Вы тут

Яшчэ сашчэплены нашы рукі...


Нямоглая, абціснутая спавівальнай кашуляй старасці, маці ўжо амаль чатыры гады жыве ў горадзе, у светлым пакойчыку, дзе гадаваліся мае дочкі. Калі я, пераадольваючы не абы-які супраціў, забіраў яе з вёскі, дык падбадзёрваў сябе: «У горадзе ёй будзе лепш — у цяпле, са смачнейшым наедкам...» Якое наіўнае, як высветлілася, было гэтае прымерванне да маці побытавых выгод! Ды і цалкам не пераехала яна з вёскі, бо яшчэ не вынайшлі такой спецыяльнай легкавушкі, каб з коранем, нібы саджанец, перавезці душу.

Маці дагэтуль так і не змагла запомніць няхітры план маёй кватэры, бо жыве толькі згадкамі свайго вясковага жыцця. Па якой простай патрэбе ёй карціць выйсці на двор, а па ваду — да калодзежа.

Я думаў, што паласую маму якімі прысмакамі, а ёй смачней за ўсё вараная з цыбулінкай ды кменам бульбачка, дзяронікі і клёцкі, дарма што куплёныя, не з печы. Садраны на тарцы ды запраўлены смятанай гурочак смачнейшы за банан... Спадзяваўся, што маці хоць напрыканцы жыцця трошкі параскашуе, а яна ўсё імкнецца, імкнецца, імкнецца затуліцца ў свёй звыкласці. Старасць, асабліва глыбокая, дзевяностагадовая, толькі азіраецца на мінулае і стараецца нават праз шчылінку не зазіраць у будучыню, каб не збянтэжыцца.

Я думаў, што вось цяпер на ўсім гатовенькім мама хоць тэлебачання нагледзіцца. Памятаю ж, як любіла яна ўрыўкамі, з даёнкай ці чапялой у руцэ, калі печ ці грубачка выцепліваліся, прыхінуцца да тэлевізара, каб хоць адным вокам зірнуць, што там робіцца ў свеце. А цяпер жа хоць цэлы дзень глядзі!..

Але мама бачыць толькі працяг даўнейшага і — аніякага распачатку.

— А-я-яй, якая барацьба ў свеце, якая калатнеча, як людцы гаруюць, — уздыхае ды хрысціцца яна.

* * *

Мама знемагае ад старасці. Ужо з цяжкасцю перасоўваецца па кватэры — не жартачкі насіць на сабе такі цяжар гадоў. Колькі месяцаў мінула, як пачаў вадзіць яе за руку. Раніцай падаю кавеньку і дапамагаю ўзняцца з ложка. Спачатку ідзём у лазеньку змыць з вачэй рэшткі сну, а потым — на кухню снедаць.

Так і тупае мама з дзвюма кавенькамі — з куплёнай і самой народжанай, у адной руцэ — выгнутая пад цесны сашчэп рукаяць, у другой — заўсёды гатовая да цёплага сашчэпу мая рука.

Мусіць, у мяне ўжо ніколі не будзе на белым свеце большай уцехі, чым вось гэтая — ад адчування сябе кавенькай у сухенькай руцэ мамы.

Маміна рука разбіта аб работу: далонь шырочанькая, усё адно як кім наўмысна звыш меры падплюшчаная. На левай руцэ, на безыменным пальцы, у яе акурат пасярэдзіне распалавінены пазногаць. Памяць далёкага дзяцінства.

...Гадкоў дзесяць было Ірынцы, калі яна ўзялася дапамагаць сваёй маці жаць жыта. А ўспрытнёнасці ж не было, а ручкі — як пруточкі, а серп важкі, для яе прынамсі, і як круцёлка, якую ў руцэ не ўтрымаць... І такі востры, ды з засечкамі! Што яму той пальчык, калі пруткія, сухія сцяблы, як у руку ўзяць, увобміг сажвыхквае.

І зрабіла на сабе маці пажыццёвую засечку. Ужо звыш васьмідзесяці гадоў на ёй.

* * *

Калі цалаваць мне маміны рукі, дык трэба пачынаць не з гэтай, з «засечкай», а з правай, у якой яна звыш паўстагоддзя таму трымала незабыўную розгу.

