14 смелых


Па тысячакіламетровым шляху статак з 700 галоў гналі ўсяго некалькі падлеткаў і жанчын.

З Нінай Міхайлаўнай Сакаловай мы пазнаёміліся па тэлефоне. Яна прасіла рэдакцыю апублікаваць яе артыкулы пра родных, якія адважна змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны. І вельмі лаканічна сказала пра сябе, 16-гадовую дзяўчыну, якая разам з маці, маленькай сястрычкай і яшчэ некалькімі людзьмі арганізоўвалі эвакуацыю жывёл. Я не паверыла сваім вушам. Не раз чула пра гэтую дзіўную гісторыю, але нават уявіць не магла, што на працягу пяці месяцаў па тысячакіламетровай дарозе статак з 700 галоў гналі ўсяго некалькі падлеткаў і жанчын. Гналі, каб зберагчы народнае дабро ад вайны...

[caption id="attachment_88525" align="alignnone" width="345"]Пётр Ба­ра­дзін уз­на­га­ро­джа­ны тры­ма ор­дэ­на­мі Чыр­во­най Зор­кі. Пётр Ба­ра­дзін уз­на­га­ро­джа­ны тры­ма ор­дэ­на­мі Чыр­во­най Зор­кі.[/caption]

А бацька не вярнуўся...

У горад Ветка, што на Гомельшчыне, сям'я Барадзіных пераехала задоўга да вайны. Міхаіл Кірэевіч і Пелагея Кандратаўна працавалі ў калгасе «Пралетарская перамога», які славіўся развіццём жывёлагадоўлі. Выхоўвалі дзяцей — Ніну, Пятра і Раісу. Сям'я была вельмі дружнай. Па вечарах ігралі на гітары, спявалі песні. Здавалася, спакойнае, шчаслівае жыццё нішто не можа парушыць...

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, старэйшай Ніне было 16 гадоў. Бацьку, удзельніка Першай сусветнай, у Чырвоную Армію прызвалі 3 ліпеня 1941 года.

— Калі ён ішоў на фронт, яго ўсе праводзілі, — успамінае Ніна Міхайлаўна. — А я не пайшла. І дагэтуль не магу сабе гэтага прабачыць... Бацька яшчэ спытаў: «Ніна, а ты мяне не пойдзеш выпраўляць?» А я — у слёзы. Баялася настаўнікаў, якія ўбачаць, што плачу. Не магла тады нават падумаць, што бацька можа не вярнуцца.

Больш яны яго ніколі не бачылі. «Прапаў без вестак», — паведаміла франтавая пошта. І толькі потым яны даведаліся, што бацька, радавы 2-га стралковага палка, пры абароне Гомеля трапіў у нямецкі палон. Загінуў 30 студзеня 1942 года ў шталагу № 312, у Торуні (Польшча). Быццам просячы прабачэння за тое, што не правяла яго туды, ужо праз шмат гадоў пасля вайны Ніна Міхайлаўна разам з сястрой паехала ў Торунь. Тут, на месцы былога канцлагера для ваеннапалонных, і адбылася яе апошняя сустрэча з бацькам.

«Кампазітар» пайшоў на фронт

Пётр Барадзін, брат Ніны Міхайлаўны, у ноч з 21 на 22 чэрвеня 1941 года разам з аднакласнікамі якраз святкавалі выпускны вечар. Яны, напэўна, аднымі з першых чулі гарматныя залпы, разрывы снарадаў і бомбаў. Праўда, падумалі, што гэта салют у гонар выпускнікоў.

На другі дзень учарашнія дзесяцікласнікі пайшлі ў ваенкамат і адразу ж уключыліся ў справу па ахове мясцовых аб'ектаў: вадакачкі, электрастанцыі, моста праз раку Сож. Яшчэ вясной некаторыя з іх адправілі дакументы ў Ленінград — у Вышэйшае ваенна-марское інжынернае вучылішча імя Дзяржынскага. Але на здачу ўступных іспытаў запрасілі толькі дваіх, у тым ліку Пятра. Нягледзячы на тое, што пачалася вайна, у вучылішчы быў вялікі конкурс. Але два «кампазітары», як ахрысцілі курсанты Барадзіна і Пушкова, былі залічаны на першы курс.

