Вы тут

Імідж — не ўсё


Сусветная выстава ў Мілане EXPO-2015 спявае і скача, а таксама наладжвае дзелавыя кантакты паміж краінамі.

Харчовая экспазіцыя планетарнага маштабу, якая праходзіць пад дэвізам «Накармі планету. Энергія жыцця», як вядома, адкрылася ў гэтым італьянскім горадзе 1 мая і будзе доўжыцца да 31 кастрычніка. Тут прадстаўлена каля паўтары сотні краін, кожная з якіх дэманструе найлепшыя тэхналогіі ў вытворчасці, перапрацоўцы, транспартаванні і захоўванні розных прадуктаў харчавання.

20-23

EXPO-2015 — не толькі магчымасць у найлепшым выглядзе паказаць усяму свету патэнцыял сваёй краіны, але таксама ўнікальная пляцоўка для вырашэння дзелавых пытанняў і прасоўвання сваёй прадукцыі на новыя рынкі. А таму ў гэтыя месяцы Мілан, мабыць, самае папулярнае месца на планеце. Сюды спяшаюцца прадстаўнікі дзелавых колаў, члены ўрадаў, кіраўнікі рэгіёнаў і нават дзяржаў.

Ці трэба казаць, што кожная з краін — удзельніц гэтай экспазіцыйнай пляцоўкі вельмі пастаралася, каб прадставіць сябе ў самым лепшым выглядзе і прыцягнуць увагу максімальнай колькасці гасцей. Напрыклад, самы вялікі па плошчы павільён Італіі, дзе прадстаўлены кожны яе рэгіён, дэманструе найноўшыя, а таксама традыцыйныя тэхналогіі вытворчасці віна, аліўкавага алею, пасты, сыроў...

Казахстан прываблівае наведвальнікаў 3D-эфектамі. Кувейт — вялікай колькасцю золата, якое ўрад гэтай краіны ўкладвае ў тым ліку ў развіццё аграрнай сферы. У выніку нават пустыня дае ўраджай. Германія здзіўляе сваім навуковым прагрэсам у вытворчасці прадуктаў харчавання. Расія кожны дзень ладзіць багатыя дэгустацыі нацыянальных страў.

Прыемна адзначыць, што невялікі, але прадуманы да дробязяў беларускі павільён «Кола жыцця» таксама прыцягвае пільную ўвагу наведвальнікаў. Паводле ацэнак спецыялістаў і прэсы, наш павільён уваходзіць у дзясятку найлепшых! Увазе наведвальнікаў прадстаўлены дасягненні Беларусі ў самых розных сферах, з якімі яны могуць азнаёміцца пры дапамозе інтэрактыўных экранаў. А арыгінальны дызайн стэнда стаў цэнтрам фота- і відэаздымкаў. Чыстая вада, хлеб і соль — гэта тры складнікі канцэпцыі беларускай экспазіцыі. На пакрытым зелянюткай травой узгорку стаіць вадзяны млын з гіганцкім колам, па якім ліецца віртуальная вада... Прэс-сакратар беларускага павільёна Вікторыя Дзядок адзначае: абыякавым пасля наведвання нашага павільёна не застаецца ніхто, а для многіх Беларусь становіцца сапраўдным адкрыццём.

Часцей за ўсё замежнікаў цікавіць турыстычны патэнцыял нашай краіны, візавыя фармальнасці, магчымасці яе наведвання. Уражвае прыгажосць беларускай прыроды, выклікае шчырую цікавасць культура і традыцыі харчавання беларусаў. У размешчаным тут жа рэстаране нацыянальнай кухні «Калі ласка» можна паспытаць сапраўдныя дранікі і мачанку, прыгатаваныя беларускімі кухарамі ягадныя морсы, бярозавы сок і г.д. Актыўна разыходзяцца нацыянальныя сувеніры з лёну, саломкі, айчынны шакалад і настойкі...

20-22

Вікторыя Дзядок падкрэслівае: самабытная беларуская культура як магнітам прыцягвае ў наш павільён наведвальнікаў. Паколькі выстава доўжыцца роўна паўгода, было вырашана кожны месяц прадстаўляць тут мастацкі калектыў адной з абласцей Беларусі. У маі на пляцоўцы выступаў ансамбль народнай творчасці «Выцінанка» з Брэсцкай вобласці. У чэрвені гаспадарыць віцебская «Талака». Беларускі павільён правёў майстар-класы ігры на цымбалах, дудзе, скрыпцы, а на днях «Млын моды» з поспехам паказаў калекцыі самых лепшых беларускіх маладых дызайнераў.

Але EXPO-2015 — гэта не толькі іміджавая пляцоўка. Кожны павільён прадстаўляе свае дзелавыя інтарэсы і прапануе патэнцыйным партнёрам супрацоўніцтва ў самых розных сферах.

У гэтым месяцы наш павільён усебакова знаёміць наведвальнікаў з Віцебшчынай, яе прамысловым, турыстычным, адукацыйным патэнцыялам. Дэлегацыя вобласці на чале з намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама Алегам Мацкевічам арганізавала яркую прэзентацыю рэгіёна і правяла дзелавыя перамовы з замежнымі партнёрамі.

— Мы прадставілі гуманітарную і прамысловую сферы рэгіёна, прыватныя і дзяржаўныя вытворчасці, — расказаў Алег Мацкевіч. — Цікавасць з боку замежнага бізнесу да магчымасцяў нашай краіны вельмі вялікая, таму ў гэтыя дні былі дасягнуты канкрэтныя дамоўленасці аб супрацоўніцтве. Цяпер наперадзе дзелавыя візіты ў Беларусь.

25 чэрвеня на EXPO пройдуць Дні беларускай эканомікі, якія стануць маштабнай прэзентацыяй нашай краіны.

Таццяна Уладзімірава
Фота аўтара.

г. Мілан

 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.