...Мне было ўжо гадкоў пяць. Маці перад адыходам на працу адводзіла мяне да бабулі з дзедам. І тут я раскашаваўся. Новая хата — новы свет. Да таго ж я трапляў пад не надта строгі нагляд: унукі — уцеха і пацеха, а гэтае ж не абціскаюць. А яшчэ бабе з дзедам трэба было зноў і зноў уходжвацца па гаспадарцы, раз-пораз выходзіць на дзяннік... Бабця каля печы доўга завіхалася... А мне — воля. Дык і зазіраў у цёмныя куты, у шафу, шуфляды выцягваў — паглядзець, што там ляжыць... Адным словам, панадзіўся нішпарыць, як у нас кажуць, па хаце. Вывучаў яе, не раўнуючы як каторы астраном новае сузор'е ці галактыку. А потым пачаў вышукваць рознае рэчавае драбноцце, меншае за маю кішэньку, каб затуляць туды ўсё, што можна мець за цацку.

Аднойчы я знайшоў дзедавы капейкі, і яны падаліся мне вельмі заманлівымі цацкамі. Яшчэ б! З імі ж, як я зрэдку бачыў, гулялі нават дарослыя, марудна перабіраючы іх на далоні. І капейкі, сыпанутыя са жменькі, весела зазвінелі ў маёй кішэні.

Потым я пачаў яшчэ і яшчэ ўпотайкі прыносіць дамоў ад дзеда розную драбязу, напаўняючы гэтым багаццем сваю кардонную скрыначку-схованку.

І маці ўстрывожылася. Аднойчы вечарам яна ўхапіла мяне за руку і вывела з хаты на вуліцу. На хаду адламала з куста розгачку і завяла за рог хаты, адкуль шырока адкрывалася неба з асядаючым на далёкі лес сонцам.

— Глядзі на сонейка! — з нязнанай дагэтуль злосцю прамовіла мама. — На сонейка, кажу табе! — і пачала біць розгачкай па вачах.

— А ці будзеш красці?! А ці будзеш?! Ці будзеш?!

— Не буду! Не буду, мамачка!

Матуля біла розгай па вачах, вядома, лёганька, розга хіба што кранала павекі, але было вельмі балюча — ад страху і ад ейнай рашучасці і злосці. І запамінальна. У мяне і пасёння стаіць уваччу тая розгачка: раздвоеная — дзве тоненькія жыгаўкі на адным камельчыку...

* * *

Вяду маму за руку і міжволі згадваю ейныя пажыццёвыя шчадроты, заўсёдную занепакоенасць маім лёсам, спагадлівасць і чуллівасць. І самаахвярнасць.

Калі я паступіў у інстытут, мама, якая да вайны скончыла сем класаў і лічылася ў нашай вёсцы, бадай, самай пісьменнай, была ў брыгадзе рахункаводам, кінула гэтую параўнальна лёгкую працу і, каб болей зарабляць, пайшла ў цялятніцы. Толькі б сынок не заціскаў сябе, меў які рубельчык і на кніжкі, і на кіно, і на тэатр...

Згадваю гэта са светлым сумам.

* * *

Мудрыя людзі, адсеяўшы як неабавязковыя розныя пачуццёвыя ўзрушэнні, сумятню перажыванняў і разважанняў, вызначылі простае, як праўда, і зразумелае ды неаспрэчнае для ўсіх правіла жыцця: будзь годным сынам (дачкой), выканай святы абавязак — дагледзь бацькоў у старасці!

Дзеля выканання гэтага абавязку некаторыя, чаму я быў сведкам, перапынялі вучобу ці наогул не паступалі ў інстытут, а ішлі працаваць, часам адмаўляліся ад прынаднай кар'еры, іншым разам займаліся не тым, што па душы, а тым, што не замінала гэтаму догляду.