У канцы жніўня ўсіх першакурснікаў адправілі ў Рыбінск, а адтуль параходам — у Праўдзінск, дзе да лістапада 1941 года яны асвойвалі вайсковую навуку. Пётр вырашыў стаць кулямётчыкам. Тады ён, як і ўсе таварышы, быў пад уражаннем ад фільма «Чапаеў». Адразу пасля парада на Краснай плошчы ў Маскве 7 лістапада 1941 года курсантаў адправілі на фронт. Пётр трапіў у 66-ю марскую стралковую брыгаду, якую сфарміравалі ў Мардовіі. Са снежня 1941-га па студзень 1944-га Пётр Барадзін камандаваў кулямётным аддзяленнем на Карэльскім, Данскім, Сталінградскім, Калінінскім, Паўночна-Заходнім і Прыбалтыйскім франтах. Падчас наступлення пад Невелем быў цяжка паранены. Выжыў толькі таму, што медсястра адшукала яго сярод мёртвых. Пасля таго, як выйшаў са шпіталя, служыў у падраздзяленні супрацьтанкавай знішчальнай артылерыі. Удзельнічаў у Яска-Кішынёўскай аперацыі, вызваляў Румынію, Беларусь, Югаславію, Венгрыю. За вайну — чатыры раненні. Узнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, шматлікімі медалямі.

[caption id="attachment_88526" align="alignnone" width="400"]Тут, на мес­цы бы­ло­га канц­ла­ге­ра для ва­ен­на­па­лон­ных у То­ру­ні, і ад­бы­ла­ся апош­няя су­стрэ­ча Ні­ны Мі­хай­лаў­ны з баць­кам. Тут, на мес­цы бы­ло­га канц­ла­ге­ра для ва­ен­на­па­лон­ных у То­ру­ні, і ад­бы­ла­ся апош­няя су­стрэ­ча Ні­ны Мі­хай­лаў­ны з баць­кам.[/caption]

Народнае дабро

З пачаткам Вялікай Айчыннай жыццё ў Ветцы перайшло на ваенны лад. Кожны, хто мог, імкнуўся дапамагчы фронту. Старшакласнікі рамантавалі прасёлачныя дарогі. Сярод іх была і Ніна Барадзіна. Цягалі ў вёдрах пясок — засыпалі ямы, каб не трэсла параненых, якіх будуць везці па дарозе.

У Ветцы знаходзіўся шпіталь. Жанчыны і дзяўчаты мылі бінты, ручнікі. Бялізну прывозілі на Сож, давалі кавалак мыла. Сушылі ўсё на траве. «Аднойчы прыбягае мая сяброўка Ганначка і кажа мне, каб збіралася дахаты: маўляў, мы заўтра эвакуіруемся, — працягвае жанчына. — Мы дагэтуль нават слова такога не чулі. Куды?»

Паступіў загад — эвакуіраваць статак. Жывёла ў калгасе «Пралетарская перамога» была вельмі каштоўная. Яе яшчэ да вайны закупілі ў Германіі. Трэба было ратаваць народнае дабро.

Узначаліць эвакуацыю даручылі маці Ніны Барадзіной. Пелагея Кандратаўна была перадавіком гаспадаркі, гераіняй тагачасных газет. Да вайны скончыла жывёлагадоўчую школу, працавала загадчыцай фермаў у калгасе. За самаадданую працу ў 1939 годзе ад самога Калініна атрымала ордэн «Знак Пашаны». У 1940 годзе Пелагея Барадзіна ўдзельнічала ва Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве, за што была ўзнагароджана медалём.

— Маці практычна не бачылі: сыходзіла рана, прыходзіла позна, калі мы ўжо спалі, — кажа Ніна Міхайлаўна. Працавала амаль без выхадных.

Пелагею Барадзіну прызначылі адказнай за статак у 700 галоў, у тым ліку за 300 авечак і 14 коней. Фарміравала брыгаду таксама яна. Усяго — 14 чалавек: дзесяць камсамольцаў-падлеткаў, у тым ліку Ніна Барадзіна, тры жанчыны і адзінаццацігадовая Рая, малодшая дачка Пелагеі Кандратаўны. У дарогу выправіліся на досвітку 18 ліпеня 1941 года.

— На воз паставілі куфар з самым неабходным (жылі ж небагата), — успамінае Ніна Сакалова. — Не забыліся і пра гітару: а раптам Пецю сустрэнем? Мы вельмі любілі брата. Я нават яго касцюмчык у куфар паклала. Для таго, каб раптам яму, параненаму, было што апрануць. Не сустрэлі. Так і падарожнічала з намі гітара пяць месяцаў.

Адказная справа

Рухаліся на ўсход. Па прыфрантавых і тылавых дарогах. Летам пераадольвалі па 20 кіламетраў за дзень, позняй восенню і зімой не праходзілі і пятнаццаці. Іх дахам стала неба, а ложкам — трава.

— У нас было цыганскае жыццё, але жылі мы горш, чым цыганы, — расказвае Ніна Міхайлаўна. — У іх быў брызент, а мы ўвесь час — пад адкрытым небам. І ў спякоту, і ў дождж. 700 галоў ідзе, а мы за імі. Хто з пугай, хто з палкай. Аднойчы паглядзелася ў люстэрка: твар быў увесь чорны ад пылу. Хлопцы кантралявалі абстаноўку на конях. Больш за тое, трэба было знайсці вадапой, каб напаіць жывёл; добрую паляну, каб іх напасвіць. Гэта была вельмі адказная справа!

