Вы тут

Тых дзён не змоўкла песня


Мая мінулая камандзіроўка ў Лепель планавалася як звычайная — трэба было пазнаёміцца з навінамі райцэнтра, далучыць да іх цікавінкі з вёсак... Але, калі матэрыял быў сабраны, відавочна стала, што апошнія навіны з жыцця гараджан і сельскіх жыхароў, дарослых і падлеткаў яднае выразна акцэнтаваная тэма Перамогі. Менавіта Перамога савецкага народа над захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вызначала і вызначае дзейнасць творчых аматарскіх калектываў, вучнёўскай моладзі, працу педагогаў. У гэтай тэме, нібы ў фокусе, сышліся яркія праменьчыкі, што асвятляюць наша гераічнае мінулае і дарогу ў заўтрашні дзень.

24-21

Калі дрэўцы сталі вялікімі

Было гэта ў 1981 годзе. Вясновым днём на школьным двары кіпела праца: вучні з настаўнікамі высаджвалі кветкі, маленькія дрэўцы. Працавалі дружна пад вясёлыя песні са школьнага дынаміка. Напэўна, тады ніхто з іх не мог уявіць сабе, што праз
34 гады, калі кволыя саджанцы стануць дарослымі дрэвамі, пад зялёнымі шатамі адбудзецца такая незвычайная ўрачыстасць.

Майская ўрачыстая лінейка гімназіі імя Героя Савецкага Саюза Івана Ерашова сёлета была прысвечана адкрыццю трох мемарыяльных знакаў каля трох дубоў, якія зелянеюць насупраць вучэбнага корпуса. Менавіта гэтыя дрэвы пасадзілі тут некалі школьныя настаўнікі-франтавікі. Намеснік дырэктара Міхаіл Собалеў з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны змагаўся ў партызанскім атрадзе «За Радзіму», потым быў на фронце, дайшоў з баямі да Усходняй Прусіі. Дырэктар школы Уладзімір Андрэеў змагаўся на перадавой па 1945 год, быў тры разы паранены. Настаўнік Анатоль Астроўскі ваяваў у пяхоце на розных франтах, таксама быў паранены.

Калі настаўнікаў-франтавікоў не стала, у гімназіі вырашылі: дрэўцы павінны быць прыкметнымі здалёку. У памяць пра былых настаўнікаў каля кожнага ствала змайстравалі невялікі абеліск з чырвонай зорачкай і партрэтам таго ветэрана, хто гэтае дрэўца пасадзіў.

Вось такія мемарыяльныя знакі і адкрылі тут у маі ўсёй гімназіяй. Дакладней кажучы, усім горадам: было шмат запрошаных, з цікавасцю прыходзілі жыхары суседніх вуліц. Выступоўцы называлі імёны іншых настаўнікаў — франтавікоў і партызанаў, шмат каго яшчэ з ліку ветэранаў, колішніх жыхароў Лепеля.

24-19

Мінулае, бачнае сёння

Лепельскі край багаты на гістарычныя падзеі, славутыя імёны. «Ці спрыяе гэта актыўнасці краязнаўцаў, аматараў гісторыі, народнага мастацтва?» — спытаўся я ў настаўніка Валерыя Тухто, які ў Слабадской сярэдняй школе ўзначальвае работу музея. Адказ быў станоўчы. У пацверджанне мой суразмоўца запрасіў на свае вочы ўбачыць вынікі пошукавай працы школьнікаў.

На другім паверсе прасторнай, светлай школы мы ўвайшлі у пакой, дзе падлога была зялёнай, як луг, а зашклёныя рамы на сценах выглядалі, як вокны ў мінулае гэтага краю. Адны экспанаты запрашалі ў вельмі далёкія часы (напрыклад, каменная сякера трэцяга тысячагоддзя да нашай эры, знойдзеная каля вёскі Свядзіца), другія расказвалі пра жыццё і працу землякоў сёння. Безумоўна, школьнікам пашанцавала: на тэрыторыі раёна ўжо шмат гадоў працуюць экспедыцыі археолагаў, і ў юных гісторыкаў-краязнаўцаў ёсць магчымасць стаць памочнікамі на раскопках. Але не менш цікавымі для іх з'яўляюцца арганізаваныя школай экспедыцыі, велападарожжы, вучнёўская даследчая дзейнасць.