* * *

Раз-пораз заходжу ў матулін пакойчык, які акурат насупраць майго, дзе стаіць пісьмовы стол. Калі ўбачу, як яна сядзіць на ложку, сашчапіўшы рукі, сэрца жаль заціскае. Я ведаю, што мама зноў размотвае ў думках чорны клубок памяці, выпроствае нітку, якая лучыць яе з заўчасна сканалай дачушкай Алечкай, татулькам Юстынам і мамулькай Праскоўяй, братамі Сцяпанькам і Цімачкам, з мужам Васілём... Каб перабіць гэтыя думкі, я пытаюся, ці хоча яна піць і, не пачуўшы адказу, усё адно прыношу вады, пернік ці цукерчыну... Мама рэдка калі што папросіць, не хоча лішні раз турбаваць, нагадваць пра сябе... За доўгія гады прывыкла толькі аддаваць і нічога не браць. «Вы ж са мной няньчыцеся...» — вінавата кажа яна.

Калі жонка дапаможа ёй памыцца ў лазеньцы, адзецца ў чысценькае, засцеле хрумсткую ад свежасці прасціну, маці ўздыхае: «От, каб цяпер памерці...».

Я маўчу, каўтаючы ў горле горкі камяк. Што рабіць, такое жаданне ўзнікае ў многіх людзей, якія са сваімі кіёчкамі дайшлі да парога вечнасці. Натуральна, што ўзысці на яго доўгажыхарам хочацца чыстымі і душой, і целам.

* * *

Мама, колькі жыве, баялася і баіцца за маё жыццё і такім чынам доўжыць і доўжыць свой даўнейшы страх. У маленстве, калі адганяў на пашу бацькаву Шэрку, штораз наказвала: «Ты ж не прыспешвай яе, едзь дружком, не пускай кабылку ў галоп...» Каб не зваліўся, не пабіўся...

І сёння тое самае. Збіраюся на сваю ўлюбёную раку і чую: «А з кім ты паедзеш?» — «З папом знаёмым», — адказваю. «А, тады добра». І ўсё адно нервуецца, падыходзіць да акна, выглядае з высокага паверха, ці не вяртаюся, хоць і бачыць на якіх пару метраў.

Выйду ў горад запозна — зноў на яе душы неспакой...

Святая звычка быць маці гадам непадуладная.

* * *

Калі я трохі і ведаю родную мову, дык толькі дзякуючы матулі. У школе ж вывучаў яе толькі чатыры гады, а тады з пачатковай аддалі ў сярэднюю рускамоўную, а далей — фізмат...

Хочаш ведаць мову — слухай маці, лаві натапыранымі вушамі яе спеўную гаворку, пачынаючы з калыханкі і чароўнай казкі на сон.

Глыбокая старасць матулі для мяне цяжкая тым, што мая даражэнькая стала куды менш гаваркой. Нават у звяртанні да Бога з пэўнага часу яна ўжо ўсё менш і менш вышэптвае малітвы, хіба толькі ў думках напоўніцу. Але і маўчанне — не аняменне. Калі прыслухаешся, і ў ім пачуеш цішыню родных слоў.

* * *

Чалавек нараджаецца са словам «мама» на вуснах.

Некалі мы, віцебскія мальцы-«падуросткі», у якіх яшчэ не перакіпела ваярская крывіцкая кроў продкаў, каб адчапіцца ад спадніц, называлі сваіх матуль «маткамі». «Табе дазволіла матка пайсці з намі па грыбы? Гайда, нічога страшнага, калі разок не паслухаешся...»

А тады, узросшы, калі прабіліся ўжо вусы, а падлеткавая нязграбнасць пачала пакрысе перафармоўвацца ў мужчынскую мускулістасць, матку сваю называлі «маці». «Маці, ну колькі ты мяне павучаць будзеш? Я ж дарослы ўжо!» — «Усё жыццё!» — перапоўненая ўпэўненасцю, з усмешкай адказвала яна.

Калі ж маці асунецца, а ў яе валасы густа заліпне шэрань, ласкава звяртаемся да яе словам «матуля», усё адно як атульваем мяккім кужалем пяшчоты.

А далей...

Не ведаю, ці буду я ў згадках называць сваю матулю «мамулькай». Для гэтага ўсё ж трэба мець жаноцкую чуллівасць.

Сяргей Рублеўскі

 

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.