Па дарозе спыняліся ў вызначаных пунктах — звычайна ў раённых цэнтрах. Там Пелагея Барадзіна рабіла справаздачу, а ёй давалі ўказанні па маршруце далейшага руху. Падчас стаянак жанчыны даілі кароў. Малако здавалі на прыёмныя пункты. Ім паілі параненых, раздавалі мясцовым жыхарам. Таксама здавалі на пунктах падбітую або знямоглую скаціну: не ўсе жывёлы вытрымлівалі доўгі шлях. Падарожнікам там выдавалі хлеб і крупу. Больш — нічога. Трымаліся на малацэ. Штосьці з падбітай скаціны аддавалі ім. Дапамагалі з харчаваннем і мясцовыя жыхары.

— У канцы жніўня мы зразумелі, што для далейшага руху нам шмат чаго не хапае, — працягвае яна. — Тады мама адправіла ў Ветку коннікаў. Хлопцы вярнуліся назад ні з чым: да Веткі ўжо падыходзілі гітлераўцы.

Марылі паспаць у ложку

Кожны дзень рухаліся. За выключэннем таго перыяду, калі жывёлы захварэлі на яшчур. Стаялі тыдзень. Лячылі статак. Дагледзелі ўсіх. Дарэчы, за ўвесь шлях па іх віне не загінула ніводнай жывёлы. Былі страты, але не ў дарозе. Жывёл, якія выглядалі знясіленымі, забіралі на месцах прыпынку.

— Самым цяжкім у дарозе было дзяжурства, — расказвае Ніна Сакалова. — Дзяжурылі ноччу, па два чалавекі. Трэба было сачыць, каб не ўцякла жывёла, каб яе не скралі. Добра, калі месяц свеціць. А калі не... Колькі радасці было, калі закрычыць певень — хутка раніца. Аднойчы напрыканцы дзяжурства бачу ляцяць самалёты. Бомбы ўпалі, на шчасце, у балота. Жывёлы як пашалелі. Ледзь супакоілі.

Восень была сырая. Ногі гразлі ў чарназёме. Жывёлы з цяжкасцю рухаліся. Багатым на сюрпрызы было і Сярэднярускае ўзвышша. Крутыя яры збівалі жывёлу з ног. А аднойчы ледзь не перакуліўся воз, у якім ехалі адказная за эвакуацыю і малая Раіса. Ратавалі ўсёй камандай. З наступленнем халадоў спыняліся ў вёсках. Размяркоўваліся па хатах. Праўда, спалі на падлозе. І вельмі марылі аб тым, каб, калі скончыцца вайна, паспаць у ложку. Калі-нікалі начавалі на печы. І гэта была ўжо раскоша.

— Зіма была вельмі лютай: маразы да 25-30 градусаў, — працягвае Ніна Міхайлаўна. — А мы зусім у лёгкай вопратцы! У жывёл ад холаду замярзалі хвасты.

Апошні прыпынак — Нізоўка

У снежні, з прыходам моцных маразоў, вырашылі спыніць рух. Размясціліся ў сяле Нізоўка, што ў Саратаўскай вобласці. Сюды разам з жывёламі дайшлі дзевяцера. Астатнія засталіся ў Варонежскай вобласці: лячыліся ад хваробы. Тут, у Нізоўцы, былі да самага вызвалення Беларусі. Іх размеркавалі па кватэрах, забяспечылі працай у калгасе. Хлопцы неўзабаве пайшлі на фронт.

Ніна Міхайлаўна скончыла тут дзясяты клас. Вучылася разам са сваім будучым мужам. У 1943 годзе Міхаіла Сакалова прызвалі ў Чырвоную Армію: у запасны полк, які дыслакаваўся ў Сталінградзе. Мінёрам 47-й чыгуначнай брыгады 2-га Украінскага фронту прайшоў па тэрыторыі Украіны, Малдавіі, Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі, Чэхаславакіі.

Пасля вайны Міхаіл Сакалоў застаўся ў войску. Скончыў Ленінградскае вучылішча ваенных паведамленняў, чыгуначны тэхнікум транспарту. Служыў на розных пасадах ва Узброеных Сілах Савецкага Саюза. Удзельнічаў у аднаўленні і будаўніцтве ўсесаюзнай чыгункі, у тым ліку беларускай. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, 19 медалямі, памятнымі знакамі за актыўны ўдзел у будаўніцтве сярэднесібірскай магістралі, магістралі Масква — Байкал.

...Пяць месяцаў у дарозе. Пяць пройдзеных абласцей: Гомельская, Арлоўская, Курская, Варонежская і Саратаўская. Шлях даўжынёй у тысячу кіламетраў. Амаль ацалелы статак. І ўсё гэта дзякуючы 14-ці смелым.

Вераніка КАНЮТА,

kanyuta@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?