гэта было выканана ў тэрмін, каб адпраўленне ўручылі менавіта той асобе, якой яно прызначаецца, павінны дзейнічаць агульныя міжнародныя правілы», — патлумачыла генеральны дырэктар Белпошты Ірына САКСОНАВА.

Яна падкрэсліла, што Белпошта будзе працаваць над паляпшэннем якасці як унутраных, так і міжнародных паслуг. Павышэнне эфектыўнасці паштовых сетак у першую чаргу будзе звязана з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій.

17-52

«На змену адным паслугам прыходзяць іншыя. І калі людзі вынайшлі магчымасць заказаць па інтэрнэце і аплаціць пэўны тавар, то, як яго віртуальна перадаць, яшчэ не прыдумалі», — адзначыла гендырэктар.

Ірына Саксонава звярнула ўвагу, што сярод краін СНД Беларусь у лідарах па развіцці электроннай камерцыі (іншымі словамі, інтэрнэт-крам). Цяпер сумесна з Сусветным паштовым саюзам і Рэгіянальнай садружнасцю сувязі (РСС) рэалізуецца пілотны праект па так званым спрошчаным экспарце, што дазволіць на тэрыторыі нашай краіны падтрымаць малы і сярэдні бізнес, які з прычыны невялікіх аб'ёмаў вытворчасці не можа самастойна выйсці на замежныя рынкі. Такім чынам беларускую прадукцыю па паштовых каналах можна будзе экспартаваць у 192 краіны свету. Пры дапамозе паштовых сетак таксама можна будзе рэкламаваць гэтыя тавары.

«Калі да нас прыходзяць тавары, напрыклад, з Кітая, то чаму мы не можам адпраўляць свае тавары туды?» — справядліва зазначыла гендырэктар Белпошты.

Паводле слоў Ірыны Саксонавай, цягам апошніх гадоў назіраецца рост колькасці ўваходных пасылак. Паштавікі звязваюць гэта з тым, што памяняўся кліент і яго патрэбы: цяпер нават тавары, якія без праблем можна набыць у найбліжэйшай краме, прасцей замовіць і атрымаць, не падымаючыся з канапы.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zviazda.by

Даведка:

Сусветны паштовы саюз (СПС) — міжнародная арганізацыя, якая аб'ядноўвае паштовых прызначаных аператараў са 192 краін. Дагавор, які рэгламентаваў міжнародную паштовую службу, быў падпісаны 9 кастрычніка 1874 года. Беларусь з'яўляецца паўнапраўным членам СПС з 1947 года.

Стамбульская паштовая стратэгія на 2017—2020 гады. Будзе прынята на чарговым 26-м Сусветным паштовым кангрэсе, які пройдзе ў 2016 годзе ў Стамбуле. Яна накіравана на далейшае развіццё паштовага сектара: павышэнне якасці і надзейнасці паштовай службы, паляпшэнне ўзаемадзеяння інфраструктур паштовых сетак, забеспячэнне сучасных і ўстойлівых прадуктаў, садзейнічанне эфектыўнаму функцыянаванню паштовага рынку.

Рэгіянальная садружнасць у галіне сувязі (РСС) была створана 17 снежня 1991 года ў Маскве кіраўнікамі адміністрацый сувязі незалежных дзяржаў. Цяпер у РСС уваходзіць 12 паўнапраўных членаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».