Заснаваны шэсць гадоў таму, музей сёлета абнавіў і палепшыў сваю экспазіцыю. Гэта знак таго, што ўвага ў школе да музея расце, папаўняюцца рады даследчыкаў-гісторыкаў. Сёння пошукавікі карыстаюцца новымі методыкамі і тэхналогіямі. У доказ плённасці іх працы можна прыгадаць адзін са стэндаў, на якім выстаўлены вялікі партрэт земляка-лётчыка, які загінуў далёка ад Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай, і рэшткі яго самалёта.

На пытанне, колькі наведвальнікаў у школьнага музея і ці шмат школьнікаў вывучаюць мінулае свайго краю, я пачуў, што не толькі гэтымі паказчыкамі вызначаецца «каэфіцыент карыснай дзейнасці» шукальнікаў. Валерый Тухто за апошнія некалькі гадоў напісаў і выдаў (пры падтрымцы мясцовых улад) шэсць кніг пра гісторыю роднага краю, пра лёсы землякоў. Яго кнігамі карыстаюцца вучні школ, ёсць яны ў бібліятэках раёна.

І яшчэ адзін цікавы факт. Калі я запытаўся ў настаўніка Валерыя Тухто, як ён ставіцца да краязнаўчых публікацый у «Звяздзе», то пачуў шмат кампліментаў у адрас маіх калег. Асабліва прыемна было даведацца, што суразмоўца ў свой час перамог у віктарыне пра гісторыю нашай газеты і атрымаў за тое прыз — гадзіннік з лагатыпам «Звязды».

24-20

Песні нашых бацькоў

Амаль паўстагоддзя таму паэт Роберт Раждзественскі ў вершах пра пасляваеннае пакаленне лаканічна і вобразна выказаў крэда моладзі: «Тое, што вы не дабудавалі — мы дабудуем. Тое, што вы не даспявалі — мы даспяваем!»

Змяніліся часы, але песні з мінулага гучаць па-ранейшаму: аптымістычна, са шчырымі, незнікальнымі ноткамі веры ў лепшае.

Не першы год праводзяць у Лепелі фестываль «Песні нашых бацькоў». Конкурсныя выступленні аб'ядноўваюць выканаўцаў ва ўзросце ад 14 да 31 года: школьнікаў, вайскоўцаў, рабочых. Пазнаёміўшыся з творчымі магчымасцямі ўдзельнікаў фестывалю, яго арганізатары прапанавалі некаторым выканаўцам паспрабаваць сябе ў аб'яднаным творчым калектыве. Так быў створаны новы для мясцовай сцэны канцэртны праект. Невялікая група маладзі ўзялася выконваць найбольш папулярныя песні мінулага (адлік у іх рэпертуары пачаўся з 30-х гадоў ХХ стагоддзя). Для такой песенна-літаратурна-музычнай кампазіцыі быў створаны адпаведны сцэнарый. Усё выступленне доўжыцца не болей за гадзіну і ўспрымаецца як экскурс у мінулае, дзе нашы папярэднікі змагаліся, будавалі, марылі, кахалі. Такую праграму ўбачылі ўжо ў шмат якіх працоўных калектывах і арганізацыях раёна.

— Эмблему для новага творчага калектыву мы стваралі сумесна, — расказвае яго арганізатар намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Тамара Бароха. — Спыніліся на варыянце, які аб'яднаў самыя галоўныя выяўленчыя складнікі. Цяпер, калі мы выступаем у добра абсталяваных залах, на задніку сцэны ўзнікае вялікая праекцыя дзяржаўнага сцяга Беларусі, голуба міру і нашага дэвізу «За мірную будучыню». Калі ж прыязджаем на выступленні ў невялікі калектыў, то і ў маленькім пакоі ёсць магчымасць знешне пазначыць сябе — кожны з нас мае прыкметны зялёны шалік з эмблемай, такую ж эмблему мы трымаем у руках. Калектыў выглядае па-сучаснаму — гэта падкрэслівае розніцу ў часе паміж маладымі выканаўцамі і тымі, хто шмат дзесяцігоддзяў таму ўпершыню заспяваў любімыя песні нашых дзядоў і бацькоў.

Яўген Пясецкі

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».