Вы тут

Гісторыя павінна быць аб'ектыўнай


Захаванне аб'ектыўнай гістарычнай памяці і ўклад кожнай з постсавецкіх рэспублік у Перамогу над фашызмам — гэтыя і іншыя пытанні на працягу тыдня будуць абмяркоўвацца ў беларускай сталіцы. Адкрыццё міжнароднай школы гісторыкаў «Савецкі саюз у Другой сусветнай вайне: актуальныя праблемы гісторыі і гістарычнай памяці», прысвечанай 70-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, адбылося ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

— Падобныя сустрэчы гісторыкаў вельмі неабходныя, — лічыць дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ. — Каб навукоўцы мелі магчымасць кантактаваць, узгадняць свае пазіцыі, дзяліцца новымі напрацоўкамі. Не сакрэт, што адкрываюцца архіўныя дакументы, з'яўляюцца цікавыя публікацыі, якія дазваляюць па-іншаму паглядзець на тыя або іншыя падзеі. Аднаўляюцца новыя прозвішчы, якія не былі ў свой час вядомымі, удакладняюцца некаторыя лічбы. Праблемы, якія ў першую чаргу патрабуюць абмеркавання, звязаны з захаваннем аб'ектыўнай памяці аб гісторыі Другой сусветнай вайны. Не сакрэт, што фактычна ўвесь час і асабліва цяпер робяцца спробы перагледзець, перапісаць ролю савецкага народа ў дасягненні Вялікай Перамогі. І справа гонару краін, якія з'яўляюцца нашчадкамі Савецкага Саюза, адстаяць памяць пра нашых продкаў, каб, не саромеючыся гэтага (а яно так і ёсць), мы на ўвесь свет заяўлялі, што савецкі народ унёс вырашальны ўклад у агульную перамогу.

Як перакананы намеснік дырэктара Інстытута ўсеагульнай гісторыі Расійскай акадэміі навук Віктар ІШЧАНКА, гістарычная памяць вельмі выбарачная, і ў кожнага народа, дзяржавы свае ўяўленні пра тую ці іншую падзею, свая інтэрпрэтацыя. «Гэта цэлы комплекс праблем і поглядаў на іх, і яны розныя, — адзначае Віктар Ішчанка. — Гісторыя як навука павінна быць адзінай, аб'ектыўнай».

Міжнародная школа гісторыкаў праводзіцца пад патранажам Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД. У ёй прымае ўдзел каля 70 маладых навукоўцаў і выкладчыкаў — прадстаўнікоў акадэмічных і адукацыйных устаноў гістарычнага профілю практычна ўсіх краін СНД. Маладыя гісторыкі з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана і Украіны падзеляцца сваімі навуковымі напрацоўкамі па тэме гісторыі Другой сусветнай вайны, абмяняюцца ўласным вопытам.

Мір дзеля жыцця

Ваенна-гістарычная акцыя-паездка «Мы памятаем... Так пачыналася вайна» стартуе 20 чэрвеня. Па традыцыі ў межах праекта «Мір дзеля жыцця» ўдзельнікі з Беларусі і Расіі наведаюць месцы, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашай краіны.

Сёлета каля 70 чалавек — школьнікаў, прадстаўнікоў ваенна-патрыятычных клубаў, навучальных устаноў, а таксама ветэранскіх арганізацый і Расваенцэнтра пры ўрадзе Расійскай Федэрацыі — пабываюць у памятных месцах Брэста, Мінска, Магілёва і Гомеля. Патрыятычная ініцыятыва — працяг цыкла памятных мерапрыемстваў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны як у Саюзнай дзяржаве, так і ў цэлым у СНД.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?